• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ты пойдзеш у бой — а я плуг пакірую». Сямейныя гісторыі «вясноўцаў», якіх затрымалі год таму

    14 ліпеня — год, як старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч былі кінутыя за краты за сваю праваабарончую дзейнасць. На волі за іх перажываюць іхнія сябры і калегі, людзі, якім яны дапамаглі. Але асабліва востра адсутнасць Алеся, Валянціна і Уладзя ўспрымаюць іх самыя блізкія людзі: для сямей год таму з дамоў забралі не праваабаронцаў, а сужэнцаў і татаў. 

    viasna_kalazh_snezhan.jpeg

    Таму сёння мы паглядзім на іх вачыма родных і даведаемся пра гісторыі каханняў, распавядзем пра тое, як Уладзь Лабковіч пазнаёміўся з жонкай Нінай падчас назірання за выбарамі, чаму пасля першага спаткання Валянцін Стэфановіч не верыў у працяг знаёмства з будучай жонкай Алінай, а таксама, чым Наталля Пінчук зачаравала Алеся Бяляцкага.  

    Ніна і Уладзь Лабковічы пазнаёміліся падчас адной са шматлікіх паездак праваабаронцы з місіямі назірання за выбарамі. Уладзь імкнуўся кіравацца ў тыя месцы, дзе за дэмакратыю даводзілася змагацца: Украіну, Азербайджан, Сярэднюю Азію. Падчас адной з такіх вандровак ён пазнаёміўся з Нінай Дзярабінай з Казахстана. Разам яны працавалі ў Харкаўскай вобласці Украіны ў 2004 годзе. Сам Лабковіч казаў, што ягоная гісторыя кахання падобная да галівудскай: як толькі сустрэліся, зразумелі, што не могуць адно без аднаго. Першы раз Ніна прыехала да Уладзя ў Менск у госці, а другі раз перабралася канчаткова. Вядома, што спачатку Ніна не ведала беларускай мовы, але за час жыцця ў Беларусі добра вывучыла яе. У сям’і стасуюцца па-беларуску. У пары трое дзяцей: старэйшая дзяўчынка Адэля, а таксама два хлопчыкі-блізнюкі — Адам і Ян. Летась Уладзь упершыню не павёў дзетак у школу.

    labkovich_siamia.jpeg

    Праз два месяцы пасля затрымання Уладзя Ніна Лабковіч пісала, што ў лістах муж цытуе ёй вершы Бродскага па памяці і піша дзецям казку ў якасці падарунка на дзень народзінаў. Асабліва яна адзначала, якія кранальныя лісты Уладзь піша дачцы — «ягонай прынцэсе».  

    У лісце, дасланым напярэдадні 14 лютага, пасля сямі месяцаў затрымання, Уладзь Лабковіч апісваў свой сум праз немагчымасць бачыць сям’ю: 

    «Вось, заўтра, 14 лютага, у мяне сем месяцаў з моманту затрымання. Сем жахлівых і бясконцых месяцаў. А яшчэ заўтра дзень Святога Валянціна — Дзень усіх закаханых. Я пішу жонцы кожны дзень. Заўтра будзе 142 ліст. Абавязкова дашлю паштовачку з віншаваннямі. Але самае невыноснае — гэта немагчымасць бачыць родных, абдымаць дзетак. У мяне зусім не засталося надзеі, толькі любоў і каханне».


    Сёлета Аліна і Валянцін Стэфановічы адзначаюць 20‑ю гадавіну са дня вяселля. Разам яны планавалі падарожжа на Палессе, але замест гэтага Аліна адправіла мужу тэлеграму з цытатай Ларысы Геніюш: «Ты пойдзеш у бой — а я плуг пакірую».

    stefanovich_siamia.jpeg

    Пара пазнаёмілася ў «Маладым фронце». У 1996 годзе Аліна вярнулася з гадавой праграмы ў ЗША, дзе сумавала па Беларусі, таму паступіўны ў МДЛУ, пачала хадзіць на мітынгі і шукаць знаёмстваў з беларускамоўнай моладдзю. Потым яна далучылася за ЗБС, дзе праактыўнічала ўсе студэнцкія гады, але сустрэлася з Валянцінам на сваім першым курсе. Ён займаў кіруючую пасаду ў МФ, быў на сем гадоў старэйшы за дзяўчыну. Больш шчыльнае знаёмства адбылося пазней, праз моладзевую культурніцкую арганізацыю «Будзіны»: там былі сумесныя вечарыны, імпрэзы, шчырыя сяброўскія размовы, а пасля і першыя нашы спатканні сам-насам.

