• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Маё жыццё — таксама суцэльныя кампрамісы». Канстанцін Каверын — пра бяссілле, БАТЭ і свой спосаб не ўпасці ў дэпрэсію

    Экс-радыёвядучы Канстанцін Каверын больш за паўгода жыве ў Варшаве, дзе з калегай Людмілай Міласлаўскай вядзе ютуб-шоу «Звычайная раніца». Пра новы для яго горад, жыццё вакол беларускіх падзей і сэнс сваёй працы Каверын расказаў «Нашай Ніве».

    «Сказаць, што нехта па-за палітыкай — усё роўна, што назваць яго чалавекам па-за гігіенай»

    «Наша Ніва»: З чаго складаецца цяпер ваша жыццё?

    Канстанцін Каверын: Ранішні эфір, абед, пасляабедзенны сон на працягу 40–60 хвілін. Потым кубак кавы і праца — штодзённае пагружэнне ў беларускі парадак дня. Пасля працы ў мяне шахматы і сон.

    «НН»: Вы задаволеныя тым, што робіце цяпер?

    КК: Думаю, так. Зразумела, у якіх умовах мы працуем, як страшна людзям у Беларусі глядзець тое, што мы робім. Тым не менш, яны глядзяць, у нас растуць прагляды і колькасць падпісантаў і лайкаў, то-бок мы патрэбныя і робім правільную справу — ва ўсякім разе, мне хочацца ў гэта верыць. Але здаецца, што для канала, якому яшчэ няма і года, 20 тысяч падпісантаў і штодзень дзве тысячы гледачоў анлайн — добрыя паказчыкі.

    «НН»: Чаму ў вашым жыцці з’явілася палітычны парадак дня? Раней, наколькі ведаю, вы не працавалі з ім так шчыльна.

    КК: Бо пачалася вайна і ў краіне ў поўны рост устала дыктатура, ды і не бачу цяпер прычын не аказацца ў палітычным парадку дня. Палітыка — гэта ж такая рэч, у якой мы жывём штодзень, і сказаць, што нехта па-за палітыкай — усё роўна, што назваць яго чалавекам па-за гігіенай. Маўляў, не буду чысціць зубы і мыцца, бо я па-за гігіенай, навошта? Але тады рана ці позна ад цябе пачнуць адварочвацца людзі, і ў канцы канцоў ты сам згніеш.

    Цяпер кажуць, маўляў, тэатр, спорт, жывапіс — па-за палітыкай, але ўсё гэта — спробы апраўдаць сябе, самападман. Я не мог не аказацца ў палітычным парадку дня, бо ў канчатковым выніку гэта маё жыццё і мая шкурная зацікаўленасць, галоўнае, што на мяне ўплывае. Я хачу, напрыклад, гуляць у футбол ці пісаць песні, але мяне проста могуць пасадзіць у турму за тое, што я не так гуляю ў футбол ці пішу не тыя песні. Калі ў кагосьці атрымліваецца дагэтуль быць па-за палітыкай, рады за такіх людзей, але думаю, што рана ці позна палітыка прыйдзе да іх, ужо прыходзіць паціху.

    «НН»: А як наконт непалітычнага, простых радасцей жыцця? Маюць яны права на існаванне?

    КК: З гэтым больш цяжка, але як жа! Заўсёды прыемна выпіць кубачак кавы ў кавярні, паслухаць музыку, паглядзець кіно, якое наўпрост не звязанае з паліттэхналогіямі. Але

    пакуль ідзе вайна, пакуль у Беларусі адбываецца вядома што, каву з цыгарэткай у сонечнай Варшаве я выпіваю з думкай пра тое, што я, напэўна, усё-ткі мудак, і я не магу быць да канца шчаслівы. Гэта ўнутранае пачуццё, якое немагчыма перамагчы.

    Розумам я ўсведамляю, што цалкам маю права на гэтае маленькае штодзённае шчасце, але сэрца не пакідае мяне ў спакоі. Проста таму што ёсць людзі, якія гутараць са мной на адной мове і маюць адно паходжанне, але цяпер яны страшна пакутуюць, і я нічога не магу з гэтым зрабіць, і таксама ў гэтым вінаваты.

    «НН»: Але ж можна, напрыклад, пералічыць грошы на карысць палітвязняў ці зрабіць для іх нешта яшчэ.

    КК: Лічу, што інфармацыйная вайна не менш важная, чым простае валанцёрства і іншая дапамога. Часам мару пра тое, каб стаць айцішнікам, выключыцца з парадку дня і жыць сваё жыццё так, як большасць людзей на планеце Зямля, без штодзённых пагружэнняў у гэтае пекла і з захаваннем свайго псіхічнага здароўя. Але я ўсё-ткі займаюся тым, чым займаюся, і раблю ў гэтым выпадку тое, што магу. І, паколькі гэта мая прафесія, раблю тое, што было б карысна людзям, якія падзяляюць заходнія каштоўнасці ў гэтай барацьбе супраць цемрашальства.

    «НН»: Гэта прынцып «рабі, што можаш, і няхай будзе, што будзе»?

    КК: Канешне, акучвай сваю дзялянку. Хочацца дапамагчы ўсім і адразу, усё спыніць і пакараць вінаватых, і зрабіць гэта так, каб не выходзіць са сваёй кватэры, але гэта ж немагчыма. Таму патроху робім унёсак у агульную справу.

    Нічога іншага не зробіш. Можна, канешне, узяць аўтамат, паехаць у Бахмут. Але, па-першае, я вельмі баюся смерці і вайны, па-другое, мне здаецца, я больш карысны на інфармацыйным фронце, чым на фронце з аўтаматам.

    «Часам хочацца сказаць, што ў цябе баліць, а табе супрацьстаяць мільёны абыякавых, але розумам усведамляеш, што гэта не так»

    «НН»: Як ставіцеся да тых, хто жыве так, нібыта палітвязняў няма?

    КК: А як яны павінны жыць? У кожнага чалавека свая гісторыя. Напрыклад, айцішнік з’ехаў з Беларусі. Ён радасна катаецца па свеце, піша свае коды і атрымлівае заробак. У яго ўсё добра, і нам здаецца, што для яго не існуе ні палітвязняў, ні вайны. Але на самой справе ёсць, і мы ніколі не даведаемся, наколькі ў яго баліць і пра што яны гавораць за вячэрай з жонкай, колькі тысяч даляраў ці еўра ён ахвяраваў УСУ ці ў фонд «Байсол». Аднак ёсць і тыя, хто пайшоў у разгар вайны на мінскі канцэрт Лепса, і пра іх магу сказаць, што яны маральныя вырадкі.

    Часам хочацца сказаць, што ў цябе баліць, а табе супрацьстаяць мільёны абыякавых, і, бывае, я зрываюся. Але розумам усведамляеш, што гэта не так, і абагульняць кагосьці да паняцця «яны» проста неразумна.

    «НН»: Гісторыі пра тое, як Лепс і хакейнае мінскае «Дынама» збіраюць «Мінск-Арэну», вас пужаюць?

    КК: Яны мяне вельмі моцна засмучваюць. У Мінску я жыў недалёка ад «Мінск-Арэны». Недзе ў 2020–2021 годзе ў адным з мясцовых пабаў сустрэлі з кампаніяй хлопцаў, якія ішлі з матча, яны яшчэ былі з хакейнымі шалікамі. У нас да іх узнікла пытанне, маўляў, чаму вы туды ходзіце, вы ж разумееце, што гэта праўладная гісторыя. Пачулі ў адказ: дык што мы, мы ж гэта самае, квіток на працы далі, мы ж дзеля дзяцей, абанемент жа набыты, трэба дахадзіць… Калі гутарыш з канкрэтным чалавекам, бачыш, што яму проста вельмі падабаецца хакей і ён пераступіў праз сябе. Ён разумее, што адбываецца. Калі мы хочам, каб людзі не хадзілі на хакей, мы ж мераем па найвышэйшых узорах сумлення, але ўсё нашмат складаней.

    Упэўнены, што і на Лепса пайшло вельмі шмат людзей, якія не падтрымліваюць вайну, ім не падабаецца палітыка Расіі і Лукашэнкі. Але мяне гэта засмучвае.

    «НН»: Што вы самі робіце, каб абстрагавацца ад цяжкага інфармацыйнага парадку дня?

    КК: Шахматы мне дапамагаюць, кніжку магу пачытаць. Але мне складана, бо люблю рускую літаратуру і не магу цяпер яе чытаць. Пастаянна лезуць думкі, як гэта яны так добра пісалі, а ў выніку краіна прыйшла да такога.

    А так — як ва ўсіх: серыяльчык паглядзець, у парк схадзіць. У маім жыцці стала менш алкаголю, бо разумею, што гэта — шлях у нікуды. Не, я не адмовіўся ад яго, раз на тыдзень магу выпіць, і мне хапае. Хачу сказаць тым, хто знаходзіцца ў дэпрэсіўным стане і спрабуе гэта заглушыць алкаголем: чым менш ты бухаеш, тым радаснейшае тваё жыццё.

    Здаровы лад жыцця? Не, мала рухаюся, хаця люблю велік, але тут трэба сябе прымусіць. Хаця, калі робіш нешта такое, потым заўсёды адчуваеш кайф.

    «НН»: Варшава, дзе вы жывяце, падыходзіць для велашпацыраў?

    КК: Так, тут нашмат больш безбар’ернай прасторы, чым у Мінску. У параўнанні з ім Варшава — рай для веласіпедыстаў, але кажуць, што ў Амстэрдаме яшчэ лепш.

    Мне было вельмі цяжка прыняць Варшаву, у першыя месяцы эміграцыі выў па начах, мне сніўся Мінск. Але цяпер Варшава патроху ўваходзіць у мяне. Палякі вельмі таварыскія, спагадныя, добрыя, і гэта захапляе. Мне падабаецца горад, люблю хадзіць па гэтых старадаўніх вулачках. Вядома, Варшава была разбураная падчас вайны і яе аднавілі, але зрабілі гэта прыгожа, і калі на дварэ вясна і свеціць сонца, усё гэта ўлагоджвае.

    Мне падабаецца варшаўскі грамадскі транспарт. Вельмі рэдка езджу за стырном тут, хаця ў Мінску толькі так і ездзіў.

    «Еўропа стаіць на нашым баку»

    «НН»: Якім вы бачыце сваё вяртанне ў Беларусь?

    КК: Трыумфальным. Мы ўсе сустракаемся ў цэнтры Мінска, шпацыруем, даём канцэрты. Вакол усё бела-чырвона-белае, ракой ліецца шампанскае, тыдзень мы святкуем без сну і адпачынку, усе радуюцца і шчаслівыя. Наступныя месяцы спрабуем аднавіць адно аднаго на пасадах, каб мы прыступілі да адбудоўвання новай шчаслівай Беларусі. Паралельна з гэтым ідзе працэс люстрацыі.

    Калі казаць вобразамі, уяўляю сабе вяртанне ў Беларусь як дзень 16 жніўня 2020 года ва ўсім Мінску. Шарыкі, кветкі, шчаслівыя дзеці, сігналы машын і людзі, якія складваюць пальцы знакам «віктары».

    «НН»: Вы дапускаеце, што можаце не вярнуцца ў Беларусь?

    КК: Канешне. Дачка мая, напрыклад, не хоча вяртацца, ёй тут падабаецца. Але мне стане нашмат лягчэй, калі я змагу проста туды прыязджаць на нейкі час. Шмат хто мне кажа, што настальгія — гэта не праблема, два тыдні ў Беларусі — і на наступны год яе здыме як рукой. Адказваю, што гэта вельмі добра, але я не магу прыехаць у Беларусь на два тыдні, я там застануся не па сваёй волі нашмат даўжэй.

    Перш чым казаць пра татальнае вяртанне, трэба хаця б паспрабаваць прыехаць. Прыеду, паадзначаем, а потым будзем глядзець, што далей. Не абавязкова ж павінна быць чорнае і белае, я толькі тут ці я толькі там. Як толькі стане магчымым бяспечна прыехаць у Беларусь, я гэтым скарыстаюся, а далей пабачым.

    «НН»: Ці не маеце цяпер адчуванне бяссілля?

    КК: Часам — так, здаецца, што ўсё прапала, а часам наадварот, хочацца жыць і працаваць, бо разумееш, што ўсё не дарма.

    «НН»: Што дапамагае ўсвядоміць гэта?

    КК: НАТА, украінскія войскі, краіны Захаду. Часам думаю, што калі беларусы кажуць, што нас большасць, гэта не так ужо несправядліва, бо

    ў Еўропе жыве амаль 750 мільёнаў чалавек. І ўсе гэтыя людзі, за невялікім выключэннем, стаяць на нашым баку — баку еўрапейскіх каштоўнасцей і здаровага сэнсу, правоў чалавека і волі.

    Вельмі шмат людзей пішуць мне ў сацсетках: так, мы затаіліся, не ставім лайкі і нічога не каментуем, і ўвогуле, я выдалю гэтае паведамленне, як толькі вы яго прачытаеце. Пішуць з розных рэгіёнаў і сфер: ад працоўных з заводаў да сілавікоў.

    Расказваюць простыя жыццёвыя гісторыі, і гэта натхняе. Прысылаюць розныя фота: глядзіце, у нас тут «Пагоню» наклеілі, а вось напісалі «Жыве Беларусь». Нібыта чалавек у канцлагеры ляжыць на шконцы і выдрапвае на сцяне для сябе антыфашысцкія лозунгі, гэтак жа і тут.

    «НН»: То-бок адчуваеце, што беларусы не змірыліся?

    КК: Не хачу ператварацца ва Уладзіміра Пуціна, які вырашыў за 9 мільёнаў беларусаў, што ядзернай зброі ў краіне быць, не хачу за іх вырашаць. Марыя Калеснікава змірылася? А Алесь Бяляцкі? А я, вы? Калі доктар робіць аперацыю, а не бярэ аўтамат, ён змірыўся?

    Мне здаецца, што не. Змірыўся — гэта пра чалавека, які сам сябе ўпэўніў, што для яго рэжым Лукашэнкі — лепшы, чым любая іншая палітычная будова краіны. У 2020 годзе ён лічыў, што з гэтым трэба змагацца, а цяпер думае, маўляў, добра, што тая рэвалюцыя не перамагла. Але я ведаю літаральна два-тры такіх прыклады, і тое гэта каментатары з маіх сацсетак.

    «Калі нас гвалтоўна змяшчаюць у нейкія ўмовы, мараль непазбежна расцягваецца»

    «НН»: Думаю, вы чулі пра «чорны спіс» у беларускім футболе, ад якога пацярпеў і клуб БАТЭ, дзе вы працавалі. Ва ўсіх гэтых умовах клуб для вас яшчэ існуе?

    КК: Не сачу за БАТЭ, мне гэта сёння не цікава. Для мяне гэтага клуба няма.

    «НН»: З якога моманту яго няма для вас?

    КК: Напэўна, з таго, як мы пагутарылі з Андрэем Анатольевічам Капскім і было прынятае рашэнне скончыць адносіны. Усё было паступова, я яшчэ сачыў за хлопцамі, проста мне трэба было нейкім чынам уладкоўваць сваё жыццё. З яго БАТЭ сышоў як працоўны праект, а потым і ўвогуле знік.

    Мяне не стала ў клубе, хлопцы працягнулі маўчаць, клуб і далей супрацоўнічае з рэжымам. Нейкія рэчы, вядома, можна зразумець, той жа візіт Капскага на Усебеларускі народны сход. Не бяруся асуджаць, проста для мяне так ўсё паступова склалася з клубам. Сумую па тых часах, і адна з прычын, чаму жадаю прыехаць у Беларусь — вельмі хачу наведаць магілу Анатоля Анатолевіча Капскага.

    «НН»: БАТЭ прайшоў шлях ад групавых матчаў у Лізе Чэмпіёнаў да клуба, які страціў статус гегемона нават у беларускім чэмпіянаце і які трапляе ў скандалы праз падтрымку рэжыму. Пра што для вас гэтая гісторыя?

    КК: Гэта ўсё часткі адной і той жа гісторыі, таксама як фашызм — частка гісторыі Германіі, а ГУЛАГ — частка гісторыі Савецкага Саюза. Недзе гэта было прыгожа і натхняльна, а недзе — ганебна. Пра што гэта? Пра натуральныя працэсы несвабоды. Людзі дамовіліся жыць пэўным чынам, і ёсць прыклады грамадстваў, дзе правы людзей выконваюцца. А калі правы і свабоды не выконваюцца, калі людзі гатовыя забіваць за ідэю, тады мы маем што маем. Тое, як пры гэтым дэградуе пэўная структура, краіна ці клуб — гэта ўжо дэталі.

    Такое заўсёды было, ёсць і будзе, мы не нейкія асаблівыя. Нядаўна была гадавіна смерці Юрыя Трыфанава, аднаго з маіх любімых пісьменнікаў. У яго цалкам агульначалавечая проза, завязаная на такіх побытавых сітуацыях.

    Маленькі кампрамісік з самім сабой, маленькая здрада, маленькі подзвіг — з усім гэтым людзі жылі, жывуць і будуць жыць.

    Напэўна, часам такіх кампрамісаў больш. Там, дзе больш люта не выконваюцца законы, там больш і кампрамісаў. Мне вельмі падабаецца выраз «эластычнасць маралі». Мы ўсе выдатна ведаем, што нельга забіваць, здраджваць, падманваць. Гэта ведае і Грыша Азаронак, і Аляксандр Рыгоравіч, гэта ведала Валерыя Навадворская, гэта базавыя пастулаты. Але калі нас гвалтоўна змяшчаюць у пэўныя ўмовы, мараль непазбежна расцягваецца.

    Каб выжыць у канцлагеры, ты, напрыклад, мусіш зрабіць камплімент ахоўніку, каб ён даў табе лішнюю порцыю поліўкі. Нехта можа праз сябе пераступіць і зрабіць гэта, нехта не можа, але я не буду ні за што з гэтага асуджаць людзей. У кожнага свая гісторыя.

    Маё жыццё — гэта ж таксама суцэльныя кампрамісы. Мне часам прад’яўляюць, маўляў, чаму я маўчаў да 2020 года. Камфортна мне было, недзе ішоў на кампрамісы. Так, у гэтым ёсць мая віна, але што з гэтым зробіш?

    Чытайце яшчэ:

    Сегодня 37 лет со дня трагедии на Чернобыльской АЭС

    «Калі рэжым Лукашэнкі будзе зрынуты, то, напэўна, добрыя стасункі паміж украінцамі і беларусамі адновяцца». Гутарка з рэдактаркай «ВалыньPost» Іванкай Рудзішын

    Як не даць сябе зламаць? Івулін — пра гатовых і не гатовых да зоны, віну перад іншымі вязнямі і карму лукашыстаў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці