«Я веру ў тое, што мы пабачым іншую Беларусь». Правілы жыцця Андрэя Скурко
Год як сілавікі прыйшлі ў «Нашу Ніву» і разам з бюстам Івана Луцкевіча, заснавальніка выдання, разнеслі рэдакцыю, зняволіўшы Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко. Праўда, бюст Луцкевіча, як і праца выдання былі адноўленыя.
Для Андрэя Скурко, які быў галоўным рэдактарам «НН» у 2006–2017 гадах, гэта не першыя рэпрэсіі ў дачыненні да медыя: быць незалежным журналістам у Беларусі — загартоўвае.
І зараз за кратамі нашанівец робіць усё, каб часы ў няволі не прайшлі дарэмна: чаго толькі вартыя цыклы аўтарскіх дзіцячых вершаў, якія ён, у першую чаргу, прысвячае маленькаму сыну Тамашу.
Літаратурны талент і гістарычная дасведчанасць праяўляюцца і ў яго лістах. Мы сабралі цытаты адтуль, а таксама з ранейшых інтэрв’ю Андрэя на волі — поўныя мудрасці і любові да сям’і, радзімы, жыцця.
Пра выгоду жыцця ў складаны перыяд
«Думалася неяк, што ў гэты складаны перыяд мы, у многіх сэнсах слова, робім задзел на будучыню — у тым ліку і далёкую: і краіна, і кожная сям’я. «Это печальная выгода тревожных времен: они отнимают у людей спокойствие и довольство и взамен того дают опыты и идеи», — пісаў Ключэўскі пра Масковію XVII стагоддзя».
***
«Усе цёмныя перыяды ўрэшце мінаюць, яны не вечныя. Яны дазваляюць адкрыць у сабе новыя магчымасці. Пасталець і зрабіць для сябе ўрэшце нейкія высновы».
Пра зло і пекла
«Раптам зразумеў, што не трымаю зла ні на каго з тых, каму трэба «дзякаваць» за сённяшняе. Павер, яны і цяпер перажываюць пекла, і пасля з ім застануцца, калі для нас ужо ўсё скончыцца».
Пра ўспрыманне выпрабаванняў як настаўніка
«У японскіх баявых майстэрствах, у іх філасофіі, праціўніка раяць успрымаць не як ворага, а як настаўніка. У нашым выпадку праціўнік — гэта не персаналія нейкая, а сітуацыя нашага расстання і звязаных з гэтым нязручнасцей. Мы яе перамагаем, і яна вучыць нас. Кажу гэта да таго, што такія эмоцыі, як гнеў, крыўда, злосць, тут лішнія.
Наадварот, мы пераможам чысцей, калі будзем спакойныя. Эмоцыі пакінем на пасля».
***
«Будзем памятаць выслоўе псіхолага: «Няправільнае пытанне — чаго я хачу ад свету. Правільнае — чаго свет хоча ад мяне»».
Пра сямейны рок-н-рол
«Бываюць сем’і, у якіх нечы паваротны ўчынак (ці сітуацыя, у якую чалавек трапіў) успрымаецца як «гэты дурань (дурніца) улез (улезла) куды не трэба, і цяпер мы праз яго ўсе пакутуем». І нашчадкі імкнуцца дзейнічаць зусім не так, як продак-лузер. А пачынаецца проста з нацягнутых адносін і непавагі ў сям’і — прасцей кажучы, з адсутнасці любові. Апроч унутрысямейнага, ёсць грамадскі фактар. Псіхалагічныя траўмы (або наадварот — светлыя эмоцыі ад салідарнасці і падтрымкі) пасля таксама транслююцца на нашчадкаў. І тут яшчэ многае залежыць ад духоўнай сілы (і розуму) сваякоў: што для іх важней — меркаванне «людзей» ці падтрымка роднага чалавека. І зноў мы тут вяртаемся да адносін у сям’і.
Калі падсумаваць, чым лепшыя, дружнейшыя былі сем’і ў продкаў, тым з большай верагоднасцю на нашчадках адбіваецца тое, што можна назваць «сямейным рокам». Хоць я прапаную называць гэта сямейны рок-н-рол».
Пра гістарычную памяць продкаў
«Задумляючыся пра лёсы продкаў (асабліва захмарна-далёкія, тысячы гадоў таму), асабліва ясна адчуваеш сябе часткай велізарнага кругавароту пакаленняў.
Мы не першыя і не апошнія, не найлепшыя і не найгоршыя — і ўрэшце ўсё міне, «бо векавечны толькі край і далеч, і жоўты ліст на зелені травы». І, разам з тым, ніводнае звяно не лішняе, бо яго адсутнасць спыніла б той кругаварот. Ад кожнага з нас у кожную хвіліну залежыць, куды далей пакоціцца кола нашай шматтысячагадовай вандроўкі».
***
«Нашы ўчынкі і павароты лёсу, апроч разгортвання тут і цяпер, могуць закладаць і праграмаваць рэакцыі на дзесяцігоддзі наперад. Таму трэба ўсведамляць адказнасць. І захоўваць жалезны спакой».
Пра выхаванне дзяцей
«Мне спадабалася, як ты (жонка Паўліна. — НН) сфармулявала пра нежаданне малога расказваць вершы, калі няма настрою для гэтага, і чаму гэта правільна. «Не працаваць на чужую забаву». Гэта сапраўды варта ў ім падтрымліваць, бо часта бацькі робяць наадварот. І дзіця пераступае праз сябе з любові да іх. А пасля ў яго фармуецца ўяўленне, што яго і любяць за дэкламацыі, за добрыя адзнакі і гэтак далей. Хочацца, каб малы быў у кожны момант жыцця ўпэўнены ў нашай любові, каб разумеў, што яго дэкламацыі для гэтага зусім не вызначальныя.
Пра тое, што толькі любоў разбурае муры
«Хацеў падзяліцца адной думкай з кніжкі Іллі Стогава пра ленінградскі рок 80‑х. Ён, калі піша пра Грэбеншчыкова, адзначае, што ў брэжнеўскія часы паралельна з «Акварыумам» існавала нямала іншых рок-гуртоў.
Яны спявалі «мы разбурым гэты мур!», а БГ проста спяваў пра любоў побач са сцяной — і сцяна падала. Стогаў той трохі пафасна піша, але па сутнасці думка падаецца мне правільнай».
***
«Прыкра бясконца быць адарваным ад вас, прыкра за скрадзеныя ў нас дні, але не варта нам марнаваць ніводнай хвіліны на нянавісць, лепш давай патрацім іх на любоў».
Пра комплексы
«Ты пытаешся, якую параду я б даў сабе малому (ці юнаму). Ведаеш, у мяне столькі комплексаў было, страхаў, што зусім іначай жыццё б склалася без іх паступовага пераадолення. А я вельмі шчаслівы, што яно склалася — і далей складаецца — менавіта так, як ёсць».
Пра салідарнасць
«Як сем’і, так і нацыі салідарызуе, у першую чаргу, вялікае супольнае перажыванне. Бо без гэтага перажывання людзі жывуць і не разумеюць часта, што між імі можа быць супольнага — кожны заглыблены ў сваё і па дробязях не падабаецца іншым. Пасля адбываецца штосьці глабальнае — і надыходзіць яснасць, што галоўнае, што не, хто твой сябар, на каго можна разлічваць і гэтак далей».
Пра незалежныя медыя
«Калі ў Беларусі ёсць людзі, і вялікая колькасць, якія хочуць чытаць незалежную прэсу — адпаведна, яны маюць права мець магчымасць доступу да яе».
Пра веру
«Я веру ў тое, што для Беларусі мусіць быць справядлівасць. І наша сённяшняя праца, калі мы будзем упартымі, паслядоўнымі і спакойнымі, дасць плён. Я веру ў тое, што мы жывем у гістарычны час, і што сёння, калі казаць вобразна, пад цяжкім аўтарытарным молатам, куецца будучыня беларускай дэмакратыі. Я веру ў веліч духу нашых палітвязняў…
Я веру ў тое, што мы пабачым іншую Беларусь: гэта не будзе рай на зямлі, гэта будзе краіна з вялізнымі канфліктамі і супярэчнасцямі. Але я таксама веру ў тое, што ў той краіне будзе месца для ўсіх, што там не будзе гнаных за праўду, там будзе свабода, у якой нам яшчэ трэба будзе навучыцца жыць».
Адрас для лістоў Андрэю:
Скурко Андрэй Генадзевіч, атрад 7, Слаўгарадская шаша, 183, Папраўчая калонія №15, 212013, п/а Вейна, г. Магілёў.
Блізкія Андрэя просяць фатаграфаваць тэкст лістоў перад адпраўленнем, каб у выпадку, калі ліст згубіцца, ягоны тэкст застаўся ў архіве.
Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА