• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гідэон Лічфельд: Прынцыпы паспяховага бізнес-медыя — у адным tweet’е

    “Мы пішам пра перасячэнне цікавага і важнага, паважаем час чытача, і лічым, што кожны журналіст таксама і дызайнер,” — так Гідэон Лічфельд, рэдактар Quartz вызначыў бачанне медыя, якое, дзякуючы тэхналогіям, змяніла сусветны рынак бізнес-выданняў.

    Гідэон Лічфельд (Gideon Lich­field) выступіў у Мінску з расповедам пра досвед арганізацыі працы ў Quartz — новым медыя, якое за некалькі год набыло аўдыторыю ва ўсім свеце і цяпер паспяхова канкуруе з такімі традыцыйным бізнес выданнямі, як The Econ­o­mist і The Wall Street Jour­nal і інш.

    Старт медыя адбыўся ў верасні 2012 года. Штомесяц на сайт выдання qz.com заходзяць каля 20 млн унікальных карыстальнікаў. У чым сакрэт такога хуткага сусветнага поспеху? Гідэон Лічфельд расказаў пра асаблівасці працы рэдакцыі Quartz і адказаў на пытанні.

    Quartz — брытанскае медыя, арыентаванае на рынак ЗША. Некаторы час таму выданне запусціла спецыяльную версію для аўдыторыі з Індыі і Афрыкі.

    Выданне мае сайт, рассылку па электроннай пошце, свой дадатак і сэрвіс па стварэнню інфаграфікі Atlas, а таксама вядзе відэа-канал на Face­book. Некаторыя відэа на Face­book маюць 20–30 млн праглядаў. Рэдакцыя лічыць гэты накірунак вельмі паспяховым. Дадатак з ботам-робатам, які праз паведамленні з навінамі камунікуе з карыстальнікамі, спампавалі больш за 300 тыс. чалавек. Як было адзначана вышэй, сайт Quartz штомесяц наведваюць 20 млн унікальных карыстальнікаў, але пры гэтым на home page — галоўную старонку сайта — заходзяць толькі 10 % з іх.

    “Не бачу ў гэтым праблемы,” — кажа Гідэон.

    News letter жывы! І паспяховы

    Па словах Гідэона Лічфельда, зараз news let­ter Quartz мае каля 250 тыс. падпісчыкаў, пры гэтым “адкрываемасць” артыкулаў з рассылкі — каля 40 %. “Многія пры сустрэчы кажуць мне “я атрымліваю Quartz па пошце”. Гэты чалавек, магчыма, нават не ведае, што ёсць яшчэ і вэб-сайт. Для многіх Quartz — гэта толькі рассылка. Мы лічым гэта поспехам,” — кажа Лічфельд.

    E‑mail рассылка складаецца са спасылак на розныя крыніцы. Спасылак на сам Quartz там толькі 20 %. “Мы больш зацікаўленыя, у тым, каб людзі карысталіся гэтай платформай, чым у прыцягненні трафіка на сайт. Людзям цікава атрымаць агляд — мы яго прадстаўляем,” — кажа Гідэон.

    Па яго словах, падыход, калі email-рассылка была сродкам прыцягнуць чытачоў на вэб-сайт і ўяўляла сабой ліст ад рэдакцыі са спісам артыкулаў, цікавых, з пункту погляду галоўнага рэдактара, адышоў у мінулае.

    “Мы лічам нашую рассылку самастойным выданнем, — кажа Гідэон Лічфельд. — Пошта — першае, што людзі глядзяць, калі ўстаюць раніцай, і гэта вельмі добры канал, каб з звязацца з аудыторыяй.” Падпіска на рассылку Quartz бясплатная.

    “Лічыць газету ці вэб-сайт “асноўным выданнем” — памылка”

    Асаблівасць Quartz у тым, што медыя аднолькава інтэнсіўна развіваецца на розных лічбавых платформах. Кожная версія існуе як самастойнае выданне з унікальным кантэнтам. “Разглядаць друкаваны часопіс ці газету як “асноўную версію”, а інтэрнэт, як дадатак — гэта памылка. Таксама памылка думаць, што “асноўнае выданне” — гэта вэб-сайт. Сайт — гэта толькі адзін з каналаў,” — кажа Гідэон Лічфельд. Ён лічыць, што галоўная якасць для СМІ ў будучыні — гэта гнуткасць і здольнасць эксперыментаваць. “Адаптваць кантэнт пад новыя платформы, якія з’яўляюцца і будуць з’яўляцца, — вось, што будзе самым істотным,” — кажа рэдактар Quartz.

    Цікава, што рэдактар і журналісты плануюць і друкаваную версію Quartz. “Але не штомесяц, а магчыма, раз на год, выданне на спецыялізаваныя тэмы. Гэты канал мы таксама плануем выкарыстоўваць,” — кажа Гідэон. Зараз на сайце www.qz.com выкарыстоўваецца бясконцая пракрутка навінаў – яшчэ адзін новы трэнд у медыя паблішынгу.

    “Праз тры, ці праз пяць год Quartz хутчэй за ўсё будзе існаваць на абсалютна іншай платформе. Мы пастаянна думаем, дзе нашая аўдыторыя, і ідзем туды,” — кажа рэдактар.

    Як зарабіць?

    Зараз у Quartz працуе каля 100 журналістаў і каля 100 чалавек у аддзеле продажаў і маркетынгу (пры тым, што пачыналі медыя ўсяго 8 чалавек). Выданне прыносіць прыбытак і добра зарабляе на рэкламе. “Аднак гэта толькі ў апошнія тры гады. Некалькі год Quartz патрабаваў інвестыцыяў, якія рабіў уладальнік СМІ, медыя магнат з ЗША, уладальнік Atlantic Media,” — паведаміў Гедэон Лічфельд на сустрэчы з беларускімі журналістамі.

    Стваральнікі медыя ад пачатку думалі, які рынак яны хочуць заняць і з якімі выданнямі канкураваць. Галоўнай ідэяй Quartz было — стварэнне бізнес-навінаў. Сам Гідэон Лічфельд 16 год працаваў у The Econ­o­mist. Другі рэдактар Quartz Кэвін Дэлані (Kevin J. Delaney) мае салідны стаж ў The Wall Street Jour­nal. Quartz уварваўся ў гэты даўно здавалася б, падзелены паміж медыя гігантамі сегмент медыя рынку, і здабыў аўдыторыю традыцыйных сусветна вядомых бізнес-выданняў. “Доступ да гэтай аўдыторыі мы можам прапанаваць люксавым брэндам і дарагім гандлёвым маркам,” — кажа Лічфельд.

    Які сакрэт дазволіў перацягнуць аўдыторыю вядомых сусветных эканамічных СМІ?

    Фармат: проста, разнастайна і прафесійна

    Па словах Гідэона Лічфельда, у рэдакцыі Quartz ёсць свае асаблівасці.

    1. Атмасфера крэатыву

    Мы стараемся патлумачыць кожнаму журналісту, што ён не толькі журналіст, але таксама і дызайнер. Журналіст павінны ўяўляць свайго чытача і думаць, як лепш падаць яму матэрыял, — кажа Лічфельд. — У матэрыяле не павінна быць нічога лішняга. Чытача трэба паважаць і гэта ўплывае на ўсе — стыль, спасылкі, фота.” Зараз Quartz публікуе матэрыялы толькі двух тыпаў.

    Журналістам раяць пісаць артыкулы альбо карацей за 500 слоў, ці больш за 800 слоў. Гэта значыць, што пра навіну можна выдаць альбо кароткі артыкул, са “свежым” фокусам, альбо доўгі артыкул–даследванне. Quartz пазбягае выдання ўсім вядомай навіны, пад прымільгаўшымся загалоўкам, памерам у 600 слоў. “У гэтым няма сэнсу, бо так робяць усе,” — кажа Гідэон Лічфельд.

    2. Загаловак

    Сёння, калі медыя працуе на розных платформах, загаловак ператвараецца ў ледзь не самую важную частку артыкула. “Даволі часта загаловак — гэта адзінае, што бачыць чытач з усяго матэрыялу. І менавіта з‑за загалоўку ён прымае рашэнне, клікнуць на артыкул ці не, — кажа Гідэон. — Мы думаем, чым у падрыхтаваным матэрыяле, людзі падзяліліся б у сацсетках, і выносім гэта ў загаловак.

    Фармат сацыяльных сетак моцна ўплывае на фармат матэрыялаў.

    “Загаловак не павінны быць большы за твіт — а гэта значыць, каля 100 сімвалаў (ці 120, разам са спасылкай),” — кажа рэдактар. Усяго ў Quartz выпрацоўваецца тры варыянты загалоўка — для SEO (пашукавікоў) і Google, для Twit­ter і для Face­book — для гэтай сацыяльнай сеткі трэба карацейшы загаловак, каля 85 сімвалаў.

    3. Лічбы і дадзеныя

    Для эканамічнага выдання колькасныя дадзеныя — адна з самых істотных крыніц інфармацыі. “Але тэкст перапоўнены лічбамі — цяжкі для чытача. Таму мы заахвочваем журналістаў стварыць матэрыялы з графікамі,” — кажа Гідэон Лічфельд. Дзеля гэтага рэдакцыя Quartz распрацавала спецыяльны інструмент па візуалізацыі дадзеных — Atlas, які ў 2015 годзе запрацаваў як асобны рэсурс і стаў бясплатны і дасяжны для ўсіх. Любы чалавек можа зарэгістравацца на Atlas і стварыць свой графік, а затым праз код “уключыць” інфаграму на сваім сайце. “Мы лічым часткай нашай місіі, каб людзі карэктна і шмат выкарыстоўвалі статыстыку і графікі,” — кажа Гідэон. За год працы на Atlas было надрукавана каля 4 тыс. графікаў.

    Таксама Гідэон Лічфельд правёў майстар-клас, дзе больш падрабязна распавёў пра працу свайго медыя. Усяго мерапрыемствы з ўдзелам вядомага журналіста ў Мінску наведалі больш за 100 чалавек.

    Сустрэча была арганізавана Прэс-клубам Беларусь.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці