• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Андрэй Дынько. Знікненне з актыўнага поля такіх людзей, іх ідэй і думак, вядзе да гуманітарнай катастрофы

    Затрыманаму 8 ліпеня Андрэю Дынько 47 год, ён галоўны рэдактар часопіса “Наша гісторыя”. У апошнія гады Дынько адышоў ад спраў “Нашай Нівы”, якую доўга ўзрошчваў, перадаў яе маладым, а сам захапіўся ідэяй гістарычнага часопіса па-беларуску — яму муляла вока, што ў газетных шапіках няма папулярнага гістарычнага чытва для беларусаў пра іх жа саміх.

    Пабачыўшы, як часопіс разлятаецца з паліц, наколькі патрэбны ён беларусам, Андрэй пачаў рабіць яшчэ і дзіцячыя выданні “Дуду” і “Асцярожна: дзеці!”: усё прыгожа, якасна, па-беларуску. 

    Але што ён за чалавек? Расказваюць сваякі і калегі. 

    Дзяцінства Андрэя прайшло ў вёсцы Заказанка пад Брэстам, сям’я паходзіць адтуль. Бацькі Андрэя гаварылі больш па-ўкраінску, чым па-беларуску.

    “Наша працавітая бабуля прышчапіла яму і фенаменальную працаздольнасць, і пачуццё справядлівасці, і ўсе найлепшыя яго жыццёвыя рысы”, — кажа сястра Андрэя Наталка Бабіна. 

    “Брат скончыў у Брэсце школу з паглыбленым вывучэннем французскай мовы, быў алімпіяднікам і без экзаменаў паступіў у МДЛУ, стажыраваўся ў Бельгіі. Ведае англійскую, французскую, італьянскую, польскую, украінскую, рускую, натуральна, беларускую мовы”, — дадае яна. 

    “Мы часта ездзілі з ім апошнім часам да нашай старэнькай мамы ў Заказанку, ёй 83 гады. У нас было дастаткова часу, каб пагаварыць пра многае ў гэтых паездках. З нядаўняга мне запомнілася: ён сказаў, што праз гады жыцця яму падаецца, што сутнасць жыцця ў тым, каб множыць любоў. Калі я пазваніла маме сказаць, што яго затрымалі, яна адказала: «Дитино моя рідна. Він же нікого ніколи не покривдив…». Заплакала і паклала трубку”.  

    Арцём Гарбацэвіч, прадстаўнік новага пакалення нашаніўцаў, кажа, што не толькі для журналіста, а ў цэлым для чалавека, асобы, вялікая жыццёвая ўдача сустрэцца і працаваць разам з такім чалавекам, як Андрэй — Арыстоцелем.  

    “Дынько чалавек вельмі ўзважаны, чалавек вельмі разумны, не радыкальны, сапраўды мудры і просты ў паводзінах”, — кажа Гарбацэвіч. 

    Калі здарылася так, што беларуска атрымала Нобелеўскую прэмію, то адзін з першых, каму пазваніла Святлана Алексіевіч і дакладна першы, да каго ў рэдакцыю прыехала — гэта быў Андрэй Дынько. Гэта чалавек з такой вышэйшай інтэлектуальнай лігі, у якога заўсёды будзеш вучыцца, ды так усяму і не навучышся. 

    “Мяне неяк уразіла, калі журналістка з Еўропы прыехала да нас у рэдакцыю браць інтэрв’ю ў Андрэя для нейкага французскага канала і гаварыла з ім па-англійску, але на нейкім моманце спатыкнулася і пачала шукаць словы, то Андрэй ёй спачатку падказаў пераклад, а потым увогуле сказаў: “Давайце я з вамі па-французску буду гаварыць, каб вы не мучаліся”. 

    З яго фенаменальнымі здольнасцямі ён мог бы дасягнуць поспехаў у любой сферы, у любым бізнэсе, але ён вырашыў, што яго задача — служыць беларускай ідэі і беларускаму слову. Калі ён мяне прыводзіў у рэдакцыю, то так і сказаў: “Наша звышідэя ў тым, каб беларусы чыталі па-беларуску”.

    Тады я ў яго яшчэ спытаў, ці не баіцца ён, што яго пасадзяць? Ён адказаў, што тое ж самае ў яго пяць год таму пытаўся адзін бізнэсовец. І вось цяпер той у турме, а Андрэй на свабодзе, і будзе працаваць, пакуль будзе свабодны. Яго пазіцыя была ў тым, каб заставацца дзейнічаць у Беларусі, пакуль гэта будзе магчыма. 

    Без такіх людзей унутры, як Дынько, у дзяржаваў не бывае незалежнасці. Толькі такія Дынько здабывалі іх для сваіх народаў па ўсім свеце. Калі пачаліся землятрусы ва Усходняй Еўропе, вайна Расіі з Украінай, ён сказаў, што баяцца не трэба, што Беларусь умацуецца так ці іначай, бо хоць сёння і ёсць Молатавы, але няма Рыбентропаў, так што ўсё залежыць толькі ад нас. 

    Ён чалавек з вельмі глыбокім разуменнем Беларусі. Я думаю, што калі ён пачне пісаць кнігі, то стане класікам. Гэта Дынько ж, дарэчы, разгледзеў Горвата і прапанаваў яму пісаць у “Нашу Ніву”, настойваў, каб ён не адкладаў асадку і пісаў далей, а з гэтых лістоў потым атрымаўся бестселер. 

    Пры гэтым Андрэй ніколі не выпячваецца, ён не спрабуе павучаць, ён кажа: “Хто ўмее — робіць, хто не ўмее — вучыць”.

    “Трэба больш працаваць” — гэта таксама яго заклік. Але заклік не начальніка з пугай, а чалавека, які сам заўсёды сыходзіць з рэдакцыі апошнім. Позна ўвечары, бывае, ідзеш па Кальварыйскай з гулянкі ці трэніроўкі, глядзіш у вокны рэдакцыі — у пакоі Дынько гарыць святло”. 

    У Андрэя Дынько трое дзяцей. Малодшаму Васілю, ад другога шлюбу, цяпер тры годзікі. Старэйшыя вучацца ва ўніверсітэтах. Наталля Дынько, жонка Андрэя, кажа, што захапілася ім яшчэ завочна, калі была чытачкай “Нашай Нівы”. А калі прыйшла на моўныя курсы, дзе ён выступаў, то дакладна ўсё для сябе зразумела. 

    “Гэта чалавек, які вельмі любіць Беларусь. Калі да нас прыйшлі следчыя і разграбалі бібліятэку, часопісы, то Андрэй сказаў, што мог з’ехаць з Беларусі тысячу разоў. Але ўся гэтая работа, дзіцячыя часопісы, навіны — гэта ўсё для Беларусі. 

    Андрэй вельмі любіць дзяцей, бацькоў. І любіць зямлю, агарод — ён так адпачывае ад сваёй інтэлектуальнай працы. 

    Пасля затрымання рэдактараў Tut.by мы абмяркоўвалі тэму ад’езду, але Андрэй сказаў: ну як? Пачобуту прапанавалі выехаць, а ён адмовіўся і застаўся сядзець у турме. Марыя Калеснікава парвала пашпарт, а я паеду? Сказаў, што так мала людзей прыйшло на пахаванне Ашурка, хто ж застанецца, калі і ён з’едзе?”, — кажа Наталля Дынько. 

    Сына яны назвалі ў гонар бацькі Андрэя, дзеда Наталлі і Васіля Быкава.

    Святлана Алексіевіч таксама знайшла словы, каб адзначыць каштоўнасць для ўсёй краіны, для гісторыі такіх людзей, як Андрэй Дынько.

    “Гэта адзін з лідараў нацыянальнага руху. Ён аддаў гэтаму шмат год, ён зрабіў газету “Наша Ніва” адной з галоўных — яе артыкулы заўсёды абмяркоўваліся ў розных колах, гэтую газету неслі ў руках маладыя людзі. Тое, што цяпер улады імкнуцца абезгаловіць духоўнае адраджэнне беларусаў, гэта, канечне, злачынства. 

    Сталін перад вайной прыбраў ваеначальнікаў, і мы пацярпелі ваенную катастрофу. А знікненне з актыўнага поля такіх людзей, як Дынько, іх ідэй і думак, ні да чаго іншага не вядзе, як да катастрофы гуманітарнай”, — сказала Алексіевіч. 

    Даўні таварыш Андрэя, рэдактар інтэрнэт-выдання “Салідарнасць” Аляксандр Старыкевіч лічыць, што Андрэй Дынько — гэта ўжо постаць не толькі ў беларускай журналістыцы, але і ў нацыянальнай гісторыі. 

    “Пройдуць гады, і ў падручніках ён будзе згадвацца нароўні з іншымі нашымі выбітнымі суайчыннікамі.

    Выпадкі, калі таленавіты журналіст адначасова з’яўляецца паспяховым менеджарам, нешматлікія. Дынько якраз з гэтай рэдкай пароды. Тое, як ён пераасэнсаваў “Нашу Ніву”, дазволіла выданню не проста адпавядаць патрабаванням XXI стагоддзя, але зрабіла партал nn.by адным з лідараў рынку, арыенцірам багата для каго.

    Дагэтуль памятаю артыкул Андрэя “Вясна-2006”, напісаны за кратамі. У цяжкіх умовах ён захаваў натхненне і стварыў цудоўны твор, які захоўвае вартасць і праз 15 год. На жаль, марафон за свабоду зацягнуўся і зараз найцяжэйшы этап. Але ведаючы спакойную упартасць калегі, я перакананы, што ён адолее любыя перашкоды. 

    Для мяне Дынько ёсць увасабленнем вобраза Беларуса — як знешне, так і па сутнасці”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці