• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Жывуць у беларускім Палессі…

    Дзякуючы намаганням сябраў ГА «БАЖ» з Пінску і асабіста Валянціны Наварыч, у панядзелак, 30 чэрвеня, група журналістаў з розных куткоў Беларусі пазнаёмілася з сапраўдным беларускім Палессем: зазірнула ў цікавы музей лекавых зёлак, наведала парк «Парэчча» і заціснутую з усіх бакой дрыгвой вёску Кудрычы.

    Дзеля таго, каб апісаць усю вандроўку ад пачатку да канца, не хопіць нават тыдня, бо эмоцый і ўражанняў ад прэс-туру, арганізаванага пінчукамі, кожны з удзельнікаў прывёз цэлы кошык. Таму распавяду аб некаторых адметных эпізодах гэтага панядзелка. Так сказаць, для «затраўкі» — каб у аматараў краязнаўчых вандровак прачнуўся «апетыт» да палескіх мясцінаў.

    «Няўдзячная праца» будаўнікоў Нясвіжу

    Дарога ад Мінску да Пінску праходзіла праз Нясвіж. Таму, каб не губляць такой магчымасці, мы вырашылі хоць на паўгадзіны зазірнуць у гэты райцэнтр і паглядзець на рэстаўрацыйныя работы, якія вядуцца ў Нясвіжскім палацы. Зрабіць гэта было няпроста: замінаў «бацька». Не тое, каб у гэты дзень разам з намі наведаць Нясвіж вырашыў кіраўнік краіны, але высветлілася, што Чорная Панна Нясвіжа мясцовых будаўнікоў палохае меней за «прывід» кіраўніка краіны.

    «Ідзіце адсюль, а не тое буду выклікаць міліцыю! „Бацька“ забараніў пускаць! — крычаў на нас нейкі ахоўнік палацу, які пасля доўгіх угавораў з нашага боку прадставіўся як Віктар. — Шмат вас тут ходзіць, а потым пішуць… А нам адказвай!»

    На нашыя спробы паразмаўляць з кіраўніцтвам будаўнікоў і атрымаць дазвол на фотаздымкі на тэрыторыі палацу ахоўнік адказваў толькі адно: «Нічога не ведаю. Начальства ў мяне шмат рознага». Але імёнаў начальнікаў так і не назваў. Давялося пастаяць трохі на мастку, што вядзе ў палац, і пайсці разглядаць замак вакол.

    Адзін з будаўнікоў, які назіраў за нашай групай і ўважліва слухаў расповед пра сумны лёс Нясвіжскага палацу, на развітанне кінуў: «Да нас тут яшчэ быў водар гісторыі, пасля — ужо не будзе».
    «Гэта няўдзячная праца, — дадаў больш лагодным голасам той самы вартаўнік. — І калі ўспомняць нашчадкі імёны тых, хто разбураў, то нашыя, а не яго („бацькі“ — прым. аўтара)».


    Нясвіж сёння (фота аўтара)

    Нясвіжскі палац і сапраўды выглядаў «кепска» — нібыта хворы, якога лекуюць зусім не ад таго, што баліць. Медныя стокі для вады і залатыя макаўкі вежаў адышлі на другі план пасля таго, як мы ўбачылі пустэчу на месцы, дзе раней была двухпавярховая галерэя.

    Тое, што робяць у Нясвіжы, мала падобнае да рэстаўрацыі. Тым больш, што на галоўнай браме палацу побач з датай заканчэння працаў (2010 год) на прыгожай шыльдзе ды на латыні было напісана слова «рэнавацыя». Па сутнасці, гэта яна і ёсць: замест старых будынкаў павінны з’явіцца новыя, як кажуць, «больш прыгожыя», больш падобныя да «мары Радзівіла» і менш — да таго, чым райней быў Нясвіжскі палац.

    Пахадзіўшы трохі вакол і зазірнуўшы ў Радзівілаўскі парк, дзе на гранітных пастаментах узвышаліся бюсты былых уладальнікаў замку (здалёк яны былі падобныя да бюстаў касманаўтаў ці іншых герояў Савецкага Саюза), мы рушылі на Піншчыну.

    У Іванаўскім раёне — самыя лепшыя музеі

    Ці ведаеце вы, што беларускае Палессе па сваёй тэрыторыі складае 1/3 частку ўсёй краіны? Ці ведаеце, што адна з трох каранаваных выяваў Божай Маці знаходзіцца ў вёсцы Лагішын, што на Піншчыне? А можа, вам вядома, што адзінае на Беларусі цюльпанавае дрэва можна пабачыць у парку «Парэчча», які знаходзіцца ў аднаймённай вёсцы? Калі не — хутчэй выпраўляейцеся ў дарогу, пакуль яно яшчэ квітнее. І не забудзьце наведаць некалькі адметных музеяў Палесся.

    Адзін з іх — музей народнай медыцыны «Бабуліны вышкі» ў вёсцы Стрэльна. Мясцовыя жанчыны, якія цікавяцца лекавымі травамі, што ўсё жыццё выкарыстоўвалі іх бабулі, з радасцю распавядуць вам аб тым, што крапіва дапамагае вылекаваць анемію, а тапінамбур дапаможа пры цукровым дыябеце, што зёлкі і звычайныя лясныя ягады могуць падоўжыць маладосць і прыгажосць любой жанчыны, што жыццё ў гармоніі з прыродай — гэта натуральна для кожнага беларуса. Тут нас пачаставалі настойкай на лекавых травах і смачнай гарбатай на зёлках, запрасілі наведаць музей з сябрамі і знаёмымі і шчыра прасілі распавесці ўсім пра гасціннасць палешукоў. Што з радасцю і раблю!


    Музей зёлак (фота аўтара)

    Не менш цікавай была і экскурсія па музеі ў вёсцы Моталь, дзе нам распавялі пра традыцыйны ўклад жыцця жыхароў гэтых мясцін, пра жыццё-быццё падчас акупацыі, пра Каралеву Бону, да якой і зараз у гэтых мясцінах ставяцца з вялікай павагай, бо яна надала палескім вёсачкам шмат прывілеяў, правяла рэформы, прывезла майстроў і ткачоў з Італіі, нашчадкі якіх да сёння жывуць у Мотылі. У знак павагі да яе цэнтральны пляц Моталя насіў імя Каралевы Боны да 1939 года.

    Хітрыкі какорыцкіх хлопцаў

    Традыцыйны лад жыцця на Палессі захаваўся не толькі ў музеях. Да сёння ў вёсцы Какорыца, якую заснавалі два сябры Зянкевіч і Пратасевіч, людзі носяць толькі гэтыя два прозвішчы. І хаваюць сваякоў кожны на сваіх могілках. Напрыклад, калі жанчына з роду Зянкевічаў пабралася шлюбам з Пратасевічам, то хаваць яе ўсё роўна будуць на могілках роду Зянкевічаў.


    Палессе (фота аўтара)

    Пра вёску Какорыцы ў мотыльскім музеі распавядалі асобна, бо размешчаная на Спорыцкім возеры, на сямі астравах, яна значна паўплывала на мясцовае жыццё.

    Дзядкі-старажылы да сёння любяць распавядаць, як калісьці «бегалі» да дзяўчат. Увечары выкрадалі самую лёгкую лодку ў сваіх аднавяскоўцаў і адпраўляіся на ёй да прыгожых дзяўчат з сёмага вострава. Чаму лёгкую? Бо часам, каб да яго дабрацца, трэба было несці лодку на сабе. А калі вада трохі спадала, хлопцы запрашалі дзяўчат да сабе, на востраў, дзе ладзілі танцы. Рабілі для іх масточкі, але ж пад вечар адзін з апошніх разбіралі. І вось ідуць увечары дзяўчаты на танцы — а тут апошні масточак разабраны. І што рабіць? Там музыка гучыць. Танчыць хочацца ж. Задзіраюць спадніцы і па вадзе перабіраюцца на бераг. А хлопцы ў хмызняку сядзяць, любуюцца. Так і выбіралі сабе нявест.

    З калыскі — ў мора Герадота

    А яшчэ ў Мотыльскім музеі распавялі нам пра сваіх славутых землякоў. Асабліва тут ганарацца мясцовымі хлопцамі. Гадавалі дзяцей райней ў калысках, якія падвешвалі да столі. З ранняга дзяцінства дзеткі добра пераносілі калыханне. Можа, менавіта таму амаль 80% мотыльскіх хлопцаў служылі на флоце. Сярод іх і поўны Георгіеўскі кавалер Дзмітрый Румак, які падчас руска-японскай вайны разам з сябрам змог выратаваць з японскага палону цэлы мінаносец «Скоры» з эскадры Раждзественскага.

    Дарэчы, мясцовы краязнаўца Аляксей Дуброўскі сцвярджае, што ў даўнія часы на Беларусі было сваё мора. «Вы думаеце, дзе было тое знакамітае мора, што апісваў яшчэ Герадот? На Палессі!» — з запалам распавядае краязнаўца.

    «Толькі з Пінскага раёну бяруць пачатак пяць рэк, а яшчэ тут знаходзяцца Спораўскія балоты і некалькі вялікіх азёр, сярод якіх — Выганаўскае, Белае і іншыя. Дык вось, калі узяць мапу і нанесці на яе ўсе вядомыя нам старажытныя паселішчы, будзе бачна, дзе людзі ніколі не жылі. Потым я проста замаляваў гэтыю тэрыторыю сінім колерам і атрымалася тое самае мора Герадота!», — распавёў сваю тэорыю Аляксей Дуброўскі.

    Пра буслоў, дзяржаўную дапамогу і людзей на балоце

    Да 1985 года ў Пінскім раёне не было ніводнага заказніка, ні гектара зямлі, які абараняла б дзяржава. Зараз амаль на 20 тысяч гектараў на Пінчшыне забаронена ўсялякая гаспадарчая і меліярацыйная дзейнасць. У запаведнай зоне, дзе шэрыя чаплі і буслы трапляюцца праз кожныя некалькі соцень метраў, сярод балота знаходзяцца чатыры вёсачкі, адна з якіх — Кудрычы.
    Вясной, калі паводка робіць сваю справу, вёска падзяляецца на некалькі выспаў, летам зямля пад нагамі цвёрдая, але ж час ад часу прайсці па ёй без высокіх ботаў бывае складана.

    Яшэч колькі год таму ў мясцовых жыхароў, якіх засталося ўсяго толькі 27 на ўсё вёску, амаль не было тэлефонаў. Зараз ён ёсць у кожнай хаце, і гэта амаль што адзіная дапамога ад дзяржавы, акрамя пенсіі і аўталаўкі, што наведвае Кудрычы некалькі разоў на тыдзень. У вёсцы ніколі не было ні сваёй крамы, ні медычнага пункту. Калі што было трэба, мясцовыя жыхары сядалі ў свае лодкі і выпраўляліся ў свет, ці дакладней — у Пінск.

    Стараста Кудрычаў, дзядзька з біблейскім імем Майсей Елісеевіч (дарэчы Майсей перакладаецца як «той, хто жыве на вадзе») распавёў, што жыццё ў Курдычах было аднолькавым што пры паляках, што пры Саветах. Даводзілася шмат працаваць, каб выгадваць чатырох дзетак. Таму асабліва шкада Майсею і Вользе Махнавец тых грошай, якія «згарэлі» пасля развалу Савецкага Саюза ў ашчадным банку.
    «Мы і раней бедна жылі, і зараз. Калі б гаспадарку не трымалі, зусім цяжка было б», — падзялілася гаспадыня Вольга Мікалаеўна.


    Вольга і Майсей (фота аўтара)

    Пакуль маюць сілы, трымаюць Махнаўцы і кароўку, і коніка, і індыкоў з курамі. Усё гэтак жа падчас паводкаў плаваюць у горад і ў бліжэйшыя вёскі. Плаваюць у царкву і да доктара. На пытанне, ці дапамагае дзяржава, дружна адказваюць: «А як жа ж, вось хлеб возяць».

    Шмат працы не дае магчымасці сядзець ля тэлевізара, але ж пра будучыя выбары ведаюць добра і нават збіраюцца галасаваць, калі ўсё будзе добра. Для сябе асабіста нічога ад тых выбараў не чакаюць: «Каму да нас ёсць справа?».

    Кажуць, пакуль будзе здароўе, будуць жыць у Кудрычах, а потым… Можа, хто з дзяцей, што жывуць у Пінску, забярэ. Хоць асаблівай надзеі на гэта няма: «Кватэры ў іх маленькія, сем’і свае».

    На шматлікіх пустых кудрыцкіх хатках — вялікія буслянкі. Паводле народных прыкметаў, яны павінны прынесці ў вёску шчасце і дзетак. Але ж 64-гадовая Вольга Махнавец — самая малодшая вясковая жыхарка. Дзетак у Кудрычах бачаць толькі тады, калі яны прыязджаюць да бабуль…


    Буслы ў Кудрычах (фота аўтара)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці