“Медыязнайка”: тэст на разуменне медыйных працэсаў
Днямі Mediakritika.by і Tut.by прадставілі беларускай публіцы “Медыязнайку” — першую анлайн-гульню ў сферы медыяадукацыі, адаптаваную да тутэйшых рэаліяў.
“Яе мэта — дапамагчы дзецям, падлеткам і іх бацькам як можна больш даведацца пра інфармацыйнае поле краіны і свету”, — так прэзентуюць новы прадукт яго стваральнікі. А дакладней — тыя, хто адаптаваў замежныя аналагі для беларускага карыстальніка.
Гульня ўключае ў сябе дзевяць тэм з рознымі заданнямі — ад адказу на пытанне “Што такое навіна?” да прапановы пабыць у ролі рэдактара СМІ. Ёсць тэарэтычныя пытанні з варыянтамі адказаў на іх, а ёсць і практычныя заданні — напрыклад, праілюстраваць артыкул прапанаванымі фота- і відэаматэрыяламі і г. д. Ёсць таксама раздзел пад назвай “Выпускны”: калі адкажаш на 17 пытанняў з 20-ці — можаш лічыць сябе “медыязнайкам”.
Уласна распрацоўка гульні — заслуга Цэнтра медыяініцыятываў (Арменія), які фінансва падтрымалі Сусветны банк у партнёрстве з Internews (ЗША), а таксама USAID.
А вось ідэйным натхняльнікам і каадынатарам стварэння беларускай версіі «Медыязнайкі» стаў сябра ГА “БАЖ”, журналіст партала Mediakritika.by Антон Сурапін. З ім мы і пагаварылі пра тое, хто можа стаць “Медыязнайкам” і навошта гэта трэба.
БАЖ: Звычайна нехта генеруе ідэю, а нехта яе рэалізуе. Як тут было з размеркаваннем роляў?
Антон Сурапін: Узімку я пісаў артыкул пра тое, як ва Украіне, Малдове і Арменіі вучаць дзяцей медыяпісьменнасці. У працэсе натыкнуўся на армянскім сайце на гэтую гульню. Падумаў: прышпільна, малайцы! А потым знайшоў гэтую ж гульню на сайце Украінскай акадэміі прэсы і задумаўся: а чаму б нам не зрабіць тое самае і для беларускай аўдыторыі, з адаптацыяй пад беларускія законы, беларускія прыклады, беларускія этычныя кодэксы і г.д…
Тады мы пагаварылі з рэдкатарам “Медыякрытыкі” Янінай Мельнікавай і вырашылі, што за праект варта ўзяцца.
БАЖ: Тое, што атрымалася ў выніку, — абсалютны аналаг зробленага армянамі і ўкраінцамі?
А.Сурапін: Калі казаць пра замежныя аналагі, мы адштурхоўваліся ўсе ж ад украінскай версіі, бо з імі няма моўнага бар’еру. А з армянскім бокам у асноўным перамаўляліся наконт таго, ці можна нам выкарыстоўваць гульню, ці маем мы права перакладаць яе і г.д.
Але мы стараліся грунтавацца на тутэйшым матэрыяле. Напрыклад, у “Тэме №1” — “Што такое навіна”? — я прыводзіў менавіта беларускія прыклады навінавых загалоўкаў. Толькі “класічныя” загалоўкі, пра якія распавядаюць яшчэ на журфаку — “Сабака ўкусіў чалавека” і “Чалавек укусіў сабаку” — перакачавалі з украінскай версіі.
У “Тэме №2” — “Гісторыя СМІ” — мы таксама пераклалі інфармацыю з украінскай мовы, бо тут гаворка ідзе пра гісторыю развіцця медыя ў сусветным кантэксце…
БАЖ: Ці кансультаваўся ты пры падрыхтоўцы беларускай версіі гульні з юрыстамі? Хтосьці дапамагаў у фармулёўках пытанняў, адказаў, каб не было якіх касякоў?
А. Сурапін: Зрабіў я ўсё сам, потым гэта праглядала эксперт-кансультант — рэдактарка “Медыякрытыкі”. З сайтам “Медыякрытыка” супрацоўнічаю ўжо тры гады (без уліку года ў войску) і мноства артыкулаў пісаў на юрыдычныя, этычныя тэмы, шмат чытаў пра гэта… Я ўзяў на сябе гэтыя функцыі, таму што адчуваў, што ў стане зрабіць гэта самастойна.
Там, дзе трэба было, глядзеў архівы. Напрыклад, у гістарычным раздзеле, дзе ідзе размова пра першыя беларускія газеты.
БАЖ: Гульня ўсё ж такі дзіцячая ці дарослым таксама прыдасца?
А. Сурапін: Першапачатковыя стваральнікі пазіцыянуюць яе як дзіцячую, і ўкраінцы — таксама. Але пытанні там бываюць даволі недзіцячыя. Аўдыторыя, хутчэй, такая “перакрыжаваная”. Тут могуць быць і студэнты Інстытута журналістыкі БДУ, і выкладчыкі, якія вырашаць выкарыстоўваць гэтую гульню ў навучальных праграмах. Яна зроблена і дзеля таго, каб прыцягнуць увагу бацькоў. Калі ім не надта цікава прайсці тэст “Ствары сваю газету” ці “Ствары сваю радыёперадачу”— няхай зойдуць у тэму “Паспарбуй сябе ў ролі рэдактара” і правераць, наколькі яны талерантныя, карэктныя ў дачыненні да пэўных сацыяльных груп…
БАЖ: Ці ёсць нейкі план раскруткі, папулярызацыі гульні? Ці ёсць магчымасць адсачыць, колькі людзей гуляе ў яе?
А. Сурапін: На жаль, адсачыць, колькі менавіта людзей згуляла, немагчыма. Распрацоўшчыкі не заклалі такога лічыльніка. Адсачыць можна толькі па колькасці праглядаў гэтай навіны на “Медыякрытыцы” і Tut.by — у гэтых жа артыкулах адразу можна і гуляць.
Хутка, спадзяюся, ужо з’явіцца банер на ўсіх старонках “Медыякрытыкі”. Будзе запушчана рэкламная кампанія ў сацыяльных сетках “Вконтакте” і Facebook.
Тое, што гульня выйшла на партале Tut.by і ўчора цэлы дзень правісела на галоўнай старонцы, таксама дае вынікі, бо гэта адзін з найбольш наведвальных рэсурсаў у Беларусі. Дарэчы, увесь мультымедыя-кантэнт, усе тэксты, якія я выкарыстоваў у якасці матэрыялу для гульні, узяты з Tut.by. Я вельмі ўдзячны парталу за гэтае супрацоўніцтва.
БАЖ: Кожны стваральнік любіць нейкую “фішку” ў сваім дзецішчы. Ці ёсць яна ў “Медыязнайцы”?
А. Сурапін: Найбольш карысным і цікавым мне падаецца раздзел “Паспрабуй сябе ў якаці рэдактара”. Чалавек задумваецца над тым, якое слова выкарыстаць, што яно азначае, ці карэктна яго тут ужыць і г.д. І да кожнага варыянту адказу даецца адмысловая падказка. Людзі даведаюцца, як нікога не пакрыўдзіць і што лічыцца hate speech (мова нянавісці) у дачыненні да розных сацыяльных груповак. Там ёсць тэмы рэлігіі, вегетарыянства, нацыянальнасці, расы… Гэта мой улюбёны раздзел.