Блогеры VS журналісты: хто больш зарабляе і каму адказваць за “мудака”
Колькі каштуе прыватнае меркаванне, хто ўжо гатовы палюбіць новы закон аб СМІ і ці варта верыць бескарысным парадам у сацсетках, разважалі ў сталічным Прэс-клубе ўдзельнікі медыятоку “Блогеры VS журналісты”.
Намаганні сутыкнуць ілбамі журналістаў і блогераў даўно перасталі быць нечым арыгінальным. Кожны гулец заняў сваё месца на медыяполі і займаецца пошукам новых выхадаў да спажыўца інфармацыі, амаль не перасякаючыся ў інтарэсах. Час ад часу здараецца выбух, кшталту нядаўняга абнародаванага рэйтынгу зорных блогераў, на хвалі якога зноў падымаюцца дыскусіі: ці ёсць у Беларусі блогеры, ці чытаюць іх, а хто, а чаму і гэтак далей.
Размова ў Прэс-клубе стала чарговым этапам абмеркавання беларускага блогерскага казуса. Свае меркаванні агучылі Севярын Квяткоўскі, Віталь Цыганкоў, Юлія Чарняўская , Аляксандр Найдзёнаў, Віталь Навіцкі, Ася Паплаўская, Таццяна Курбат, Стась Карпаў, па скайпе далучыўся Віктар Малішэўскі. Цікава, што ўсе спікеры маюць непасрэдную сувязь са СМІ: працавалі ці працуюць журналістамі і паралельна вядуць свой блог. Калі казаць шчыра, то гэтыя людзі больш падпадаюць пад азначэнне “лідары меркаванняў”, бо і самі не заўжды вераць у сваю блогерскую карму.
“Калі мяне называлі блогерам, то спачатку я ставіўся да гэтага іранічна, — прызнаўся аўтар “Радыё Свабода” Віталь Цыганкоў. — Часам я пішу допісы ў Facebook, а потым мяне просяць апублікаваць іх на “Свабодзе”. Пры гэтым, калонку на “Свабодзе” я лічу больш сур’ёзным, аналітычным жанрам. Але мяне запэўніваюць, што ўжо няма такога размежавання”.
Культуролаг, пісьменніца, журналістка і выкладчыца Юлія Чарняўская лічыць, што званне «блогер» у пэўным сэнсе нівіліруе ўсе яе дасягненні.
Па яе словах, свае допісы яна стварае з “фігурных абрэзкаў” — развагаў і думак, якім не знайшлося месца ў публікацыях, прозе. Магчымасць камунікацыі з падпісчыкамі прыносіць ёй шмат задавальнення. І дакладна ніякім чынам не звязана з жаданнем зарабіць. “Мы проста пішам, навошта прыдумваць гэтаму дадатковае азначэнне?” — здзіўляецца спадарыня Чарныўская ў адказ на прапанову лічыцца блогеркай.
Часткова з Юліяй Чарняўскай згодны пісьменнік і журналіст Севярын Квяткоўскі. На яго думку журналістыка — вельмі канкрэтная дзейнасць. А вось у блогерстве чалавек можа выявіць сваё асабістае меркаванне.
Блогер Стась Карпаў лічыць, што ад асабістага жадання аўтара называцца ці не называцца блогерам, мала што залежыць.
“Калі ў пэўны момант пэўная колькасць людзей называе цябе блогерам, то ты — блогер, — выказаўся Карпаў. — Яны хочуць спажываць меркаванне гэтага чалавека. Калі людзям усё роўна, што бачыць у стужцы — фота коцікаў ці твае пасты, — ты не блогер”.
Пэўныя асаблівасці працы беларускіх СМІ падштурхоўваюць цікаўнасць да блогерства, бо апошнія могуць дазволіць сабе не трымацца палітэсу, адкрыта выказвацца на тыя ці іншыя тэмы. Пакуль. Новая рэдакцыя закона аб СМІ можа сур’ёзна абмежаваць гэтае права, фактычна прыраўняўшы карыстальнікаў сацсетак да паўнавартасных медыя.
“У Беларусі больш нідзе нельга будзе назваць мудака мудаком”, — падсумаваў Стась.
Цікава, што гэтая перспектыва выклікала супрацьлеглыя пачуцці ў іншага ўдзельніка медыятока. Афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі, які даволі шмат піша ў Facebook, радуецца, што можна будзе паўплываць на выказванні ў сацсетках.
Прафесія блогера даўно перастала быць экзатычнай. Кожны першы цяпер мае акаунт ў той ці іншай сацыяльнай сетцы, на YouTube можна знайсці влог (калі вы раптам не ведалі, то влог — гэта відэаблог), на любую тэму. Людзі ўсіх узростаў імкнуцца манетызіраваць любую сітуацыю ў жыцці: неабходнасць есць, выхоўваць дзяцей, апранацца, сачыць за здароўем, рабіць рамонт і так да бясконцасці. Безумоўна, прыбытак прыносяць далёка не ўсе праекты.
Піяршчык, блогер Таццяна Курбат дакладна ведае, што за вобразам кожнага вядомага блогера хаваецца шмат працы і сур’ёзны бізнес-план.
“Калі вы бачыце ў самай прадаючай сацсетцы Instagram рэкамендацыю чагосьці ў чалавека з колькасцю падпісчыкаў больш за пяць тысяч, то ў 90 % выпадкаў гэта будзе рэклама”, — дзеліцца назіраннямі спецыялістка.
Пры гэтым, з усіх удзельнікаў медыятока толькі Ася Паплаўская прызналася, што блогер можа зарабляць больш за журналіста, калі будзе “нармальна і шчыра працаваць з рэкламадаўцамі”. Віктар Малішэўскі, наадварот, прызнаўся, што з задавальненнем займаўся б толькі блогерствам, але менавіта журналістыка праносіць прыбытак.
Увогуле, на тле развагаў пра тое, кім быць (блогерам ці журналістам), пачала закрадвацца думка, што ў Беларусі лепш быць айцішнікам. Калі, канешне, не атрымалася стаць Уладам Бумагай.