• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Было зразумела, што расійскіх салдатаў тут парвуць на ўкраінскі сцяг». Як былы аператар ОРТ далучыўся да батальёна Каліноўскага

    Андрэй «Анджэй» Корсак – адзін з найстарэйшых байцоў батальёну Каліноўскага. У вялікім інтэрвію для Свабоды ён расказаў аб працы ў журналістыцы, службе ў савецкім войску, і чым жыцьцё ў Расеі адрозьніваецца ад жыцьця ў Польшчы.

    «Уваход рубель, выхад — два»

    — Андрэй, раскажыце крыху пра сябе.

    — Я родам з Наваполацку, працаваў там на рэгіянальных тэлестудыях апэратарам. У Наваполацку такіх адразу чатыры; так атрымалася, што я ўмудрыўся папрацаваў на ўсіх. Працаваў, дарэчы, нейкі час зь цяперашнім палітвязьням Андрэем Аляксандравым. Потым запрасілі ў Менск, працаваў на БелаПАН да 2016 году, пакуль агенцтва ня сталі прыбіваць паціху. Нейкі час жыў у Расеі, затым зьехаў у Польшчу.

    — Як вам працавалася на БелаПАНе?

    — Успамінаецца, як даводзілася ўцякаць ад міліцыі, каб ня сьцерлі матэрыял. Бывала, што і затрымлівалі. Калі ж атрымлівалася зьбегчы і прынесьці матэрыял, то адчуваў сябе такім героем! Разгром агенцтва, арышт супрацоўніка — адна з прычын, чаму я цяпер ва Ўкраіне. У БелаПАНе працавалі такія моцныя прафэсіяналы, такія выдатныя людзі. Вельмі крыўдна, што цяпер яны сядзяць. Зь Ірай Леўшынай мы жылі па суседзтве, амаль штовечар, калі яна выгульвала сабаку, сустракаліся, яшчэ языкамі мянцілі аб працы, ды і пра ўсё на сьвеце. Зь Дзімам Наважылавым мы пасьпелі папрацаваць разам у беларускім прадстаўніцтве расейскага тэлеканалу ОРТ. Я ведаю ўсіх іх, ведаю, наколькі гэта прыстойныя людзі, і цяпер яны сядзяць у турмах за сваю прыстойнасьць.

    — Ого, дык вы і на расейскую тэлевізію папрацавалі?

    — Калі ведаеце, ёсьць такі беларускі прапагандыст Аляксей Міхальчанка, які вёў перадачы на АНТ. Мы добра знаёмыя па Наваполацку, працавалі разам. Ён частка сыстэмы, там уваход рубель, а выхад зь яе — два. Хаця як пра чалавека нічога кепскага сказаць не магу. Дык менавіта Міхальчанка пазнаёміў мяне зь Дзімам Наважылавым, якому быў патрэбен апэратар на ОРТ. Пасьля ўжо Дзіма прапанаваў мяне Алесю Ліпаю. БелаПАН быў найлепшым калектывам, дзе мне даводзілася працаваць. Проста залатыя людзі, мне іх вельмі не хапае.

    «Міліцыя — бізнэс, армія — бізнэс, царква — бізнэс»

    — Чым займаліся ў Расеі, калі зьехалі туды?

    — Працаваў на будоўлі, на мыйцы аўтамабільнай, заліваў бэтонныя пáлі. Я паглядзеў на Расею знутры — гэта ж нейкі жах. Зладзеі там паўсюль, пачынаючы ад мянта, які скануе цябе на вакзале на прадмет наяўнасьці грошай, і канчаючы прэзыдэнтам. І гэта на ўсіх узроўнях. Міліцыя там — бізнэс, армія — бізнэс, царква — бізнэс. Калі я прыехаў у Польшчу, то ў мяне быў культурны шок, я зразумеў, што ў мяне ёсьць правы, што я магу нешта аспрэчыць. Час у Расеі — гэта як турме адсядзеў.

    — А расейцам праўда ўласьцівы імпэрыялізм? Ці гэта тое, што на іх накінуў Пуцін?

    — Сапраўды ўласьцівы. Калі браць проста чалавека, то ён чалавек як чалавек. Калі ж браць іх як грамадзтва, то, вядома, капец. Ты можаш быць бамжом ці алькаголікам, але пры гэтым з прыдыханьнем гаварыць, што належыш да Расеі, да імпэрыі. Гэта іх так падымае ва ўласных вачах. Толькі па адным праве, што ён расеец, ён глядзіць на ўсіх звысоку — на беларусаў, на ўкраінцаў, на таджыкаў. Я працаваў з таджыкамі — гэта такія афігенныя людзі, з чачэнцамі — тое самае. А гэта і ёсьць нацызм, калі ты лічыш, што твая нацыя вышэй за ўе астатнія.

    — Ці сапраўды Пуціна ў Расеі любяць?

    — Так. У іх грамадзтва пабудаванае так, што мяняюцца толькі шыльды: «Расейская імпэрыя», «СССР», «Расейская Фэдэрацыя». Ня важна як, але ім патрэбен цар, які будзе ўсё вырашаць, каб ні пра што не задумвацца. У Беларусі грамадзянская супольнасьць была нашмат больш разьвітая, нашмат больш ініцыятываў. У Расеі ўсяго гэтага было нашмат меней. Яны радуюцца, што перадаюць адказнасьць за краіну камусьці іншаму. І я ня веру, што яны могуць зьмяніцца.

    «Шанец вярнуць краіну народу»

    — Чаму вы выехалі ў Польшчу?

    — Працу шукаў. Жыў у Варшаве, трошкі ў Кракаве. Працаваў там на заводзе, дастаўкай у IKEA займаўся. Атрымаў від на жыхарства. У 2020 годзе не паехаў у Беларусь, хоць мне і хацелася спачатку паўдзельнічаць у пратэстах. Калі ж пратэсты пераўтварыліся ў «маршы выхаднога дня»: пяць дзён працуем ці што, а на шосты выходзім і паказваем сваю «неверагоднасьць», то я зразумеў, што ехаць няма сэнсу. Адзінае, чаго я мог дасягнуць — каб мяне пасадзілі. Я думаў аж да вайны, што буду ў Польшчы будаваць сваё новае жыцьцё. А тут зьявіўся шанец ня проста вярнуцца, але вярнуць краіну народу.

    — Калі вы апошні раз былі ў Беларусі?

    — У лютым 2021 году. У мяне скончылася віза, езьдзіў працягваць. Жыў на чужой кватэры, карыстаўся чужой сімкай, нідзе не сьвяціўся. Прасядзеў так месяц як мыш пад венікам; тады яшчэ ляталі самалёты, выскачыў і перахрысьціўся.

    «Польшча была, як паездка ў Дыснэйлэнд»

    — Чаму ў вас пазыўны «Анджэй»?

    — Яшчэ ў 1970‑я паехалі з бацькамі да сваякоў у Польшчу. Мне тады было пяць гадоў. Мяне там усе называлі «Анджэй», нават бацькі сталі мяне так называць. Так і засталося са мной на ўсё жыцьцё. Для мяне ўжо тады Польшча была, як паездка ў Дыснэйлэнд. Яна вельмі моцна адрозьнівалася ад СССР: усе ходзяць у джынсах, жуйку можна купіць у краме (сьмяецца).

    — Дык вы з часоў савецкага застою, атрымліваецца, па замежжы падарожнічаеце.

    — Мой дзед і чатыры ягоныя браты ў часы Другой сусьветнай вайны ваявалі ў Польскім войску. Яны родам з Глыбоччыны, гаварылі па-польску. Адзін з братоў загінуў. Мой дзед і яшчэ адзін брат вярнуліся ў Беларусь, а яшчэ двое засталіся ў Польшчы. З тых часоў у нас сваякі там. Яны памятаюць, што іхныя карані зь Беларусі, але лічаць сябе палякамі.

    «Я лічыў, што Пуцін разумнейшы»

    — Што за дзень для вас быў 24 лютага 2022?

    — Шчыра кажучы, быў шок. У мяне шмат добрых сяброў сярод украінцаў, яны цяпер таксама ваююць. Пачалі тэлефанаваць адзін аднаму. Мы кожны вечар зьбіраліся — і ўсе размовы былі пра магчымую вайну. Нават нам ужо тады ўсім было зразумела: калі абвесьцяць вайну, то расейскіх салдатаў тут парвуць на ўкраінскі сьцяг. І будзе менавіта так, як мы бачым цяпер. Трэба быць поўным дэбілам, каб пайсьці на гэта. Я лічыў, што Пуцін трохі разумнейшы чалавек. Высьветлілася, што не. Незразумела, як ён можа кіраваць краінай, калі ня можаш зразумець такіх простых рэчаў.

    — Вы адразу захацелі ехаць ва Ўкраіну?

    — Так, імгненна пачаў шукаць шляхі. Мне было ня важна, ці ехаць валянтэрам, парамэдыкам, ці салдатам. Можна ўсё правільна разумець, пагаварыць, але ў момант, калі пачалася вайна, словы ўжо нічога не рашаюць. Рашаюць учынкі. Калі пачуў, што пры Беларускім доме ў Варшаве фармуецца батальён Каліноўскага, то адразу паехаў туды. Дапамагаў там — нешта паднесьці, нешта загрузіць. Штодня два тыдні я туды езьдзіў, пакуль пытаньне разглядалася.

    «На вайну ехаў не па рамантыку»

    — Колькі вам гадоў?

    — Ужо ва Ўкраіне мне споўнілася 53. Але я тут ня самы старэйшы, што было адкрыцьцём.

    — Фізычныя нагрузкі вам цяжка даюцца?

    — Спачатку было вельмі цяжка, чаго таіць. А цяпер ужо не, нават служба становіцца рутынай. У нас пастаянная ратацыя: нехта на баявых, хтосьці тут. Я яшчэ ня езьдзіў, адзін з самых позьніх. Напэўна, на наступным тыдні паеду.

    — Вы служылі ў савецкім войску?

    — Так, у Закаўкаскай вайсковай акрузе. Базаваліся ў Грузіі. Гэта быў час, калі пачаўся ваенны канфлікт у Карабаху, у саміх баях удзелу не прымалі, але вазілі туды гуманітарку, дапамагалі ўцекачам. Я тады ўжо ўбачыў, што вайна — гэта не рамантыка. Таму і ва Ўкраіну я ехаў не па рамантыку. Адзінае добрае, што ёсьць на вайне, — гэта людзі побач.

    — Гэта ж і пра батальён Каліноўскага?

    — Натуральна. Няма тут выпадковых людзей. А нават калі і зьяўляюцца, то хутка зьнікаюць. Усе вельмі матываваныя, яны гатовыя ахвяраваць сабой за ідэю, за будучыню Беларусі. Лукашэнка аддаў нашу краіну акупантам. Украінцы не забудуць, што Кіеў абстрэльвалі зь Беларусі, яму гэтага ня спусьцяць. А мы не даруем яму 2020 году, Захаранку і іншых.

    «Сьмерць «Волата» цяжка было перажыць»

    — З кімсьці з загінулых беларусаў былі знаёмыя?

    — Толькі з «Волатам». Некалькі разоў размаўлялі. Ён мне дапамагаў. Хацеў зрабіць яму падарунак, а ён ня ўзяў. Ягоную сьмерць цяжка было перажыць. Ён вельмі цудоўны чалавек, у яго была моцная энэргія, сіла. Ён мог ужо не ваяваць, бо быў цяжка паранены ў 2021 годзе. Такія людзі прывыклі ўсе цяжкасьці браць на сябе, у яго вялізная адказнасьць за ўсіх была.

    — Ці пераможа Ўкраіна ў гэтай вайне?

    — Адназначна. Украіна з кожным днём становіцца ўсё мацнейшай, а Расея — слабейшай. Санкцыі таксама падкосяць Расею. Матывацыі ў салдатаў няма ніякай. Гэта бессэнсоўная вайна, ніхто не разумее мэтаў. У Беларусі ніхто, мабыць, ня верыць, што «рыхтавалася нападзеньне з чатырох бакоў». Мабыць, «старэйшы брат» упадзе першым, але і Лукашэнка ня ўседзіць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці