• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Зіна, стой, сёння наш дзень!» Успаміны легендарнай дыктаркі беларускага тэлебачання

    Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка 25 красавіка адзначыла сваё 84-годдзе. «Новы час» нагадвае пра літаратурны запіс размовы Аляксандра Тамковіча з Зінаідай Аляксандраўнай,  у якой дыктарка беларускага тэлебачання распавяла пра свае сустрэчы з Пятром Машэравым, Леанідам Брэжневым і Міхаілам Гарбачовым. А таксама «модны скандал» падчас аднаго мерапрыемства.

    

    …У чарговы раз святкавалі дзень Перамогі. Ветэранская калона на чале з кіраўніком краіны ішла ад будынка ЦК КПБ. У тыя часы кампартыяй і фактычна ўсёй краінай кіраваў Пётр Міронавіч Машэраў. Пакуль калона падыходзіла да плошчы Перамогі, мы з Уладзімірам Шаліхіным па чарзе бралі інтэрв’ю ў ветэранаў і герояў вайны. У мяне была размова з генералам Чайкам, калі да нас падбег адзін з тагачасных кадэбэшнікаў і закрычаў, каб хутчэй прыбіралі камеры, бо калона прайшла ўжо мост. Машэраў павінен быў стаць у самым цэнтры, гэта значыць на нашае месца. Генерал Чайка мяне спыніў: «Зіна, стой! Сёння — наш дзень!» Як я яго не пераконвала, не атрымалася. Машэраву прыйшлося стаць побач са мной.

    Той момант трапіў на фота, якое мне пазней прынеслі з ЦК Кампартыі Беларусі, але Машэрава «адрэзалі», бо «ў нас не паложана». На фота засталіся толькі рукі кіраўніка беларускай кампартыі.

    З Брэжневым мне таксама выпала сустрэцца. Але не так блізка, як з Машэравым.

    Як вядома, званне горада-героя Мінску доўга не давалі. Масква ўпіралася. Маўляў, пра які гераізм можна гаварыць, калі немцы на трэці дзень вайны былі ўжо тут, а бамбіць горад пачалі з самага пачатку.

    Тым не менш, на мой погляд, Мінск трэба было адзначыць. Бо былі ж тут і гераізм людзей, і партызанскі рух, і рэйкавая вайна. Цяпер, праўда, стаўленне да яе змянілася. Партызаны зробяць сваю справу і схаваюцца ў лес, а мясцовыя жыхары адказваюць перад немцамі, якія ў адказ знішчалі ўсё вакол.

    Моцна дапамог справе ўзнагароды Мінска журналіст Мікалай Матукоўскі. Ён працаваў карэспандэнтам «Известий» і добра ведаў, як гэта пытанне можна «прабіць». Матукоўскі меў у Маскве добрыя сувязі, а яго энергічнасці і ўпартасці можна было нават пазайздросціць.

    Рашэнне пра званне, у рэшце рэшт, было прынятае ў 1974 годзе. Трэба ўручаць ордэн Леніна і «Залатую зорку», а Брэжнеў усё хварэе… Прыехаць жа генеральны сакратар ЦК КПСС змог толькі праз чатыры гады, 25 чэрвеня 1978 года. Тады яшчэ Машэраў быў жывы.

    Як заўсёды, урачыстасці прызначылі ў Оперным тэатры, адкуль ішла прамая трансляцыя на ўвесь Савецкі Саюз. Яшчэ з раніцы мяне і рэжысёра папярэдзілі: імпрэзу трэба скончыць не пазней за дзявятую гадзіну вечара. Дасведчаныя людзі шэптам патлумачылі, што гэта звязана з працягласцю дзейнасці стымулятараў, якія Брэжнеў меў у сэрцы. Праз кожныя дзве гадзіны трэба было рабіць нейкую падпітку.

    І вось ідзе канцэрт. Я выходжу на сцэну і бачу, што Леаніда Ілліча пасадзілі не як звычайна пасярэдзіне шостага рада, дзе атачэнне і ахоўнікі рабілі пэўны квадрат, а з краю, бліжэй да выхаду.

    Канцэрт спакойна ідзе. Бліжэй да абазначанага часу я бачу, што вакол яго пачалася мітусня. Праз некалькі хвілін выходжу аб’яўляць наступны нумар — і раптам назіраю, як яго падымаюць і літаральна нясуць да выхаду. Я аб’яўляю народны дзіцячы калектыў Палаца прафсаюзаў «Равеснік», якім тады кіравала Марына Бяльзацкая. Дзеці ўжо стаялі за маёй спінай, я толькі на крок адышла ад мікрафона, і раптам заслона — шух! — зачынілася. На гэтым канцэрт завяршыўся.

    Цягнік Брэжнева стаяў на вакзале, як кажуць, «пад парамі». Так выпала, што мне ў той дзень таксама трэба было ехаць у Маскву на нейкі запіс. Мой цягнік быў наступным за брэжнеўскім. У «Астанкіне» ўсе адразу кінуліся з пытаннямі наконт здарэння на канцэрце ў Мінску. Нехта з маскоўскіх калег шэптам спытаў: «А можа ЁН ужо сканаў?» Я адказала адмоўна. Маўляў, пакуль жывы.

    Абставіны маёй сустрэчы з М. С. Гарбачовым былі зусім іншымі. У СССР віравала перабудова. У якасці Генеральнага сакратар ЦК КПСС у Мінску Міхаіл Сяргеевіч быў толькі адзін раз у канцы зімы 1991 года.

    Паўдня ён наведваў розныя прадпрыемствы, потым быў кароткі абед і канцэрт у філармоніі. Але любіў Міхаіл Сяргеевіч некалькі часоў пагаварыць на вуліцы з людзьмі, і мы, артысты, у нейкім сэнсе аказаліся закладнікамі гэтай ягонай «любві».

    Трансляцыі не было. Натуральна, каб падрыхтавацца, я прыйшла ў філармонію значна раней. На ўваходзе праверылі дакументы. Па завядзёнцы ўзяла ключ ад касцюмернага пакоя на другім паверсе, там звычайна пераапраналіся салісты і вядоўцы. Але туды не пускаюць спецслужбы.

    Усіх адпраўляюць пераапранацца ў падвал. Калі казаць вельмі мякка, гэта было не вельмі добра. Удзельнікаў канцэрта было некалькі сотняў. А падвал цяжка назваць касцюмернай. Выкарыстоўвалася гэтае памяшканне для складзіравання рознага скарбу філармоніі: інструменту, дэкарацый і г. д.

    Божа мой! Мне толькі-толькі пашылі новы канцэртны строй. Напэўна, у ім быў мой першы выхад на сцэну.  Мадэльер Дома мадэляў Іна Булгакава намалявала вельмі прыгожы эскіз! Гэта быў цуд! З белага крэпдышына, увесь расшыты золатам, буйны арнамент нацыянальнай вышыванкі ў карычневым колеры выглядаў стылёва і вельмі сучасна. Словам, для падвала гэта не пасавала.

    Я падышла да супрацоўніка КДБ: «Калі ласка, прапусціце. Там касцюмерка, люстэрка, усе мае грымёрныя прылады!». На шчасце, ён пагадзіўся і прайшоў са мной, праверыў, ці закрытая фортка і параіў не падыходзіць да акна.

    Было гэта за гадзіну да запланаванага пачатку канцэрта. Канечне ж, Гарбачова яшчэ не было. Я спусцілася ўніз і расказала пра ўсё рэжысёру канцэрта Валянціну Дудкевічу, які і сёння з’яўляецца мастацкім кіраўніком Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі.

    Вокны касцюмернай выхо­дзяць на вуліцу, якая цяпер называецца «Бульвар Мулявіна». Менавіта з гэтага боку павінен быў прыехаць Гарбачоў і з бакавога ўваходу ўвайсці ў філармонію. Там ужо быў засланы чырвоны дыван.

    Час ад часу я паглядала ў вакно. Картэж генсека нарэшце пад’ехаў. З машыны выйшлі Міхаіл Сяргеевіч і яго жонка Раіса Максімаўна. Імгненна вакол іх аказалася процьма людзей, і Гарбачоў затрымаўся яшчэ на гадзіну. Бедныя артысты, якія ўвесь гэты час туліліся ў падвале!

    У рэшце рэшт Гарбачоў з жонкай накіраваліся ў канцэртную залу, а я таксама спусцілася ўніз за кулісы. Мы з Дудкевічам пачалі назіраць у дзірачку, якая на ўсіх сцэнічных заслонах зроблена спецыяльна.

    Міхаіл Сяргеевіч павольна з Раісай Максімаўнай падышлі да свайго шостага рада, які быў увесь пусты, і пачалі дзякаваць паклонамі. Атрымліваю каманду — выходзь. Адчуваю, што яшчэ рана, бо чую моцныя апладысменты, а яны ўсё кланяюцца. Мяне літаральна выпіхвалі на сцэну, а я ўпіралася. Як толькі адчула, што ў зале цішыня, выйшла за генеральны занавес да мікрафона.

    Зала зноў узарвалася апладысментамі. На мой погляд, не мне, а строю, які пашыла Іна Булгакава. Потым я так ёй і сказала. Настолькі гэта было шыкоўна! Шкада, што аддала яго ў грымёрку. Напэўна, ужо выкінулі.

    На працягу ўсяго канцэрта Раіса Максімаўна нешта запісвала ў нататнік. За гэтым назіралі ўсе ўдзельнікі канцэрту. Потым мы на гэты конт доўга жартавалі. І не раз гадалі, што там магло быць.

    Мне крыху незразумела, чаму Раіса Максімаўна так не падабалася людзям — першая лэдзі краіны, разумная, заўсёды прыгожа апранутая. Гэта не Ніна Пятроўна Хрушчова альбо Вікторыя Брэжнева, за якіх нам заўсёды было сорамна. Наколькі мне вядома, у першых лэдзі завядзёнка — ніколі не паўтарацца і двойчы не выходзіць на публіку ў адным і тым жа строі. І ўвогуле, да сваіх строяў некаторыя ставяцца вельмі раўніва…

    Асабіста ў мяне была вельмі непрыемная гісторыя, звязаная з жонкай Ціхана Якаўлевіча Кісялёва (які тады быў старшынёй саўміна Беларусі, а пасля смерці Машэрава ўзначаліў кампартыю краіны) Нінай Фёдараўнай.

    Як вядома, заробкі ў дыктараў заўсёды былі даволі сціплымі. На адзенне нам давалі па сто рублёў на год. Потым нам ужо крышку дабавілі грошаў. Але гэта было значна пазней.

    Астатняе мы набывалі за свой кошт. Усё кардынальна змянілася з прыходам каляровага тэлебачання. У нас з’явілася свая грымёрка, касцюмерка, а таксама грымёры і нават касцюмер. Для мужчын вырашыць пытанне добрага строю было значна прасцей, а жанчынам заўсёды трэба было шукаць нейкія варыянты. Адзінае, нас пускалі на базы, куды завозілі імпартныя рэчы.

    А вось дзе шыць, прыходзілася шукаць самому. Калі я ўжо была мастацкім кіраўніком дыктарскай групы (14 чалавек), то пайшла на прыём да дырэктрысы пашывачнага атэлье Савета Міністраў. Тады гэта была Мар’яна Васільеўна Травіна. У нас адразу склаліся добрыя прыязныя адносіны, якія захаваліся на ўсё жыццё.

    Да гэтага атэлье дыктараў Беларускага тэлебачання і «прымацавалі». Нашы бухгалтары пераводзілі туды грошы — і ніякіх праблем надалей не было.

    Канечне, больш за ўсё строяў выпадала шыць мне, бо мне даводзілася весці безліч канцэртаў, у тым ліку і ўрадавых. Акрамя гэтага было шмат розных выездаў. І мне, як кажуць, прыходзілася круціцца. Не раз нешта купляць альбо шыць прыватным чынам. Аднойчы ў атэлье саўміна мне пашылі вельмі прыгожы новы строй. Я б сказала так: ён быў акадэмічна-эстрадным, больш прыстасаваным для канцэртаў. Гэта была тканіна з люрэкса французскай вытворчасці.

    Тканіны ў партыйныя атэлье прывозілі з усяго свету. Калі ў крамлёўскую швейную майстэрню прыязджала дачка Леаніда Брэжнева Галіна і шыла сабе нейкі строй, то мясцовая дырэктрыса адразу загадвала: «Прыбраць!» І цэлы рулон некуды «знікаў», каб потым з яго не пашылі каму-небудзь яшчэ. Напэўна, такая завядзёнка была і ў нас.

    Першы раз у новай сукенцы я выйшла на канцэрце ў Палацы спорту. Два аддзяленні. Як заўсёды, у першым я выходзіла ў вышыванцы ці нацыянальным строі. А да другога пасавала новая сукенка. Усім артыстам яна вельмі спадабалася. Шчаслівая, я прыехала дадому. З раніцы прыходжу ў дыктарскую — і адразу тэлефонны званок ад Травінай. Мар’яна Васільеўна нейкім дзіўным голасам пацікавілася, у якой сукенцы я ўчора была. Адказала. Тады спытала, ці магу я зараз яе ўзяць і прыехаць у атэлье? Яна высылае па мяне машыну. Ну, думаю, – УСЁ.

    Справа ў тым, што ззаду новай сукні была даволі вялікая шліца, якая для тых часоў лічылася занадта смелай. Падумалася, што нехта з чыноўнікаў звярнуў увагу. Аказалася, прычына зусім іншая…

    Я прыехала ў атэлье. У Мар’яны Васільеўны быў чырвоны ад хвалявання твар. Я паклала на стол сукенку і спытала, што здарылася? Тая ў адказ: «Я зрабіла непапраўную памылку. Мы пашылі вам сукенку з той самай тканіны, з якой раней рабілі касцюм Ніне Фёдараўне Кісялёвай!».

    Так атрымалася, што менавіта ў гэтым самым касцюме яна прыйшла на канцэрт. Калі я ў другім аддзяленні з’явілася на сцэне, то ўсе астатнія жонкі, якія былі ў той самай ложы, пачалі ад задавальнення хмыкаць і зларадна паглядаць на Ніну Фёдараўну. Яна схапіла сваю сумачку і куляй вылецела вон.

    Раніцай жонка Кісялёва была ў кабінеце Травінай. Як яна зняважвала і крычала на бедную Мар’яну Васільеўну, можна толькі здагадвацца, аднак фраза Травінай «Каб я не падсунула бліжэй да сябе гэтую папяльнічку, яна б, пэўна, кінула яе ў мяне!» гаворыць пра многае. Асабліва, калі ўлічыць, што папяльнічка на яе працоўным стале была мармуровай і важыла не адзін грам…

    Дадам таксама, што жонка Кісялёва працавала тады ў міністэрстве адукацыі.

    Мар’яна Васільеўна прапанавала пакінуць сукенку, а ў трохдзённы тэрмін пашыць для мяне іншую. Я адказала, што заўтра еду з «Песнярамі» ў Маскву выступаць у канцэртнай залі «Расія», учарашні варыянт усім спадабаўся, а прамой трансляцыі там не будзе.

    Яна пагадзілася. Ніякіх трансляцый, сапраўды, не было, аднак гэта не дапамагло. Праз пэўны час Мар’яну Васільеўну Травіну звольнілі і адправілі на пенсію.

    Неўзабаве мы наладзілі стасункі з Беларускім цэнтрам моды, і гора больш не ведалі…

    Чытайце яшчэ:

    Галерэя Тамковіча. Асобы

    Рэжысёрка стужкі «Беларусь 23.34» Таццяна Свірэпа: Я не маю адукацыі ў сферы кіно, таму ўсё раблю метадам спробаў і памылак

    Адказ на запыт аб пазітыўным кантэнце. Журналісты — пра праект «Беларусы могуць»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці