Жанна Літвіна: Мы жывем у палоне стэрэатыпаў
Днямі экс-старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, сябра Праўлення арганізацыі Жанна Літвіна вярнулася з Бруселю, дзе адбылася канферэнцыя лаўрэатаў Сахараўскай прэміі Еўрапарламента. Пасля прысуджэння гэтай узнагароды ГА “БАЖ” у 2004 годзе арганізацыю заўсёды запрашаюць да ўдзелу ў гэтых мерапрыемствах.
Літаральна праз 2 гады будзе адзначацца 30-годдзе існавання прэміі імя Сахарава ў Еўрапарламенце. Усё часцей сярод яе лаўрэатаў – прадстаўнікі неспакойных рэгіёнаў: Саудаўскай Аравіі, Сірыі, Ірана…
Пра што гаварылі сёлета Сахараўскія лаўрэаты і ці ёсць у гэтых размовах месца Беларусі з яе “хранічнымі хваробамі” свабоды прэсы? Пра гэта мы распыталі Жанну Літвіну.
Самае галоўнае – свабода
– Вельмі цяжка справіцца з эмоцыямі, слухаючы расповеды лаўрэатаў пра галечу, генацыд, гвалт, войны, турмы ў іх краінах… Бадай асноўнай фігурай гэтай канферэнцыі была Энсаф Хайдар – жонка маладога блогера з Саудаўскай Аравіі Раіфа Бадаві, лаўрэата Сахараўскай прэміі 2015 года, які цяпер сядзіць у турме. Усе сабраныя былі адзінадушнымі ў патрабаванні вызваліць Раіфа з турмы. Гэтай тэме была прысвечана адна з дыскусій канферэнцыі.
Якая дыпламатыя больш эфектыўная ў такіх выпадках – ціхая альбо публічная? Галоўная выснова: які б фармат дыпламатыі ні ўжываўся, самае галоўнае – свабода чалавека. Не абавязкова лаўрэата нейкай прэміі – любога чалавека, які адбывае пакаранне за свае перакананні.
“Нам патрэбныя такія людзі, як вы”
– У выступе прэзідэнта Еўрапарламента Марціна Шульца быў сфармуляваны, напэўна, самы галоўны мэсыдж канферэнцыі. Ён шмат казаў пра неабходнасць пераадолення нянавісці ў грамадстве, у тым ліку ў Еўропе, пра недапушчальнасць падзелу грамадства па рэлігійна-этнічных прыкметах.
Многія людзі шукаюць прытулку ў ЕС, мараць пра Еўропу. Але ў ЕС не маглі нават уявіць сабе такой трагедыі, як тэракты 22 сакавіка ў Бруселі. “Мы сутыкнуліся з тымі, хто спрабуе парушыць фундаментальныя каштоўнасці. Таму нам патрэбныя такія людзі, як вы”, – звярнуўся спадар Шульц да лаўрэатаў Сахараўскай прэмі. Так, існуе сетка для абмену інфармацыяй паміж лаўрэатамі, але патрэбны больш выразны голас, больш актыўная пазіцыя лаўрэатаў у якасці “пасланнікаў міру”, падкрэсліў ён.
Я выказала думку, што Сахараўскія лаўрэаты могуць і самі выступаць ініцыятарамі пэўных тэматычных слуханняў у Еўрапарламенце. Таму варта пашыраць нашы кантакты, умацоўваць гарызантальныя сувязі.
30 гадоў – значны перыяд. Людзей, уганараваных за адстойванне свабоды слова, ужо шмат, і нам трэба аб’ядноўваць нашы намаганні.
Каго цікавяць нашы “хранічныя хваробы”?
– З аднаго боку, канечне, праблемы Беларусі блякнуць на фоне гарачых кропак, дзе ліецца кроў. А з другога – мы ўсё ж жывем у палоне стэрэатыпаў. Калі існуе пераслед, калі правы чалавека ў дзяржаве не з’яўляюцца каштоўнасцю, гэта не абавязкова мусіць быць звязана з крывёю, стрэламі, вайной…
Сучасныя рэжымы ўмеюць прыстасоўвацца да сітуацыі. Але іх сутнасць адна – прадухіліць распаўсюд інфармацыі, якая можа нанесці шкоду ўстойлівасці гэтых рэжымаў.
Я думаю, што наша краіна – якраз яскравы прыклад жадання кантраляваць інфармацыю, у тым ліку ў інтэрнэце. Для нашых уладаў гэта прынцыпова. Узгадаць хаця б нядаўняе выказванне кіраўніка дзяржавы пра неабходнасць стварэння глабальнага механізму рэгулявання інтэрнэту з выкарыстаннем кітайскага досведу...
Кардынальна інакш выглядае пазіцыя ЕС па гэтым пытанні. На канферэнцыі не раз гучала, што Еўрасаюз кіруецца прынцыпамі адкрытага доступу да інтэрнэту і сам выступае гарантам свабоды выказвання. Гаварылася, што некаторыя заходнія кампаніі злоўжываюць гандлем інструментамі кантролю за інтэрнэтам і тым самым спрыяюць рэпрэсіўным рэжымам.
І што асноўнае – не выбар паміж бяспекай і свабодай выказвання, а баланс.