    Але сустракацца пара пачала, ужо калі Валянцін стаў працаваць у «Вясне» — у 1998 годзе.

    «Валік любіць узгадваць гісторыю, як ледзь не на першым спатканні я прыйшла ў белай сукенцы, а ён разліў на мяне таматны сок і баяўся, што на гэтым усё закончыцца, — прыгадвала, Аліна. — Але не: у 2001 годзе мы ажаніліся. Прапаноў было дзве: спачатку ад яго, потым — ад мяне. На маім 5 курсе мы ўжо некаторы час жылі разам, я хвалявалася за залікі і была няшчасная, плакала. І Валік не ведаў, як мяне суцешыць і сказаў: “Ну што табе зрабіць? Ну давай ажэнімся?” Мне тады стала смешна. Але праз некаторы час я сама вярнулася да гэтай тэмы: “А памятаеш, ты мне прапаноўваў? Дык я не супраць».

    Цяпер у пары трое дзетак: сын Адам, дочкі Яна і Марта. Адам з задавальненнем вучыць мовы і плануе паступаць на юрыста. Аліна распавядае, што Валік — вельмі добры бацька, які шмат часу і ўвагі надзяляе выхаванню дзетак. Але цяпер сям’я разумее, што Валянціну будзе спакайней, калі ён будзе ведаць, што яны ў бяспецы.  

    stefanovich_siamia1.jpeg

    У лісце на волю Валянцін пісаў:

    «Увогуле адпачываць з сям’ёй я ездзіў вельмі мала, пра што зараз вельмі шкадую… Час так хутка бяжыць і вельмі шкада яго. Хочацца больш часу быць са сваімі любімымі і каханымі. Гэта асабліва пачынаеш цаніць з узростам, калі адчуванне бясконцасці жыцця знікае і пачынаеш адчуваць ліміты часу. Так што трэба цаніць час, цаніць кожную хвілінку, якую ты можаш правесці са сваімі каханымі і дарагімі».


    Алесь Бяляцкі і Наталля Пінчук пазнаёміліся ў 1982 годзе ў Лоеве на вяселлі стрыечнага брата дзяўчыны. На імпрэзе Алесь выступаў гітарыстам у складзе студэнцкага гурта «Баскі». Алесь запрасіў Наталлю танчыць, потым праводзіў дахаты. На наступны дзень знаёмства працягнулася.

    У кнізе «Бой з сабой» Алесь Бяляцкі так узгадвае сустрэчу з будучай жонкай:

    «Падчас танцаў пад магнітафон я пазнаёміўся з адной дзяўчынай у крэмавай сукенцы з кароткім рукавом, з коратка падстрыжанымі кучаравымі чорнымі валасамі. Як толькі гучаў павольны танец, я шукаў вачамі яе ў натоўпе, падыходзіў і запрашаў. Яна ўсмешліва пагаджалася, і цяпер ужо пад нашымі нагамі мякка калывалася зямля. Позна ўвечары, калі госці паступова пачалі разыходзіцца, я павёў праводзіць яе дахаты… Мы прагулялі па ціхіх цёмных лоеўскіх вулічках і працалаваліся ўсю ноч. Наталя была ціхай і маўклівай, усё больш пасміхалася, гаварыў пераважна я і пра штосьці ў яе распытваў. Тады яна адказвала на мае пытанні. 

    Назаўтра мы ўжо не гралі. Разам з гасцямі, якія ізноў напоўнілі хату і двор, мы селі за стол. Неўзабаве прыйшла гэтая маладзенькая чарнявенькая і кучаравенькая сваячка маладога. Зранку яна спадабалася мне яшчэ болей. У яе былі выразныя рысы твару, роўны авал тварыка, які звужаўся да падбародка, і вельмі далікатная скура. Я чытаў некалі перад гэтай сустрэчаю з ёй вершы персідскіх паэтаў. Там яны параўноўвалі абліччы персідскіх прыгажуняў з пяшчотным і далікатным персікам. Калі я паглядаў на сваю новую знаёмую, дык разумеў, што вось менавіта пра такіх персіянак і пісалася ў іхніх рубаі.

    …Дзесьці ў абед трэба было развітвацца і ад’язджаць. Пад’ехаў аўтобус, мы загрузілі свае інструменты, у пасажырку селі таксама тыя з гасцей, каму трэба было дабрацца да Рэчыцы, праз якую мы мусілі праехаць, і да Гомеля. Праз шыбу я махаў дзяўчыне, з якой пазнаёміўся, таньчыў і цалаваўся ўсю ноч. Яна пасміхалася мне ў адказ. І ў мяне было адчуванне, што я губляю штосьці такое, што я не павінен згубіць. Былі ў мяне знаёмыя дзяўчынкі і дагэтуль. Але вось такое адчуванне з’явілася ўпершыню». 

    bialiacky_siamia.jpeg
    Вяселле Алеся Бяляцкага і Наталлі Пінчук

     

    Потым студэнтка лоеўскай педвучэльні Наталля і студэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Алесь праходзілі працавалі піянерважатымі падчас летняй практыцы. Пара пабралася шлюбам у 1987 годзе, калі Алесь вучыўся ўжо ў аспірантуры ў Менску. У дзень свята маладёны ўсклалі кветкі да помніка Максіму Багдановічу, пасля пайшлі ў рэстаран «На ростанях».    

    «Мне спадабалася, што ён такі вельмі галантны, выкшталцоны кавалер, – успамінала Наталля. ­– Нахабства у меру – таму ўто без яго хлопцу немагчыма заляцацца – і ў той жа час далікатны. Мяне адразу падкупіла тое, што Алесь высакародны чалавек».

    bialiacky_siamia1.jpeg
    Алесь Віктаравіч з сынам Адамам

     

    Калі ў 1988 годзе ў пары нарадзіўся сын Адам, некалькі месяцаў Наталля жыла ў бацькоў Алеся ў Светлагорску, пакуль маці Алеся – Ніна Аляксандраўна – не дала маладой сям’і грошы, што ўтаргавала на клубніцах, каб яны маглі здымаць кватэру ў Менску. Бацька ж Наталлі, калі постфактум даведаўся пра шлюб дачкі, папярэдзіў: «Глядзі, каб гэта ўсё Сібірру не скончылася!»

    Наталля ўзгадвала, што нягледзячы на занятасць, у Алеся заўсягды знаходзіўся час на сына, першым словам Адама было «Тата».  

    У кнізе Алеся Бяляцкага «Турэмныя сшыткі» ёсць такая цытата з ягонага ліста:

    «З галавы не выходзіць размова з Наталяй наконт Адама. Той ніяк ня можа ўвайсьці ў каляіну. Хоць і ходзіць на заняткі, але, як яна кажа, зьбіраецца браць акадэмічны. Можа, так і лепей. Можа, занадта хутка ён ішоў наперад, можа, і час прыпыніцца. Чакаю ад яго ліста. Калі ў сям’і ўсё добра, тады і ня думаеш пра гэта, заняты сваімі клопатамі. А калі вось узьнікаюць праблемы, тады разумееш, наколькі важныя для цябе твае сямейнікі, іх спакой і посьпехі».

    «Учора атрымаў два лісты з аплаткамі. Зранку паламаў і ў думках найперш падзяліўся з Адамам і Наталяй. Потым — зь іншымі сябрамі-католікамі».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці