• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як я працавала на «Lifenews»: журналісты патрэбныя заўсёды (Частка 1)

    Журналістка Марыя Скарадзілка распавядае пра «кухню» тэлеканалу «Lifenews»: ад кастынгу да ўзаемадзеяння са спецслужбамі.

    «Першы пайшоў», — як кажуць у космасе, пайшлі і мы на самы гучны ў сталіцы кастынг у ранішнюю службу навінаў тэлеканалу «Life­news», каб «быць першымі». Ну, усё згодна з абяцаннямі рэкламнай службы Арама Габрэлянава. Як я касіла навіны пад брэндам «Life­news», а навіны касілі нас, ці як я правяла два тыдні, уладкаваўшыся працаваць на Лайф — распавяду зараз.

    А спачатку давайце расставім усе кропкі над Ё: сваё рэзюмэ ў «Life­news» я даслала добраахвотна: было цікава даведацца, чаму ў гэтай канторы паспела папрацаваць вялікая частка Масквы, і ўсе гэтыя людзі не затрымаліся там больш за пару месяцаў. Мяне ніхто ніадкуль не звальняў, сышла я добраахвотна, даведаўшыся пра ўсе «ходы-выхады». Далей працягваць працаваць мне было нецікава.

    Усе факты, пра якія я распавядаю, я праверыла асабіста на практыцы, у іх няма ніводнай каляжурналісцкай чуткі. Кажу я толькі пра тое, што бачыла, чула, у чым «пад прыкрыццём» удзельнічала сама для таго, каб зразумець усяго толькі пару рэчаў: куды скацілася нашая журналістыка цягам апошніх гадоў пад лозунгам «грошай няма, але вы трымайцеся», і якая схема працы гэтай глабальнай «піяр-службы» у асобна ўзятай рэдакцыі.

    Бягу на кастынг

    Журналісты «Life­news» патрэбныя заўсёды, прычым не важна: добры, дрэнны. Якасць працы навінавых пчолак, якія напаўняюць ньюсрум, велічынёй з прыватнае футбольнае поле якога-небудзь айчыннага мільянера, не хвалюе нікога.

    Напэўна, таму ў кампанію сямʼі Габрэлянава то ўваходзяць, то выходзяць людзі, і ўсё гэта — бясконцы цякучы струмень. Дастаткова апынуцца ў любой журналісцкай тусоўцы Масквы, як кожны табе кіне саркастычна: «Я там быў. Дзякуй Богу, хутка зваліў!» Здагадваюся, чаму старажылы «Life­news» (часцей за ўсё гэта перабежчыкі з «першай кнопкі» расейскага ТБ або ліберальнага «Эхо Москвы», якіх па нейкай прычыне звольнілі, або так званы менеджмент каналу, які мае нейкія рычагі кіравання кампаніяй), так любяць ладзіць кастынгі. Так, сапраўдны адбор людзей па псіхалагічным і «творчым» крытэрам.

    Спачатку табе дасылаюць тэставае заданне. Каб праверыць цябе на трываласць, ты спускаешся ў метро і любым шляхам спрабуеш запісаць першага, які трапіў працаўніка сталічнай падземкі на камеру мабільнага тэлефона, задаючы «ахвяры» правакацыйныя пытанні: чаму ў вас мачалка на галаве, хто не мые шкарпэткі — любы крэатыў дзеля патрэбнага выніку. Пры тым, што ўсе мы ведаем: метрапалітэн — першапачаткова закрыты абʼект, і часта здаралася, што такіх «рэпарцёраў» забірала паліцыя.

    Але гэта нікога не хвалюе. Не павінна хваляваць і цябе, калі ты не ясі, не пʼеш, а толькі марыш працаваць пад крылом Габрэлянава старэйшага.

    Не буду распавядаць, як я выканала дадзенае заданне і прайшла ў другі тур. Ягоным наступным этапам стала сумоўе, дзе кожнага прэтэндэнта на «самую лепшую працу ў свеце» тэстуюць на псіхалагічную сумяшчальнасць з, увага, не калектывам, і нават не з колерам сценаў у ньюсруме, а выпускаючым рэдактарам. Ніколі не надавала такому аспекту ўвагі, пакуль не пачала працаваць з «каралём навінаў» усяго «Life­news», але пра гэта пазней.

    Тэсты пройдзеныя, як паказвае практыка — уся гэтая мішура патрэбная толькі дзеля таго, каб забіць табе ў галаву і сэрца, што Лайф — кантора, якая сябе шануе, сюды абы каго не бяруць.

    Факт толькі ў тым, што бяруць усіх, бо не ўзяць не могуць (патрэбныя кадры), а пра поспехі «творчых» заданняў — не ведае ніхто. Гэта ж таямніца. Скажу шчыра, за мною бегаў менеджар аддзелу кадраў цягам усіх двух тыдняў маёй працы ды ўгаворваў як мага хутчэй прынесці дакументы для афармлення ў штат працаўнікоў. Нягледзячы на тое, што ў мяне не было працоўнай кніжкі, падатковага нумару, і наагул, усё, што ў мяне было — гэта пашпарт, мяне маглі прыняць. Галоўнае ўсё зрабіць хутка. А тое, што я з трэскам, адмыслова для эксперыменту, праваліла ўсе выпрабаванні, ужо не мела значэння. На коне — праца.

    Праца

    Анекдоты пра тое, як карэспандэнты «Life­news», натуральна, цалкам выпадкова, аказваюцца на месцы падзеяў раней, чым гэтая падзея адбудзецца, абляцелі ўвесь расейскамоўны Інтэрнэт.

    Геніяльныя версіі таго, як гэта адбываецца: ішоў у лазню, а там міністр спорту мыецца ды кажа такі: «Пазыч мыла, ты ж у «Life­news» працуеш». І тут той карэспандэнт-шчасліўчык выходзіць у прамы эфір проста з лазні з самым гарачым каментаром Мутко пра ўсё на свеце. Яшчэ. У дзяцінстве рэпартэр «Life­news» бачыў сон пра тое, што менавіта сёння сабака народзіць двух шчанюкоў. Пасталеўшы, карэспандэнт — дакладна ведае, калі гэты дзень Х прыйдзе і, натуральна, аказваецца першым на месцы падзеяў. Ну і трэці варыянт (і лепшы за кожнае прадбачанне) — карэспандэнту проста шанцуе. У Лайфе працуюць самыя шчаслівыя людзі планеты. Ім проста шанцуе — і ўсё.

    Усе мы, вядома, разумеем, што гэта не проста легенды ды анекдоты. За гэтым усім стаіць выразная інфармаванасць пра ўсё, што адбываецца ў краіне і не толькі самога Габрылянава. Гэта проста штодзённы парадак дня, пра які загадзя кіраўніку «Life­news» дакладваюць — і кропка.

    Інфарматары (яны ж супрацоўнікі розных рангаў спецслужбаў ці ведамстваў) за асобны добры ганарар інфармуюць галоўнага рэдактара Лайфа пра ўсё, што ў дадзены момант адбываецца ў краіне: тэракт, патоп, смерць, цяжкая хвароба VIP-асобы.

    І ўсё гэта легальна і без крыўдаў іншых расейскіх СМІ. А ўсё таму, што кожны СМІ мае свой фармат.

    Не выпадкова на загад «звыш» адносна нядаўна слоганам «Life­news» стала свежае спалучэнне: «Першы ў тэрміновых навінах». Гэта значыць, што іншыя СМІ — могуць крыху пачакаць, бо Лайф — першы ў чарзе легальнага інфармавання. «Першы ў тэрміновых навінах» — гэта простая маркіроўка СМІ, усім астатнім — сваё. І ніхто ні на што не крыўдуе, усе толькі карыстаюцца навінамі Лайфа і па слядох «першых» пішуць свае навіны. Вядома, гэтая розніца тычацца толькі аператыўных навінаў. Не будзем уваходзіць у складаныя фарматныя талмуды айчынных СМІ.

    На практыцы інтэрвал паміж публікацыямі «Life­news» навіны ды іншымі навіннымі СМІ адрозніваецца толькі хвілінаў у 10, але гэта кажа пра тое, што журналісты іншых выданняў таксама стаяць у чарзе па інфармацыю «крыніцаў», як звычайны чалавек на касе ў Макдональдс. «Колу, калі ласка!» — «Хвіліна!»

    Існаванне распіярынай сеткі карэспандэнтаў у кожным кутку свету і функцыі, з дапамогаю якой кожны, хто хоча, можа даслаць сваю навіну, сведкаю якой ён стаў, за стандартнае ўзнагароджанне — занадта перабольшанае. За перыяд маёй працы, а працавалі мы па 16 гадзінаў штодня, на гузік навінаў ад гледачоў даляцела не больш за 5 падобных гісторыяў, і тое ад пенсіянераў ды піяршчыкаў, што прасілі «выгнаць п’янага суседа гопніка з пад’езду», або «наведаць выставу мастака-пачаткоўцы».

    Штат карэспандэнтаў Лайфньюс (такіх самых пачаткоўцаў, што працуюць за стэндап у кадры), які часцяком прахалоджваецца ў курылках, увесь час стогне: «Ну калі будзе праца». Праца будзе, але толькі калі яе спусцяць зверху.

    І тут — слушнае пытанне: навошта кіраўніцтву Лайфньюса мець раздзьмуты штат карэспандэнцкай сеткі, калі разавыя паслугі стрынгераў — каштуюць танней. Ды і стрынгерам наагул можна не плаціць. Як гэта не аднойчы здаралася пры мне, калі чалавек, што зрабіў сваю працу ў рэгіёне, па факце не атрымлівае нічога, акрамя абяцанак: «грошы пералічаць хутка». Да Масквы стрынгер не дастане пагрозліваю рукой, а значыць, спім спакойна, проста скрэслівай яго з базы нявольнікаў і забудзь.

    У наступнай частцы чытайце:

    — Інфармацыйная палітыка «без тармазоў» і маралі.
    — Каштарыс на ганарары: колькі «каштуе» эксперт?
    — Беларускі след у «Lifenews».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці