• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Лявон Вольскі: “Я спачатку быў дурны і ўсіх фрэндзіў”

    Пра сацыяльныя сеткі і іх месца ў жыцці гутарым з сябрам ГА “БАЖ”, вядомым беларускім музыкам Лявонам Вольскім.  

    БАЖ: Пачнем з “тэхнічных пытанняў”: у якіх сацыяльных сетках вы зарэгістраваныя, як часта карыстаецеся, што посціце?.. 

    Лявон Вольскі: Калісьці даўно я быў у “ВКонтакте”, але там пачалі так спаміць, такое мора рэкламы дасылалі, што ўрэшце адмовіўся. Ды і наогул — “не маё”… У Insta­gram у мяне ёсць акаўнт. Я летам звычайна актывізоўваўся і выкладваў усякія здымкі з адпачынкаў. Але ўжо з год не карыстаюся.

    Ёсць яшчэ такі Waze — адначасова навігатар і сацыяльная сетка. Можна пазначыць, дзе аб’езд, дзе рамонт дарогі, дзе паліцыя стаіць… Карысная штучка, увесь час абнаўляецца. Яна распаўсюджаная ва ўсім свеце, у нас таксама ёсць карыстальнікі, але тут людзі яшчэ не прачухалі да канца, што гэта.

    Яшчэ ёсць такая сетка — я асабліва не ведаю, што там раблю — LinkedIn, дзе людзі гуртуюцца паводле прафесійных уласцівасцяў. Айцішнікі мне сказалі, што варта яго займець. Я займеў, але не ведаю — навошта. Гады два ці тры я ўжо там, але пакуль гэта нічым не дапамагае. Ніводнага разу ні на які на канцэрт не запрашалі.

    Twit­ter у мяне звязаны з Face­book, таму там аўтаматычна адбіваецца, калі я нешта пошчу.

    Face­book — галоўнае, канешне. Яно і “прафесійна” галоўнае. Але і зацягвае, безумоўна…

    “Зафэйсбучыўся” я 7 гадоў таму. Анечка мне параіла, сказаўшы, што гэта добрая сетка, лепшая за “ВКонтакте”. І сапраўды: я паглядзеў — там шмат людзей цікавых, англамоўныя ўсякія… Мне гэта спадабалася.

    БАЖ: Вы кажаце — “зацягвае”… А карысць якую прыносіць?

    Лявон Вольскі: Ну, мы ж толькі ў інтэрнэце існуем (музыкі з “чорнага спісу”, да ліку якіх належыць Лявон — заўв. БАЖ) — не можам рэкламу даваць нармальна, нават афішы павесіць. Таму я завёў Face­book як працоўны інструмент. А потым, канешне, пачало падзацягваць, з рознай інтэнсіўнасцю ў розныя перыяды жыцця. То, бывала, зусім не заходзіў, а бывала, што і цэлымі днямі сядзеў у гэтым Face­book…

    Але ж я і навіны чытаю там, меркаванні цікавыя. Ды і сам не толькі рэкламную інфармацыю даю. Кожны пост прадумваю, канешне. Без гэтага: “Вот я пажарыў дранікі…” Мне цікава выказваць свае думкі, эмоцыі, цікавая рэакцыя людзей на гэта.

    На мой погляд, гэта нармальная рэч, калі не залазіць так ужо цалкам з галавой.

    Раней жа таксама існавалі розныя формы залежнасці, калі не было інтэрнэту. Некаторыя цёткі маглі па тэлефоне па дзве гадзіны размаўляць. Альбо запоем чытаць абсалютна непатрэбную інфармацыю ў газетах — напрыклад, абвесткі пра продаж кватэр, на якія грошай усё роўна не было…

    Так што я не бачу вялікай небяспекі інтэрнэту і сацыяльных сетак.

    БАЖ: А колькі сяброў у стужцы? Фрэндзіце ўсіх, хто стукаецца, ці не?

    Лявон Вольскі: Не, я цяпер уважліва стаўлюся да гэтага. У мяне раней было 5 тысяч — гэта ліміт… Я проста быў дурны, і на пачатку мне быў проста шквал запытаў, а я ўсіх фрэндзіў. Думаў — вось будзе канцэрт, дык я ўсіх буду запрашаць. Так і было, але там было тысячы паўтары зусім выпадковых людзей.

    А потым пачаліся ўкраінскія падзеі, я стаў актыўна посціць розную інфармацыю і выказваць свой светапогляд. І тады шмат хто сам адфрэндзіўся, а вялікую колькасць я адфрэндзіў.

    БАЖ: Фрэндзячы людзей свайго кола і чытаючы “іх” навіны ў стужцы, ці не атрымліваем мы даволі маргінальную карціну свету? Ці менавіта яна нас і цікавіць?   

    Лявон Вольскі:  Ну, гэта не праблема. Фрэндзяць жа людзей дзеля таго, каб былі аднадумцы нейкія, правільна? Ясна, што гэта вялікая гулька. Нават не “краіна ў краіне”, а “свет у свеце”. Вялікі клуб па інтарэсах.

    БАЖ: А ці былі пасты, якія вы выдалялі?

    Лявон Вольскі: Ну, хіба што калі не спадабалася, як сфармуляваў нешта…

    Калі пачаліся ўкраінскія падзеі, я запосціў нешта пра так званую “георгіеўскую стужку”, а потым падумаў, што шмат людзей гэта негатыўна ўспрыме. Ну, мне там і праўда панапісвалі, што я казёл, скаціна і ўсе такое…

    Але я не раскайваюся ўсе роўна. Пост той не выдаляў.

    БАЖ: Праглядаеце, хто лайкаў вашы пасты?

    Лявон Вольскі: Бывае, што гляджу, калі для мяне асабліва істотны нейкі пост. Ну, і цікава таксама статыстыка — хто лайкае. Калі там 600 лайкаў, цікава паглядзець, хто там. Бывае — палова сяброў, а палова наогул незнаёмых людзей лайкае.

    БАЖ: Ці былі знаёмыя, якія раскрыліся для вас у сацсетках з нечаканага боку? Хтосьці, мо, расчараваў ці проста здзівіў ?

    Лявон Вольскі: Бывае.

    Людзі ж у розных станах пішуць. Можа быць, папалілі там травы ці выпілі вінца…

    Потым у іх пачалі пачуцці прачынацца, магчыма, ім дагэтуль невядомыя. Усякія там “анты-“ ці фобіі розныя… Чытаеш і думаеш: “О‑ё-ёй, што гэта?”

    А бывае — цалкам беларускамоўны быццам бы чалавек, а нік — па-расейску. Дзе  логіка — незразумела…

    БАЖ: А як выставіцеся да фэйсбучных халівараў?

    Лявон Вольскі: Ведаеце, у Фэйсбуку ўсё ж не так, як на форуме Анлайнера. Тут усё ж прысутнічае персаніфікацыя, і таму не даходзіць да наўпроставых абразаў. Прынамсі, у мяне ў стужцы такога няма.

    Але і самі асобы, якія даюць падставы для халівараў, павінныя разумець, што можа пачацца.

    Калі ты ідзеш працаваць у “Советскую Белоруссию”, то мусіш быць гатовы, што пэўная частка тваіх прыхільнікаў вельмі негатыўна да гэтага паставіцца.

    А то пачынаюць чамусьці пісаць потым — як гэта так, што гэта такое… Калі я нешта радыкальнае пішу (што рэдка здараецца) — я абсалютна гатовы за гэта атрымаць.

    Я праз гэта ўжо прайшоў. Калі толькі з’явіўся сайт N.R.M., які стварылі Ігар Назаранка з Андрэем Лабаем, — гэта была натуральная сацыяльная сетка. Там у гасцёўні пісалі і прыхільнікі, і хэйтары, як зараз гавораць… Было там і цкаванне, і халівары. Нас упікалі, што мы скаціліся ў папсню поўную… Там былі, як цяпер можна зразумець, і прафесійныя правакатары, якія сядзелі ў камітэце і пісалі… А для мяне гэта было шокам: як гэта так, што ж вы такое пішаце! Так перажываў, так пераймаўся…

    Але чалавек такая істотна, што да ўсяго можа… не тое каб прызвычаіцца, але зразумець, адкуль што бярэцца. І я цяпер вельмі спакойна стаўлюся да рэзкіх выпадаў на свой адрас. Асабліва калі пішуць, напрыклад, пра “Грамадазнаўства” (сольны альбом Вольскага — заўв. БАЖ): “Вось што гэта за песня, навошта было пра гэта пісаць?..” Ну што гэта за крытыка?

    БАЖ: Што, на вашу думку, трэба засцерагаць ад публічнасці?

    Лявон Вольскі: Сям’ю трэба засцерагаць ад залішняй публічнасці.

    БАЖ: Ці бралі вашы пасты журналісты, не ўзгадняючы з вамі? Як вы ставіцеся да такой практыкі?

    Лявон Вольскі:  Бралі,безумоўна. Мне здаецца, калі ты нешта запосціў — гэта ўжо агульная інфармацыя. Калі ў цябе 5 тысячаў фрэндаў, глупа абурацца, што “Наша Ніва” ўзяла і апублікавала нешта. Мне здаецца, не трэба нічога і ўзгадняць дадаткова.

    БАЖ: А раптам вы фэйк спецыяльна запусцілі?

    Лявон Вольскі: О, а цікава вы мне падказваеце! Хм, можна ж і фэйк запусціць… І тады гэта будзе іх праблема!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці