• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Тамковіч: Выдавец раптам сышоў і яму хапіла нахабства патрабаваць аплаты за нявыкананую работу

    На наступным тыдні сябра Рады Беларускай асацыяцыі журналістаў Аляксандр Тамковіч прэзентуе ў Мінску “Мазаіку жыцця”. Напярэдадні прэзентацыі мы пагутарылі з аўтарам пра змест кнігі і як удалося сабраць грошы на выданне.

    Аляксандр Тамковіч

    — Пра што кніга і для каго вы яе пісалі?

    — З самага пачатку збору сродкаў мы пазіцыянавалі “Мазаіку жыцця”, як працяг “Найноўшай гісторыі ў асобах”, дзе сабраны біяграфічныя аповеды ста выдатных дзеячаў неафіцыйнай беларускай гісторыі апошніх дзесяцігоддзяў.

    Вельмі спадзяюся, што многія з іх прыйдуць на прэзентацыю, бо новая кніга ў пэўным сэнсе працяг той, дзе зафіксаваныя маналогі пра іх жыццё. Адрозненне ў тым, што ў “Мазаіцы жыцця” практычна няма палітыкі. Нават дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім па маёй просьбе абмежавалася расповедам пра сваё “дадэпутацкае” жыццё.

    Ужо падчас працы над “Найноўшай гісторыяй ў асобах”, я зразумеў, што для Беларусі 100 біяграфій вельмі мала. Так нарадзілася ідэя зрабіць “Мазаіку жыцця”, дзе сабраны яшчэ 31 біяграфічны нарыс. Але ўжо цяпер зразумела, што і гэтага будзе недастаткова.

    Калі дасць Бог, у будучыні планую зрабіць нешта накшталт “Мазаікі жыцця‑2”.

    Што тычыцца зместу кнігі “Мазаіка жыцця”, то на яе старонках пра сябе распавядаюць сапраўдныя VIPы беларускай культуры. Сярод іх — лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч, культавыя музыкі і спевакі Зміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч, Кася і Алесь Камоцкія, Іван Кірчук, Алег Хаменка, Віктар Шалкевіч, мастакі Генадзь Драздоў, Алесь Пушкін, Васіль Шаранговіч, вядомыя кінарэжысёры Андрэй Кудзіненка і Андрэй Курэйчык, літаратары Віктар Маціновіч, Алесь Пашкевіч, Андрэй Хадановіч і многія іншыя не менш паважаныя людзі.

    Многія з іх выступяць на прэзентацыі новай кнігі. Як і два героя “Найноўшай гісторыі ў асобах” — Уладзімір Арлоў і Уладзімір Някляеў.

    Звяртаю таксама ўвагу, што дадзеная прэзентацыя ў пэўным сэнсе закрывае юбілейны, пяцісоты, год беларускага кнігадрукавання.

    Плануецца, што весці імпрэзу, як і чатыры гады таму, будзе знакамітая Зінаіда Бандарэнка, а музычную арынжыроўку забяспечыць ўзыходзячая зорка беларускай песні Сяргей Башлыкевіч.

    Напісаная кніга ў першую чаргу для нас з Вамі, і для таго, каб будучыя пакаленні ведалі, якімі мы былі, адкуль прыйшлі ў гэты свет, што зрабілі.

     

    — Аляксандр Леанідавіч, як наогул Вы адчуваеце, хто Ваш чытач?

    — Нашы сучаснікі і нашчадкі. Тыя, хто не жадае жыць міфамі.

    — Спадар Аляксандр, Вам не ўдалося цалкам сабраць грошы на кнігу талакой. Ці гэта азначае, што людзі прывыклі да “халявы” і не гатовыя ахвяраваць грошы нават на кнігу аўтара, якога самі публічна хваляць?

    — Прабачце, але гэта абсалютна не адпавядае рэчаіснасці. Краўдфандынгавая кампанія новай кнігі была звышпаспяховай. Я прынцыпова не прасіў матэрыяльнай падтрымкі ў заможных герояў “Мазаікі жыцця”.

    Па-першае, не раблю гэтага ніколі. Па-другое, прытрымліваюся парады булгакаўскага “Майстра і Маргарыты” нічога і ніколі не прасіць ў “моцных свету гэтага”.

    Другая справа, што прыйшлося нечакана змяніць выдаўца, які раптам сышоў і якому хапіла нахабства патрабаваць аплаты за нявыкананую работу. Электронны гаманец быў аформлены на яго, таму прыйшлося тэрмінова спыніць збор сродкаў праз TALAKA.BY. Вельмі ўдзячны гэтай краўдфандынгавай пляцоўцы за разуменне і цярплівасць.

    Карыстаючыся выпадкам, я хацеў бы ад усёй душы падзякаваць усім, хто меў дачыненне да гэтага няпростага марафону. У першую чаргу сыну вядомага выдаўца Язэпа Янушкевіча — Дамініку, які зараз працуе далёка ад Беларусі. Шмат у чым, дзякуючы яму, кніга і адбылася. Дарэчы, аб дабрачыннасці сына бацька даведаўся ад мяне толькі на мінулым тыдні. Незвычайная сціпласць! Асабліва для нашых дзён…

    Асобная падзяка Саюзу беларускіх пісьменнікаў і кіраўніку гэтай паважанай арганізацыі Барысу Пятровічу за падтрымку і тое, што кніга выходзіць у знакамітай серыі “Кнігарня пісьменніка”.

    Прыемна таксама, што “Мазаіка жыцця” пабачыць свет у выдавецтве і друкарні “Медысонт”, іх дырэктар Іван Кобзік —  таксама сябра БАЖ.

    А наконт “халявы” скажу так: краўдфандынг стаў для мяне добрым урокам. Сапраўды, усе мае папярэднія 18 кніг былі “халяўнымі” для чытача, бо я заўсёды знаходзіў такую магчымасць. А на 19‑ю не знайшоў…

    Праз 18 кніжак “прайшлі” больш за трыста чалавек. Розным чынам 19‑й дамаглі менш за 5 %. З большага гэта —  мае шчырыя сябры. Прыемна парадавалі калегі-журналісты, якія праявілі салідарнасць. З тых, каго я прасіў пра дапамогу, толькі адно вядомае інфармацыйнае выданне адмовілася і сказала, што “не бачыць інфармацыйнай нагоды”.

    Аднак уразіла не толькі гэта. Значаная частка ахвярадаўцаў — пенсіянеры, якія са сваіх сціплых пенсій ахвяравалі на выданне хай невялікія, але такія каштоўныя для іх сродкі. Гэта было надзвычай кранальна. Як сказала Святлана Алексіевіч, гэта і робіць нас людзьмі!

     

    — Вы ведаеце і добрае, і кепскае пра сваіх герояў. Але ў кнігах пакідаеце толькі добрае. Ніколі не было жадання апублікаваць і кепскае пра каго-небудзь? 🙂

    — Не. І гэта не рэкламны пафас. Як вядома, ёсць законы захавання масы, энергіі і г. д. На мой погляд, таксама ёсць закон захавання эмоцыі. Калі Вы нешта кепскае гаворыце пра іншага чалавека, яно абавязкова дойдзе да яго і бумерангам вернецца да Вас.

    Кепска сказаць можна пра кожнага з нас, у тым ліку і пра мяне¸ але навошта? Бруд і без меня ёсць каму пісаць.

     

    Прэзентацыя кнігі “Мазаіка жыцця” — 19 снежня а 17 гадзіне ў Прэс-клубе Беларусь.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці