«Типичный гродненец»: паблік з «гарадзенскім духам»
Часам можна пачуць, як сацсеткі супрацьпастаўляюцца глыбокай інтэлектуальнай журналістыцы, а часцяком нават і культуры наогул. Ці справядліва гэта? Ці можа масавы папулярны паблік з гумарам, мемамі і лаканічнымі допісамі прымушаць чытача задумвацца?
Каб разабрацца, вырашылі пагутарыць з адным з адміністратараў пабліка «Типичный гродненец» гісторыкам Янам Гардзеевым. Хлопец ужо шмат гадоў пакідае ў пабліку допісы пра гісторыю роднага горада, людзей, якія тут жылі, мясцовыя звычаі ды культуру. Так «ТГ» пераўтварыўся ў моладзевую суполку з «гарадзенскім духам» – выразнай самаідэнтыфікацыяй і нават лёгкай шляхецкай пыхай.
«Мяне цікавіла папулярызацыя гісторыі майго горада»
— Недзе на на мяжы 2012–2013 гадоў, калі ўзнікала і набірала абароты самасуполка«Типичный гродненец», пад некаторымі тэматычнымі допісамі я пакінуў пару каментароў пра гісторыю горада. Гэта, відаць, зацікавіла заснавальніка«ТГ». Ён і запрасіў мяне ў тагачасную каманду.
— Ці ставіў перад сабой пэўныя мэты, беручыся за справу?
— Так. Першапачаткова я быў адказным за гістарычныя запісы, а ў якасці мэты ставіў перад сабой як мага шырэйшую папулярызацыю гарадзенскай гісторыі менавіта сярод гарадзенцаў. На той час у сацсетках ніхто гэтым не займаўся.Я рабіў допісы пра розных гістарычных персанажаў і падзеі, посціўстарыя фотаздымкі горада, навукова-папулярныя артыкулы і г.д.
— Ці можна на гэтым усім зарабляць грошы і ці было для цябе гэта важна? Скажам, ёсць тэма з продажам паблікаў у сацсетках – ці былі такія прапановы?
— Безумоўна, зарабляць можна! Гэта, дарэчы, распаўсюджаная практыка.Але калі б гэта быў персанальна мой прыярытэт, я б ніколі не браўся за справу. Паўтаруся, мяне цікавіла папулярызацыя гісторыі майго горада.
Некалі, «на досвітку»працы суполкі, нас было ўсяго пара чалавек. Кожны быў адказваў за сваю справу: нехта за фотаздымкі, іншы за імпрэзы і рэкламу, хтосьці за ўсё па-троху. З часам камандараспалася, нехта сышоў, перастаў займацца.Мне асабіста шкада было б пакінуць горад без своеасаблівай лакальнай суполкі ў сацсетках, вось і прыйшлося ўзяць на сябе абавязкііншых.
— Як доўга існуе сам паблік і як расла колькасць яго падпісчыкаў? Магчыма, былі нейкія пікавыя моманты росту?
— Паблік існуе з канца 2012 года, калі не памыляюся. Прыблізна першыя два гады ён быў даволі папулярным. Менавіта тады колькасць падпісантаў узрасталавельмі хутка. Пазней заўважна зніжалася. Тут шмат чыннікаў. Мяркую, сярод іх і адсутнасць рэбрэндынгу, і фактычны распад першаснай каманды. Наконт «самага папулярнага пабліка ў Горадні», дык «ТГ» мог прэтэндаваць на гэта ў свой «залаты час», які наўрадці ўжо калі вернецца… Panta rhei, як кажуць, «У адну раку не ўвойдзеш двойчы». Гэта лёс шматлікіх суполак, гэта жыццё са сваімі законамі.
Пра «эпоху постпраўды» і fakenews
— Што галоўнае: якасна напісаць ці расшыфраваць і данесці да чытача пэўную інфармацыю? Іншымі словамі, хто галоўны: журналіст ці эсэмэмшчык?
— Не з’яўляюся спецыялістам у абодвух сферах, але, з майго досведу і на мой погляд, тут можна паставіць пытанне інакш. Хто за што адказны? У ідэале задача журналіста – напісаць добрыматэрыял, а ўжо праблемаэсэмэмшчыкатэму распіярыць і данесці да больш шырокай аўдыторыі. Бо самы лепшы матэрыял журналіста наўпрост застанецца непрачытаным, калі яго не падсунуць пад нос публіцы.
— Кажуць іншым разам, што паблікі ў сацсетках – гэта смерць глыбокай інтэлектуальнай журналістыкі, культурная дэградацыя… Што думаеш?
— Па-першае, лічу, што сур’ёзная журналістыка – гэта зусім іншы свет, а сацсеткі могуць быць наўпрост платформай для піяру СМІ ці канкрэтных артыкулаў. Па-другое, паблікі бываюць розныя. У сацсетках хапае якасных і цікавых суполак, груп, роўна як і сайтаў у сеціве. А бывае і наадварот, люстэркава: дрэнныя сайты, дрэнныя паблікі. Тое ж тычыцца артыкулаў, СМІ, газет ці кніг.
