• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Пытаюцца, ці не звар’яцеў я». Як журналіст зь Беластоку радыкальна зьмяніў жыцьцё — і раіць іншым

    Яраслаў Іванюк ніколі ня думаў, што дажыве да такога. Ён шмат гадоў спакойна працаваў радыёжурналістам, ствараў беларускую інтэрнэт-бібліятэку «Камунікат», удзельнічаў у жыцьці беларускай меншасьці на Падляшшы, піў піва і шмат еў. Але паўтара года таму ён пачаў бегаць. І ўсё стала яшчэ лепш.

     Яраслаў Іванюк. Да прабежак, і пасьля

    Коратка гісторыю Яраслава Іванюка можна было б перадаць двума фатаздымкамі ў стылі «Да і пасьля» з розьніцай у некалькі месяцаў. Зьлева Яраслаў з вагою 120 кіляграмаў, а справа — 88. Але ніводзін фатаздымак не перадасьць пазытыўнага запалу, зь якім амаль 50-гадовы Яраслаў расказвае пра сваё новае захапленьне, якое цалкам перавярнула жыцьцё.

    Жыцьцё да…

    Яраслаў Іванюк, вядучы "Бардаўскай восені"
    Яраслаў Іванюк, вядучы «Бардаўскай восені»

    Сярод беларусаў Падляшша Яраслаў Іванюк вядомая асоба. Ён шмат гадоў працуе на радыё «Беласток», вядзе беларускамоўную перадачу «Пад знакам Пагоні», супрацоўнічае зь беларускай службай Польскага радыё ў Варшаве, вядзе таксама польскамоўную перадачу на беластоцкім радыё. У Беларусі ён вядомы як стваральнік найбуйнейшай беларускай інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат».

    Паўтара года таму ў ягоным жыцьці адбылася вялікая перамена. Ён пачаў бегаць.

    — Аднойчы я сказаў сяброўцы, што ніяк не магу скінуць лішняй вагі. Я быў ужо 120 кіляграмаў. А яна мне кажа: відаць, замала стараесься. І сапраўды, магчыма, я мала стараюся, каб з гэтым змагацца.

    Яраслаў выдатна памятае той дзень — 5 лістапада 2017 году. Ён выйшаў з дому, каб прабегчы нейкую дыстанцыю. Аказалася, што адзіная дыстанцыя, якой ён мог даць рады — гэта 800 мэтраў. Але ён ня здаўся. Прайшоўся 1 км і зноў прабег 800 мэтраў, а пасьля паўтарыў тое самае зноўку. На наступны дзень ён паставіў больш амбітную задачу — прабегчы 5 кілямэтраў. Выйшаў і прабег.

    Але пра нейкія вулічныя прабежкі або маратоны Яраслаў тады і ня думаў. Калі празь месяц ён трапіў на спаборніцтва ў свой родны Бельск-Падляскі, то сказаў сабе, што гэта першы і апошні раз. Дыстанцыю 5 км, якую ён плянаваў прабегчы за 30 хвілін, Яраслаў прабег за 27 хвілін 30 сэкундаў. І тады ўсё пачалося.

    — Зь сёньняшняй пэрспэктывы я быў да гэтага зусім іншым чалавекам, або наадварот, цяпер я зусім іншы чалавек. У маім жыцьці зьмянілася вельмі шмат. Можа, у харчаваньні і няшмат, але я стаў больш асьцярожным. Я ем часьцей, але менш. Калі бываю ў Беларусі, то не адмаўляюся ад смачнага сала. Але ня ем столькі, колькі еў раней. Калісьці я быў вялікім аматарам крафтавага піва. Але цяпер я ня п’ю ня толькі піва, але алькаголю ўвогуле.

    За некалькі месяцаў актыўных прабежак Яраслаў скінуў амаль 20 кг і вырашыў, што можа бегаць і больш. Цяпер ён важыць 88 кг.

    Жыцьцё пасьля…

    Каля бацькоўскай хаты ў вёсцы Пасынкі
    Каля бацькоўскай хаты ў вёсцы Пасынкі

    ​Яраслаў жыве на ўскраіне Беластоку і бегае каля лесу, які непадалёк ад дому. Ён кажа, што ня ставіць сабе нейкіх неверагодных мэтаў, а бегае для радасьці, каб змагацца са сваімі слабасьцямі і бавіць час са сваімі сябрамі.

    — Бег дае неверагодную радасьць. Калі ты выходзіш і пачынаеш бегчы, то гэта нейкі цуд. Я раней чуў пра гэта або чытаў, але сам ня верыў, што існуюць нейкія эндарфіны — гармоны шчасьця. Але гэта абсалютная праўда. Кажуць, што гэта пачынаецца пасьля 2 км. А ў мяне гэта пачыналася і пасьля 200 мэтраў. Гэта дае мне радасьць. Я выходжу з хаты і стаўлю перад сабою задачу — прабегчы паўмаратон (21 км). Бягу ў адзін бок 11 км і вяртаюся. Адразу зьяўляецца радасьць, што я магу вярнуцца. Зьяўляецца сіла. А тады павышаецца самаацэнка. Гэта дае ўпэўненасьць, што ты можаш.

    Апрача радасьці і ўпэўненасьці ў сабе, бег даў Яраславу і іншыя плюсы. У яго стаў меншым ціск, зь якім раней меў праблемы. Зьнізіўся і ўзровень цукру ў крыві.

    — Тое, што мне ўдалося скінуць 30 кг, дазволіла мне пачаць зусім інакш функцыянаваць. Мой падыход да жыцьця і да штодзённых праблемаў стаў зусім іншым. Я да ўсяго падыходжу спакойна. У мяне такая філязофія: калі я магу прабегчы паўмаратон без аніякіх мэтаў, то што ж я змагу, калі пастаўлю сабе нейкую мэту? Чалавек ад гэтага робіцца больш радасным.

    Яраслаў бегае 4–5 разоў на тыдзень. Адзін раз абавязкова мусіць быць інтэнсіўная трэніроўка зь вялікай групай. Штодзённая норма прабежкі — 10 кілямэтраў. Часам на выходныя, зь сябрамі, можна прабегчы і 18 км. Пакуль самая вялікая дыстанцыя Яраслава — 32 км.

    Бег прыносіць шчасьце і энэргію

    На пытаньне, як яго новае захапленьне ўспрыняла сям’я, Яраслаў сьмяецца і кажа, што бывае па-рознаму. Некаторыя сябры пытаюць, ці не звар’яцеў ён. Некаторыя зусім не разумеюць.

    Ад пачатку году Яраслаў прабег ужо тры паўмаратоны — у Гдыні, у Варшаве і Познані. Наперадзе яшчэ два — у Беластоку і Ўроцлаве. Самы вялікі плян на сёлета — прабегчы ў верасьні лясны маратон (42 км) у Супрасьлі.

    — Жыцьцё зьмянілася радыкальна. Я ніколі не ўяўляў, што займуся бегам. Калі я вучыўся ў беларускім ліцэі ў Бельску, то бегаў эстафэты, але мне гэта не падабалася. З таго часу прайшло амаль 30 гадоў, і я захапіўся бегам. Калі б два гады таму нехта мне сказаў, што я адмоўлюся ад майго ўлюбёнага крафтавага піва і алькаголю ўвогуле і пачну бегаць, то я б рагатаў. Гэта радыкальная зьмена, і яна мне падабаецца.

    Дабрачынны паўмаратон у Варшаве "Спартанцы дзецям"
    Дабрачынны паўмаратон у Варшаве «Спартанцы дзецям»

    У гэтым сэзоне да бегу дадалося яшчэ адно захапленьне — Яраслаў пачаў маржаваць. Яму ўдалося ўвайсьці ў ледзяную ваду ажно 15 разоў. Апошні раз — на 12 хвілінаў.

    — Пасьля першага або другога маржаваньня мой сябра напісаў мне: «Ярэк, ты ўваліўся ў нашую каманду, як сьліўка ў кампот, і мы цябе ўжо ня выпусьцім». А я яму адпісаў, што амаль 50 гадоў чакаў такіх сяброў і не зьбіраюся сыходзіць.

    У любое падарожжа Яраслаў заўсёды бярэ з сабою красоўкі і вопратку для прабежкі. Так было на Кіпры, у Барсэлёне, Вільні і Менску.

    Ці ня цярпіць ад гэтага праца і грамадзкія заняткі, пытаюся ў Яраслава. Ня толькі не цярпіць, кажа Яраслаў, а выйграе, бо бег дае больш энэргіі, каб рэалізаваць іншыя праекты. Напярэдадні Дня Волі ягоная бібліятэка «Камунікат» атрымала прэмію часопіса «Літраж» за ўнёсак у папулярызацыю беларускай літаратуры ў сеціве.

    Да ранейшых заняткаў дадалася новая ініцыятыва — «Наша памяць». Гэты праект прысьвечаны пяці спаленым польскімі падпольшчыкамі пасьля вайны беларускім вёскам. Яраслаў з калегамі займаецца інвэнтарызацыяй мясьцінаў памяці, зьбірае ўспаміны, мае намер аднавіць адзін з помнікаў.

    — Калі я пачаў бегаць, то пазытыўных эмоцыяў стала больш. Вакол мяне шмат сяброў, якія матывуюць. Ня толькі ў тым, каб нарэшце ўстаць з канапы і пачаць варушыцца. Яны матывуюць мяне ва ўсім. Магчыма, калі беларусы пачнуць бегаць масава, то і ў іх настрой палепшыцца. Тым больш ёсьць добрая нагода. 25 сакавіка ўжо другі раз праходзіць акцыя #Belarus100run. Людзі дамаўляюцца віртуальна, што прабягуць нейкую дыстанцыю. Я летась прабег у рамках гэтай акцыі 25 км. Бегам варта займацца, гэта клясная справа.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці