• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Фабіян Шантыр: Аўтар “Нашай нівы” і першая ахвяра бальшавіцкага тэрору ў беларускай палітыцы і літаратуры

    4 лютага 2017 года споўнілася 130 год з моманту нараджэння славутага беларускага літаратара, перакладчыка, грамадскага дзеяча Фабіяна Шантыра. Яго жыццё было кароткім, але бурлівым.

    Свабодалюбівы беларус

    Нарадзіўся будучы наркам савецкай Беларусі ў сям’і мастака ў Слуцку. У юнацтве працаваў муляром і ўвесь час займаўся самаадукацыяй. “Я вырас у атмасферы поўнай незалежнасці і ніколі не прызнаваў якіх бы то не было варункаў, што так ці інакш абмяжозваюць волю індывідыўма”, — пісаў Шантыр у адным з лістоў.

    Любоў да свабоды прывяла хлопца ў шэрагі рэвалюцыянераў.

    Падчас рускай рэвалюцыі 1905 года Фабіян Шантыр быў арыштаваны паліцыяй у Старобіне (за агітацыю сярод сялян) і на два гады кінуты ў Слуцкую турму. Пасля вызвалення на некаторы час Шантыр затрымаўся ў родным Слуцку, а пазней пераехаў у Капыль, дзе працаваў настаўнікам, а пазней адвакатам. У гэты час ён актыўна друкаваўся ў беларускіх газетах “Наша Ніва” і “Дзянніца”. Большасць яго твораў былі напісаныя на беларускай мове, аднак часамі Шантыр пераходзіў і на рускую.

    У 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна. Хутка пасля гэтага хлопца мабілізавалі ў Рускае імператарскае войска і накіравалі ў Бабруйск, у распараджэнне палявога шпіталю. У 1916–1917 гадах Фабіян Гіляравіч удзельнічаў у працы літаратурнага клубу “Беларуская хатка” у Мінску, дзе і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Людвікай Сівіцкай. Дарэчы беларусы гэтую жанчыну ведаюць пад псеўданімам Зоськай Верас. Гэта менавіта ёй у працытаваным вышэй лісце Шантыр распавядаў пра сваю любоў да свабоды.

    Акрамя гэтага падчас працы клубу ён актыўна кантактаваў з прадстаўнікамі “беларускага актыву”: Аркадзем Смолічам, Язэпам Лёсікам, Максімам Багдановічам, Алесем Гаруном.

    Нацыянальная Беларусь, ці бальшавіцкая?

    Імперыя Раманавых дажывала апошнія месяцы. У 1917 годзе Фабіян стаў адным з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады і кіраваў Бабруйскім камітэтам арганізацыі. Ужо тады яго цягнула ў шэрагі “левых”, аднак беларуская справа заставалася асноўнай. У сакавіку таго ж года на З’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску яго абралі ў Беларускі нацыянальны камітэт, а ў ліпені Шантыр стаў сябрам Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый і партый. Нарэшце, у снежні 1917-га ён браў удзел у Першым усебеларускім з’ездзе, на якім выступіў з “палымянай прамовай”.

    На адным з паседжанняў Фабіян Гіляравіч заявіў: “Калі нам кажуць забыць сваю Радзіму — гэтага я не разумею. Асіміляцыя — гэта рабства. Чаму вы сабраліся сюды? Вас прывяло сюды нацыянальнае пачуццё. Нацыянальнае адраджэнне ніколі не загне”.

    Ужо ў 1918 годзе грамадскі дзеяч выдаў брашуру “Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаадзначэння народу”, у якой аўтар адкрыта заяўляў, што “толькі беларуская ўлада на спрадвечна беларускай зямлі забяспечыць народу нармальнае цывілізаванае жыццё, заснаванае на спрадвечных нацыянальных асновах”. У гэты момант Фабіян Шантыр стаяў перад выбарам: ці застацца ў нацыянальным беларускім руху, ці падтрымаць бальшавікоў. У рэшце рэшт, выбар паў на другі варыянт. У гэты перыяд ён працаваў у Слуцкім павятовым вайсковым камісарыяце, а пазней кіраваў смаленскім адзяленнем Белнацкаму. У 1918 годзе ў Маскве ўбачыў свет зборнік “Зажынкі”. У кнізе былі і яго творы.

    Барацьба за Беларусь

    Даследчыкі жыцця Шантыра падрэсліваюць, што гэта быў самалюбівы чалавек. Ён любіў, каб было па яго, а калі не, то ішоў на разрыў.

    1 студзеня 1919 годзе ў Смаленску была абвешчана БССР. Урад рэспублікі складаўся з двух груповак, якія вялі паміж сабой жорсткія спрэчкі, што пераходзілі ў адкрытую канфрантацыю. Адныя — чужынцы, якія прыехалі з “цэнтру”, іншыя — былыя дзеячы беларускага нацыянальнага руху, якія паверылі ў “светлыя ідэалы бальшавіцкай рэвалюцыі”.  Апошнія верылі ў ленінскі лозунг пра “права народаў на нацыянальнае самавызначэнне”. У сваю чаргу “гасцей” Беларусі з чырвонымі зоркамі на фуражках Беларусь цікавіла толькі як буферная дзяржава паміж капіталістычным Захадам і РСФСР. Ды якая можа быць у Беларусі незалежнасць? Гэта ж частка Расіі і народ тут такі ж, як за Смаленскам. Бальшавікі актыўна супрацьстаялі “нацыянальным кадрам”.

    Як вядома, кіраўніком ураду БССР быў беларус Зміцер Жылуновіч — нацыянал-бальшавік, якога Фабіян Шантыр адкрыта падтрымліваў.

    Але побач з імі былі асобы кшталту Вільгельма Кнорына, які яшчэ ў кастрычніку 1918 года заявіў: “Мы лічым, што беларусы не з’яўляюцца нацыяй, і тыя этнаграфічныя асаблівасці, якія іх аддзяляюць ад астатніх рускіх, павінны быць зжытыя. Нашай задачай з’яўляецца не стварэнне новых нацый, а знішчэнне старых нацыянальных рагатак. Беларускі жа рух з’яўляецца такой пабудовай нацыянальных рагатак”.

    У гэты час Фабіян Гіляравіч выконваў абавязкі камісара па нацыянальных справах Часовага ўраду БССР. Пасада, здавалася б высокая, але рэальную ўладу “нацыянал-бальшавікам” Ленін даваць не збіраўся. Барацьба двух груповак у беларускай уладзе была сапраўды жорсткай. І адныя і другія пісалі скаргі Сталіну, Троцкаму, Леніну. Аднак калі беларускія таварышчы былі гатовыя да дыялогу, то старшыня ЦВК ССРБ Аляксандр Мяснікян, больш вядомы як Мяснікоў, які актыўна выступаў за аб’яднанне Беларусі з РСФСР, выдаў загад аб арышце “нацыяналістаў”, сярод якіх быў і Шантыр. Пазней беларусаў вызвалілі, але “паставілі на аловак”. Шантыр працаваў у Мінскім губернскім вайсковым камісарыяце і Асаблівай камісіі Заходняга фронту. Але творчая натура літаратара і журналіста ў гэтага чалавека рвалася вонкі. Ён актыўна друкаваўся на старонках газеты “Савецкая Беларусь”. 

    Першая ахвяра бальшавіцкага паліттэрору

    Беларусаў па сутнасці адштурхнулі ад палітычных спраў. Віцебшчыну і Магілёўшчыну аддалі ў склад РСФСР, а Міншчыну і Гродзеншчыну аб’ядналі з тэрыторыяй Літвы і ўтварылі ЛітБел. І вось гістарычны парадокс: працэс дзяржаўнай дэградацыі беларускіх тэрыторый спыніў…наступ польскіх войскаў і акупацыя значнай часткі Беларусі Другой Рэччу Паспалітай. Разам з іншымі бальшавіцкімі структурамі Шантыр эвакуіраваўся на Усход. Пратэстуючы супраць падзелу Беларусі рускімі бальшавікамі, ён сышоў у адстаўку. У лютым 1920 года Шантыр ізноў паступіў на службу ў Чырвоную Армію, каб вызваляць Радзіму “ад белапольскай акупацыі”. Аднак ужо ў красавіку таго ж года асаблівы аддзел 16‑й арміі арыштаваў беларуса. Шантыра абвінавацілі ў “размовах з ваенспецамі” і магчымым шпіянажы.

    У дакументах асаблівага адзела 16‑й арміі адзначалася: “Грамадзянін Шантыр арыштаваны па абвінавачанні ў палітычным шантажы, злоўжываннях па працы і контррэвалюцыі, падрыве аўтарытэту савецкай улады і бальшавіцкай партыі. Шантыр не карыстаецца даверам у членаў ЦК. Просім даць больш інфармацыі пра яго. Ад гэтага залежыць многае”. Але нікаго асабліва лёс маладога беларускага палітыка не цікавіў. 26  красавіка 1920 года яго прысудзілі да растрэлу і выканалі прысуд праз тры дні.

    Што стаяла за гэтай хуткай расправай, да сённяшняга дня дакладна не вядома. Некаторыя даследчыкі адзначаюць, што Шантыр пацярпеў за тое, што быў слабы да жаночага полу. Малады, гарачы інтэлектуал у любоўных справах мог перайсці дарогу не аднаму палымянаму рэвалюцыянеру. Аднак найбольш верагоднай з’яўляецца версія аб “нацыяналізме” Фабіяна Гіляравіча. Маўляў, захварэў чалавек ідэяй беларускай незалежнасці, а ў умовах, калі па планах бальшавікоў ніякай незалежнай Беларусі быць не магло, ад такіх ненадзейных таварышчаў трэба было пазбаўляцца.

    Здаецца, што і Аляксандр Мяснікоў, які ненавідзіў “нацыяналістаў”, таксама мог сказаць у гэтай справе сваё слова. Цікавым момантам было тое, што ў абарону Шантыра выступіў старшыня ЦВК БССР Аляксандр Чарвякоў. Праўда, да яго слоў ніхто не прыслухаўся. Але тэлеграму з Мінску ўсё ж прачыталі. Нехта напісаў на ёй рэзалюцыю “Чарвякоў — самы прыстойны нацыяналіст-беларус”. Відавочна, што каментар гэты напісалі не ў Навазыбкаве, дзе судзілі і растралялі Шантыра, а значна вышэй. Дарэчы, сам Чарвякоў скончыць жыццё самагубствам у 1937 г. 

    Як бы тое не было, таленавіты беларускі грамадскі, культурны і палітычны дзеяч Фабіян Шантыр стаў першай ахвярай бальшавіцкага тэрору ў беларускай палітыцы і літаратуры. Праз шмат дзесяцігоддзяў, ужо ў незалежнай Беларусі, у сакавіку 1992 года гэты чалавек быў цалкам рэабілітаваны. Чаму б сёння вуліцу Кнорына ў самым цэнтры беларускай сталіцы не перайменаваць у гонар героя гэтага артыкула? У адрозненні ад Вільгельма Георгіевіча Фабіян Шантыр жадаў, каб Беларусь была незалежнай і рабіў дзеля гэтага ўсё, што мог.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці