СМІ анлайн: як выжыць у лічбавым свеце?
У блогу “Сусветнай асацыяцыі газет і выдаўцоў” медыяаналітык Андрэас Пфайфер адзначае тэндэнцыю апошняга года: замест адкрытай сеткі карыстальнікі звяртаюцца да сацыяльных платформаў, праз якія яны загружаюць створаны для мабільных прыладаў кантэнт. Такім чынам, чытачы робяцца карыстальнікамі сацыяльных платформаў і знаходзяць усё менш і менш прычынаў наведваць вэбсайты.
Зрэшты, на гэтую тэндэнцыю прыдумляюць контрмеры: напрыклад, ствараюць падтрымку платнай падпіскі для мабільных прыладаў.
Аднак эксперт раіць зрабіць крок назад і ўважліва разабрацца, па якіх законах развіваюцца выданні.
Вось як выглядаюць задачы лічбавага выдавецтва СМІ на дадзены момант:
- Стварыць выдатны кантэнт (часцей за ўсё пры недастатковых рэсурсах і недахопе часу);
- Выкласці яго на ўсе магчымыя платформы набольш аўтаматызваным спосабам;
- Прыдумаць, як зарабіць праз рэкламу;
- Прыдумаць, як зарабіць праз кантэнт;
- Старанна папрацаваць над віральным кантэнтам (тым, якім будуць актыўна дзяліцца ў сацыяльных сетках);
- Змірыцца з тым фактам, што ўсё створанае вамі, верагодна, састарэе адразу ж пасля публікацыі матэрыялу ў анлайне.
Па меркаванні Андрэаса Пфайфера, прыблізна так (у спрошчаным варыянце) працуе СМІ анлайн. Але тут выпадаюць з‑пад увагі некалькі базавых фактараў, якія трэба ўлічваць.
1. Мы жывём у фізічным свеце: большасць нашых праблем існуюць у фізічным свеце, большасць прадуктаў, што мы купляем, – фізічныя, і большасць рэчаў, якія мы ўспрымаем як каштоўныя, маюць фізічны складнік;
2. Каштоўнасць лічбавых прадуктаў пастаянна змяншаецца і імкнецца да нуля;
3. Лічбавая сфера – зменлівая, гэта не фіксаваны стан;
4. Паняццем каштоўнага ў лічбавай сферы з’яўляецца пастаянны рух;
5. Немагчыма аўтаматычна стварыць выдатны прадукт;
6. Людзі растуць (і падлеткі, і міленніялы таксама);
7. Людзі мяняюцца;
8. Моцныя трэнды правакуюць моцныя антытрэнды.
Ідэя вельмі простая: мы павінныя на хвілінку забыцца пра гэты падзел на друк/лічбу, і «размясціць» сваё выдавецва ў рэальным свеце.
Нават калі мы паспяваем за пакручастым тэхналагічным ландшафтам, мы павінныя проста забыцца на аспект дастаўкі і сфакусавацца на рэальнай каштоўнасці, якую мы спрабуем данесці нашым кліентам.
Ужо заезджанай стала фраза, што ў лічбавай сферы важным з’яўляецца эксперымент, але гэты ж падыход можна аднесці і да рэальнага свету. Ключом да паспяховага бізнэсу з’яўляецца адчувальная каштоўнасць – для выдаўцоў гэта значыць, што ўвага павінна змясціцца з механістычнага аналізу дастаўкі інфармацыі на якасны падыход, які патрабуе нашмат больш адважных эксперыментаў, чым мы бачым сёння.
Пра рэалізацыю гэтых ідэй – у другой частцы артыкулу пазней.