• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Стоўбцы. Забытыя магілы ў цэнтры горада

    На цэнтральных могілках горада на Нёмане ёсць некалькі пахаванняў, пра якія варта распавесці падрабязна.

    Выпадковыя ахвяры

    Гэтую магілу цяжка не заўважыць. У ёй спачываюць парэшткі польскіх камуністаў Валера Багінскага і Антонія Вечаркевіча, якіх у сакавіку 1925 года забілі падчас спробы абмену палітзняволеннымі, запланаванага ў Коласава. Багінскі выкладаў у вайсковай школе ў Варшаве, а Вечаркевіч у званні падпарутчыка служыў у 34‑м пяхотным палку ў Бяла-Падлясцы. Польскія ўлады арыштавалі гэтых людзей у жніўні 1923 года і абвінавацілі ў камуністычнай дзейнасці і падрыхтоўцы тэрактаў. А, калі ў кастрычніку 1923 года адбыўся выбух на парахавым складзе Варшаўскай цытадэлі, Багінскага і Вечаркевіча абвінавацілі і ў гэтым тэракце. Першапачаткова бальшавікоў прысудзілі да смяротнага пакарання, аднак пазней замянілі прысуд на 15 гадоў турэмнага зняволення.

    У 1925 г. савецкі бок прапанаваў абмяняць камуністаў на польскіх грамадзян, затрыманых у СССР і польскія ўлады пагадзіліся. 29 сакавіка арыштаваных камуністаў прывезлі ў Стоўбцы, адкуль тыя ў спецыяльным цягніку былі накіраваныя на памежную станцыю Коласава. Сярод аховы, якая суправаджала затрыманых, быў і супрацоўнік польскай дзяржаўнай паліцыі Юзаф Мурашка. У раёне вёскі Задвор’е ён падышоў да арыштантаў і ва ўпор расстраляў тых з пісталета. Цягнік спынілі і хутка яго вярнулі ў Стоўбцы.

    Багінскі памёр па дарозе ў шпіталь, а Вечаркевіч ужо на шпітальным ложку. У выніку, было прынята рашэнне пахаваць целы забітых на гарадскіх могілках. Аднак адкуль з’явілася надмагілле з “савецкім” тэкстам? У часы Другой Рэчы Паспалітай такое не маглі паставіць. Аказалася, што чорны камень на магіле камуністаў з’явіўся…у 1960 г.. Тады ж двум вуліцам мястэчка далі назвы ў гонар людзей, якія выпадкова аказаліся ў Стоўбцах і прынялі смерць побач з “рыжскай” мяжой.

     

    Ахвяры бальшавіцкіх дыверсантаў

    Зусім недалёка ад магілы Багінскага і Вечаркевіча знаходзіцца месца, дзе ў 1924 годзе знайшлі свой апошні прытулак ахвяры бальшавіцкага нападу на горад. У ноч з 3 на 4 жніўня каля 100 (па іншых дадзеных 58) савецкіх дыверсантаў акружылі заходнебеларускае мястэчка з усіх бакоў. Адразу была знішчана тэлеграфная і тэлефонная сувязь, а ўсе выхады з горада ўзяты пад кантроль “партызанскімі” патрулямі.

    Дыверсанты, узброеныя карабінамі, ручнымі гранатамі і кулямётамі, ўвайшлі ў Стоўбцы і падзялілася на тры группы. Першая група мусіла атакаваць будынак староства, другая — павятовую камендатуру паліцыі, трэцяя — чыгуначную станцыю. Будынак гарадской адміністрацыі ахоўваў паліцыянт Леон Пікера. Паліцэйскага абстралялі, але яму ўдалося схавацца ў будынку староства, адкуль Пікера і яшчэ некалькі ўзброеных людзей вялі агонь з пісталетаў па нападаючых. На вуліцы Шпітальнай была атакавана камендатура паліцыі. Будынак закідалі гранатамі, аднак увайсці ў яго “партызаны” не змаглі. Камісар паліцыі Хлудзінскі параніў некалькіх нападаючых. Тады дыверсанты паспрабавалі абыйсці будынак камендатуры з тылу. Ім удалося узяць у палон аднаго з супрацоўнікаў паліцыі, якога адразу забілі.

    Нарэшце трэцяя група “гасцей з усходу” атакавала будынак чыгуначнай станцыі. Там былі забіты паліцэйскія Люцыян Ростэк і Станіслаў Вайдэра, яшчэ двое іх калег былі смяротна паранены. Затым нападаючыя знішчылі будынак “Пошты”, і захапілі там некалькі тысяч злотых і каштоўныя паперы. Пад час бою за тэлеграф было забіта яшчэ тры польскіх паліцыянты. Галоўнай мэтай нападу на Стаўбцы быў захоп гарадской турмы. У ёй знаходзілася некалькі высокапастаўленых членаў КПЗБ і КПП (у тым ліку адзін з кіраўнікоў кампартыі Заходняй Беларусі Юзаф Лагіновіч і дзеяч кампартыі Польшчы Стэфан Скульскі), якія былі вызвалены.

    Каля 2.20 у начы “партызаны” пакінулі Стоўбцы. Польскія ўлады выслалі пагоню. У горад былі накіраваны часткі 27-га палка ўланаў імя караля Стэфана Баторыя з Нясвіжу. Кавалерысты нагналі бальшавіцкіх дыверсантаў ужо каля “рыжскай” мяжы. У баі было ўзята ў палон тры чалавекі: Мікалай Гарачка, Эдвард Сапінскі і Пётр Ёда.

    25 жніўня 1924 г. у Навагрудку адбыўся суд над гэтымі людзьмі. Арыштаваныя прызналіся, што на тэрыторыі БССР у Мінску прайшлі 6‑ці месячны спецкурс па падрыхтоўцы да партызанскай і дыверсійнай дзейнасці, а таксама падкрэслілі, што камандавалі нападам на Стоўбцы савецкія разведчыкі Ваўпшасаў і Барышкевіч. Арыштаваныя дыверсанты былі прысуджаны да растрэлу, але прэзідэнт Польшчы памілаваў Петра Ёду, які не прымаў удзел у забойствах.

    Аб нападзе на Стоўбцы напісалі амаль ўсе польскія і еўрапейскія газеты.

    Напрыклад, у газеце “Dzi­en­nik Biało­s­toc­ki” падкрэслівалася, што падчас атакі на мястэчка было абрабавана некалькі крам. Выданне “Świa­towid” адзначала, што ў Стоўбцах адбылася сапраўдная масакра.

     

    На абвінавачанні з польскага боку бальшавікі адказалі Нотай члена Калегіі Народнага камісарыята замежных спраў СССР, апублікаванай у газеце “Известия” 9 верасня 1924 г. У публікацыі, у прыватнасці, адзначалася:  “У адказ на ноту 10063/24 ад 6 жніўня па пытанні аб нападзе на станцыю Стоўбцы па самаму строгаму расследаванню з несумненнасцю ўстаноўлена, што дадзеныя ноты аб пераходзе бандытамі, якія напалі на Стоўбцы, польскай мяжы з тэрыторыі Саюза абсалютна не пацвярджаюцца. Пратаколы допыту чыноў памежнай аховы, якія несьлі вартавую службу ў ноч з 3 на 4 жніўня, не ўтрымліваюць ніякіх дадзеных, якія пацвярджаюць факт пераходу ў адзначаны час якімі б там ні было асобамі польскай мяжы з боку СССР. Прыведзеныя нотай дадзеныя, што згаданыя банды былі сфармаваныя і навучаныя ў Мінску, не пацьвярджаюцца. Расследаванне ў Мінску па ўказаных у ноце адрасах не выявіла на Падгорнай вуліцы ніякага штаба, роўна як і ніякай школы для ваеннага навучання на Нямецкай вуліцы. Сапраўды гэтак жа не пацвердзілася і паведамленне пра грузавікі, на якіх нібыта выязджалі нейкія групы невядомых у Койданава … З іншага боку, паведамленні ў польскім друку даюць канкрэтныя ўказанні, што інцыдэнты, падобныя нападу на Стоўбцы, часта адбываюцца апошнім часам на ўсходніх ўскраінах Польшчы, і звязаны са спецыфічнымі ўнутранымі ўмовамі, якія склаліся на гэтых ўскраінах”.

    “Масакра” у заходнебеларускім мястэчку прымусіла польскія ўлады да ўзмацнення абароны сваіх межаў. На пасяджэнні камітэта Рады міністраў з удзелам прэзідэнта Польшчы Станіслава Вайцэхоўскага было прынята рашэнне для арганізацыі аховы ўсходняй мяжы Другой Рэчы Паспалітай сфарміраваць новую структуру — Корпус аховы памежжа, які спалучаў у сябе вайсковыя і паліцэйскія функцыі.

    6 жніўня 1924 г. у Стоўбцах мясцовыя жыхары і ўлады пахавалі паліцэйскіх, якія загінулі падчас нападу на горад. На месцы магілы быў пастаўлены вялікі помнік з арлом. Пасля “вызваленчага паходу» ў Заходнюю Беларусь” у верасні 1939 года магіла “панскіх” паліцэйскіх была знішчана. Зараз ад гэтага мемарыялу засталіся толькі парэшткі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці