• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сяргей Сахараў з CityDog: беларускія і заходнія СМІ не паспяваюць за развіццём інтэрнэта

    Галоўны рэдактар інтэрнэт-часопіса пра Мінск CityDog.by Сяргея Сахараў разважае пра будучыню новых медыя ў Беларусі. Ён выступіў з публічнай лекцыяй «Плюс-мінус дваццаць гадоў: што адбываецца з медыя сёння і чым гэта адгукнецца заўтра?» у крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» 20 мая 2016 г.

    Серыя лекцый «Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні», арганізаваная Лятучым універсітэтам і Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі, пабудаваная на нязвыклым для нас падыходзе разважання.  

    Наведнікам прапануюць уявіць будучыню і пастарацца будаваць свае планы зыходзячы з гэтай будучыні, патлумачыла Таццяна Вадалажская з Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі.

    Самае лепшае ў барока і ракако – тое, што за імі ідзе Асветніцтва

    Паводле Сяргея Сахарава, тое, што мы назіраем сёння ў новых медыя, можна ўмоўна аднесці да барока і ракако. Ён правёў паралелі ў развіцці інтэрнэт-СМІ з архітэктурнымі стылямі.

    – У барока ўсё падзяляецца на светлае і цёмнае. І мы вельмі моцна размяжоўваем свет на чорнае і белае. Яшчэ больш мне падабаецца параўнанне з тэорыяй ракако. Ракако, як вы разумееце, – гэта ўсё “завітушкі”: тут блёсткі – там блёсткі, тут віток – там віток, тут пасыпалі мішурой – там пасыпалі мішурой. Зараз, калі мы бачым, што чытач стаміўся ад аб’ёмаў інфармацыі, ён пачынае рэагаваць у першую чаргу на тое, што выклікае ў яго цікавасць. А цікавасць можна выклікаць рознымі спосабамі. Часам мы імкнемся трохі ўтрыраваць, дадаць нейкія “завітушкі”, упрыгожыць і т. п. Але ў гэтым ёсць і плюс. Таму што за барока і ракако можна чакаць надыход эпохі Асветніцтва.

    Медыяэксперты прагназуюць, што наступная хваля развіцця медыя будзе звязаная з навучаннем. Хутчэй за ўсё, навіны нікуды не падзенуцца, “сацыялка”, палітычныя і эканамічныя артыкулы нікуды не сыдуць, “фан” нікуды не сыдзе, але будзе больш і больш матэрыялаў пра развіццё і самаразвіццё чалавека. Чаму? Бо людзям і гэтым новым масмедыя хочацца больш сур’ёзных тэм. Хочацца адпавядаць міфу пра тое, што адна з функцый СМІ – развіваць, адукоўваць чытача.

    Беларускія і заходнія СМІ не паспяваюць за развіццём інтэрнэта

    Агульнае пачуццё няўпэўненасці вельмі моцна адчуваецца сярод беларускіх і заходніх медыя, адзначыў Сяргей Сахараў.

    –  У нас няма ані інструментаў, ані дакладнага ўяўлення пра аўдыторыю, пра яе  развіццё, жаданні, пра тое, як з ёй працаваць. Мы, новыя медыя, працуем з ёй па старых шаблонах.

    Нашае ўяўленне пра свет рэдактараў, заснавальнікаў, тых людзей, якія фінансуюць медыя, усё яшчэ знаходзіцца ў мінулым. Мы ўсё жыццё вярсталі газеты. Мы робім яркія загалоўкі, каб чытача “чапанула” пэўная інфармацыя. Мы да гэтага часу пішам ліды, бо нас так вучылі. А можа, яны не патрэбныя?..

    Беларускія выданні не могуць быць “жоўтымі”

    –  У Беларусі ніколі не было культуры таблоідаў. Тое, што фактычна называецца “жаўцізной”, у Беларусі ніколі не было. Некаторыя называюць “жоўтымі” «Комсомольскую правду», Onlin­er (хаця зараз ужо мала хто лічыць, бо яны пасур’ёзнелі), нават наш City­Dog называюць “жоўтым” час ад часу. Гэта ўсё – не жаўцізна. Мы ніколі не пішам пра цыцкі Аёвы. Мы ніколі не пішам пра тое, колькі сыноў у кіраўнікоў дзяржавы. Узгадайце, пра што вы чыталі ў «Сан» ці ў «Більд». У Беларусі нельга пра гэта пісаць. Мы не можам быць жоўтымі апрыёры.

    Як зарабляць грошы?

    –  Што можа адбыцца праз тры-пяць-дзесяць гадоў? Я ведаю, што некаторыя медыя развіваюць дадатковы бізнес, звязаны с медыяпрасторай. Напрыклад, займаюцца “продажам” сваіх экспертаў, якія пішуць у карпаратыўны часопіс, альбо займаюцца рэкламай, альбо нерухомасцю… Усе гэтыя мадэлі могуць дапамагчы рэдакцыям. Гэта адна з магчымасцяў зрабіць сябе ўмоўна незалежнымі.

    «Наша Ніва», як вы ведаеце, збірае ахвяраванні на выданне. Зараз газета будзе выходзіць раз на месяц, і, я думаю, гэтых ахвяраванняў можа хапіць, а можа і не хапіць. Вельмі слізкая і хісткая схема, калі заканадаўства зробленае па лякалах 80‑х, 90‑х, 00‑х гадоў. І вельмі складана па гэтых лякалах выбудоўваць свой бізнес. Але ніхто не сказаў, што праз год, напрыклад, гэта не зменіцца.

    Рэдакцыі могуць прадаваць кантэнт. Чытачы проста купляюць падпіску. У Беларусі колькі ўжо часу пра гэта спрачаюцца, спрабуюць гэтую схему ўвасобіць у жыццё, – але яна пакуль не працуе ў нас.

    Даволі жыццяздольны варыянт падпіскі палягае на нядаўняй дамове паміж блакіроўшчыкам рэкламы AdBlock і сістэмай мікраплацяжоў Flat­tr. Плацёжная сістэма распрацавала новую праграму-дадатак для браўзера, якая адсочвае рэгулярнае наведванне старонак карыстальнікамі. Прадугледжваецца, што карыстальнікі будуць вырашаць, якую суму грошай яны б хацелі ахвяраваць выданням штомесяц. Ахвяраванні ў выніку размяркоўваюцца аўтаматычна паміж найбольш наведванымі старонкамі.

    Будзем размаўляць па-беларуску – з’явіцца беларускамоўная аўдыторыя

    –  Тое, якімі я бачу новыя медыя праз плюс-мінус дваццаць гадоў і чаго мне вельмі хочацца, – каб яны сталі беларускамоўнымі. Кіраўнік нашай дзяржавы калісьці сказаў рэч, якую трэба зразумець кожнаму з нас, незалежна ад таго, журналісты мы ці не: «Что вы от меня хотите? Вы разговаривайте на белорусском языке дома, и тогда всё получится». Калі мы з вамі пачнем размаўляць па-беларуску дома, кожны з нас, тады штосьці будзе атрымлівацца. Калі вы будзеце размаўляць –  адпаведна, з’явіцца аўдыторыя, якая патрабуе беларускую мову на сайце. На City­Dog можа з’явіцца кнопка «бел» побач з кнопкай «рус». А можа, і наогул вы будзеце трапляць адразу на беларускамоўную версію сайта, што таксама магчыма…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці