Чалавек года Кацярына Сінюк, якая паказала, наколькі многа могуць зрабіць людзі без дапамогі дзяржавы — вялікая гутарка
Чалавекам 2016 года «Наша Ніва» назвала Кацярыну Сінюк — стваральніцу інтэрнэт-партала Imenamag, на якім збіраюць грошы для людзей у патрэбе, інвалідаў, дзяцей-сірот.
Кацярына і яе партал раскрылі каласальны патэнцыял салідарнасці і спагады ў беларускім грамадстве.
Дзякуючы ёй — і яе ўменню выкарыстоўваць новыя камп’ютарныя тэхналогіі — дзясяткі тысяч людзей пабачылі, як шмат вакол ДОБРЫХ ЛЮДЗЕЙ. Яна паказала, што быць добрым — па-ранейшаму прэстыжна. Дапамагаць слабым — модна. А ўдалося ёй тое зрабіць, бо яна прапанавала людзям спосаб, як ЛЁГКА І ХУТКА дапамагчы.
Але ў выпадку Сінюк важна і іншае. Яна не проста дапамагае канкрэтным людзям. Яна дапамагае тым, хто, у сваю чаргу, дапамагае пасля дзясяткам іншых. Напрыклад, яна сабрала грошай для інваліда, які навучае іншых інвалідаў працаваць на камп’ютары — і не проста працаваць, а зарабляць на камп’ютары.
Сінюк таксама паказвае, як многа могуць зрабіць людзі без дапамогі дзяржавы, самі, для сябе і для іншых.
«Імёны» бачаць сябе паўнавартасным грамадскім СМІ. Камандзе ўдалося сабраць больш за 40 тысяч рублёў на паўгадавую дзейнасць рэдакцыі і больш за 128 тысяч рублёў — на дапамогу 11 праектам.
Напрыклад, нядаўна часопіс паказаў дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця мінскага дома-інтэрната.
Праз няправільнае харчаванне яны важылі ненатуральна мала: 13-гадовы Вадзім — 13,8 кілаграма, 19-гадовы Мікіта — 13,8 кілаграма, 27-гадовы Арцём — 17,5 кілаграма. Прыкладна 50 дзяцей інтэрната мелі патрэбу ў спецыяльным энтэральным харчаванні, дзякуючы якому яны б маглі набраць вагу. «Імёны» актывізавалі збор сродкаў і патрэбную суму, 62 960 рублёў, сабралі ў рэкордна кароткія тэрміны.
* * *
Часопіс бярэцца за самыя розныя сацыяльныя праблемы, вось толькі некаторыя загалоўкі: «18 гадоў на заводзе, заробак — 62 рублі. Гісторыя невідушчага мужчыны, які нясе людзям святло», «Тайнае жыццё Анісы. Як супрацоўніца банка з Мінска лечыць бяздомных жывёл на закінутым заводзе», «Як хлопец з паралізаванымі рукамі і нагамі зарабляе на жыццё»…
Далёка не ў кожнай гісторыі ёсць опцыя націснуць кнопку і перавесці грошы. Многія расповеды паказваюць балючыя месцы нашага грамадства, а чытач сам вырашае, што яму рабіць з гэтым веданнем.
Героямі матэрыялаў часопіса становяцца людзі з няпростымі лёсамі, якія не здаюцца і кожны дзень змагаюцца за сваё шчасце. Імі можна натхняцца, у іх можна вучыцца мужнасці і чалавечнасці.
«НН»: Распавядзіце пра ваша дзяцінства. Адкуль узялася вось гэтая баявая Кацярына Сінюк, якая зварочвае горы?
Кацярына Сінюк: Я нарадзілася ў Брэсце. Журналістыка мяне прыцягвала яшчэ ў той час, калі сядзела на гаршку. Глядзела навіны і ўсё спрабавала зразумець, як людзі трапляюць у тэлевізар. У восьмым ці дзявятым класе ў нас з’явіўся гурток журналістыкі. Яго вяла настаўніца рускай мовы Аляксандра Ткачэнка, яна і зацікавіла гэтай прафесіяй. З дзявятага класа я ўжо пачала публікавацца ў буйных СМІ.
«НН»: І адразу ўзяліся за праблемную тэму — скінхедаў.
КС: Настаўніца калісьці сказала, што журналіст — гэта чалавек, які задае шмат пытанняў. І галоўнае пытанне, якое ён павінен задаваць, — «чаму?». Я гэта запомніла.
Хутка пасля таго, як я пайшла ў гурток, хлопчыка з нашай школы збілі скінхеды за аранжавыя матузкі на красоўках. Яго сям’я звярнулася ў міліцыю, але ім не дапамаглі. Прычым аказалася, што ў нас многіх школьнікаў збіваюць за матузкі ў розных раёнах горада, а міліцыя не прызнае гэтай праблемы. Мой артыкул у «Брэсцкім кур’еры», дзе я тады працавала пазаштатна, выклікаў вялікі рэзананс, і ўлады за праблему ўсё ж узяліся. Напружанасць са скінхедамі сапраўды пачала спадаць. Многія бацькі, чые дзеці пацярпелі, дзякавалі мне, дзіцяці, за тое, што я ўзняла гэтую тэму. Тады я ўпершыню адчула, што слова штосьці значыць. Што можна вырашаць праблему, нават калі нехта не хоча яе прызнаваць.
«НН»: Скінхеды — далёка не адзіная вострая тэма, за якую вы браліся. Ва ўніверсітэце пасля шэрагу праблемных артыкулаў у вас былі праблемы з кіраўніцтвам ВНУ і КДБ. Было і такое, што вы атрымлівалі ананімныя пагрозы жыццю. Як бацькі ставіліся да вашай дзейнасці? Ці адчувалі падтрымку з боку грамадства?
КС: Раней я чакала нейкай удзячнасці за вострыя матэрыялы, а цяпер не чакаю. Мне гэта не трэба. Журналіст павінен рабіць сваю працу сумленна, нягледзячы на тое, як яго ацэньваюць. У праекце «Імёны» я, бадай, упершыню бачу, што журналісты атрымліваюць нашмат больш падтрымкі, чым крытыкі. І тое, што чытачы адпраўляюць на заробак журналістам свае грошы, — таксама паказчык. Добрую журналістыку і добрыя справы людзі падтрымліваюць.
Бацькі таксама мяне заўсёды падтрымлівалі. Нават калі аднойчы маміну калегу ледзь не звольнілі пасля аднаго майго артыкула. Маці перажывала, казала, каб я прыбрала свой матэрыял. А я адказвала, што калі ўсё напісана праўдзіва і, больш за тое, яшчэ і праблема вырашаная, то няма чаго перажываць.
Калі ўлетку мы запускалі краўдфандынгавую кампанію на працу часопіса, бабуля, мама і брат былі першымі, хто перавёў па 30 рублёў.
Нейкага моцнага ціску на сябе ад каго б то ні было я ніколі не адчувала. І для мяне гэта паказчык: значыць, я сваю работу выканала правільна.
«НН»: Гэтае жаданне — перамагчы сістэму, адкуль яно ў вас?
КС: У праекце «Імёны» мы не хочам перамагаць сістэму, спрачацца з ёй ці нешта даказваць. Мы паказваем існуючыя праблемы і хочам стварыць сваю сістэму, у якой людзі самастойна арганізоўваюцца для іх вырашэння. Дзяржава сваю работу выконвае, а мы — сваю.
Калі я працавала на Tut.by (ад 2011 да 2015 года Кацярына працавала журналістам-рэдактаркай партала — НН), у мяне была звычка чытаць форумы. Я не магла зразумець, чаму людзі столькі пішуць, адкуль у іх час на гэта. У пэўны момант мне стала цікава, ці могуць людзі не толькі пісаць, але і ствараць.
«НН»: Чаму сышлі з Tut.by?
КС: Мне захацелася развівацца далей. Больш часу аддаваць не навінам, а кантактаваць з людзьмі і паказваць герояў. І калі зразумела, што краўдфандынг у Беларусі пачынае развівацца, супалі два мае жаданні — займацца гісторыямі і дапамагаць. Tut.by я ўдзячная за добрую школу журналістыкі.
«НН»: Кожная гісторыя «Імён» праходзіць праз вас. Што вы пры гэтым адчуваеце?
КС: Усе нашы героі сутыкаюцца з цяжкасцямі. Чытаць пра гэта, можа быць, не проста, спрацоўвае псіхалагічная абарона. Але заўсёды знаходзяцца героі, якія вырашаюць гэтую сітуацыю. Часта мы ў рэдакцыі здзіўляемся іх мужнасці і пачынаем бачыць праблему крыху па-іншаму. Праблемы — гэта нармальна. Іх проста трэба вырашаць.
«НН»: Як грамадству трэба ставіцца да людзей з інваліднасцю?
КС: У нас ёсць адзін герой, які ўжо ўвайшоў у маё жыццё і ў жыццё рэдакцыі, — Саша Макарчук. Ён кіруе камп’ютарам пры дапамозе голасу, таму што ўжо шэсць гадоў яго цела паралізавана. Калі мы камунікуем, забываю, што з ім нешта не так. Калі мне хочацца пажаліцца на стомленасць, я тэлефаную Сашу, і мне ні на што больш жаліцца не хочацца. Менавіта ён для мяне Чалавек года. І не толькі таму, што ён сам пераадолеў уласныя страхі і дэпрэсію.
Саша пачаў займацца дабрачыннасцю. Звярнуўся неяк да мяне і кажа: «Каця, пасля таго, як вы пра мяне напісалі, да мяне сталі звяртацца сваякі многіх інвалідаў. Кажуць, што паралізаваныя год за годам ляжаць на ложках і думаюць, што жыццё скончана. Просяць, каб я навучыў іх таксама карыстацца камп’ютарам. Я б запусціў нейкую анлайн-школу па дыстанцыйным навучанні інвалідаў, але няма грошай».
«Імёны» абвясцілі збор сродкаў на запуск Сашавай школы і сабралі за тыдзень амаль 5500 рублёў. Налета школа пачне працаваць.
Нашы героі ад нас нічым не адрозніваюцца, яны многаму нас вучаць, матывуюць. Я бачу, наколькі пазітыўна іх успрымаюць. Для мяне паказчык, што людзям цікавыя найперш чалавечыя якасці тых, з кім яны жывуць у адной краіне.
Ёсць валанцёры, якія дапамагаюць са шкадавання, але гэта няправільна, бо не можа вырашыць праблему. Мне падаецца, што здаровае грамадства тое, дзе з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі разам, на роўных вырашаюць праблемы.
«НН»: У вашых матэрыялах чытаецца вялікая любоў і да жывёл.
КС: Да праектаў дапамогі жывёлам я стаўлюся гэтак жа, як да іншых. Мяне вельмі крыўдзіць, калі пад зборам сродкаў для жывёл з’яўляюцца каментары кшталту: «Дапамажыце лепш людзям, чаго вы коткам дапамагаеце». Гэта не праблема аднаго чалавека, гэта праблема нашага грамадства, якое лічыць, што гэтым трэба дапамагаць, а гэтым — не трэба. Бяздомныя жывёлы — вялікая праблема, таму што няма закона, які б іх абараняў, няма ніякай дзяржаўнай праграмы па іх стэрылізацыі, няма буйных — і дзяржаўных, і прыватных — прытулкаў. І тут без уладаў наўрад ці штосьці ўдасца вырашыць. Хаця… Мы б знайшлі праграму, якая б займалася стэрылізацыяй жывёл на сістэмным узроўні, і дапамаглі ёй зборам сродкаў на гэта. А ўлады — заканадаўчымі мерамі.
«НН»: Што для вас найгалоўнае ў жыцці?
КС: Любоў. Каханне ў асабістым жыцці, любоў у працы. Гэта тое пачуццё, якое, мне падаецца, рухае ўсё.
«НН»: А ў людзях?
КС: Гуманізм, сістэмнае мысленне і рацыянальны падыход.
«НН»: І што б вы назвалі найгалоўным у вашай працы?
КС: Тое, што вялікая колькасць незнаёмых людзей вучыцца з нуля ствараць штосьці самастойна ў сацыяльнай сферы. Працаваць самім, а не казаць пра тое, што толькі дзяржава і ўлада павінны нешта рабіць.
Адзін з нашых паспяховых праектаў звязаны з фінансаваннем сацыяльных няняў на Гродзеншчыне. Пару месяцаў таму мы расказалі пра тое, як у шпіталі Гродна ляжаць у закрытых боксах хворыя дзеці, у якіх няма бацькоў. У медперсаналу няма часу для таго, каб пастаянна знаходзіцца з імі, а дзецям патрэбны не толькі медыкі, але і няні, якіх у беларускіх шпіталях няма як штатных адзінак. Пры гэтым у суседніх боксах ляжалі такія ж дзеці, з якімі побач заўсёды былі мамы.
Адзіная такая няня ў Беларусі ў якасці эксперыменту якраз і прыйшла працаваць у гэты шпіталь. Яе працу аплачваў Чырвоны Крыж, але грошы скончыліся. Мы абвясцілі збор сродкаў на гадавы заробак не адной, а дзвюм няням. За два тыдні чытачы сабралі грошай на аплату цэлага года работы… сямі няняў! Цяпер яны працуюць не толькі ў шпіталях Гродна, але яшчэ ў Наваградку, Лідзе, Слоніме і Ваўкавыску. Людзі самі плацяць ім заробак. Мы разам з грамадствам фактычна з нуля стварылі інстытут няняў. Налета хочам дапамагчы Чырвонаму Крыжу распаўсюдзіць гэты досвед па ўсёй Беларусі.
Цяпер, напрыклад, збіраем сродкі на тое, каб адзіны у Беларусі фонд («Геном»), які дапамагае дзецям з рэдкімі генетычнымі захворваннямі, меў сталае фінансаванне на найбліжэйшы год. Калі будзе гэты фонд, то дзеці з невылечнымі захворваннямі будуць жыць лепш. Мы расказваем чытачам пра тое, як у нашай краіне жывуць такія сем’і і як шмат залежыць ад гэтага фонду, і людзі дапамагаюць. Ці яшчэ прыклад. Збіраем на працу самай вялікай у Мінску арганізацыі — клубнаму дому «Адкрытая душа», які займаецца сацыялізацыяй лю-дзей, якія выйшлі з псіхіятрычных шпіталёў. Цяпер арганізацыя засталася без фінансавання. Чаму важны гэты праект? Таму што людзі, па якіх бы прычынах яны ні трапілі ў псіхбальніцу, выйдуць і будуць ведаць, як ім з нуля будаваць жыццё.
«НН»: Хто быў сярод пачынальнікаў «Імён»? Як выглядае ваша каманда сёння?
КС: Побач са мною былі журналісты-аднадумцы, але, уласна кажучы, пачынала адна. У рабоце з праектамі дапамагае краўд-платформа Talaka.by, сэрвісам для збору сродкаў якой мы карыстаемся. Дарэчы, мы надзвычай удзячыня яго кіраўніку Яўгену Клішэвічу.
Ужо потым пачалі прыходзіць пазаштатныя аўтары. Ва ўсіх ёсць асноўная праца. Сёння касцяк каманды — два чалавекі. Я і Слава Корсак. Цягам гэтых васьмі месяцаў нам дыстанцыйна дапамагала Наталля Прыгодзіч з Гомеля.
«НН»: Як бачыце будучыню праекта?
КС: Тая мадэль, якую мы прапаноўваем людзям, аказалася нават больш запатрабаванай, чым мы меркавалі. Трэба рабіць «Імёны» яшчэ больш эфектыўнымі. Мы хочам пашыраць каманду да пяці чалавек і, адпаведна, павялічыць бюджэт. Другое — нам патрэбны фонд, які б займаўся сістэмным пошукам праектаў па краіне, аўдытам некамерцыйных арганізацый, магчыма, зборам сродкаў. «Талака» — гэта ўсё ж такі вітрына.
Цяпер, бліжэй да Новага года, прыходзіць шмат лістоў ад кампаній, дзе яны пішуць, што хочуць перадаць падарункі, рэчы для каго-небудзь. І яны пытаюцца, ці можам мы іх перадаць. Ім хочацца, каб была структура, якая дакладна ведае, каму патрэбная дапамога. Але пакуль што мы толькі часопіс, дзе з гісторыямі працуюць журналісты.
«НН»: Хто тыя людзі, што дапамагаюць «Імёнам» і героям, пра якіх вы пішаце?
КС: Мы шмат кантактуем з нашымі чытачамі. У мяне такое ўражанне, што палова тых, хто пераводзіць грошы, — праграмісты. А так — самыя розныя людзі. Інвалід, які амаль не рухаецца, таксама адпраўляе нам грошы. Бюджэтнікі, банкіры, бізнэсмены, сілавікі, самі журналісты і шмат іншых. Усе пераводы робяць фізічныя асобы.
* * *
Напрыканцы года «Імёны» праводзяць другую кампанію па зборы сродкаў на дзейнасць часопіса ў наступным годзе. Пералічыць грошы вы можаце:
— З дапамогай сістэмы АРІП (Сістэма «Разлік» (АРІП) > Ахвяраванні, дабрачыннасць > ИменаМедиа > Увесці прозвішча, імя і імя па бацьку > Увесці адрас для далейшай сувязі з вамі);