• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «А праўда, што Андрэй наш у Мінску папулярны?» Рэпартаж з Прудка

    Журналіст "Еўрарадыё" Алесь Пілецкі з'ездзіў у вёску Прудок на Гомельшчыне, дзе жыве знакаміты на ўвесь беларускі Facebook пісьменнік Андрусь Горват.

    Прудок вядомы з 1722 года, калі жонка мазырскага падстарасты, пані Пшыбожына аддала частку вёскі езуітам, пра што сведчыць архіўны запіс. Сёння ад езуітаў тут не засталося ніводнага следу, а мясцовыя шчыра здзівяцца, калі вы пра іх запытаецеся. Затое не здзівяцца, калі спытаеце пра Андруся Горвата. З дзясятка жыхароў Прудка, якіх я сустрэў, пра яго не ведаў толькі стары дзед, які рубіў дровы ля будынка пошты. Дакладней ведаў, але не таго.

    ***

    ― Добры дзень!

    ― Здраствуйця.

    ― Скажыце, а дзе тут Горват жыве? Андрусь.

    ― А, гэта вам нада назад прайці, там возля магазіна павярніце направа і будзе яго другі дом. Да свіданія.

    ― А вы яго добра ведаеце?

    ― Ведаю. Да свіданія.

    ― Ведаеце, што ён кнігу напісаў пра Прудок?

    ― Ведаю. Да свіданія.

    ― Чыталі?

    ― Не чытала. Да свіданія.

    ― Дзякуй вам.

    ― Усяго добрага.

    ***

    ― Добры дзень, а вы Горвата ведаеце?

    ― Добры. Пятра?

    ― Андруся.

    ― Пятра ведаю. Ён у калхозе работая. На трактары.

    ― Мне Андрусь патрэбны. Пісьменнік.

    ― Хто?

    ― Пісацель.

    ― Не, ён на трактары. Пётр.

    ― Мне Андрусь патрэбны. Андрусь Горват.

    ― Ідзіця ў магазін спрасіця. Яны там знаюць. Іх там дзве цяпер далжно быць. Яны скажуць.

    ***

    ― Добры дзень.

    ― Здраствуйця.

    ― Скажыце калі ласка, пошта сёння будзе працаваць?

    ― Сёння не будзе. Толька заўтра.

    ― Ясна.

    ― А вам срочна нада? Я сейчас пазваню ёй, ана прыдзёт.

    ― Не, не. Не трэба. Я хацеў пра Андруся Горвата там спытаць.

    ― Так у мяне спрасіця, я вам усё раскажу.

    ***

    ― А што эта вы у нас тут фатаграфіруеця?

    ― Прудок фатаграфую. Я журналіст.

    ― Так і нас тагда сфатаграфіруйця!

    ― Канешне, з задавальненнем.

    ― Ой, не нада, я некрасіва выгляжу.

    ***

    ― А вы ведаеце, што Андрусь Горват пра ваш Прудок кнігу напісаў?

    ― Канешна знаю.

    ― Чыталі ўжо?

    ― Не чытала. Нада пачытаць.

    ― Вельмі добрая кніга.

    ― Знаеце, всё врэмені нету. Так забегаешся за дзень. Харошая кніга, гаварыця?

    ― Так.

    ― Нада пачытаць.

    ***

    ― А вы мне пад запіс раскажаце пра Андруся?

    ― Канешна. Андрэй у нас інцерэсны…

    ― Хвілінку, я зараз уключу дыктафон.

    ― Падаждзіця! Я с мыслямі саберусь.

    ***

    ― Я у кнізе Андруся шмат пра вашу краму чытаў.

    ― Ой!

    ― Там напісана, што вы вельмі любіце беларускую мову.

    ― Так! Вот к яму прыязжае сябар. З Польшы. Так ужо гаворыць красіва. Як жа яго завуць…

    ― Ягор.

    ― Ягор! Так красіва гаворыць. Мяне вельмі заінтрыгавала яго этая мова. Не так, як мы гаворыць. Як ён заходзіць у магазін, то я яму адразу ― так, Ягор, ну ка давай, размаўляй па-беларуску. Я ў кнізе гэтай таксама пра гэта чытала. Мы хоць і самі беларусы, але мы так не размаўляем.

    ― Кожны па-свойму размаўляе ў сваёй мясцовасці.

    ― Ну, але ж вы вот тожа так па-беларуску размаўляеце як Ягор. Адкуль вы?

    ― З Мінска цяпер ужо.

    ― А ну то ясна. З Мінска то канешна.

    ***

    ― А як вам кніга? Чыталі?

    ― Так. Андрэй мне падарыў. Чытала.

    ― Што вам там найбольш спадабалася?

    ― Ну я так усю не чытала. Што я сама ведаю, тое чытала. Пра магазін, пра пошту пра нашу. Што вам яшчэ сказаць?

    ― У кнізе Прудок сапраўдны? Як ёсць?

    ― Ну як сказаць… Я тут не так даўно жыву. Я сама з Аўцюкоў. Ведаеце пра Аўцюкі? Усе ведаюць. Вось Насця мая скажа вам, яна тут даўно ў Прудку. Скажы, Насця, пра кніжку.

    ― Мне не было калі, у мяне вялізнае хазяйства.

    ***

    ― Я ў кніжцы прачытаў, што з Аўцюкоў добрыя жонкі. Ці праўда?

    ― З Аўцюкоў? З аўцюкоўскіх дзяўчат добрыя жонкі.

    ― Так, так, З аўцюкоўскіх дзяўчат.

    ― Эта нада у мужыкоў папытацца, мы адкуль ведаем. Але ў мяне муж з Аўцюкоў, то я па моладасці вельмі сцеснялася. Усім гаварыла, што ён з Боруска. А потым стала ганарыцца, што я аўцючка. Аўцюкі вельмі таленавітыя людзі.

    ***

    ― Ой, мой муж ідзе.

    ― Мне уцякаць?

    ― Не. Толькі дзіктафон выключыце. А то зараз матаў наверне.

    ***

    ― Раскажыце крыху пра самога Андруся. Ён праўда не п’е?

    ― Праўда. Не п’е.

    ― І пра казу праўда?

    ― І пра казу. Дзержыць казу, агарод абрабатывае. Лічна я яму параіла, дзе купіць. У Фабіянаўцы.

    ― І куры ёсць?

    ― Куры дзержыць. І кабачкоў насадзіў. Вельмі многа. І мне прывозіў. У багажнік налажыў у веласіпед. Я і не знала, хто гэта мне палажыў. А гэта, аказываецца, ён.

    ***

    ― Як думаеце, добра, што Андрусь тут жыве?

    ― Я думаю, што, можа, і добра. Еслі чалавек, панімаеце, у горадзе сам сябе не можа найці. У вёсцы… Я думаю, што добра, што ён прыехаў.

    ***

    ― Андрусь у кнізе шмат пра дзяўчат піша…

    ― Ой, ну не ведаю я, як тут з жонкамі. Але дзевачка прыязджае да яго.

    ― Так?

    ― Так. Прыходзілі з ёй да нас у магазін. На канікулах. Такая вясковая дзевачка вельмі. Платочак завязаны. Харошая дзевачка.

    ***

    ― А праўда, што Андрэй наш у Мінску вельмі папулярны?

    ― Праўда. У Мінску, у Фэйсбуку, у інтэрнэце. Сапраўдная зорка.

    ― Ой-ё-ёй.

    ***

    А пазнаёміцца асабіста з таямнічым літаратарам на гэты раз не атрымалася. Хата, якую завочна ведаюць тысячы беларусаў, сустрэла цёмнымі вокнамі і маўчаннем. Не дапамог ні грукат у дзверы, ні тупат на ганку. Магчыма, гэта і добра. У космасе чалавеку лепш быць аднаму.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці