«Добрыя дзяўчынкі трапляюць у Рай, а кепскія — у Беларусь». Гэта слоган новай краўдфандынгавай кампаніі выдавецтва «Янушкевіч», якое неўзабаве выдасць другі раман пісьменніцы Юліі Шаровай. Паводле анатацыі, Ліліт, першая жонка Адама, пакінула Рай і не прыжылася ў Пекле. За гэта Бог і Д’ябал змусілі яе падпісаць угоду, паводле якой Ліліт мусіць бясконца ўвасабляцца ў зямных жанчын і жыць сярод людзей. Пабадзяўшыся па свеце, Ліліт урэшце трапляе ў сучасны Мінск…
За першы свой раман «Дон Джавані» ў 2013 годзе Юлія Шарова атрымала прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Той раман яна прысвяціла аднаму са сваіх шматлікіх хобі — опернаму мастацтву. Новы раман пісьменніцы таксама звязаны з ёйнай любімай справай — астралогіяй і варажбой на картах Таро. Але карты Таро можна круціць па-рознаму і ад палажэння карты прадказанне лёсу мяняецца. Вось і на раман «Вяртане Ліліт» мы вырашылі разгледзець як трапную сатыру на сучаснае публічнае жыццё беларускай медыйнай прасторы.
Юлія Шарова, фота ulej.by
У Шаровай несумненны талент карыкатурысткі і разнастайны сацыяльны вопыт, які ўключае ў тым ліку працу для рэдакцый некалькіх незалежных СМІ, удзел у літаратурных конкурсах ды прэміях і проста дачыненне ў інтэрнэце. «Гэты раман гартаеш як бясконцую фб-стужку, ад якой немагчыма адарвацца. З дакладнасцю пазнаеш выразы, інтанацыі, галасы», — сведчаць першыя чытачы твора.
У рэдакцыі ды супрацоўніках газеты «Наша нядоля» маўляў пазнаюць сябе некалькі працоўных калектываў. Скандальная блогерка Галя Плавінская, якая вучыць жанчын абуджаць у сабе Багіню, — вобраз збіральны, але таксама пазнавальны нагэтулькі, што можна сачыць не толькі за тым, якую суму Шарова збярэ на выданне кнігі, але і за тым, ці пададуць на яе, па добрай беларускай традыцыі, у суд за напісанае. Вішанька на торце — гісторыя карэспандэнта «Нашай Нядолі» Юрася Карповіча. «У пачатку рамана ён зрабіўся здабычай сукуба, у выніку чаго вырашыў стаць пісьменнікам», — апісвае яго прыгоды стваральніца.
Хто б гэта мог быць? Надта ж шмат прыходзіць да галавы прататыпаў…
Зрэшты, гэта толькі адзін з аспектаў поліфанічнага тэксту, у якім гучаць самыя розныя галасы, і дзе ў тым ліку чуваць водгулле Халакосту ў акупаваным нацыстамі Мінску.
З дазволу аўтаркі друкуем тут крыху самых каларытных урыўкаў з твора, які складаецца, як мазаіка, з пародыі на самыя розныя аспекты блогінгу і журналістыкі.
Пра клікабельныя навіны
“Артыкул пра Гавела Беларускага, які надумаў круціць раман з прэзідэнцкімі выбарамі, меў ашаламляльны поспех: ужо а дзясятай раніцы на сайце “Нашай Нядолі” налічылі сто каментароў на прэмадэрацыі, у якіх аўтара пыталі “што за траву ён паліць” і “якое адценне жоўтага яму найбліжэйшае”.
Матэрыял знялі, аднак удзячныя чытачы паспелі адскрыніць бліскучы загаловак і пусціць яго ў сацыяльныя сеткі.
Галоўны рэдактар хацеў быў тэлефанаваць Юрасю і ўсцешыць яго штрафам за непрафесійны падыход, але перадумаў (а хай сабе людзі чытаюць, якая розніца!).
Матэрыял зноў выставілі. Усе каментары пра паленне травы таксама пакінулі, ды яшчэ і пачалі на іх адказваць, падаграваючы дыскусію. Паказнікі наведвальнасці сайта паляцелі ўгору.
— Юрка, ты напісаў х..ню, але яе чытаюць! — радасна паведаміў начальнік. — Я цябе віншую!
“Але ж гэта х…ня”, — падумаў Юрась.
“Уга, як я магу!” — падумаў ён у тое самае імгненне.
Пачуццё сораму за ўсе прыгоды мінулага дня адступіла перад пачуццём уласнай значнасці (ПУЗ). Два “ўга” з рознай нагоды — зашмат для Юрася, даволі простага хлопца без выключных талентаў. Ягоны ПУЗ вырас на вачах і прыемна акругліўся.
— Гэта я пасцябацца вырашыў, — з адценнем паблажлівасці прамовіў ён у адказ на словы рэдактара. — І што, добра чытаюць?
— Дзевяноста тры чалавекі адначасова! Я не кажу пра агульную колькасць праглядаў! — з яшчэ большай радасцю адказаў рэдактар. — Апошні раз у нас такое было, калі Галя Плавінская пісала, чаму трэба выдаваць на беларускай мове не Караткевіча, а раманы пра Анжаліку. Карацей, збірайся зараз жа ды ідзі да Хрысціяніна Наскага. Прэсуха ў яго. Праект закона аб барацьбе з варажбітамі і ведзьмакамі.
І Юрась пайшоў на тую прэсавую канферэнцыю, і напісаў гэткі артыкул, што Хрысціянін Наскі (а ён таксама сабраўся ў прэзідэнты) моцна абураўся і зычыў рэдакцыі “Нашай Нядолі” гарэць у апраметнай.
Затое чыталі добра”.
Пра паспяховы блогінг
“Абудзі ў сабе Багіню (Блог Галі Плавінскай)
Вы думаеце, гэта вельмі лёгка — быць блогерам? Мала хто разумее, як шмат мне даводзіцца працаваць. Блогеру трэба зарана прачнуцца, недзе а дзявятай. Мой мужчына ўжо на працы, таму снедаю я асобна. Я іду на кухню, стаўляю імбрык і раблю сабе каву. Пакуль яна запарваецца ў маім улюбёным кубку, выштукаваным сяброўкай, майстрыхай Мар’янай, я хуценька бягу ў душ.
Найсмачнейшая ў свеце кава з набытым учора круасанам — што можа быць лепей! Я смакую боскі напой, седзячы пры французскім вакне ў нашай гасцёўні і гляджу на велічныя і адначасова ўтульныя сталінкі нашага кварталу. Мне добра ў фатэлі пад пледам, але разнявольвацца нельга, бо мяне чакаюць справы.
Напачатку я павінная адведаць свайго асабістага майстра па манікюры. Пасля — перакусіць у кавярні ў Верхнім Горадзе. Затым у мяне падзея, пра якую я буду пісаць у сваім блогу — мяне запрасілі на адкрыццё прыватнай цукерні. Адтуль я сыходжу ў гуморы і з пакецікам эклераў, якімі выдатна пад’ем. Тады ў мяне вечарына ў Культавай Кнігарні, праўдзівей кажучы, вечарына не ў мяне, а ў найлепшай беларускай пісьменніцы — пра гэта таксама пазней у маім блогу.
Пасля вечарыны я вяртаюся дадому, дзе мяне ўжо чакае мой мужчына. Я буду валіцца з ног, але стану ля пліты і звару для яго сапраўдную італьянскую пасту (прынесла пачак з рэстарацыі, куды хадзіла на прэзентацыю). Абавязкова дадам туды кетчуп. Памятаеце, я хадзіла на прэзентацыю новага кетчупу вытворчасці фабрыкі “Бальшавіцкая слава”? Дык вось, яны даслалі мне цэлую скрыню з прадукцыяй іхнага новага брэнду “Italiano vero”.
Перад сном я выкраю гадзінку на працу над сваім блогам, пасля чаго ўрэшце ўпаду ў ложак і засну.
Посуд я памыю заўтра. Галаву таксама”.
Пра затрыманні журналістаў
У перапынках паміж літаратурнымі баталіямі Юрась намагаўся працаваць. Аднойчы яго скіравалі на прэсавую канферэнцыю ў адну замежную амбасаду, з якой газета “Наша Нядоля” імкнулася сябраваць. Імпрэза была а чацвёртай дня, а недзе апоўдні, за колькі гадзінаў да яе, карэспандэнт перажываў моцны абстынентны сіндром. Ён пайшоў у “Старамесцкі” і замовіў сабе піва. Потым чарку, тады другую. Пасля пабачыў калегу з незалежнага радыё і выпіў з ім за кампанію яшчэ па піве.
За гадзіну да прэсавае канферэнцыі ён хоць і валачыў ногі, але ўжо меў праблемы з маўленнем і распаўсюджваў кісла-салодкі пах перагару. Трэба сказаць, што пах цягнуўся за ім шлейфам ужо не адзін месяц, а сябры і калегі проста саромеліся сказаць пра гэта Юрасю. Хіба ж ён адзіны піяка ў мінскай журналісцкай грамадзе?
Далейшыя падзеі разыграліся паводле сцэнара начнога жаху, на які хочацца забыцца. Ён прыйшоў у амбасаду і не змог назваць сваё імя і назву выдання. Потым доўга шукаў у заплечніку пашпарт і пасведчанне. Потым не мог трапіць асадкай у тую графу на паперцы, куды ён мусіў паставіць роспіс для службы бяспекі. І ўсё ж яго прапусцілі.
На самой прэсавай канферэнцыі ён лез з пытаннямі, якім мог пазайздросціць сам журналіст газеты “Жыццё Еўразіі” Генрых Надольскі. Калегі сядзелі з адвіслымі сківіцамі. Урэшце супрацоўнік службы аховы паклаў руку на плячо Юрася. Журналіст даволі груба яе адкінуў і прасычэў: “Не замінайце!”.
Новы абстынентны сіндром напаткаў яго ўжо на Акрэсціне, куды Юрася даставіла міліцыя. У судзе сведкі сказалі, што ён быў нецвярозы, нецэнзурна лаяўся і аказваў супраціў праваахоўнікам.
І гэта была чыстая праўда!
Пра ананімных недабразычліўцаў
“Абудзі ў сабе Багіню (Блог Галі Плавінскай)
Прабачце, накіпела! Хто ўсе гэтыя тупыя, абмежаваныя людзі, якія пакідаюць свае чадныя каментары ў маім блогу? Яны заможныя, знакамітыя, а мо прыгожыя, як Клаўдзія Шыфер і Брэд Піт?
Так, я шчаслівая. Я кахаю, і мяне кахаюць. Я нарэшце ПРАВІЛЬНА выйшла замуж. Неўзабаве нас стане трое, і вы слушна заўважылі — мая фігура змянілася. Мне даспадобы гэтыя змены! Я падабаюся самой сабе як ніколі. А людзі, якіх я ўважаю за сяброў, прыходзяць да мяне і пішуць розную брыдоту. Або расцягваюць гэтую брыдоту па сваіх утульных бложыках.
Пацешыцца, што ў мяне ўсё добра? Не! Яны кідаюцца фекаліямі. І я вам патлумачу, чаму яны гэта робяць: яны мне зайздросцяць, асабліва гэтыя бабы, бложыкі якіх ніхто не чытае. Што яны бачаць у жыцці? Нейкая там праца ў офісе, нейкі там муж-ніхто, або наагул ні мужа, ні каханка. Шэрыя мышы. А ў мяне муж — паспяховы журналіст і пісьменнік, не гаспадар аўтамыйні і не чарговы айцішнік, даруй божа.
Дык вось, бабенцыі, сядзіце там у сваіх норах і не сыкайце на мяне. Бо вы сваім негатывам самі атруціцеся.
А я пайшла на курсы будучых маці. Дарэчы, і вам таксама раю — падабрэеце адразу, як зацяжарыце, дайце веры”.
Пра фурор у інстаграме
«Аднойчы на пагулянку ў “Нашу Нядолю” завітала Галя Плавінская ўласнай персонай, між іншага, Юрасёва аднакурсніца. Калісьці за дзедам шведам яны прачнуліся ў адным ложку пасля вечарынкі ў студэнцкім інтэрнаце, куды мінскія хлопцы-журфакаўцы прыйшлі да іншагародніх дзяўчат са сваёй групы адзначаць здачу сесіі. Што адбывалася ў тым ложку, яны не памяталі, дый не імкнуліся згадаць.
У рэдакцыі тым вечарам было весела. Неяк знячэўку Юрась запрасіў калегаў працягнуць банкет у яго ўдома, дзе ўжо не было тупой-абмежаванай жонкі. Галя прывязалася да той кампаніі ды ўсё скардзілася на свайго экса з аўтарынка ў Малінаўцы.
Раней яна выглядала пампушкай з круглымі шчокамі і носікам-лычыкам. Цяпер яна сталася худой, даўгашыяй, з нервовым позіркам, у якім мужчына на добрым падпітку мог прачытаць жарснае жаданне блізкасці з ім. Юрась і прачытаў.
На раніцу Галюня запосціла ў сацыяльных сетках фота свайго станіка, закінутага на жырандолю. Стварэнне такой кампазіцыі вымагала немалога спрыту: жырандоля была высокая, станік нясвежы, а колішні аднакурснік спаў не надта моцным сном, таму мог прачнуцца і запытаць, на якую халеру яна гэта робіць. Урэшце, станік маляўніча павіс на жырандолі і годны здымак атрымаўся.
“Так выглядае шалёная раніца пасля незабыўнай ночы”, — падпісала Галюня свой здымак і адзначыла ў ім Юрася».