• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Facebook і Microsoft ня выдалі карыстальнікаў беларускім спэцслужбам. А хто выдаваў?

    У другой палове 2015 году паступіў першы і адзіны запыт да Facebook, які сацсетка не задаволіла. Apple за год «здала» зьвесткі пра два акаўнты, але ня іх перапіску ці фота. Microsoft за мінулы год адхіліла чатыры запыты.

    Адміністрацыя Face­book апублікавала чарговую справаздачу пра супрацу са спэцслужбамі ў розных краінах сьвету. У справаздачы ўпершыню згадваецца Беларусь: у другой палове 2015 году ад беларускіх спэцслужбаў паступіў адзін запыт на доступ да акаўнта. Face­book гэты запыт адхіліў.

    «Мы адказваем на карэктныя запыты, якія тычацца крымінальных спраў, — дадае адміністрацыя сацсеткі. — Кожны запыт, які мы атрымліваем, правяраецца на наяўнасьць прававой дастатковасьці, і мы адхіляем запыты або патрабуем большай дакладнасьці па запытах, якія занадта шырокія або расплывістыя».

    За другую палову 2015 году да Face­book паступіла 4 запыты на выдачу доступу да акаўнтаў ад спэцслужбаў Расеі (як і раней, ніводны задаволены ня быў), 9 ад Украіны (задаволеныя 4), 33 ад Літвы (14 задаволеныя) і 611 ад Польшчы (249 задаволеныя). У ЗША за гэты пэрыяд паступіла 19 зь лішнім тысяч запытаў, зь якіх 81,4% былі задаволеныя. Збольшага запыты адбываліся паводле рашэньня суду аб «ператрусе» перапіскі (Search War­rant) на прадмет доказаў зьдзяйсьненьня злачынства.

    Microsoft жа за 2015 год атрымала зь Беларусі 4 запыты, якія тычыліся агулам 13 акаўнтаў. Ніводзін зь іх ня быў задаволены. У 2013–2014 гадах карпарацыя атрымала зь Беларусі 7 запытаў, задаволіла адзін, і то толькі часткова: выдала зьвесткі пра абанэнта і перадачу ім інфармацыі, але не закрытыя зьвесткі карыстальніка. У 2012 годзе беларускія спэцслужбы зьвярталіся да Microsoft 5 разоў па сумарна 35 акаўнтах Skype. Карпарацыя ня выдала перапіску, а толькі ідэнтыфікатары карыстальнікаў.

    Google толькі аднойчы атрымаў запыт ад беларускіх спэцслужбаў — у чэрвені 2014 году аб выдаленьні інфармацыі з пошуку адносна файла Google Docs (онлайн-сховішча дакумэнтаў карыстальніка), але не атрымлівала запытаў наконт доступу да акаўнтаў карыстальніка.

    Apple атрымала ад беларускіх спэцслужбаў два запыты наконт двух акаўнтаў у першай палове 2015 году, па абодвух раскрыла некаторыя зьвесткі, якія ня тычыліся кантэнту (перапіскі, фота і г.д.). Да таго кампанія атрымлівала зь Беларусі толькі адзін запыт у першай палове 2013 году, які не задаволіла.

    Twit­ter не атрымліваў запытаў зь Беларусі і, адпаведна, не раскрываў беларускім спэцслужбам чыесьці зьвесткі.

    Колькі запытаў атрымлівала і задавольвала расейская «ЎКантакце», якой валодае расейская Mail.ru Group, і колькі сама Mail.ru, не паведамляецца. Таксама такіх зьвестак не даюць расейскі «Яндэкс», мэсэнджэр What­sApp, які цяпер належыць Face­book, мэсэнджэр Viber, які мае беларуска-ізраільскія карані, Telegram Паўла Дурава (які тэхнічна ня можа выдаць перапіску ў «сакрэтных чатах», толькі ў звычайных) і іншыя.

    Беларускі партал Tut.by таксама не публікуе справаздачаў аб супрацы са спэцслужбамі, але вядомы прынамсі адзін выпадак такой супрацы.

    Да таго ж доступ да інфармацыі карыстальнікаў, іх пошты, мэсэнджэраў і сацсетак беларускія спэцслужбы могуць атрымаць і незаконна, у абыход уладальнікаў сэрвісаў. Напрыклад, ва ўзломе сваіх сацсетак спэцслужбы падазраваў стваральнік сайта 1863x.com Эдуард Пальчыс. Ня так даўно Сьледчы камітэт купіў праграму, якая нібыта ўзломвае любы гаджэт (насамрэч, верагодна, што такой няма і ў ФБР). Са спэцслужбамі актыўна, але магчыма, не заўсёды па сваёй волі і часам супраць закону супрацоўнічаюць беларускія мабільныя апэратары — МТС, vel­com і life:).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці