• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Каментатар Арташэс Антанян шчыра распавёў, чаму звольніўся з БТ

    Спартыўны каментатар і тэлевядучы Арташэс Антанян пяць з паловай гадоў адпрацаваў на тэлеканале «Беларусь-5». Але ў першы тыдзень пасля прэзідэнцкіх выбараў разам з яшчэ трыма калегамі прыняў рашэнне сысці з Белтэлерадыёкампаніі. Што стала прычынай, як адрэагавала кіраўніцтва і ці застанецца адзін з самых вядомых каментатараў жыць і працаваць у Беларусі — Арташэс распавёў у інтэрв'ю журналісту SPORT.TUT.BY Вікторыі Кавальчук.

     
     
     
     
     
     
     
     
     
     
     
     
     

    Сегодня было принято важное решение в моей жизни (хотя, объективно, оно зрело куда дольше). Я покидаю телеканал «Беларусь 5» и Белтелерадиокомпанию. Это были прекрасные дни (символично, 5,5 лет), полные спорта и драйва. Благодарен за этот замечательный опыт ВСЕМ СВОИМ КОЛЛЕГАМ И СОБЕСЕДНИКАМ по эфира @belarus5tv Финалы Лиги Чемпионов и Лиги Европы, открытие олимпийских ИГР 2016 и главный матч чемпионата мира по футболу 2018… А сколько прекрасных собеседников! Олимпийские чемпионы, чемпионы мира и Европы, победители по жизни! Ох как много всего! Да, я рассчитываю остаться в спортивной журналистике, но это будет совсем другая история… Удачи каждому из нас. Берегите себя.

    Публикация от Арташес Антонян (@artashez)

     

    — Вы толькі забралі працоўную. Як настрой?

    — Усё нармальна, не скажу, што моцна пакутую. Вядома, з аднаго боку, цяжка і непрыемна. Але з другога — мяне абсалютна ніхто не падштурхоўваў да рашэння аб сыходзе. Наадварот, з боку кіраўніцтва тэлеканала «Беларусь‑5», дырэктара Паўла Булацкага, рабіліся намаганні, каб гэтага не адбылося: мне прапаноўвалі ўзяць паўзу або сысці ў непрацяглы адпачынак. Але ў дадзеным выпадку паўмеры не падыходзілі.

    Плюс да ўсяго ў мяне цяпер ёсць некаторыя сямейныя абставіны, на якіх хацелася б спакойна засяродзіцца, а не адчуваць пастаянны стрэс.

    — Калі вы ўпершыню задумаліся аб тым, што сыход з БТ магчымы?

    — У першы тыдзень пасля выбараў. У жыцці я і раней прымаў важныя рашэнні аб пераездах, змене працы. І, як паказвае практыка, калі я пра нешта канкрэтна задумаўся, то ніколі не мяняў рашэнні на хаду. Прычым ні адзін сыход — ці то з радыё «Брэст», тэлеканала АНТ, ці то ВГТРК — не даваўся лёгка. Але ні адно рашэнне не было звязана з такімі ўнутранымі перажываннямі, з якімі я сутыкнуўся ў гэтым жніўні.

    — Аб якіх перажываннях ідзе гаворка?

    — У мяне няма адчування празрыстасці выбараў і дыялогу паміж бакамі. У нейкі момант стала вельмі цяжка працаваць у кадры і камунікаваць у студыі з людзьмі пра спорт, ведаючы, што ў дадзены перыяд часу адбываецца ў краіне. Вядома, за два дзясяткі гадоў у кадры я ўмею сабрацца і выходзіць у эфір, працаваць на рэфлексах — у мяне не адбываецца нейкага ступару. Але ўсё роўна цяжка рабіць выгляд, што ўнутры цябе ўсё выдатна, калі адчуваеш такі дысананс і дыскамфорт.

    Напрыклад, 10 жніўня я з вялікімі ўнутранымі супярэчнасцямі выходзіў у жывы эфір з праграмай «На мяжы фолу». Памятаю, перажыў каласальны стрэс і не гатовы быў ехаць на працу на аўтамабілі, бо не быў упэўнены ў бяспецы. Здавалася, што пад гарачую руку тых, хто павінен нас абараняць, трапляліся ўсе.

    — Многія на працы абмяркоўвалі тое, што адбываецца ў краіне?

    — Гэтая тэма рэальна ўскалыхнула ўсіх. Сярод супрацоўнікаў холдынгу былі тыя, хто сам сутыкнуўся з затрыманнямі. Ды і проста ў чарговы раз пацвердзілася тэорыя шасці поціскаў рукі, калі кожны так ці інакш аказаўся знаёмы з пацярпелымі падчас пратэстаў. Хапала і тых, хто проста нагледзеўся на тое, што адбываецца на вуліцы або ў інтэрнэце, і не мог заставацца абыякавым.

    Я і сам назіраў са сваіх вокнаў, як праваахоўнікі жорстка разганялі мам з дзецьмі. На шчасце, не бачыў, каб іх білі, але жанчыны рэальна несліся з каляскамі па двары ў пошуках хованкі. Я па першай адукацыі юрыст, і ў маёй галаве зусім не ўкладваецца, як можна ганяць жанчын з дзецьмі проста за тое, што яны паднялі руку з белай стужкай.

    Заўважыў, што і сам пачаў раней і раней выходзіць на прагулкі з сабакам, пры гэтым адчуваючы ўсё большае хваляванне за сябе і сям’ю.

    — Як кіраўніцтва тэлеканала і тэлекампаніі рэагавала на настроі ў калектыве?

    — На «Беларусь‑5» сфармавалася група каментатараў, якая ініцыявала сход з кіраўніцтвам і выказала вялікае жаданне не заставацца ў баку ад таго, што адбылося. Прычым мы сустракаліся не толькі з кіраўніцтвам тэлеканала, але і з Іванам Эйсмантам.

    Як грамадзяне і людзі, якія працуюць у эфіры, мы хацелі заявіць у сацсетках, што бачым тое, што адбываецца, і выступаем супраць гвалту, таму што ў першыя дні пасля выбараў менавіта гэта было галоўным шокам. Праўда, мы крыху разышліся ў фармулёўках, як гэты пасыл павінен выглядаць.

    — І ў выніку ніякі пасыл не прагучаў наогул, так?

    — Так, на жаль.

    — Іншымі словамі, вы зразумелі, што трэба альбо прыняць правілы гульні холдынгу, альбо сыходзіць са сваім статутам?

    — Гэта было маё ўнутранае рашэнне. Наша размова з кіраўніцтвам адбылася ў пятніцу, 14 жніўня, у суботу я правёў свой апошні эфір, а ў панядзелак ужо пачалася забастоўка некаторых супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі. Тады ж у нас прайшоў яшчэ адзін сход усім калектывам «Беларусь‑5», дзе хапала абурэнняў. І там я для сябе канчаткова зразумеў, што не гатовы працягваць працу ў гэтых умовах.

    — Вам больш не хацелася асацыявацца з тэлеканалам?

    — Не з тэлеканалам, а з холдынгам Белтэлерадыёкампаніі. «Беларусь‑5» — гэта, напэўна, самы дэмакратычны канал з добрым калектывам і спагадлівым кіраўніцтвам. І тым больш крыўдна было прымаць гэта рашэнне.

    Пры гэтым я хачу падкрэсліць, што рашэнне я прыняў выключна для свайго душэўнага камфорту. У мяне не было жадання трапіць у трэнды ці неяк адзначыцца.

    — Што вам казалі калегі, якія засталіся працаваць у Белтэлерадыёкампаніі?

    — Скажу, што не ўсе калегі праявілі сябе і сказалі словы на развітанне. Хоць для мяне гэта быў дзіўны момант. Усё ж такі мы столькі гадоў правялі разам, столькі дарог праехалі. І нават усё роўна, чаму чалавек сыходзіць. Трэба разумець, што вы ў любым выпадку развітваецеся — хай нават на нейкі час. Хацелася пачуць нейкія лаканічныя словы ў духу «прыемна было разам працаваць».

    Напрыклад, калі ў 2015 годзе я ад’язджаў з Масквы, звальняючыся з ВГТРК і радыё «Спорт», практычна ўсе калегі развіталіся і пажадалі ўдачы. У Белтэлерадыёкампаніі выйшла па-іншаму.

    Некаторыя не сказалі ні слова, але былі і тыя, хто мяне проста расчуліў. Хлопцы тэлефанавалі і ледзь не плакалі — ад некаторых я нават не чакаў столькі цеплыні і дрыжыкаў у голасе.

    Пры гэтым я абсалютна разумею тых, хто застаўся. У кожнага свая гісторыя і асабістае ўспрыманне сітуацыі. І калі кіраўнікі кажуць, калі ты не прытрымліваешся пэўнай ідэалагічнай вытрымкі, то павінен сумленна сысці, напэўна, у гэтым таксама ёсць логіка. Я сумленна рабіў сваю працу і гэтак жа сумленна заявіў аб жаданні сысці. Мне ў сваю чаргу не сталі ўстаўляць палкі ў колы.

    — Пасля допісу аб сыходзе з Белтэлерадыёкампаніі вы атрымалі шмат паведамленняў?

    — Паведамленні прыходзілі, але я не вёў падлік. Можа, была сотня, можа, не. Але былі такія паведамленні, якія асабліва ўразілі і кранулі.

    У дырэкт напісала мая настаўніца малодшых класаў з Кобрына Таццяна Васільеўна (усміхаецца). Яна проста даслала словы падтрымкі, нагадала пацешную гісторыю з дзяцінства — вельмі цёплы і прыемны момант.

    — Цяжка было адважыцца на сыход, разумеючы, што альтэрнатыў для працы каментатарам у краіне практычна няма?

    — Вядома, я вельмі люблю сваю працу і мне няма на што скардзіцца ў плане творчасці. Мне давяралі галоўныя праекты і эфіры тэлеканала. Я каментаваў фіналы Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы, працаваў на адкрыцці Алімпіяды ў Рыа і фінале чэмпіянату свету па футболе ў Маскве. І гэтым летам я б больш за ўсё на свеце хацеў быць на Гульнях у Токіа, а не гэта вось усё…

    Хтосьці скажа, што я мог заставацца на тэлеканале і спакойна рабіць сваю працу. Магчыма, калісьці такія флэшбэкі і здараюцца. Але на сёння ў мяне няма адчування, што я нешта зрабіў няправільна. Калі б у мяне не было пачуцця каласальнага падману пасля выбараў, не было і такога ўнутранага дысанансу.

    — За пяць з паловай гадоў працы на БТ былі тэмы і матэрыялы, ад якіх даводзілася адмаўляцца праз свае перакананні або за якія цяпер сорамна?

    — Я абсалютна шчаслівы чалавек, таму што за ўсе гады ў эфіры да мяне ніхто ні разу не прыходзіў і не казаў: «Сёння трэба сказаць менавіта гэта». Мне не сорамна за сваю працу. Ды і ў спорце гэта складана ўявіць.

    — Як вы ставіцеся да мірных акцый?

    — Зразумела, я падзяляю і захапляюся мірнымі акцыямі. Складана зразумець, як у гэтым знаходзяць нейкую супрацьзаконнасць. Сумна назіраць, што там адбываюцца нейкія затрыманні. Як чалавек з юрыдычнай адукацыяй, я за тое, каб спыняць спробы беззаконня і хуліганства. Але калі мы гаворым пра мірны выхад людзей, якія стаяць з афіцыйна не забароненай сімволікай і спяваюць песні, то ў маім разуменні такія затрыманні ніяк нельга апраўдаць.

    У мяне пытанне да тых, хто гэта робіць. Гэтыя людзі наогул выязджалі ў Еўропу? Любы вечар ва ўмоўнай Фларэнцыі і Венецыі выглядае падобным на нашы мірныя пратэсты.

    — А што скажаце наконт забастовак калег-тэлевізійнікаў?

    — Я сам быў на страйку ў першы дзень і падтрымліваю тых калегаў, якія ідуць далей і спрабуюць даносіць сваю пазіцыю з дапамогай такіх дзеянняў.

    — Як вы адрэагавалі на навіну аб тым, што замест дыялогу і пошуку кампрамісу са сваімі супрацоўнікамі на БТ запрасілі расійскіх спецыялістаў?

    — Мне вядома толькі тое, што пішуць у СМІ. Сам я гэтых спецыялістаў не бачыў і з калегамі не абмяркоўваў. Наколькі я ведаю, на «Беларусь‑5» іх дакладна няма.

    Калі казаць аб сітуацыі ў цэлым, то мне яна зусім незразумелая. Калі б запрашэнне расейскіх спецыялістаў адбывалася на конкурснай аснове, то гэта нармальная гісторыя. Чалавек спрабуе, прабіваецца і працаўладкоўваецца — вось норма. Але мы ж не пра гэта гаворым, праўда?

    У маім разуменні, да апошняга трэба спрабаваць дамовіцца. Я абсалютны пацыфіст і выступаю за пошук кансэнсусу.

    — Вы дапускаеце, што ў будучыні зможаце вярнуцца на «Беларусь‑5»?

    — Не схаваю, што я, як і мае калегі, у нейкай меры цешым сябе надзеяй, што гэта былі не апошнія эфіры ў рамках «Беларусь‑5». Магчыма, у перспектыве адбудуцца нейкія пераўтварэнні, якія дазволяць разлічваць на далейшую практыку.

    Ніколі не кажы ніколі. Усё ж такі ў нас не было такога, каб, сыходзячы, мы сказалі астатнім: «Ненавіджу цябе, цябе і цябе! Бачыць вас больш не хачу». Рассталіся цывілізавана.

    — У сваім развітальным допісе пасля сыходу з «Беларусь‑5» вы напісалі, што ўсё роўна застаняцеся ў спартыўнай журналістыцы. Але ці застаняцеся ў Беларусі?

    — У найбліжэйшы час дакладна так. Я не хацеў бы пераязджаць. І яшчэ нядаўна наогул не разглядаў гэты варыянт. Але, як там спяваецца, «мы не ведалі адзін аднаго да гэтага лета» (усміхаецца).

    Усё будзе залежаць ад прапаноў. Я адкрыты для абмеркавання. Вядома, мне б хацелася застацца ў спартыўнай журналістыцы. Але ў любым выпадку я гатовы ўважліва выслухаць і як мінімум разгледзець кожную цікавую прапанову па супрацоўніцтве.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці