• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Гэта была культурная рэвалюцыя». Вядомыя людзі згадваюць культавага вядоўцу з 1990‑х Сяргея Філімонава

    Ад каранавірусу памёр вядоўца культавай праграмы «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонаў. Яму было 62 гады. Прыхільнікі таленту Сяргея ўзгадваюць, які ён быў — легенда тэлебачаньня з 1990-х.

    Выпускнік гістфаку па спецыялізацыі «крытыка буржуазнай культуры», Сяргей Філімонаў захапіўся светам кіно. На пачатку 1990‑х, калі яшчэ не было інтэрнэту, ён пачаў расказваць на беларускім тэлебачанні пра замежныя фільмы, якія гледачам былі амаль недаступныя, пра замежных актораў, музыку. «Радыё Свабода» сабрала ўспаміны калег і сяброў Сяргея Філімонава.

    Сяргей Філімонаў

    «Сяргей прыдумаў праграму і актуальную, і пазнавальную адначасова»

    Намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва» Зміцер Падбярэскі ў тыя гады на БТ таксама вёў папулярную праграму «Сустрэнемся пасля 11‑й». Менавіта ў той час на тэлебачанні з’яўляліся новыя праграмы, новая генерацыя вядучых.

    «Сярод іх быў Сяргей, які прыдумаў праграму і актуальную, і пазнавальную адначасова. І трэцяя якасць гэтай праграмы — яна была арыгінальнай. І ў 1990‑я, і пазней нідзе на іншых каналах нічога падобнага не было.

    Чаму гэта праграма прыцягвала? Па-першае, сама постаць вядучага: ён надзвычай абаяльны і інтэлігентны чалавек, хоць спачатку ня вельмі добра валодаў беларускай мовай, але вельмі хутка ўсё ў яго пайшло нармальна.

    Па-другое, праграма прываблівала менавіта актуальнай інфармацыяй з галіны кіно, якое тады ня надта шырока можна было ў нас глядзець, толькі на відэамагнітафонах, і з галіны музыкі. Калі ўлічыць той факт, што інтэрнэт тады толькі-толькі нараджаўся, інфармацыя, якую падаваў Сяргей, была вельмі і вельмі запатрабаваная.

    На сённяшні момант мне вельмі шкада, што ён так недарэчна пайшоў з жыцця. Але праграма застанецца ў памяці тых, хто яе глядзеў, хто чакаў», — перакананы Зміцер Падбярэскі.

    Сяргей Філімонаў

    «У 1990‑я мы чакалі гэтай перадачы, яна была акном у свет»

    Гісторык Ігар Мельнікаў піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што на праграмах Сяргея Філімонава вырасла цэлае пакаленне.

    «Сышла эпоха. Я вырас на яго перадачы «Відзьмо-Невідзьмо«. У 1990‑я мы чакалі гэтай перадачы, яна была акном у свет. Новыя фільмы, імпрэзы і… усё па-беларуску. Спачатку гэта было дзіўна, бо паўсюль жа перадачы па-расейску. А гэты ўсё па-беларуску. А ён папросту быў сапраўдны.

    У 2016 годзе Сяргей быў на маёй выставе «Беларусы ў Войску Польскім у 1939–1945 гадах«. Коратка паразмаўлялі… Зараз ён ціха жыў, нікуды не хадзіў (палітыка), быў у Беларусі. Праўда, быў, здаецца, «ковід-дысыдэнтам«… Эх, сапраўдная страта для Беларусі…» — піша гісторык Ігар Мельнікаў.

    «Гэта была культурная рэвалюцыя»

    Журналіст Алесь Залеўскі ўзгадвае, што з дзяцінства з Сяргеем Філімонавым у яго былі звязаныя вельмі «інтымныя ўспаміны».

    «Толькі нядаўна, прагледзеўшы ягоныя выпускі «Відзьмо-Невідзьмо«, я акрэсліў для сябе гэта культурнай рэвалюцыяй. Усё тое, пра што ён расказваў з экрана на пачатку 90‑х, было настолькі адрозным ад асяродзьдзя садка-школы, БТ і «Вясёлкі«!»

    Алесь Залеўскі ўзгадвае, як гадоў сем таму ён напрасіўся ў госці да Сяргея Філімонава ў ягоную кватэрку каля былой «Каменнай кветкі» на бульвары Талбухіна і слухаў ягоныя расповеды.

    «Гэта былі гісторыі з Сяргеевай культурнай рэвалюцыі ў 1980‑х у Маскве. Як яны выпадкова вырашылі свой «экспірыенс« свабоды перанесці ў Менск. І атрымалася ж перанесці і размножыць расаду. Працэс гэты ўжо не спыніць, беларусы будуць нараджацца і паміраць, а культура — жыць і квітнець. І толькі адзінкам удасца не памерці, а ператварыцца ў каменную кветку», — піша журналіст Алесь Залеўскі.

    «Гэта чалавек, які любіў слухаць, мог аргумэнтаваць сваю пазіцыю з вялікай павагай да тваёй думкі»

    Рок-музыка, шоўмэн Аляксандар Памідораў супрацоўнічаў з Сяргеем Філімонавым. Ён лічыць Сяргея вельмі сур’ёзнай і грунтоўнай крыніцай інфармацыі пра кінамастацтва і пра музыку.

    «Сяргей быў зацятым меламанам – на гэтым мы і сышліся. Ён заўсёды быў на хвалі і на стылі. Ніводная новая сучасная музычная група не прайшла міма ягонай увагі. Прычым з Філімонавым заўсёды было цікава спрачацца, часам вельмі жорстка, «у кроў«, але ты не станавіўся ворагам. Ён аргументавана выказваў свае думкі, прынцыпы. Гэта чалавек, які любіў слухаць, мог выслухаць, аргументаваць сваю пазцыю – з вялікай павагай да тваёй думкі. Вельмі добразычлівы, хоць і востры на язык», – кажа Аляксандар Памідораў.

    І дадае, што гэта быў чалавек бездакорнага стылю ўва ўсім: у размове, у паводзінах, у зьнешнім выглядзе.

    «У яго быў вельмі выкшталцоны густ, і пры гэтым ён надзвычай інтэлігентна падыходзіў да самага «плебейскага« фільму.

    Дарэчы, адна з апошніх публікацый Сяргея ў фэйсбуку была пра навінкі кіно, якіх няма яшчэ ў масавым пракаце, іх яшчэ няма на інтэрнэт-рэсурсах! А ён даваў такі цікавы аналіз: рэцэнзія ад «добрага следчага« і рэцэнзія ад «злога следчага«. І па суме выстаўляў балы. Гэта было вельмі цікава, вельмі хацелася пасля ягоных ацэнак гэта паглядзець.

    Тое, што ён быў зацятым антываксэрам і нігілістам, што да ковіду, таксама было ім аргументавана, і гэта ягоны выбар.

    Гэта вялікая страта для беларускай культуры, для беларускіх медыя. Бо Філімонаў быў адзін з твараў новага, сучаснага беларускага тэлебачаньня, кіна- і музычнай крытыкі», — кажа Аляксандар Памідораў.

    Сяргей Філімонаў

    «Тут галоўнае – Асоба. Асоба вядоўцы»

    У апошнія гады праграмы Сяргея Філімонава выходзілі на тэлеканале, які нядаўна быў прызнаны экстрэмісцкім. Намеснік дырэктара Белсату Аляксей Дзікавіцкі ўзгадвае, як аднойчы яму патэлефанавала народная артыстка Беларусі, знаная дыктарка Зінаіда Бандарэнка і сказала, што спадар Філімонаў шукае працу.

    «Той самы Сяргей Філімонаў?» — перапытаў я. Натуральна, што я, як і шмат прадстаўнікоў майго пакалення, можна сказаць, выраслі на ягонай праграме «Відзьмо-Невідзьмо». Для мяне падалося цалкам натуральным запрасіць спадара Сяргея на Белсат. Разумею, што часы змяніліся: цяпер амаль усе маюць доступ да інтэрнэту і самі могуць пазнаёміцца з навінкамі кіно ці музыкі. Але тут галоўнае — асоба. Асоба вядоўцы», — кажа Аляксей Дзікавіцкі.

    «Вельмі сумна, што я ні разу не сказала, наколькі ён важны для мяне, як я любіла ягоны голас і праграму»

    Мастачка Ніка Сандрас напісала на сваёй старонцы, што вельмі шкадуе, што не паспела выказаць сваё захапленне праграмамі Сяргея Філімонава яму асабіста.

    «Сяргей, вы пашыралі межы нашых маленькіх сусветаў. Мне вельмі сумна ад таго, што я ні разу не сказала, наколькі ён важны для мяне, як я любіла ягоны голас і праграму. Магла сказаць. Але неяк усё саромелася. Шкадую пра гэта. Цяпер ужо позна. Цяжкае пачуццё нявыказанай удзячнасці і любові ўнутры. Нельга саромецца. Калі ёсьць добрае слова для чалавека, трэба бегчы валасы наперад і спяшацца сказаць. Вось пра што думаю сёння. Заўтра можа ня быць», – піша Ніка Сандрас.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці