• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Гэта была альтэрнатыўная спартыўная рэальнасць”. Чым запомняцца Еўрапейскія гульні ў Мінску? ФОТА

    Галоўная спартыўная падзея года і прадмет двухгадовага клопату ўладаў — II Еўрапейскія гульні сышлі, пакінуўшы неадназначнае ўражанне. Беларусь патраціла на арганізацыю 265 млн долараў, але свята атрымалася малалюдным і не прынесла чаканага міжнароднага эфекту.

    Ці варта было траціць столькі грошай на сумнеўнае мерапрыемства і як беларусам стаць па-сапраўднаму спартыўнай нацыяй, пра гэта ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў разважалі аглядальнік "Радыё Свабода" Віталь Цыганкоў, галоўны рэдактар "Еўрарадыё" Павел Свярдлоў і грамадска-палітычны дзеяч, палітолаг Алесь Лагвінец.

    Ці каштавалі Еўрапейскія гульні 265 мільёнаў долараў?

    Віталь Цыганкоў, аглядальнік «Радыё Свабода»:

    — Два гады таму на правядзенне Еўрапейскіх гульняў Аляксандр Лукашэнка выдзеліў з свайго прэзідэнцкага фонду 40 млн долараў. А потым у бюджэце на 2019 год было запланавана яшчэ 70 млрд рублёў. То бок яшчэ да пачатку Еўрагульняў усе разумелі, што на іх пойдзе мінімум 110 млн долараў. Але некалькі дзён таму міністр фінансаў Ермаловіч абнародаваў іншую лічбу — 265 млн долараў — і падкрэсліў, што палову складаюць сродкі з бюджэта, палову — выдаткі спонсараў і арганізацый.

    У Азербайджане, дзе ўпершыню прайшлі Еўрапейскія гульні, паводле афіцыйнай статыстыкі, было патрачана 1,2 млрд долараў, але, па дадзеных апазіцыі і аглядальнікаў, на самой справе ўсе 5 млрд. Таму нашы 265 млн долараў выглядаюць даволі сціпла.

    Відавочна, беларускія ўлады чакалі дапамогі ад міжнародных карпаратыўных спонсараў, але яны не з’явіліся.

     

    Павел Свярдлоў, галоўны рэдактар «Еўрарадыё»:

    — Міністр Ермаловіч падчас паседжання Палаты прадстаўнікоў нечакана раскрыў гэтую лічбу, адказваючы на пытанне дэпутата, хаця мог ухіліцца. А пасля Мінфін, нібыта апраўдваючыся, апублікаваў дакумент з тлумачэннем, куды пайшлі сродкі. Мінфін суцяшае, што 380 млн рублёў, то бок 70%, былі ўкладзеныя ў развіццё інфраструктуры: у 12 спартовых аб’ектаў, сярод якіх комплекс “Мінск-Арэна”, “Чыжоўка-Арэна”, Палац спорту і г. д. Але калі не было б Еўрапейскіх гульняў, не было б і гэтых расходаў.

    Ці патрацілі б гэтыя грошы на дзіцячыя садкі, школы і лякарні? Думаю, што не. 

    Алесь Лагвінец, грамадска-палітычны дзеяч, палітолаг:

    — Сярэдні беларус нічога ад правядзення Еўрагульняў не згубіў, улічваючы, як улады прымаюць рашэнні, як фармуецца і размяркоўваецца бюджэт.

    Гэта было пераважна ўнутранае мерапрыемства і піяр-кампанія ўладаў, калі ў перадвыбарчы год грамадству адпраўляюць пасланне: маўляў, мы ведаем, як падтрымліваць стабільнасць у краіне.

    Віталь Цыганкоў, аглядальнік «Радыё Свабода»:

    — Трэба ўзгадаць, як Мінск атрымаў права правесці Еўрапейскія гульні. Пасля Азербайджану іх прапанавалі правесці Галандыі — яна адмовілася, потым Расіі, але там быў допінгавы скандал, таму забракавалі.

    Тады Лукашэнка вырашыў браць.

    Наступныя Еўрапейскія гульні плануюцца ў Кракаве, але там сапраўдная дэмакратыя, і мэр не хоча іх праводзіць, кажа, што гульні не патрэбныя гораду.

     

    Ці пайшлі Еўрапейскія гульні на карысць нацыянальнай незалежнасці Беларусі?

     

    Алесь Лагвінец, грамадска-палітычны дзеяч, палітолаг:

    — Наша краіна цяпер знаходзіцца ў такім мінусе, што невялічкія зрухі да плюсу могуць падавацца велізарным прагрэсам. Верагодна, як палітычная кампанія, Еўрапейскія гульні крышку паўплывалі на міжнародны інвестыцыйны бізнэс, бо ў спорце круцяцца вялікія грошы. Наперадзе Чэмпіянат свету па хакеі сумесна з Латвіяй, можа, яшчэ нейкія спартыўныя мерапрыемствы.

    У грамадства ж не было цікавасці да Еўрагульняў. Цэнтр горада заставаўся «мёртвым», жыццё мінчукоў гэтая падзея не закранула. І гэта ўражанне не маё, а адного з замежных дыпламатаў.  

     

    Віталь Цыганкоў, аглядальнік «Радыё Свабода»:

    — На Чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе сапраўды прыехала многа фінаў, шведаў, чэхаў. Цяпер — не. І нават калі БТ лавіла на вуліцы нейкіх замежнікаў, то імі аказваліся свяакі спартсменаў. Афіцыйная статыстыка кажа, што Еўрагульні наведвалі 12 000 замежных гасцей. Але тут варта нагадаць, што з іх — 4000 спартсмены, а яшчэ сваякі і члены дэлегацый, і толькі нейкая частка — турысты. Гэта адзін з аб’ектыўных правалаў Еўрагульняў.

    З замежных лідараў на адкрыцці прысутнічалі толькі Додзік — былы прэзідэнт Рэспублікі Сербскай Босніі і Герцэгавіны і Дадон — прэзідэнт Малдовы, на закрыцці — Пуцін і лідары Таджыкістана, Арменіі. Гэта нельга назваць прарывам, дыпламатычным поспехам. Наадварот, атрымаўся скандал, бо беларускае тэлебачанне, пералічваючы кіраўнікоў замежных краін, назвала прэзідэнта Чэчні і паказала сцяг Косава.

    Павел Свярдлоў, галоўны рэдактар «Еўрарадыё»:

    — Для Лукашэнкі, які выступаў на адкрыцці і закрыцці, Еўрагульні сталі трыбунай, каб заявіць пра амбіцыі Беларусі ў новым светапарадку, заняць месца міратворцы і на вялікую аўдыторыю агучыць іміджавыя пасланні. Ён пачаў казаць, што ў нашым рэгіёне неспакойна, і суседзі ў нас розныя, але мы не прыносім нікому тэрытарыяльных праблем…

     

    Віталь Цыганкоў, аглядальнік «Радыё Свабода»:

    — Сказаў гэта Пуціну ў твар!

     

    Алесь Лагвінец, грамадска-палітычны дзеяч, палітолаг:

    — А Пуцін мае выключнае значэнне для Лукашэнкі і яго рэжыму. Да яго візіту заўсёды рыхтуюцца, бо сёння Расія застаецца асноўным спонсарам знаходжання Лукашэнкі на кіруючым пасту і пры жаданні можа адносна лёгка пазбавіць яго ўлады і пакласці канец славутай стабільнасці ў Беларусі.

     

    Павел Свярдлоў, галоўны рэдактар «Еўрарадыё»:

    — То бок Лукашэнка скарыстаўся тым, што цяпер яго слухаюць шмат людзей. І пасыл гучаў так: “Прыязджайце ў Беларусь, каб слухаць цішыню і бачыць чысціню”.

    Але літаральна за тыдзень да Еўрагульняў здарыўся яшчэ адзін фатальны правал — раcстрэл Жыльнікава. Нельга раcстрэльваць людзей і ў той жа час праводзіць мерапрыемствы, скіраваныя на імідж краіны як міратворцы.

     

    Віталь Цыганкоў, аглядальнік «Радыё Свабода»:

    — Але зараз, у адрозненні ад Чэмпіянату свету па хакеі, актывістаў не затрымлівалі і не садзілі на суткі. І нават калі палітычныя дзеячы правялі акцыю, іх акуратна “запакавалі” і выпусцілі праз гадзіну.

    Як асвятлялі Еўрагульні міжнародныя СМІ?

    Алесь Лагвінец, грамадска-палітычны дзеяч, палітолаг:

    — Я спецыяльна пашукаў і знайшоў толькі некалькі артыкулаў, прысвечаных Беларусі і Еўрагульням. Адзін з іх аўтарства Юрася Карманава быў апублікаваны ў The Wash­ing­ton Post, другі, грунтоўны пра краіну, але з негатыўнымі ацэнкамі эканамічнага і гуманітарнага складніку, выйшаў на Euronews. У дацкай прэсе з’явіўся вялікі матэрыял, вельмі крытычны. ВВС ўзгадвала пра Еўрапейскія гульні, але не зрабіла адмысловай рубрыкі і не пісала нічога пра краіну, толькі пра асобныя віды спорту, дзе выступалі брытанскія атлеты. Яшчэ адна французская газета запрашала глядзець Еўрагульні анлайн на сваім сайце.

    Віталь Цыганкоў, аглядальнік «Радыё Свабода»:

    — Яшчэ быў артыкул у The New York Times пра тое, што ў спаборніцтвах па настольным тэнісе трэцяе месца выйграла 55-гадовая прадстаўніца Люксембургу кітайскага паходжання.

    Увогуле, калі даць спартыўную ацэнку Еўрагульням, то гэта была нейкая альтэрнатыўная спартыўная рэальнасць.

    Расія парамагла па колькасці здабытых медалёў, Беларусь заняла другое месца — 69 медалёў, 24 з іх — залатыя. Калі ж узгадаць апошнюю Алімпіяду ў Рыя-дэ-Жанейра, то наша краіна мела там усяго 1 золата, 4 срэбры і 4 бронзы. А другое месца на тых Алімпійскіх гульнях з 27 залатымі медалямі заняла Велікабрытанія. А цяпер яна толькі на 9‑м месцы.

    То бок самая вялікая пасля ЗША спартовая краіна ў свеце мае на Еўрагульнях толькі 6 залатых медалёў, а Беларусь 24! Пра што гэта сведчыць? Пра тое, што сюды з Францыі, Англіі, Германіі прыехалі несур’ёзныя спартсмены, трэцяй катэгорыі.

     

    Чаму не спрацавала рэклама?

    Віталь Цыганкоў, аглядальнік «Радыё Свабода»:

    — Па-першае, гэта не Чэмпіянат свету па футболе альбо хакеі, а маладыя спаборніцтвы, якія яшчэ не набылі міжнародны аўтарытэт. У гульнях удзельнічалі спартсмены, якія не маюць вялікіх амбітных планаў. Міжнародныя зоркі рыхтаваліся да іншых турніраў.

    Па-другое, Беларусь, як арганізатар, мела права выбраць свае віды спорту, якія яна можа тэхнічна забяспечыць і дзе мае добрыя шанцы. Таму ў нас 69 медалёў.

    Павел Свярдлоў, галоўны рэдактар «Еўрарадыё»:

    — Ёсць яшчэ медыйны складнік. Беларусь цяпер не фігуруе ў еўрапейскай інфармацыйнай прасторы ні ў станоўчым, ні ў адмоўным сэнсе. Нашу краіну ніхто не ўзгадвае, не абмяркоўвае. Наша месца, відавочна, заняла Украіна.

    Што ўлады зрабілі, каб прывабіць турыстаў? Толькі ролікі на Euronews — і ўсё. Ніякай паслядоўнай працы па стварэнні іміджу не вядзецца. Нідзе не гучыць, што Беларусь — спартовая краіна, дзе паважаюць спорт, дзе ўвесь час адбываюцца спартовыя падзеі, і калі ты — спартовы турыст, то не мусіш прапусціць Еўрапейскія гульні. Такога не было.

     

    Як беларусам ператварыцца ў спартовую нацыю?

    Віталь Цыганкоў, аглядальнік «Радыё Свабода»:

    — Затое ўвесь тыдзень на БТ быў спорт і ні слова пра ўраджай! Упершыню ўсе праграмы прысвячаліся выключна спаборніцтвам.

    У Беларусі спортам рэгулярна цікавяцца 2–4% насельніцтва. На чэмпіянат краіны па футболе прыходзяць 500–700 чалавек, максімум 1200. І наведвальнасць, як адзначаюць спартовыя аглядальнікі, падае.

    Для параўнання, у правінцыйным гарадку Галандыі паглядзець футбольны матч збіраюцца 20 000 заўзятараў, у ЗША пабалець за ўніверсітэцкую баскетбольную каманду прыходзяць 30 000 чалавек.

    Такога ў нас няма. Цікавасць да спорту ідзе хвалямі. Выйграў “БАТЭ” у “Баварыі” — яна ўзрасла, потым знікла. Гэта асаблівасць нацыянальнага характару. У звычайным жыцці беларусаў спорту фактычна няма, стаўленне да яго скептычна-пасіўнае. Еўрапейскія гульні сітуацыю не выправілі. Нават калі для жыхароў рэгіёнаў Еўрагульні і былі падзеяй, гэта не значыць, што яны надалей будуць прыязджаць у Мінск на матчы па футболе.

     

    Павел Свярдлоў, галоўны рэдактар «Еўрарадыё»:

    — Каб нацыя стала спартыўнай, трэба прадпрымаць нейкія высілкі. Гэта прадэманстравалі ісландцы, якія за 10 год пераўтварыліся ў аматараў спорту. Але ўсё пачыналася не з Еўрагульняў, а з заахвочвання дзяцей хадзіць у спартыўныя секцыі. Менавіта там зараджаецца любоў да спорту, і ён становіцца часткай жыцця.

    Можна пабудаваць Лядовы палац, але гэта не тое ж, што хакейная школа.

    Віталь Цыганкоў, аглядальнік «Радыё Свабода»:

    — На думку многіх эканамістаў, Алімпіяда ў Грэцыі стала адным з штуршкоў да знакамітага фінансавага крызісу. Краіна патраціла на яе велічэзную суму — больш за 8 млрд еўра. І паколькі Грэцыя таксама не спартыўная, большасць пабудоў не выкарыстоўваліся пасля. Гэта сапраўды былі выкінутыя грошы.

    Другі прыклад — 50 млрд долараў на Алімпійскія гульні ў Расіі. Пасля заканчэння Алімпіяды ў Сочы здарыўся Крым. Гэтыя  падзеі сталі прычанай таго, што ў краіне на працягу пяці гадоў даходы насельніцтва падаюць.

    Ці ёсць станоўчыя моманты?

    Павел Свярдлоў, галоўны рэдактар «Еўрарадыё»:

    — З станоўчых момантаў можна прывесці колькасць з’едзенага на Еўрагульнях. Заўзятары з’елі больш за 23 тоны шашлыку, 36 тон каўбасак і курыных крыльцаў грыль, тады як на Чэмпіянаце па хакеі ў 2014 годзе толькі 16,5 тоны шашлыку і 34 тоны каўбасак і курыных крыльцаў. А раз турыстаў было значна менш, з’елі гэта ўсё беларусы ў фан-зонах. То бок ніякія гэта не «галодныя гульні», як іх назвалі ў сацсетках, а сытыя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці