«Ток» з Золатавай і Леўшынай: пра «справу БелТА», цэнзуру і агентуру ВІДЭА
«Справа БелТА» стала хіба найвялікшым ударам па беларускіх медыя ў 2018 годзе. Паказальныя ператрусы на офісах і ў кватэрах журналістаў, публікацыя прыватных тэлефонных размоў, суткі на Акрэсціна — усё праз «несанкцыянаваны доступ» да навін дзяржаўнага агенцтва «БелТА».
Усім абвінавачаным пасля месяцаў бясконцых паходаў да следчых на допыты далі штрафы. Адзіная, з каго абвінавачанні дагэтуль не знятыя, — Марына Золатава, галоўная рэдактарка партала Tut.by. За «бяздзейнасць службовай асобы» ёй пагражае забарона займаць кіруючыя пасады, штраф і да пяці гадоў зняволення.
У новым выпуску праграмы «Ток/Talk» з Адар’яй Гуштын — Марына Золатава і галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына, з якой апошняй знялі абвінавачанні. Рэдактаркі расказваюць, як адбывалася затрыманне, з кім давялося сядзець на Акрэсціна, разважаюць пра сучасную журналістыку, цэнзуру, прапаганду, агентуру, а таксама гавораць пра асабістае.