Цікавы яшчэ іншы аспект. Звярніце ўвагу, колькі праглядаў на інфасайтах набіраюць навіны аб праблемах рэстаўрацыі гістарычных будынкаў, афішы культурных мерапрыемстваў, а колькі ньюсы пра ДТЗ, новы маркет ці нейкія здарэнні. Статыстыка сумная. Праблема не ў сацсетках, а ў людзях, якія імі карыстаюцца. А яшчэ – у саміх СМІ, якія падпарадкоўваюць рэдакцыйную палітыку элементарным патрэбам большасці.
Наш час у плане інфармацыі ўжо назвалі эпохай постпраўды, мы ў ёй акурат жывем. Fakenews– частка будзёнасці, а не нешта экстраардынарнае. Шмат хто ўжо і не ведае, каму верыць і дзе браць вартыя даверу факты. Іншыя, безумоўна, гэтым карыстаюцца. Гэта ж цэлы комплекс праблемаў сучаснасці, і вінаватыя тут, пагадзіцеся, не сацсеткі як з’ява.
«Гісторыя ў фармаце сацсетак – гэта агульнабеларуская з’ява»
— Ты посціш у «ТГ»шмат нацыянальна-арыентаванага кантэнту.Як гэта ўспрымаецца?
— З некаторымі смешнымі выключэннямі, але наогул добра. Падобны кантэнт – гэта ўжо не выключэнне, не дысідэнцтва, а нармальная з’ява. І гэта не толькі прыклад «ТГ», але і вопыт працы ў іншай вядомай агульнабеларускай суполцы, у якой я таксама займаюся папулярызацыяй гісторыі ды культуры.Гісторыя ў фармаце сацсетак – гэта ўжо агульнабеларуская з’ява. Канешне, шмат якія іншыя краіны прайшлі ўсё гэта сто год таму (зразумела, без сацсетак, але з газетамі і часопісамі), там ужо нікому не трэба тлумачыць падставовыя рэчы пра замкі, князёў, каштоўнасць мовы, а ў нас гэты час надыходзіць толькі зараз. Лепш позна, чым ніколі.
— Ці грае прынцыповую ролю ў прасоўванні інфармацыі мова напісання? Ці ўспрымаюць наогул беларускую мову нашы маладзёны?
— І так, і не. Усё залежыць ад канкрэтнага допісу і падпісанта пабліка. Кожны прыклад – асобная гісторыя. Але ў якасці цікавосткі магу адзначыць, што некаторыя допісы ў «ТГ» з’яўляюцца не толькі на нацыянальнай мове ці на другой дзяржаўнай, але і на іншых мовах: усё ж Горадня вядомая сваёй шматэтнічнай спадчынай. Агулам жа моладзь добра ўспрымае беларускую мову, некаторыя самі пераключаюцца на яе, калі бачаць, што іншыя ёй карыстаюцца.
Варта дадаць, што шмат гарадзенскіх маладзёнаў вучыцца, працуе ці наўпрост рэгулярна бывае за мяжой і, як не парадаксальна, менавітатамчастка з іх «беларусізуецца», прычым не толькі ў моўным плане, але і ў плане самаідэнтыфікацыі. Хлопцы і дзяўчаты бачаць адрозненні іншых народаў і культураў, звяртаюць увагу на іншыя звычаі, таму задумваюцца і пра свае, задаюцца пытаннямі,хто я ды адкуль я? Ведаю такія выпадкі, таму і прыводжу ў прыклад.
— Ці адсочваў ты дзейнасць падобных лакальных паблікаў у іншых гарадах — Берасці, Воршы, Гомелі?
— Вядома, цікавіўся іншымі прыкладамі. Так, у некаторых суполках заўважаў«сухую» публікацыю навінаў, копіпаст, у некаторыхпублікавалася ўсё запар, іншыя былі наўпрост платформамі нейкіх лакальных СМІ. На мой погляд, гарадзенская суполка хоць у нейкай ступені вылучалася сваёй спецыфікай і нестандартнасцю, але гэта, вядома, суб’ектыўная думка чалавека, датычнага да «ТГ».
— Ці фарміруецца вакол пабліка «ТГ» нейкае кам’юніці людзей, пастаянных чытачоў, каментатараў, рэпосцераў? Хто гэтыя людзі і што з імі можна рабіць?
— Хіба што кожная суполка мае сваіх «жалезных падпісантаў», якіячасцяком каментуюць, ціснуць падабайкі ці рэпосцяць. Таксама было і з «ТГ». Але што гэта за людзі, прыдумваць не хачу, бо не працую на былой Іванаўскай(сёння вул. Тэльмана, дзе месціцца будынак КДБ. – Аўт.) і не сачу за незнаёмымі. А што з імі можна рабіць? Наўпрост інфармаваць пра цікавыя і важныя падзеі ў горадзе, імкнуцца зацікавіць роднай гісторыяй і культурай. Праводзіць асветніцкую дзейнасць, карацей кажучы.