• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Франак Вячорка: «Казаць, што былі спробы ціску на медыі, — несправядліва»

    У апошнія месяцы сярод прадстаўнікоў дэмакратычных сіл да штабу Святланы Ціханоўскай гучыць шмат пытанняў. Часцей за ўсё яны тычацца размеркавання выдадзеных фондамі грошай, падзелу ўлады і ўплыву на СМІ і тэлеграм-каналы. «Зеркало» пагутарыла з саветнікам Ціханоўскай Франакам Вячоркам пра размеркаванне грошай, яго ўплыў на медыяпавестку, працу Кабінета і планы на будучыню. Мы перадруковаем блок, датычны медыя.

    — Некаторыя абвінавачваюць цябе ў тым, што ты спрабаваў уплываць на павестку СМІ і тэлеграм-каналаў. Ты рабіў гэта пасля далучэння да офіса Святланы Ціханоўскай?

    — Увосень 2020 года, калі былі вулічныя пратэсты, мы каардынавалі павестку з тэлеграм-каналамі. Потым быў створаны сітуацыйна-аналітычны цэнтр, куды ўвайшлі прадстаўнікі асноўных тэлеграм-каналаў, BYPOL, некаторыя лідары меркаванняў і палітыкі. Ідэя САЦ была ў тым, каб маршы і пратэсты праходзілі больш бяспечна для іх удзельнікаў. Гэты фармат існаваў нейкі час, пакуль пратэсты не згаслі. Цяпер на павестку я не ўплываю, задачы не стаўлю. Але, канечне, у мяне ўсе сябры — журналісты, я і сам журналіст па прафесіі. Маё кола сяброў — гэта блогеры, тэлеграмеры, ютуберы. Я сам прыйшоў з медыясектара.

    — У пытаннях уплыву на СМІ і на каналы ты сам выступаеш за празрыстасць?

    — За празрыстасць — так. Журналісты павінны самі вырашаць, пра што пісаць. Ніхто не мае права казаць ім, што рабіць.

    У канцы ліпеня экс-следчая і актывістка Святлана Хілько выклала ў Face­book даныя грамадскай арганізацыі «Info­point Net­work» (папярэдняя назва — Woke), заснавальнікам якой з’яўляецца Франак Вячорка. Хілько звярнула ўвагу, што гадавы абарот гэтай структуры склаў 400 тысяч еўра. Гэта выклікала мноства пытанняў у сацыяльных сетках.

    Як расказаў сам Франак Вячорка, «Info­point Net­work» — гэта некамерцыйная арганізацыя, якая займаецца кансалтынгам і прасоўваннем медыяпраектаў. На сайце арганізацыі пазначана, што гэта найбуйнешая медыясетка ва Усходняй Еўропе, альянс дзясяткаў незалежных медыяпраектаў, які падтрымлівае незалежныя прадэмакратычныя медыя ў Беларусі, Украіне і Расіі. «Info­point Net­work» з’яўляецца заснавальнікам «Info­point Agency» — гэта кампанія, якая дапамагае медыям знаходзіць партнёраў сярод бізнэсаў і брэндаў, каб медыі мелі большы камерцыйны даход і развіваліся. Агенцтва працуе з больш чым 35 выданнямі на беларускай, рускай, украінскай, англійскай мовах. Сярод іх KYKY.org, The Vil­lage (беларускі і ўкраінскі), «Украінская праўда», hro­madske, «Лига.нет», Kyiv Inde­pen­dent і іншыя. Абедзьве арганізацыі зарэгістраваныя ў Літве.

    Па словах Вячоркі, «Info­point Net­work» была створаная яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. З усімі пытаннямі пра дзейнасць «Інфапоінта» ён прапаноўваў звяртацца да выканаўчай дырэктаркі арганізацыі Сашы Раманавай (яна таксама дырэктарка KYKY.org і The Vil­lage).

    — У інтэрв’ю «Нашай Ніве» ты сказаў, што з’яўляешся адным з заснавальнікаў «Інфапоінта»: «Так, фармальна я падпісваю дакументы, нясу юрыдычную адказнасць, але ўсімі працэсамі кіруюць іншыя менеджары». Атрымліваецца наступная сітуацыя: па-першае, ты — калега Сашы Раманавай, якая мае дачыненне да двух СМІ. У іх выходзяць інтэрв’ю і з Валерыем Кавалеўскім, і з табой. Як беларус можа быць упэўнены ў тым, што ты не карыстаешся сваімі службовымі паўнамоцтвамі і не кажаш, што павінна быць на старонках СМІ, а што не?

    — Так, добрае пытанне. Але дзейнасць і KYKY, і The Vil­lage выдатна паказвае, што яны даюць слова ўсім. Яны аб’ектыўныя, і крытычнымі бываюць у тым ліку і ў дачыненні да мяне. Я думаю, што яны сваёй дзейнасцю дэманструюць: уплыву і заказухі няма і не можа быць.

    — Але на чале арганізацыі ўсё роўна стаіш ты, твой подпіс — на паперах. Закрадаецца думка, што твой уплыў на павестку ўсё ж ёсць. Нават калі ты не кажаш, пра што пісаць, наўрад ці работнікі згаданых каналаў — да прыкладу, «Кулуары KYKY» — рызыкнуць выступіць з крытыкай цябе ці задаць вострыя пытанні ў інтэрв’ю.

    — Усё ж KYKY — незалежнае СМІ і само вызначае сваю палітыку. «Інфапоінт» не кіруе KYKY, а знаходзіцца ў партнёрскіх адносінах. Але каб выключыць канфлікт інтарэсаў, мы дамовіліся, што пытанне з дакументамі будзе вырашанае і Саша стане ў тым ліку фармальным кіраўніком «Інфапоінта».

    — Але я пытаюся пра час да прыняцця гэтага рашэння. У цябе былі думкі пра тое, што такія пытанні ад беларусаў ці ад тваіх апанентаў або журналістаў могуць быць?

    — Могуць, абсалютна. І я разумею, чаму гэтыя пытанні з’яўляюцца.

    — Як ты лічыш, афіліраванасць журналістаў у працу штаба — гэта нармальна?

    — Я думаю, самае важнае, каб людзі ведалі пра гэтыя сувязі. Тут праблема не ў тым, што сама такая сувязь ёсць. Я ж не вінаваты ў тым, што я сам журналіст па прафесіі, што я ўсё жыццё ствараў медыя. Гэта не мая віна. Самае важнае — каб беларускае грамадства пра гэта ведала. Так, Франак займаўся медыя, працаваў на «Радыё Свабода», з’яўляецца заснавальнікам «Інфапоінта».

    І людзі ведаюць пра гэта — таму што гэта публічная інфармацыя, якая не ўтойваецца і не ўтойвалася. Яна даступная на грамадскіх сайтах і на сайце «Інфапоінта». Калі людзі ведаюць заснавальнікаў, яны могуць зрабіць высновы і могуць крытычна мысліць. Самае галоўнае — каб яны былі пра гэта праінфармаваныя. Калі б гэта нейкім чынам утойвалася, тады гэта была б іншая гісторыя.

    — Дакументы знаходзяцца ў агульным доступе, але ніхто са звычайных беларусаў не стане вышукваць іх на нейкіх сайтах. Публічна яны з’явіліся толькі зараз. Напрыклад, беларусы маглі б даведацца, што ў цябе ёсць працоўныя адносіны з журналістамі KYKY ці The Vil­lage, дзе выходзяць інтэрв’ю з табой, з дапамогай дысклеймера. Але ў тэкстах іх няма.

    — Я заснавальнік арганізацыі, якая партнёрыцца з KYKY, The Vil­lage і тэлеграм-каналамі. Пры гэтым усе медыя захоўваюць сваю рэдакцыйную незалежнасць. Паміж намі няма іерархічных ці субардынацыйных адносінаў. Не мне ўказваць KYKY, што пісаць і што не. Яны самі вызначаюць, якія дысклэймеры ім пазначаць. Акрамя таго, я не з’яўляюся чыноўнікам ці дэпутатам, мая роля — роля палітычнага дарадцы. Так, я разумею, што на мне вялікая адказнасць, што я працую ў офісе нацыянальнага лідара. Але я не змагаюся за партфелі, не ўваходжу ў Кабінет. Ёсць справядлівая крытыка, але ў дадзенай сітуацыі абвінавачанні нацягнутыя.

    — Гэта крыху нагадвае апраўданні. Відавочна, што ты каля Ціханаўскай, што ты ўплываеш на яе і прымаеш рашэнні. Ціханоўская ўяўляе сабой фігуру, якая супрацьстаіць прынцыпам улады Лукашэнкі. І менавіта гэтай адкрытасцю і шчырасцю штаб падкупляў. Той факт, што саветнік Ціханоўскай мае адносіны да даволі буйных тэлеграм-каналаў, СМІ і рэдактараў, але пра гэта публічна не гавораць, можа пасеяць сумненне ў гатоўнасці быць празрыстымі.

    — Я ніколі не хаваў свае дачыненні да тэлеграм-каналаў і медыяў, расказваў пра гэта ў інтэрв’ю. Гэта была мая ініцыятыва сабраць буйныя тэлеграм-каналы разам у 2020‑м годзе. Гэта дапамагло ў арганізацыі маршаў і асвятленні пратэстаў. Казаць, што былі спробы ціску на медыі, — несправядліва.

    — Ты казаў, што ў «Інфапоінце» проста ставіш подпіс на дакументах. Ты не ўмешваешся ў рэдакцыйную палітыку?

    — У «Інфапоінта» няма рэдакцыйнай палітыкі. Гэта НДА, у якога шмат партнёраў і якое займаецца рэалізацыяй нейкіх праектаў, звязаных з кантэнтам. Зараз у гэтым НДА працуе куча людзей з самых розных сектароў. Я маю дачыненне толькі да некаторых тэлеграм-каналаў — гэта мая роля. У дакументах фігурую толькі я, бо калі рэгістравалі, я быў адзіны, хто пагадзіўся свяціцца. Многія мае калегі, журналісты, з’яўляюцца непублічнымі асобамі і не гатовыя ісці на такую рызыку.

    — Было такое, што на планёрках «Інфапоінта» ты казаў прыбіраць нейкія звесткі аб Святлане Ціханоўскай або іншых ініцыятывах?

    — Не.

    — Па словах нашай крыніцы ў арганізацыі, ты наўпрост прымаў удзел у планёрках і ў тым ліку рэкамендаваў прыкладна 15 тэлеграм-каналам пісаць пра дзейнасць Святланы Ціханоўскай. Часам нават казаў выдаляць нешта, што табе не падабалася. Па сутнасці, дарадца Ціханоўскай фармаваў павестку сеткі СМІ і каналаў. Гэта праўда?

    — Планёркі офіса з тэлеграм-каналамі адбываліся досыць рэгулярна ў мінулым годзе. Звычайна мы расказваем, якая павестка Офіса на наступныя месяцы, над чым мы працуем. Удзел у планёрках добраахвотны, на іх прысутнічаюць рэдактары тэлеграм-каналаў, у тым ліку тых, якія ўдзельнічалі ў арганізацыі пратэстаў. Пэўны час некаторыя тэлеграм-каналы нават былі на адным паверсе з офісам. Гэта не сакрэт, што пратэсты, якія арганізоўваліся восенню 2020 года, у тым ліку сінхранізаваліся з офісам.

    — Я пытаюся не пра пратэсты, а пра сувязь са СМІ… Пра тэлеграм-канал KYKY, напрыклад.

    — Ну, гэта яны самі ўжо вызначаюць, якая ў іх роля. Я думаю, вам лепш запытацца ў KYKY і Сашы Раманавай, якім чынам адбываецца фармаванне іх рэдакцыйнай палітыкі. Такія сустрэчы адбываюцца рэгулярна, у тым ліку і з медыя. Але загадаць, што ім пісаць, а што не… Такіх паўнамоцтваў у мяне няма.

    — Ты сказаў, што гэтае рашэнне — адказнасць KYKY. Я згодная, што рашэнне прымае рэдакцыя. Але ёсць і штаб, які ведае, што ў такім выпадку да яго могуць узнікнуць пытанні пра сувязь СМІ і яго прадстаўнікоў. Вы маглі б адмовіцца ад ідэі залучаць у працу журналістаў, але вы вырашылі інакш. Чаму?

    — Па-першае, я лічу, што офісу трэба больш уключаць журналістаў, трэба больш камунікаваць і больш супрацоўнічаць у тым ліку і па беларускай павестцы, і па больш стратэгічнай супрацы. Зараз ёсць палітычна актыўныя медыя (тэлеграм-каналы), яны не з’яўляюцца традыцыйнымі СМІ. Ёсць традыцыйныя СМІ, якія кіруюцца журналісцкімі стандартамі, нейтральнасцю, аб’ектыўнасцю і гэтак далей. І гэта вялікая розніца. Але наша задача — аднолькава камунікаваць і з тымі, і з тымі.

    — У інтэрв’ю НН ты сказаў, што блогер Антон Матолька не з’яўляецца супрацоўнікам офіса. Пры гэтым сам блогер кажа, што сядзіць у офісе «ў кутку». Яго дзяўчына, Насця Рагатко, прымае ўдзел і ў працы штаба, і кіруе рэдакцыяй KYKY. У інтэрв’ю «Зеркалу» яна сама казала, што «не ўмее быць над схваткай, калі ведае, што можа быць карыснай». Пры гэтым, па нашых звестках, яна грае важную ролю ў дзейнасці «Інфапоінта». У планёрках арганізацыі прымаў удзел і ты. Але ты настойваеш, што ніяк не ўплываеш на павестку СМІ і тэлеграм-каналаў. Растлумачыш гэтыя супярэчнасці?

    — Я не займаюся «Інфапоінтам» ужо досыць працяглы час. Гэта НДА, якое я стварыў, якое я вырасціў, у якое я ўклаў душу. Але калі апошнія паўтара года я займаўся працай у офісе, у мяне не засталося часу гэтым займацца. Лепш за ўсё задаць пытанні тым, хто ўваходзіць у савет «Інфапоінта» і хто ім кіруе. Зараз гэта іншыя людзі.

    Давайце разбярэмся. «Інфапоінт» — гэта не СМІ, гэта недзяржаўная арганізацыя (НДА), куды ўваходзяць розныя медыя і розныя СМІ. Ёсць офіс — палітычная структура. Ёсць НДА — і я ўваходжу шмат у якія НДА, у розныя саветы, я шмат чаго стварыў за сваё жыццё. Але гэта не СМІ, у мяне няма там кантракту ці рэдактарскай ролі. І гэта нармальна, калі чалавек належыць да розных арганізацыяў. Іншая справа, калі адбываецца канфлікт інтарэсаў. Нельга злоўжываць знаходжаннем у адной арганізацыі, каб уплываць на нейкія іншыя. Дык вось гэта не той выпадак.

    — Згодна з тваімі словамі, ніякага дачынення да фармавання павесткі тэлеграм-каналаў ты не маеш. Тады навошта табе заставацца ў арганізацыі, калі, па-першае, ты з гэтага не атрымліваеш ні фінансаў, ні медыйнай падтрымкі. Па-другое, да цябе, як да палітыка, з’яўляюцца пытанні аб празрыстасці. І па-трэцяе, гэта могуць выкарыстоўваць твае апаненты для абвінавачання ў маніпуляванні СМІ.

    — Да гэтага часу не было ахвотных, якія былі б гатовыя паставіць пад гэта сваё імя. У многіх ў Беларусі знаходзяцца сем’і ці ёсць іншыя сувязі. Паставіць сваё імя — гэта адразу падпісаць сабе прысуд. І паколькі Франаку няма што губляць, я заўсёды выклікаюся там, дзе трэба падставіць плячо. Але зараз перапісаць дакументы — гэта чыста фармальнае пытанне. Саша Раманава займаецца тым, каб падпісаць дакументы. Я з задавальненнем пайду насустрач і ўсе дакументы перааформлю. Аднак пры гэтым прэтэнзій па іншых арганізацыях няма… Таму ўзнікаюць падазрэнні, што гэта высасаныя з пальца абвінавачанні.

    Чытайце яшчэ:

    Ровно год назад рано утром силовики пришли в БелаПАН

    «Моя работа часто казалась мне бесполезной»: чем измерить роль журналистики в авторитарных государствах?

    «Ён мае аўтарытэт і сярод „палітычных“, і сярод крымінальнікаў». Як сядзіць журналіст Дзяніс Івашын, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці