• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Схаваць тое, што адбываецца, — немагчыма». Як улады перад выбарамі пераследуюць журналістаў «Белсату»

    Штрафы і затрыманні даўно сталі рэчаіснасцю для журналістаў тэлеканалу. Традыцыйна ціск толькі ўзмацняецца перад выбарчымі кампаніямі. Аднак сёлета ён намагаецца пабіць усе межы сваімі маштабамі.

    Затрыманні нагадваюць спланаваныя аперацыі

    Журналістка Галіна Абакунчык, якая супрацоўнічае з «Белсатам», распавядае, што ейнае затрыманне 5 чэрвеня нагадвала спецаперацыю. Яна разам з аператарам Сяргеем Кавалёвым ехала з Жодзіна, што ў 80 кіламетрах ад Менску, дзе праводзіла стрым з пікету па збору подпісаў кандыдаткі на прэзідэнцтва Святланы Ціханоўскай.

    Фота: Зміцер Краўчук

    Аднак спакойна выехаць з гораду журналістам не давялося. Некалькі машынаў не давалі іхнаму аўтамабілю праехаць: прыціскалі да дарогі і змусілі выйсці.

    «Гэта ўсё нагадвала нейкі групавы захоп. Сярод людзей, якія нас затрымлівалі, былі і працаўнікі АМАПу, міліцыянты ў цывільным і ў форме, супрацоўнікі ДАІ. Людзі ў цывільным ўжывалі да нас фізічную сілу – груба хапалі і прымушалі выйсці з машыны. Кіраваў аперацыяй намеснік начальніка мясцовага ГАУС Сяргей Салавей», – кажа Галіна.

    Потым яе разам з аператарам Сяргеем Кавалёвым даставілі ў міліцэйскі пастарунак. Там міліцыянты дзейнічалі адпаведна з працэдурамі: карэктна правялі допыт, склалі пратакол і пасля гэтага выпусцілі. Прычына затрымання – парушэнне арт. 22.9 КаАП, закону аб вырабе СМІ за працу без акрэдытацыі, якой «Белсат» у Беларусі не мае.

     

    Галоўны ціск — на стрымы

    «Белсат» актыўна асвятляе прэзідэнцкую кампанію ў Беларусі і некалькі разоў на тыдзень робіць стрымы з пікетаў з розных беларускіх гарадоў. Ледзь не кожны з іх сканчаўся брутальнымі затрыманнямі журналістаў, канфіскацыяй тэхнікі і потым – вялізным штрафам.

    Улады нават пачалі прыпісваць журналістам, якія працуюць на масавых і легальных акцыях, удзел у іх. Некаторыя нашыя калегі з розных гарадоў атрымалі позвы па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

    Каб атрымаць пратакол неабавязкова нават мець фармальны повад. 17 чэрвеня Галіну Абакунчык разам з аператарам Аляксандрам Баразенкам гэтым разам затрымалі ў Салігорску. Там яны меліся рабіць стрым з пікету па збору подпісаў, аднак ён не здолеў адбыцца праз тэхнічныя прычыны. Але гэта не зашкодзіла мясцовай міліцыі спыніць нашых калегаў і скласці пратакол па арт. 22.9 КаАП.

    «Я не думаю, што гэта персанальны ціск – на маім месцы мог быць любы іншы журналіст. Гэта ціск на праўдзівую інфармацыю. Улады баяцца той праўды, якая гучыць ад людзей на нашых трансляцыях», – мяркуе Галіна Абакунчык.

    Журналістку чакае суд за стрым з параду 9 траўня, таксама яна атрымала пратакол за стрымы са збору подпісаў на Камароўскім рынку.

    Журналістаў чакалі на пероне а 5:40 раніцы

    Журналісты, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», адзначаюць узмоцнены ціск. Журналістка-фрылансерка з Магілёву Аліна Скрабунова кажа, што раней яна атрымлівала два пратаколы ў год, а сёлета за першыя пяць месяцаў – ужо пяць.

    «Мне настойліва тэлефануюць міліцыянты з раённых гарадоў. Яны нават адмыслова прыязджаюць у Магілёў! Я нядаўна мусіла разам з аператарам Аляксандрам Сідарэўскім паехаць у паход на некалькі дзён, дык нас на вакзале пераследаваў літаральна натоўп міліцыянтаў», — наракае Аліна Скрабунова.

    У выніку ім далі з’ехаць у паход, аднак па вяртанні ў Магілёў сустрэлі на пероне а 5:40 раніцы. Адразу далі позвы па арт. 22.9 КаАП – Ленінскі РАУС Магілёву і ў Чавусы.

    «Міліцыянт з Чавусаў, калі складаў на месцы пратакол, нават не разумеў, што піша. Проста перапісваў мой папярэдні пратакол. Калі я папрасіла яго зачытаць, то ён блытаўся ў прозвішчах, тэрмінах. Нават імя майго не ведаў! І гэта чалавек, які мяне шукаў», – распавядае журналістка.

    Яна кажа, што рыхтуецца да дня выбараў 9 жніўня. Ужо становіцца зразумелым, што сітуацыя пагаршаецца. Аднак Аліна Скрабунова мяркуе, што такія дзіўныя крокі ўладаў прывядуць толькі да горшых вынікаў.

    Затрымаць працу «Белсату» немагчыма

    Намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі лічыць, што такая «актывізацыя» ціску звязаная з прэзідэнцкімі выбарамі. Ён адзначае, што ўлады ніколі не пакідалі каналу спакоі, але на пачатку года аж такога ціску не было.

    «А вось цяпер машына рэпрэсіяў пачала працаваць напоўніцу», — кажа Аляксей.

    Гаворка ідзе пра тое, каб не дазволіць каналу паказаць магутныя пратэстныя настроі, якія прысутнічаюць цяпер у грамадстве.

    Аляксей Дзікавіцкі, намеснік дырэктара «Белсату»

    «Адна справа пісаць пра гэта ці рабіць сюжэты ў навінах, а іншая – паказаць у жывым эфіры людзей, якія не баяцца гаварыць, стаяць у чэргах, каб падпісацца за незалежных прэтэндэнтаў у кандыдаты. Таму і б’юць перадусім па тых, хто робіць стрымы», — зазначае Аляксей.

    Аднак Дзікавіцкі запэўнівае: ціск хоць і перашкаджае, але працу «Белсата» затрымаць немагчыма. Мы маем каманду прафесійных і адважных людзей, каторыя выконваюць і будуць выконваць свае прафесійныя абавязкі нягледзячы ні на што. Бо гэта патрэбна нашаму гледачу — дзеля яго мы працуем.

    «Акрамя гэтага, хацеў бы нагадаць тым, хто ціск ажыццяўляе: на двары 2020 год, схаваць тое, што адбываецца, —  немагчыма. Гэта не так, што калі «па тэлевізары не паказалі, то гэтага не было». Нават калі вы пазабіраеце незаконна ўсе камеры, то ў кожнага амаль, не толькі журналіста, ёсць смартфон. Здымкі ўсё адно будуць і мы іх пакажам», — нагадвае Аляксей Дзікавіцкі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці