• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Шведскія калегі ў Гомелі: Фрылансер — гэта зусім не беспрацоўны, а журналіст і прадпрымальнік у адной асобе

    Вялікая сустрэча журналістаў-фрылансераў са Швецыі і Гомеля адбылася на ток-пляцоўцы “Медыяпрастора”.

     

    Шведскіх калег прывёз у горад над Сожам сябра Рады ГА “БАЖ” Андрусь Клікуноў. Перад гэтым яны бралі ўдзел у Мінску ў міжнароднай канферэнцыі беларускіх і шведскіх журналістаў-фрылансераў, дзе вялася размова пра выклікі і перспектывы фрылансерскай дзейнасці. Ладзілася канферэнцыя з ініцыятывы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і Аб’яднання журналістаў-фрылансераў поўдня Швецыі Frilans Syd.

     

    Празрыстая аплата, салідарнасць, адкрытыя ўлады — чаго дамагаюцца журналісты-фрылансеры. ШМАТ ФОТА

    Гісторыя сям’і — гісторыя дзяржавы

    Журналістка-фрылансер Маргарэта Флігт жыве і працуе ў горадзе Мальмё. Гэта трэці па велічыні горад у Швецыі, адміністрацыйны цэнтр самага паўднёвага лена (акругі) Сконе. У Маргарэты — нямецкія і шведскія карані. Яна зацікавілася гісторыяй свайго роду ў Германіі. Высветлілася, што яе сваяк, доктар хіміі Антон Браўн, меў псіхічныя расстройствы і ў гады нацызму быў знішчаны па праграме  “Т‑4” — умярцвення “непаўнавартасных” грамадзян. На прыкладзе свайго роду фрылансер стала раскручваць гісторыю існавання карнай псіхіятрычнай медыцыны ў 30–40‑я гады ў Трэцім рэйху. Атрымала на гэта грант. Наведвала Германію, Аўстрыю: адпаведныя музеі, шпіталі, былыя лагеры, ліставалася з афіцыйнымі органамі ў гэтых краінах. Высветлілася, што лёс доктара Браўна падзялілі 200 тысяч чалавек. Гэта не толькі тыя, хто меў псіхічныя расстройствы, але і пакутаваў на шызафрэнію, алкагалізм, дзяменцыі, эпілепсію, перахварэў менінгітам, быў глухім альбо нямым. Па выніках вандровак Маргарэта падрыхтавала серыю публікацый і радыёперадач.

    Фотаапарат… пад падушкай

    Эрык Марцінсан — фрылансер-фатограф. Працаваў і штатным фатографам у рэдакцыі. Стажыраваўся ў ЗША. Кажа, што з фотаапаратам адчыняў дзверы высокіх кабінетаў і забіраўся ў халупы індзейскіх плямён у Паўднёвай Амерыцы. Атрымаў на тое некалькі грантаў. На ўсё жыццё пасябраваў з фотакамерай і, нават кладучыся спаць, трымаў яе напагатове пад падушкай.

    Вялікай удачай лічыць для сябе стварэнне фотагісторыі пра шведаў, якія і сёння жывуць на поўдні Украіны ў невялікім сяле на пяць тысяч чалавек.

    Спадар Марцінсан прытрымліваецца прынцыпу: хочаш мець высокамастацкія здымкі, рабі тое, што робяць твае героі — будуй, касі, танцуй. Пры гэтым ён зазначыў, што

    апошнім часам інтарэс у СМІ менавіта да фрылансераў-фатографаў стаў зніжацца, бо патрабуюцца ўніверсальныя журналісты-фрылансеры.

    Хумус, а не вайна

    Сваім досведам працы падзялілася і шведская журналістка Муа Скімуціс, сябра праўлення Аб’яднання журналістаў-фрылансераў поўдня Швецыі. Яна  найперш патлумачыла, чаму ў яе нетыповае для шведскай краіны прозвішча.  Аказалася, яе літоўскі дзед прыехаў на працу ў Швецыю, ды так і застаўся там.

    Муа асвятляе пераважна культурніцкія тэмы, удзельнічае ў кулінарных рэаліці-шоу. Не так даўно атрымала грант на вандроўку ў краіны Блізкага Усходу. Вучыла арабскую мову. Пабывала ў Ізраілі, Палесціне, Ліване. Пісала артыкулы пра тое, што праз культуру можна зменшыць ксенафобскія настроі ў грамадстве, што канфлікты здольная прадухіляць нават культура ежы. Паказальнае ў гэтым сэнсе выслоўе, якое журналістцы трапілася на вочы ў Ліване: “Займайцеся хумусам, а не вайной!”

    Распавяла, што шмат высілкаў патрабавалі публікацыі наконт праекту “Разарваць маўчанне” з удзелам ізраільскіх вайскоўцаў, якія, па словах Муа, наведваваліся ў сектар Газа і трымалі там у страху арабскае насельніцтва. Фрылансер нават здолела ўзяць каментар у ізраільскага амбасадара, які, кажа яна, абвяргаў словы сваіх жа вайскоўцаў.

    “Быў невялікі скандал, — прыгадала  Муа Скімуціс. І ўжо з гумарам дадала: “Але добра, што хоць не абвінавацілі ў прыналежнасці да радыкальнай групоўкі “Хэзбалах”, як гэта здарылася з калегай”.

    Шведскія калегі падсумавалі, што ў іх краіне фрылансер — гэта зусім не беспрацоўны журналіст, які не можа знайсці сабе сталай працы. Фрылансер — гэта журналіст і прадпрымальнік у адной асобе.

    Беларускі фрылансер па-за законам

    Зусім іншы статус маюць фрылансеры ў Беларусі, пра што шведскім гасцям распавялі гомельскія сябры ГА “БАЖ” Ларыса Шчыракова і Андрэй Мядзведзеў. Такой катэгорыі журналістаў няма ў беларускім законе аб СМІ. Супрацоўніцтва з замежнымі медыямі, у прыватнасці, з польскім беларускамоўным тэлеканалам “Белсат”, разглядаецца як незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ без акрэдытацыі ў знешнепалітычным ведамстве. Саму ж працэдуру акрэдытацыі беларускія ўлады наогул разглядаюць, як дазвол альбо забарону на працу. Забарону, канешне, найперш.

     

    Мядзведзеў адзначыў таксама, што фрылансеру ў Беларусі практычна немагчыма атрымаць інфармацыю ці каментар у дзяржаўнага чыноўніка. Больш за тое, нацыянальныя выданні і інтэрнэт-рэсурсы сталі адмаўляцца ад паслуг фрылансераў.

    “Як жа вы выжываеце?” — здзіўляліся шведскія калегі.

    Напрыканцы сустрэчы Ларыса Шчыракова падзякавала шведскім калегам за падтрымку ток-пляцоўкі “Медыяпрастора”, дзе за два гады было праведзена шмат трэнінгаў па відэа- і фотажурналістыцы, семінараў, майстар-класаў па тэмах, датычных спецыфічных ведаў, навыкаў і здольнасцяў у сферы медыя. Удзельчалі ў іх фрылансеры, блогеры і звычайныя гараджане, якія праяўлялі цягу да журналісцкай працы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці