• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Анатоль Кляшчук: Трэба пастаянна недзе бываць, некуды ехаць…

    ...Падхапіцца ледзь не сярод ночы (чаго, жонка ўжо не пытае), ціхутка, не запальваючы святла, апрануцца, закінуць на плячо сумку з апаратурай, ступіць за дзверы – у снег, у туман… Ісці – доўга, навобмацак, не бачачы сцежкі. Стаяць – ля рэчкі, альбо на знаёмым пагорку, слухаць цішыню і чакаць… Чакаць золаку, чакаць досвітку. Каб убачыць – самому, сённяшні… Каб іншым паказаць (хоць на здымках!) гэту заўсёдную таямніцу, гэта заўсёднае свята: свята нараджэння дня, альбо кветкі… Вясёлкі ці вясны…

    Больш за трыццаць гадоў ён здымае. Сказаць прафесійна, значыць, не сказаць нічога, бо фотакарэспандэнт “Звязды” Анатоль Кляшчук  аўтар больш чым 30 персанальных выстаў (у тым ліку ў Аўстрыі, Германіі, Японіі, Кітаі, злучаных Штатах… У Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Еўрапарламенце…), аўтар і сааўтар фотаальбомаў “Пад небам Беларусі”, “Чарнобыль”, “Чарнобыль 1986 – 2006. Жыць з трагедыяй”, “Беларусь. Зямля песняроў”, “ Карагод беларускіх абрадаў”.

    — Анатоль, кажуць, што першы фотаапарат у цябе з’явіўся выпадкова: хацеў купіць джынсы, але ці тое чаргі спалохаўся, ці тое грошай не хапіла… Што было насамрэч?

    — Насамрэч — фотаапарат быў у бацькі. Ён здымаў адну-дзве плёнкі на год, пераважна тады, калі прыязджалі госці, адзначаліся нейкія святы, потым выбіраў нейкі вечар, запіраўся ў цёмным пакоі і, пачынаў  праяўляць плёнкі, друкаваць карткі… Для нас з братам кожная з  гэтых аперацый была сапраўднай таямніцай, мы шчаміліся ў той пакой, хацелі дапамагаць, але бацька казаў сваё “не лезьце”, альбо “не замінайце”. І чым часцей ён  гэта казаў, тым болей карцела…

    А потым яму пашчасціла ў ваколіцах Слуцка зняць двух ласёў, здымак надрукавалі ў газеце і нам з братам здавалася, што цяпер увесь раён ведае нашага бацьку (ён, дарэчы, быў электрыкам), а значыць, і нас…

     Можа таму, трапіўшы ў ГУМ перад Новым 1980‑м годам (тады шмат што ў продаж “выкідвалі” для выканання плану), я адстаяў чаргу і сапраўды пры зарплаце ў 120 рублёў 100 аддаў за фотаапарат. Хоць мог бы купіць джынсы — яны тады ў моду ўваходзілі…

    Здымаў пераважна ў выхадныя, у вольны час. Тое, што атрымлівалася, вельмі хацеў некаму паказаць, занесці ў рэдакцыю. А як, калі працуеш на заводзе з прапускной сістэмай? Выручала дзірка ў плоце. Праз яе ў пачатку абеду я вырываўся  на волю, на аўтобусе (метро яшчэ не было) ехаў у “Вечерний Минск”, альбо ў стары Дом друку, некаму паказваў альбо пакідаў  здымкі і ў 14 гадзін – кроў з носу —  вяртаўся. У мае 20 з хвосцікам гэта “падпольнасць” “заводзіла”, надавала драйву…

    — Але ж, наколькі я разумею, табе ніхто не даваў заданняў, ніхто не падказваў тэм. Як было вызначыць, што здымаць, а галоўнае, як?

    — Глядзеў газеты, бачыў, што рабілі прафесіяналы, думаў, хадзіў на выставы. Фатографы Літвы, помню, прывезлі ў Мінск сапраўдны цуд — вялікія чорна-белыя здымкі. І на іх, што страшэнна ўразіла, былі самыя звычайныя,  жыццёвыя сюжэты! Да прыкладу – хлопчык пасярод дарогі трымае труса… Дык я ж іх таксама трымаў! Сто разоў! Але каб здымаць…

    Магчыма, такім вось чынам прыходзіла разуменне, што ўвагі сапраўднага фатографа  вартае ўсё, што яго акружае, што засмучае, абурае, што радуе…

    — Анатоль, першую тваю фатаграфію надрукавала “Вячорка, другую і шмат наступных —  “Мінская праўда”, “Чырвоная змена”… Паралельна ты вучыўся на завочным факультэце журналістыкі. Але ж пры гэтым сцвярджаеш, што фатаграфіі вучыўся сам.

    — Так. Аўтарытэты ў мяне, вядома ж, былі. Цэлы сшытак трымаў, куды складваў свайго роду шэдэўры ад Віктара Драчова, Вячаслава Дубінкі… Але ж, каб навучыцца танцаваць, трэба танцаваць, каб навучыцца здымаць, трэба здымаць! Шмат! І часам — у пошуках кадра — адно і тое ж! З розных ракурсаў, у розныя поры года, у рознае надвор’е… Ну вось да прыкладу. Царкву ў вёсцы  Белая Царква Чашніцкага раёна я фатаграфаваў на захадзе сонца, на ўсходзе, здымаў у дождж, у сонца… І толькі падняўшыся над ёй на дэльтаплане, убачыў: вось ён, найлепшы ракурс!

    — Я наўмысна назвала некалькі выданняў, з якімі ты супрацоўнічаў, у якіх працаваў: шэсць гадоў, прынамсі, у “Сельской…”, два — у “Рэспубліцы”. І больш за 20 ужо ў “Звяздзе”. Чым прывабіла?

    — Найперш тым, што ўсе тут пісалі і размаўлялі, як я — па-беларуску. Па-другое, тут працаваў Мікалай Амельчанка і дагэтуль працуе Яўген Пясецкі. Тут моцны калектыў (журналісты, як ні круці, тавар штучны), свае традыцыі, а галоўнае з боку тагачаснага рэдактара Уладзіміра Браніслававіча Наркевіча была ўвага да новых ідэй і павага да таго, што ты робіш…

    Што маю на ўвазе? Нашага брата журналіста і асабліва фотажурналіста, як і ваўка, кормяць ногі. Трэба пастаянна недзе бываць, некуды ехаць…

    І вось ты вяртаешся ў рэдакцыю, а ў цябе не пытаюць, што ты зрабіў, што прывёз, пытаюць, чаму (умоўна) на дзесяць хвілін затрымаўся. Творчаму чалавеку вельмі цяжка працаваць, калі не паважаецца тое, што ён робіць.

     — Апошнім часам ты, як Фігара — адначасова і тут, і там: здымаеш, здаецца, усё! Але  пры гэтым у цябе заўсёды былі ўласныя праекты: “Праведнікі Народаў Свету”, кавалеры ордэнаў Салдацкай славы, “Абрысы Айчыны”, “Жывая зямля”, “Пракаветнае”… Асобная тэма – Чарнобыль, і сама трагедыя, і яе наступствы. Пра першае, як мне падаецца, пісалі і здымалі многія, а вось пра другое…

    — Гэта  маё ўласнае перакананне: калі нейкія праблемы не ўздымаюцца, не асвятляюцца ў СМІ, яны як бы не існуюць. Ну быў выбух, было бедства з вялікім перасяленнем, але з часам усё ўсталявалася, і тэма нібы закрытая, хоць якраз у гэты час многія (у тым ліку дзеці) сталі цяжка хварэць. Ім патрэбна была дапамога – лекамі, абсталяваннем.

    Нельга сказаць, што яе не было. Была. Але ж справе (гэта я ведаю дакладна) пасадзейнічалі і мае фотаздымкі ў каталогах. А потым нямецкі фонд “Дзецям Чарнобыля” дапамог выдаць альбом “Чарнобыль 1986–2006. Жыць з трагедыяй”. Распаўсюджваўся ён бясплатна і дапамагаў каласальна! Праз 15 гадоў пасля трагедыі хворых дзяцей прызналі ахвярамі Чарнобыля, праз 20 – атрымалася правесці персанальную выставу ў нашым Нацыянальным мастацкім музеі…

    У дзіцячы анкалагічны цэнтр я ездзіў як на працу: пры першай жа магчымасці і ледзь не штодзень:здымаў, скрынкамі вазіў вітаміны, якія людзі перадавалі для хворых, як мог падбадзёрваў бацькоў, паказваў фатаграфіі тых, хто паправіўся… У бядзе важна  ведаць, што шанцы ёсць! 

    З многімі і дзецьмі, і бацькамі мне пашчасціла падружыцца. І толькі аднойчы мне адмовілі ў здымках:  дзяўчынка з лейкеміяй, якую літаральна выцягнулі з таго свету, вырасла, выйшла замуж і – цуд! – нарадзіла малое! Я ўжо бачыў гэтыя кадры – гэту перамогу, гэты гімн жыццю!.. Але…

    — Анатоль, усё паўтараецца: некалі ты складваў у сшытак нейчыя “гімны”, цяпер  многія складваюць твае,  разыходзяцца, нягледзячы на кошт, фотаальбомы. І ўсё ж — ёсць, відаць, любімыя кадры? Чым упрыгожаны  дом?

    — Здымкі выбірала пераважна жонка. Што на іх? Тое, што не стамляе, не напружвае: дарога ў полі, ранішні туман, манашка з кветкамі, цюльпаны ў расе…

    — Яшчэ адно пытанне, якое не задаць нельга: тры-чатыры дні (з сямі на тыдні) ты ў раз’ездах. З дому часцяком сыходзіш на золаку і вяртаешся позна ўвечары, бо да васьмі-дзевяці сядзіш у рэдакцыі. Як пры гэтым удалося захаваць сям’ю, выхаваць цудоўных дзяцей?

    — Не ведаю, чыё гэта вызначэнне, але яно мне падабаецца: сям’я – гэта калі двое (ці колькі там ёсць чалавек), дапамагаюць адзін аднаму – жыць, нечага дабівацца. У крайнім выпадку – не перашкаджаюць. Мая жонка, дзякаваць Богу, заўсёды разумела, што няволя для мяне – гэта край, гэта жах. Я там прападу. Мне трэба ездзіць, трэба здымаць. Ніколі не забудуся… У жончынай бабулі сотак 15 зямлі пад бульбу. Цесць з цешчай кажуць, каб садзіць прыехаў і я. Згодны,  але ж у гэты час на Беларусі ўсё цвіце!.. Здавалася б, не бяда – можна дзень прапусціць. Але з‑за чаго?

    Дзякаваць Богу,  жонка ўсё разумела і без нотак папроку бацькам казала, што “мой, відаць, не прыедзе”. Яна да таго ж ніколі не папракала, што я мала бываў і бываю дома, што мы не нажылі нейкага багацця… “Затое (гэта яна мне кажа) ты знайшоў сваё месца ў жыцці, выйшлі твае альбомы… Ты столькі ўсяго пабачыў, столькі наздымаў!..”

     Мне сапраўды нават не па сабе ад таго, колькі!.. У тым ліку – і нікому не патрэбнага. Пакуль…

    — Анатоль, паводле Канфуцыя:” знайдзіце справу па душы і працаваць вам ні дня не прыйдзецца”… Ты сапраўды атрымліваеш каласальнае задавальненне ад таго, што робіш!.. Давай  памарым: калі б раптам, аднекуль на цябе зваліліся гэткія ж каласальныя грошы…

    Не з маім шчасцем, як той казаў, але ж, каб яны зваліліся…

    Падтрымаў бы родных, выдаў бы альбом пра любімы Давыд-Гарадок.  Мы яго амаль зрабілі з паэтам Дранько-Майсюком… У галаве яшчэ чатыры праекты круцяцца… Аб’ектыў  яшчэ адзін купіў бы. Ну, можа, загарадны дом, калі б месца выбраў… Няшмат, як бачыш, жаданняў. Бо, па сутнасці, у мяне ўсё ёсць…

    ***

    Пытанне – адказ

    Любімы час года – кастрычнік.

    Любімая страва – сала.

    Любімая песня – “Мой родны кут, як ты мне мілы…”

    Любімы занятак – два: вандраваць і чытаць.

    Любімае месца – Беларусь.

    Галоўны здабытак – жыццё.

    ***

    Калегі з газеты «Звяда» віншуюць калегу з Днём народзінаў ды зычаць новых дарог, сустрэч і творчых поспехаў!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці