• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Паўгода ўзгаднялі маю кандыдатуру ва ўрадзе». Беларуска стала вядучай навін на кітайскім ТБ і расказвае пра сваё жыццё ў Пекіне

    У мінулым Таццяна Нікіціна — міс БДУ і вядучая рэгіянальных навін на беларускім тэлебачанні. Але паўтара года таму дзяўчына кардынальна змяніла сваё жыццё — абрэзала даўгія валасы і зляцела ў Кітай. Цяпер яна жыве ў Пекіне і працуе вядучай у буйным медыяхолдынгу.

    Пра цэнзуру і ўласныя верталёты кітайскага ТБ, азіяцкія стандарты прыгажосці і модныя пластычныя аперацыі, сяброўства з Марыяй Калеснікавай і суровы пекінскі клімат — у гэтым аповедзе.

    «Адправіла рэзюмэ — адказалі толькі праз паўгода»

    На пераезд Таццяну натхніў яе калега, які некалькі месяцаў быў на стажыроўцы ў Кітаі.

    «Калі ён вярнуўся ў Мінск, захоплена расказваў мне пра гэту краіну, пра іх тэлецэнтр. Я якраз у той час шукала магчымасць з’ехаць за мяжу і працаваць там па спецыяльнасці. Прыйшлі да высновы, што для старту гэта будзе найлепшы варыянт, праверанае месца.

    Я адправіла рэзюмэ, мне адказалі толькі праз паўгода. Трэба было прайсці сумоўе і здаць два іспыты (правяралі на веданне кітайскай гісторыі, як арыентуюся ў міжнародных навінах). Пасля яшчэ паўгода ўзгаднялі маю кадыдатуру ва ўрадзе, афармлялі дазвол на працу.

    Збіралася камісія з 16 чалавек: вядомыя вядучыя, кіраўніцтва тэлебачання. Глядзелі, як я працую ў студыі, вывучалі біяграфію.

    У выніку ўзялі на працу адразу вядучай. Звычайна год трэба папрацаваць рэдактарам, а потым, можа быць, пасадзяць у кадр, але мне пашанцавала. Дагэтуль у Азіі я не была ніколі і ўяўленне пра Кітай мела толькі па фільмах, кнігах, блогах і аповедах сяброў».

    У Пекіне журналістка са студзеня 2020-га. Навіны ў эфіры зачытвае на рускай мове.

    «Кітайскую вучу, мне вельмі падабаецца гэта мова. Канечне, да свабоднай размоўнай мне яшчэ некалькі гадоў. З ангельскай тут жыць можна, але ўсё адно бывае складана. Па-першае, мне сорамна перад кітайцамі, што я не размаўляю на іх мове. А ім, як правіла, сорамна, што яны не размаўляюць па-ангельску (усміхаецца). Па-другое, складана вырашаць побытавыя пытанні. У мяне быў страх падчас пандэміі, што калі мне раптам стане дрэнна, то я нават «хуткую» не выклічу.

    Вельмі баялася заблукаць, згубіць тэлефон. Але пасля ўбачыла, што кітайцы адкрытыя, добразычлівыя людзі. Памятаю, стаю ў метро, азіраюся па баках і не магу зразумець: куды мне ісці. Падыходзіць кітаец і праз перакладчык на тэлефоне пытаецца: «Табе дапамога патрэбна?»

    У Пекіне ўжо шмат хто размаўляе па-ангельску. Моладзь вучыцца за мяжой, пасля вяртаецца дадому. З дзецьмі займаюцца носьбіты мовы: амерыканцы, брытанцы.

    Усё тут працуе праз дадаткі. Можна замовіць ежу, таксі, квіткі, не кантактуючы ні з кім. У крамах паўсюль ёсць зоны самаабслугоўвання. Адсканаваў код у электронным кашальку ці свой твар — вось і расплаціўся.

    Агулам жыць можна. Але калі хочаш быць незалежным ад іншых людзей у важных, дый часам у элементарных пытаннях, мову трэба ведаць».

    «Прадстаўляюся як Шань Шань»

    У Кітаі модна браць замежныя імёны. Але імя Таццяна мясцовым даецца складана.

    «Таму я часцей прадстаўляюся як Шань Шань. Гэта імя мне дала мая сяброўка-кітаянка, якая ў першы дзень знаёмства ніяк не магла запомніць, як мяне завуць (усміхаецца). Дзеля справядлівасці скажу, што і мне не так проста запамінаць іх імёны. Я адразу запісваю».

    У калектыве журналісткі больш за 90% — кітайцы.

    «Сярод іх няма такога чалавека, які быў бы мне непрыемны. Але розніца ў менталітэце вялізная. Мне праўда бывае складана зразумець іх ход думак. Лічыце, што Кітай — гэта іншая планета. Тут нават у дробязях усё інакш. Міміка і жэсты адрозніваюцца, падыход да працы, правілы. Кітайцы ніколі не скажуць у твар, што нешта дрэнна. Яны не стануць цябе крытыкаваць, а тым больш публічна. Бо ў такой сітуацыі чалавек губляе твар.

    Яны абсалютна не канфліктныя, вострыя вуглы стараюцца абыходзіць. Мне часам бывае складана зразумець, сапраўды яны задаволены вынікам працы ці проста не хочуць пакрыўдзіць.

    Што тычыцца сяброўства з кітайцамі, то тут усё складана. Калі чалавек жыў за мяжой, з ім будзе нашмат прасцей сысціся. Усе кітайцы, з якімі я сябрую, людзі свету. А вось тыя, хто не асабліва знаёмы з іншымі культурамі, не стануць табе сябрамі, хутчэй за ўсё. Яны крыху інтраверты. У іх іншыя інтарэсы і захапленні».

    «Працоўныя дні тут па 10 гадзін»

    Таццяна працуе ў Пекінскім тэлецэнтры — адным з самых крутых у свеце.

    «У яго ўкладзены вялізныя сродкі. У іх ёсць свае верталёты, выязныя студыі. Унутры тэнісныя корты, трэнажорная зала, шмат фуд-зон, парк. Карацей, усё, каб людзям было камфортна, бо працоўныя дні тут па 10 гадзін.

    Што тычыцца адрозненняў у працы, то іх шмат. У кітайцаў зусім іншыя густы. На цэнтральных каналах ёсць вядучыя, якія выглядаюць як дыктары з СССР. Начос на галаве, максімальна просценькі пінжачок. Але так, канечне, не паўсюль. Ёсць і стылёвыя вядучыя.

    Кітаянкі заўсёды падкрэсліваюць лапавухасць — гэта ў іх лічыцца вельмі сэксі. У навінах мала буйных планаў — звычайна вялізная студыя і маленькі чалавечак. Аператары працуюць павольна, тут наогул ніхто не спяшаецца. Суфлёр вядучы круціць самастойна пультам.

    Кастынг вядучых тут — гэта вельмі складанае пытанне. Мне здаецца, што часцей за ўсё ў медыякарпарацыю трапляюць па знаёмстве. Гэта сваякі ці сябры вельмі заможных і ўплывовых людзей. Бо тэлебачанне тут на ўзроўні Міністэрства інфармацыі. Гэтыя людзі павінны быць з ідэальнай біяграфіяй, ім павінна давяраць. У Кітаі вельмі складана прабіцца на такую працу. Для замежнікаў, канечне, усё нашмат прасцей.

    Важны момант: вядучыя тут розных узростаў. А не як у нас — адна моладзь».

    На кітайскім тэлебачанні строгая цэнзура. Нельга крытыкаваць Камуністычную партыю і тым больш старшыню Сі.

    «На самай справе, тут такая складаная ідэалогія, якая пераплятаецца з менталітэтам, што я дагэтуль унікаю ва ўсю гэту сістэму. Напрыклад, быў канфлікт на мяжы ў кітайцаў і індусаў. Там завязалася бойка і загінулі людзі. Паўгода пра гэта не было і слова ў СМІ. Я да ўсіх падыходзіла на працы і пыталася: чаму мы маўчым, мы ж ведаем пра здарэнне? А яны мне: трэба яшчэ разабрацца.

    А потым з часам я зразумела. Гэта і ёсць тая самая рыса — згладжваць вострыя вуглы. Пакуль канфлікт ёсць, яго стараюцца не раздзьмуваць. Разбіраюцца, што і як, чакаюць, пакуль усё ўляжацца. Толькі праз паўгода расказалі ўсе падрабязнасці і назвалі імёны загінулых. Я не думаю, што навіны так мусяць выглядаць. Але гэта іх сістэма працы».

    Каб зайсці ў інтэрнэт, журналістка штодзень падключае VPN. У Кітаі існуе так званы інфармацыйны купал: заблакаваны гугл, фэйсбук, інстаграм, замежныя СМІ, накшталт BBC і CNN. Для замежнікаў гэта нязручна, але мясцовым жыхарам, здаецца, дастаткова ўласных сацсетак. У іх ёсць платформа WeChat — яна ўключае і месенджар, і плацежную сістэму, і аналаг ютубу. З адным важным адрозненнем: там немагчыма быць ананімным.

    «Стандарты прыгажосці ў Кітаі — гэта белая скура, вялікія вочы, маленькія вусны»

    Ці ўпісваецца міс БДУ ў азіяцкія стандарты прыгажосці?

    «Кітайцам падабаецца еўрапейская знешнасць. Мне вельмі часта робяць кампліменты. Часам цішком фатаграфуюць, часам — не саромеючыся. Праз мой рост паўсюль пытаюцца, ці я мадэль.

    Калі казаць пра стандарты прыгажосці ў Кітаі, то гэта белая скура, падбароддзе ў выглядзе V, вялікія вочы, маленькія вусны, мініяцюрны нос. У многіх кітайцаў няма складкі на павеку, як у нас. Дык вось прыгожыя — тыя, у каго яна ёсць. Гэта адна з самых папулярных аперацый цяпер. Але я заўсёды бачу гэтае шво, яно заўважнае.

    Дзяўчаты імкнуцца быць па-дзіцячы мілымі. Такі вобраз цноты. Што тычыцца мяне, то я проста ў захапленні ад іх фарфоравай скуры. Бачу шмат прыгожых людзей вакол. Адзіная відавочная праблема ў кітайцаў — не вельмі добрыя зубы. Думаю, гэта пытанне даступнасці медыцыны. Тут, каб схадзіць да стаматолага, трэба аддаць усё багацце.

    Пекін больш кансерватыўны. А ў Шанхаі ад модных людзей ажно галава кружыцца. Яны такія свабодныя, такія розныя. Цяпер у іх папулярна адзенне овер-сайз і кітайскія традыцыйныя рэчы. Многія па вуліцах ходзяць у ханьфу (від традыцыйнага касцюма. — «НН»). Апранаюцца агулам цікава. У Кітаі для гэтага ўсе магчымасці.

    Хаця ў школах дзеці носяць аднолькавую форму, што ўскладняе фарміраванне свайго густу. Пасля гэта вельмі заўважна — чалавек не адчувае, як спалучаць рэчы. А яшчэ там ходзяць па вуліцах у піжаме і з бігудзі. Яны жывуць так, як ім зручна.

    Самая галоўная мода і рэлігія ў Кітаі — гэта грошы (усміхаецца). Калі ў цябе ёсць грошы, то ты адразу вельмі прывабны. І не важна, што на табе адзета. А багатых кітайцаў вельмі шмат».

    «Марыя Калеснікава піша мне, што спявае арыі ў дýшы»

    Разам з Таццянай падарожнічае фігурка Марыі Калеснікавай. Журналістка замовіла яе ў мясцовай майстэрні. «Ніхто не можа адабраць свабоду ў свабоднага чалавека», — падмячае вядучая.

    Згадвае, як пазнаёмілася з Марыяй:

    «Я ўбачыла яе на афішы. Яна прыязджала з Германіі ў Мінск чытаць лекцыі пра мастацтва. Дык вось мяне зацікавіла не тэма лекцыі, а асоба Машы. Не ведаю, як гэта патлумачыць, я проста адчула, што гэта цікавы чалавек. Сустрэліся мы толькі праз паўгода. Я прыйшла на лекцыю пра Бетховена. Пасля падышла да Марыі пагаварыць. Расказала, што, апроч навін, вяду праграму пра мастацтва. Яна прапанавала пайсці на каву.

    З таго часу я хадзілі на ўсе яе культурныя мерапрыемствы, рабіла матэрыялы для тэлебачання. Яна пазнаёміла мяне са сваёй сям’ёй. Мы сталі часта камунікаваць. Перад ад’ездам у Кітай я заехала да яе развітацца, і мы дамовіліся, што яна павінна прыляцець да мяне ў Пекін. Былі ўпэўнены, што хутка пабачымся.

    Я ніколі не бачыла Машу ў дрэнным настроі. Яна вельмі энергічная і працаздольная. Хутка вучыцца, адкрыта да новага. У яе цудоўнае пачуцце гумару. Не ведаю, як ёй удаецца, але яна заўсёды ўважлівая да ўсіх. Яна імкнулася нешта зрабіць для Беларусі, развіваць сферу культуры, ведала, як гэта рабіць. Вельмі моцная, валявая дзяўчына.

    Яе лісты мне амаль не даходзяць. Часцей — паштоўкі. Піша, што шмат чытае і спявае арыі ў дýшы. Займаецца спортам у камеры: прысядае, адціскаецца. Запэўнівае, што ўсё будзе добра, і я на гэта таксама спадзяюся.

    Мы з Машай адчуваем адна адну на адлегласці. Яна мне часта сніцца.

    Прыснілася неяк з цёмнымі валасамі. Праз тыдзень чытаю ў прэсе, што яна падстрыглася і стала брунеткай.

    Ці, бывае, так зашчэміць сэрца, што яна там, некалькі дзён хаджу не ў гуморы. І тут раз — і ад яе паштоўка».

    «Увесну тут пясчаныя буры, а летам тэмпература да 43 градусаў»

    Таццяна прызнаецца, што, хоць ёй і падабаецца Пекін, фізічна тут цяжка жыць.

    «Па-першае, гэта моцнае забруджванне паветра. Па-другое, суровы клімат. Увесну — пясчаныя буры, летам — вельмі высокая вільготнасць і тэмпература паветра да 42—43 градусаў (адчуванні, як у саўне). Гэтым летам былі трапічныя залевы і паводкі. Узімку занадта сухое паветра — перасыхае скура і слізістыя. Усё гэта змешваецца са смогам.

    Яшчэ адна праблема — шумавое забруджванне. Тут шмат электратранспарту, які ездзіць бязгучна, таму ўсе пры абгоне сігналяць — машыны, скутары, веласіпеды. У супермаркетах кожны прадавец на ўсю глотку кліча пакупнікоў да сябе ў аддзел. У рэстаранах гучная музыка і ўсе адно аднаго перакрыкваюць. Яшчэ папулярны гучнагаварыльнікі. Яны працуюць у рэжыме паўтарэння: насіце маскі, насіце маскі, насіце маскі. Гэта часам з розуму зводзіць, і я лішні раз не хачу выходзіць на вуліцу ў выходныя (смяецца). Ну не любяць кітайцы цішыню.

    Асноўная праблема, канечне, экалогія. Я рэгулярна хаджу ў рэспіратары. Так што гэта не зусім горад для камфортнага жыцця. Думаю, я пераеду праз год ці два.

    Пры гэтым у Кітаі вельмі прыгожая прырода. Сукура, лотасы, горы і мора, пустыні і вадаспады, панды і сланы. Гэта найстаражытнейшая культура. У кітайцаў многаму можна павучыцца. Яны нікуды не спяшаюцца. На вуліцах масава танчаць, спяваюць, граюць на музычных інструментах. Якія ў іх актыўныя пенсіянеры: яне не ўпускаюць магчымасці пазаймацца спортам — у парках паўсюль трэнажоры.

    Асобны цуд свету тут — гэта лагістыка. Два дні — і табе за тысячы кіламетраў даставілі гарбату ці якую-небудзь кофтачку. Я так прывыкла да гэтага камфорту: усё можна замовіць на дом. І мне не прыходзіцца абіраць, як раней: што я куплю ў гэтым месяцы — джынсы ці сумку. Бо ўсё даступна.

    У тым ліку рэстараны. Часам мне здаецца, што харчавацца там было б эканомней, чым гатаваць самой. Вельмі добры сэрвіс: яны змагаюцца за кожнага кліента, за рэйтынг. Агулам цікава назіраць, як Кітай выбіраецца з беднасці і становіцца вядучай эканомікай свету. Як яны шчыра любяць сваю краіну, як радуюцца жыццю. Іх культура настолькі дзівосная і разнастайная, што патрэбна цэлае жыццё, каб даведацца пра яе лепш».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці