Крадзеж кантэнту. Ці ёсць рашэнне?
У мінскім Прэс-клубе журналісты, рэдактары і юрысты абмеркавалі, хто часцей крадзе беларускі мэдыякантэнт, чаму шматлікім выданням досыць спасылкі і чаму журналісты аддаюць перавагу суду таварысцкаму, а не дзяржаўнаму.
Крадуць усё?
Тэма непрыстойнага запазычання тэкстаў і фотаздымкаў не губляе актуальнасці ўжо шмат гадоў, але цяпер штуршком да пачатку дыскусіі стала рашэнне суда па справе мінскага фатографа Антона Матолькі. Наколькі паказальны гэты гучны прыклад? Па словах экспертаў у дадзенай галіне, складана недаацаніць маштабы запазычанняў.
Так у двухдзённым даследаванні кантэнту пяці буйных онлайн-выданняў, якое спецыяльна для сустрэчы правёў медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, бачна, напрыклад, што з 322 тэкстаў, апублікаваных на Хартыі’97 5 і 6 верасня толькі 3,44% матэрыялаў з’яўляюцца ўласнымі. Вядучы юрысконсульт ЗАТ «БелКП-Прэс» Людміла Марцінчык адзначыла, што штодня сутыкаецца з «неправамерным выкарыстаннем матэрыялаў». Фотарэдактар tut.by Вольга Шукайла заўважыла, што карыстацца чужым кантэнтам не грэбуе ніхто. Так, аднойчы рэдакцыя атрымала ў падарунак кнігу, у якой без ведама аўтараў выкарыстоўваўся фотаздымак tut.by з абрэзаным лагатыпам. Падобных выпадкаў — тысячы і кожная рэдакцыя выбірае свой спосаб барацьбы з крадзяжом.
Вырашыць пытанне палюбоўна
Свой стыль працы з парушальнікамі аўтарскага права ўжо даўно выпрацавалі ў ЗАТ «БелКП-Прэс».
«Мы рэагуем на любое выкарыстанне нашага кантэнту, — патлумачыла Людміла Марцінчык. — Мы лаяльна ставімся да рэсурсаў, якія перадрукоўваюць яго, але робяць гэта ў адпаведнасці з нашымі патрабаваннямі. Не магу прывесці ні аднаго прыкладу, калі сур’ёзныя рэсурсы ішлі на канфлікт. У 90% выпадкаў кампенсацыя выплачваецца добраахвотна, у выпадку калі накіроўваюцца прэтэнзіі».
Галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава ў сваю чаргу прызналася, што партал разбіраецца з перадрукамі без прыцягнення юрыстаў. Па словах рэдактара, часцей за ўсё спрэчныя пытанні вырашаюцца на ўзроўні асабістых знаёмстваў, калі просьба паставіць карэктную спасылку ці зусім прыбраць чужы кантэнт адрасуецца знаёмаму рэдактару або журналісту. Для выкарыстання чужых матэрыялаў на tut.by таксама існуюць свае правілы.
«Пры поўным запазычанні мы паказваем першакрыніцу і яшчэ даем тры спасылкі на іншыя матэрыялы гэтай крыніцы, — распавяла Золатава. — Якія матэрыялы — залежыць ад крыніцы, некаторыя адмыслова рабілі спіс для нас, напрыклад, БелТА».
Рэдакцыя інтэрнэт-выдання CityDog.by таксама прапанавала свой спосаб барацьбы з непажаданым запазычаннем матэрыялаў. Па словах рэдактара Ясі Каралевіч-Картэль, пасля таго, як пад кожным з матэрыялаў з’явілася прыпіска «Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі» большасць перадрукаў былі зробленыя па правілах рэдакцыі. Таксама рэдактар дадала, што ніякіх тэхнічных хітрыкаў, што ўскладняюць капіраванне кантэнту, CityDog.by не выкарыстоўвае.
«Чалавек, які хоча скапіяваць тэкст і так яго скапіюе, — патлумачыла пазіцыю рэдакцыі Каралевіч-Картэль. — Навошта ставіцца да любога чалавека, які капіюе, як да таго, хто можа скрасці, бо далёка не заўсёды гэта так».
Судзіцца трэба, але не мае сэнсу?
Самы відавочны, але не самы папулярны спосаб барацьбы з «пірацтвам» — рашэнне спрэчак у судзе.
Адвакат Сяргей Зікрацкі адзначыў, што колькасць журналістаў і фатографаў, якія хочуць абараніць свае аўтарскія правы ў судовым парадку павольна, але няўхільна расце.
«У гэтым годзе да суда дайшлі ў мяне 2 кейсы і яшчэ больш было вырашана на ўзроўні спрэчак, — распавёў юрыст. — Я з вялікім шкадаваннем даведаўся пра вынік гэтай справы (справу Матолькі, — заўв. рэд). Гэта тое, чым я займаўся апошні час, і гэта (рашэнне суда, — заўв. рэд) перакрэсліла маю працу і працу іншых юрыстаў. Я ў кантактах з журналістамі і фатографамі заўсёды заклікаў іх абараняць свае правы, але цяпер шмат хто з іх скажа: «Сэнс? Матолька ўжо абараніў».
Пазіцыю калегі падтрымлівае і адвакат Марыя Колесава-Гудзіліна, якая бараніла правы Антона Матолькі ў судзе супраць Белтэлерадыёкампаніі. У 2009 годзе ёй удалося адстаяць інтарэсы фатографа Сяргея Гудзіліна, які судзіўся з часопісам «Пінгвін».
Юрысты ўпэўненыя, што толькі пазітыўная судовая практыка дапаможа сфармаваць культуру абыходжання з аб’ектамі аўтарскага права. Пры гэтым, у фінансавым сэнсе справы аб абароне аўтарскіх правоў даволі складаныя. У практыцы Зікрацкага былі выпадкі, калі бок, што выйграваў, атрымліваў кампенсацыю, якой не хапіла нават на аплату паслуг адваката.
«З пункту гледзішча права — красці незаконна, з пункту гледзішча ўнутрыкарпаратыўнай этыкі — красці непрыгожа, — падсумаваў рэдактар «Беларусского журнала» Андрэй Аляксандраў. — Ёсць пытанне грошай, ёсць пытанне таго, што вытворцы кантэнту павінны зарабляць на тое, каб вырабляць новы кантэнт. І ёсць яшчэ адказнасць перад аўдыторыяй. Звычайна мы абмяркоўваем гэта ў маленькім карпаратыўным коле, але мне хочацца, каб мы яшчэ мелі на ўвазе навошта мы наогул усім гэтым займаемся. Для таго, каб мець свой сайцік і зарабляць 100 долараў? Ці мы робім журналістыку, як нешта сацыяльна адказнае, нешта важнае для нашага грамадства і краіны? І глядзець на ўсё, што мы робім, праз гэтую прызму».
Размова адбывалася ў Прэс-клубе ў новым фармаце MediaTalk у межах «Тыдня беларускага мыслення» ў партнёрстве з «Беларусским журналом».