• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рост рэкламнага рынку і падзенне даходаў газетчыкаў. Вынікі года ад Паўлюка Быкоўскага

    Беларуская асацыяцыя журналістаў просіць калег узгадаць, якім для медыя і для іх саміх быў адыходзячы год. Сваімі думкамі дзеліцца медыяэксперт і журналіст Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі.

    Ацэнкі 2018 года для медыя ў Беларусі вельмі розныя ў залежнасці ад сегмента рынку.

    Больш-менш агульным для ўсёй галіны ёсць пашырэнне правіл гульні зарэгуляваных традыцыйных СМІ на інтэрнет-выданні і прынцыповая ліквідацыя ананімных каментароў.

    Падвядзенне вынікаў 2018 года па аб’ёмах рынку рэкламы трэба чакаць у першым квартале наступнага. Але збольшага рэкламшчыкі настроеныя аптымістычна і мяркуюць, што быў прырост аб’ёмаў (асабліва ў інтэрнэце і на тэлебачанні). Іншае пытанне, што ў друкаваных выданняў наадварот чакаецца мінус па рэкламных даходах — у гэтым годзе і ў наступным.

    Трэба зазначыць, што ў Беларусі статыстыка фіксуе рост валавага ўнутранага прадукту і даходаў насельніцтва. ВУП цяжка памацаць, а вось наконт таго, што грошы сапраўды ёсць у кішэнях людзей, ідуць спрэчкі. Мала хто, асабліва калі казаць пра прадстаўнікоў рэгіёнаў, гатовы прызнаць рост дабрабыту пакупнікоў іх газет, ды і рэкламадаўцы не зрабіліся асабліва шчодрымі.

    Калі ж казаць пра ўмовы для выдавецкага бізнесу, то ў першай палове 2018 года шмат хто з кіраўнікоў гаварыў пра лібералізацыю эканомікі. Потым увага пераключылася на падрыхтоўку паправак у закон «Аб СМІ». Спачатку чыноўнікі і заканадаўцы нібыта былі гатовы прыслухацца да меркавання ўдзельнікаў рынку, але ўсё роўна зрабілі, як хацелі, што ў значнай ступені многіх пазбавіла аптымізму.

    Трэба зазначыць, што меркаванні выдаўцоў адносна прапанаванай з 1 снежня 2018 года магчымасці рэгістраваць сайты як «сеткавыя выданні» падзяліліся: спачатку большасць не збіраліся карыстацца гэтай магчымасцю, потым прыкладна палова з іх перадумала. Уцямных тлумачэнняў, чаму змянілася іх меркаванне, яны, як правіла, не кажуць, але разважаюць пра тое, што «а раптам будуць нейкія праблемы з законнасцю збора рэкламы для тых, хто не будзе лічыцца СМІ?»

    Асобна паўстае пытанне з прысутнасцю выдання ў партнёрскай праграме «Яндекс.Новости»: прамога патрабавання аб рэгістрацыі ў якасці СМІ быццам бы няма, але «адміністрацыя службы пакідае за сабой права адхіліць заяўку без указання прычын».

    Ёсць меркаванне, што для зарэгістраваных як «сеткавыя выданні» сайтаў будзе прасцей вырашаць праблемы з «Яндэксам», але доказаў гэтаму таксама няма.

    Застаецца шэраг выданняў, якія не маюць намеру рэгістравацца, бо не бачаць у гэтым неабходнасці і разам з тым не хочуць несці дадатковыя выдаткі ў сувязі са зменай юрыдычнай асобы і выкананнем іншых фармальнасцяў кшталту пошуку на пасаду галоўнага рэдактара асобы, якая мае досвед на кіруючых пасадах у СМІ.

    Трэба зазначыць, што правы і абавязкі гаспадароў інтэрнет-рэсурса і сеткавага выдання вельмі падобныя, але толькі супрацоўнікі рэдакцыі зарэгістраванага СМІ прызнаюцца журналістамі.

    Практыка 2019 года пакажа, ці будуць дзяржорганы акрэдытоўваць на мерапрыемствы супрацоўнікаў інтэрнет-рэсурсаў, якія не прайшлі рэгістрацыі пры Мінінфармацыі. Цягам месяца пасля ўступлення паправак у закон «Аб СМІ» гэтых людзей пускалі на мерапрыемствы.

    Цікава, што першым зарэгістраваўся сайт sb.by, хаця ў законе сказана, што патрабаванне аб рэгістрацыі не распаўсюджваецца на «інфармацыйныя рэсурсы (іх састаўныя часткі), якія размешчаны ў глабальнай камп’ютарнай сетцы інтэрнет, праз якія ажыццяўляецца распаўсюд прадукцыі СМІ». То бок, раз «Беларусь сегодня» зарэгістравана як СМІ, то навошта было асобна рэгістраваць яе сайт?

    Яшчэ адна з вехаў года — забарона з 1 снежня ананімных каментароў. Калі мінулы раз у 2015 годзе мянялі закон «Аб СМІ», шмат хто з выдаўцоў адключыў каментары, бо не меў лішніх грошаў на мадэрацыю. Тады з’явілася адказнасць гаспадароў сайтаў за распаўсюд выказванняў наведвальнікаў. Цяпер да яе дадаўся абавязак ідэнтыфікацыі каментатараў і захаванне дадзеных пра іх на выпадак запытаў ўпаўнаважаных органаў.

    Вялікія праекты заплацілі праграмістам і зладзілі ўласную сістэму ідэнтыфікацыі праз sms, а іншым гэта было не па кішэні.

    Да ўсіх беларускіх выдаўцоў звярнуўся расійскі рэгіянальны праект Tol­stoy Com­ments і, здаецца, прапанаваў тое рашэнне, якое задаволіла большасць. У выніку можа так стацца, што расійскі Tol­stoy Com­ments будзе галоўным атрымальнікам выгады ад змены правіл гульні на беларускім рынку.

    Яшчэ па аптымізму ўдарыла «справа БелТА», якая засведчыла, што прыйсці могуць за кожным журналістам.

    Пад занавес года фігурантам справы засталася толькі галоўны рэдактар Tut.by Марына Золатава, якую нават не вінавацяць у валоданні паролямі БелТА. Палітычныя рэзоны справы выглядаюць відавочнымі.

    «Справа БелТА», акрамя выпрабавання нерваў і ўдару па дабрабыце яе фігурантаў, сталася праверкай цэхавай салідарнасці (заўважаная) і ў чарговы раз засведчыла прынцыповае адрозненне паміж журналістамі і прапагандыстамі.  Але больш важна, што масавая аўдыторыя практычна не заўважыла гэтай гісторыі.

    Вядома, каляндар не праводзіць сапраўдных межаў у часе, і ўсе працэсы, якія доўжыліся да 31 снежня, працягнуцца або спыняцца ў незалежнасці ад гэтай магічнай даты. Будзем спадзявацца, што ў 2019 годзе застануцца нагоды для аптымізму наконт лібералізацыі эканамічнага жыцця і абяцаныя «паўтара года палітычнай вакханаліі» гэтаму не перашкодзяць.

    А вось ананімных каментароў шкада. Грамадства так і не ўбачыла, што знік важны чыннік гарантыі  свабоды слова.

    Мы получили эффективную прививку от страха, — итоги года от Ирины Левшиной

    Бастунец пра вынікі года: Мы сталі больш моцнымі, адчулі салідарнасць ТЭКСТ + ВІДЭА

    «Поблагодарить коллег за стойкость» — итоги года от Людмилы Чекиной

    «И за это я очень благодарна» — итоги года от Татьяны Коровенковой

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці