• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Амзін: Добры журналіст гуляе па правілах

    Расійскі медыякансультант і медыятрэнер, выкладчык журфака МГУ Аляксандр Амзін 22 чэрвеня правёў бясплатны вебінар “Пытанні журналісцкай этыкі”.

    Прэс-служба ГА “БАЖ” далучылася да кола яго ўдзельнікаў і прапануе некаторыя тэзісы гэтай паўтарагадзіннай інтэрнэт-дыскусіі.

    Калі кажуць, што журналісты прадажныя – гэта следства страты даверу ўсёй галіной

    А.Амзін: Сярод медыяменеджараў ёсць попыт на добрых журналістаў. А добры журналіст – гэта журналіст, які адпавядае патрабаванням рынку і выконвае агульныя правілы гульні.  

    Нам важна на ўзроўні вытворчага працэсу быць упэўненымі: чалавек, які піша навіну, – надзейны. У самым тэхнічным, у самым цынічным сэнсе. Важна ведаць, што ён не перакручвае фактаў, разумее мову, з якой перкладае, не пускае сваіх эмоцый у тэкст навіны…

    Акрамя таго, ёсць запыт з боку грамадства: яно павінна давяраць СМІ як органу грамадскага кантролю. Калі гэты давер страчаны, аднавіць яго будзе вельмі цяжка, бо каштоўнасці перадаюцца з прафесійнага пакалення ў прафесійнае пакаленне.

    У нас ёсць такія выданні, як Life News. Журналіст, які сябе паважае, туды працаваць не пойдзе. Але ёсць шмат журналістаў, якія так працуюць.

    І само існаванне таблоіда, які ігнаруе ўсе правілы этыкі, падрывае ўсю камунікацыйную сістэму. Гэта масавыя выданні, па іх судзяць пра ўзровень усіх астатніх.

    Калі кажуць, што ўсе журналісты прадажныя, – гэта не следства іх прадажнасці, а следства страты даверу ўсёй галіной.

     

    Верыш у высокую мэту – пішаш лепш

    Безумоўна, этычныя прынцыпы наўпрост звязаныя з журналісцкай адукацыяй. Некаторыя прынцыпы этыкі гучаць крыху “рэлігійна”: “Ніколі не рабі таго-та таго-та…” Але почасту без такіх псеўдарэлігійных запаветаў цяжка прывучыць выконваць стандарты якасці. Гэта падобна да працы на заводзе: ты можаш паліраваць даўбешку з допускам у столькі-та мікрон, але стандарт патрабуе, каб мікрон было столькі-та… Ты розніцы не заўважыш, але трэба рабіць так, як патрабуе стандарт.

    Калі верыш, што служыш нейкай высокай мэце, аўтырытэтна паведамляеш правераную інфармацыю, незалежна, аб’ектыўна, прытрымліваючыся фактаў  пачынаеш пісаць лепш, чым ты пісаў бы без гэтых мантраў.

    Спецыяльная адукацыя – неабходная. Чым хутчэй гэтая сістэма будзе якасна пабудаваная, тым лепш.

    Чалавек слабы, яго можна падкупіць, пераканаць, калі ён не належыць да пэўнага “цэху”. Праходжанне праз журфакі, па ідэі (я разумею, што гучу зараз наіўна і ідэалістычна) павінна стаць такой “прышчэпкай ад карупцыі” сярод журналістаў. Як урачы, якія выходзяць з медВНУ – якімі б цынікамі яны ні былі, яны будуць найперш імкнуцца выратаваць жыццё чалавека.

     

    Праз СМІ чалавек “мацае прастору”, каб потым прыняць рашэнне

    Само па сабе выданне ў дэмакратычнай краіне можа мець тую ці іншую палітычную “павестку”, афарбоўку. Можа суперажываць палітычным партыям, рухам. Гэтым дэмакратычная краіна адрозніцвецца ад таталітарнага ці аўтарытарнага рэжыму. Меркаванні таксама могуць быць афарбаваныя – калі з фармату ясна, што гэта ацэначнае суджэнне.

    Палітычныя прыхільнасці пры гэтым не павінны весці да скажэння інфармацыі. Напрыклад, у цэлым прэса Амерыкі не любіць Дональда Трампа. Але самі выданні разумеюць, што многія амерыканцы падтрыміліваюць яго, і тут важна асвятляць навакольную рэальнасць. А яна такая, што дзясяткі працэнтаў амерыканцаў любяць Трампа. І пры тым, што рэдакцыю ванітуе ад Трампа, яна выпрацоўвае “гайдлайны”, каб кантраляваць: сёння мы напісалі пра Трампа не менш, чым гэта неабходна…

    У Расіі і краінах СНД такіх дыскусій звычайна не бывае. Там звычайна існуюць дамоўленасці на ўзроўні федэральных, дзяржаўных СМІ (як правіла, тэлевізійных) наконт таго, што пра апазіцыю звычайна не гавораць альбо гавораць у выключна негатыўным ключы. У гэтым выпадку скажэнні прыводзяць, на жаль, да адной вялікай праблемы – няправільнага ўспрымання рэчаіснасці аўдыторыяй.

    У прынцыпе, галоўная мэта наогул СМІ ў дэмакратычнай краіне – забяспечыць справядлівы выбарчы працэс. Гэта адносіцца бадай да ўсіх СМІ – не абавязкова да тых, што пішуць пра палітыку ці эканоміку.

    Проста чалавек з дапамогай СМІ “мацае прастору” навокал сябе і разумее, лепш стала жыць ці горш.

    І калі яму задаюць пытанне: “Хочаце працягнуць ці хочаце выбраць нейкага іншага “менеджара” вашай краіны?”, ён са спакойнай душой кажа, напрыклад: “Хачу змяніць уладу”.

    СМІ шмат гадоў дапамагалі яму прыняць такое рашэнне. Не заклікалі да звяржэння ўлады, а давалі “абмацаць рэчаіснасць”.

    Калі ў гэтым працэсе яны падсоўвалі не тую рэчаіснасць – народ ператвараецца ў шызафрэніка, які жыве ў вымысленым свеце.

     

    Добрае інтэрв’ю – у першую чаргу для чытача

    Большась этычных кодэксаў пагаджаецца з тым, што журналіст павінен паважаць права крыніцы на заяву “не для запісу”. Але журналіст не абавязаны паважаць гэтае права “заднім чыслом”. Калі нехта не хацеў, каб нешта трапіла ў інтэрв’ю (напрыклад, калі суразмоўца паведамляе тую ці іншую інфармацыю журналісту для разумення кантэксту), важна папярэдзіць журналіста загадзя.

    На розных канферэнцыях і трэнінгах мне ў розных формах задаюць адно і тое ж пытане. Маўляў, вось чалавек кепска гаворыць, а ці магу я так і напісаць, каб усе бачылі, як ён кепска гаворыць…

    Мы павінныя разумець, што добрае інтэрв’ю ў першу чаргу зроблена для чытача.

    Калі вы хочаце “дзеля ліхасці” паказаць, як запінаецца суразмоўца – вы робіце дрэнна. Калі нешта карыснае з гэтага вынесе чытач – добра.

    “Паркетнае” інтэрв’ю, узгодненае, вылізанае – гэта таксама кепскае інтэрв’ю, бо прыносіць задавальненне не чытачу і нават не журналісту, а толькі суразмоўцу ці яго прэс-службе.

     

    Важна ствараць станоўчыя прыклады

    (Адказ на пытанне прэс-службы ГА “БАЖ” пра складаны лёс паправак у Кодэкс этыкі, якія доўга абмяркоўваюцца, але так і не прымаюцца, бо “не будуць выконвацца”).

    Гэта пытанне песімізму і аптымізму. Як кажа адна мая знаёмая – аптыміст і на могілках бачыць адныя плюсы… У выдання павінна быць воля на тое, каб такія змяненні падтрымліваць. Каб увесці пасаду выпускаючага рэдактара, які будзе правяраць публікацыі на адпаведнасць нормам. Што да журналісцкага аб’яднання… Аргумент “не будуць выконвацца” – гэта стандартны песімістычны падыход. Вы не можаце прыняць штосьці і “спадзявацца” што яно будзе працаваць. У гэтым сэнсе важна ствараць адзін за адным прыклады таго, як гэта можа працаваць. І на прыкладах паказваць, што нічога кепскага ў гэтым няма.

    Людзі вельмі кансерватыўныя, увесь час глядзяць на астатніх. Калі псіхолагі загадвалі катаваць іншага чалавека токам, кажучы, што бяруць на сябе адказнасць, 60 – 80% падпарадкоўваліся. Але, як толькі раздавалася першае “не”, адразу працэнт падаў у некалькі разоў. Людзі бачылі: аказваецца, можна было і інакш!.. У гэтым сэнсе важна, як мне падаецца, пачаць.  

    Поўны запіс вебінару мае з’явіцца 23 чэрвеня на сайце http://newreporter.org/

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці