• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Клопат, разьвіцьцё і ўдасканаленьне

    За савецкім часам клопат пра простага чалавека ды барацьба за лепшае жыцьцё, як вядома, былі галоўным сэнсам дзейнасьці Камуністычнай партыі. І хоць КПСС няма, але сам прынцып «усё для чалавека, усё ў імя чалавека» па-ранейшаму пасьпяхова ажыцьцяўляецца ў нашай краіне.

    Менавіта клопатам пра разьвіцьцё Інтэрнэту прасякнуты апошнія ініцыятывы нашага Міністэрства інфармацыі. «Мы (…) ищем подходы содействия развитию» интернет-СМИ», — паведаміў міністар інфармацыі Ул. Русакевіч на адкрыцьці выставы «СМІ ў Беларусі» 28 красавіка ў Менску. Як гэтае садзеяньне будзе ажыцьцяўляцца, міністар пакуль, праўда, не сказаў. Але ўжо дакладна вядома, што міністэрства рыхтуе зьмены ў законе аб СМІ, а сам міністар недвухсэнсоўна заявіў: «Я хочу, чтобы интернет-версии печатных изданий являлись средствами массовой информации».

    Гэткім чынам, у самай бліжэйшай перспектыве беларускім карыстальнікам Інтэрнэту трэба чакаць якасных зрухаў у лепшы бок.

    Шаноўны міністар зьвярнуў увагу і на тое, што ў Інтэрнэце пакуль што пануе безгаспадарнасьць, адсутнічае элементарны ўлік, і ніхто на сёньня ня ведае, як надалей разьвіваць інтэрнэт-прастору: «Нам необходимо знать, что необходимо для развития интернет-СМИ, владеть достоверной информацией, сколько и каких интернет-ресурсов в Беларуси»

    Яшчэ адна загана нашай інтэрнэт-прасторы — гэта, канешне, бескультур’е. Карыстальнікі Байнэту брыдкасловяць і абражаюць ня толькі адзін аднаго, але і прадстаўнікоў улады. (Яно й ня дзіўна: за брыдкаслоў’е наша міліцыя неаднаразова затрымлівала ў грамадзкіх месцах вядомых беларускіх мастакоў, навукоўцаў і журналістаў, якія як раз і ёсьць самымі актыўнымі карыстальнікамі Інтэрнэту).

    А таму ўдасканаленае заканадаўства пакладзе канец гэтай ганебнай зьяве. Закон стане на баку пакрыўджаных. А пакуль што, як адзначае намесьніца міністра Лілія Ананіч, «когда заходит речь об ответственности, то спросить не с кого, потому что в законодательстве есть пробел, нет понятия «интернет-СМИ»

    Ага… значыць, будзе з каго спытаць. Значыць, з інтэрнэт-рэсурсамі можна будзе абыходзіцца гэтак жа сама, як і з незалежнымі СМІ: не рэгістраваць, прыпыняць іх дзейнасьць, зачыняць, накладаць буйныя грашовыя спагнаньні, судзіць журналістаў і тых, хто проста выказвае сваю нязгоду з існым станам рэчаў. Праз нейкі час такімі простымі захадамі ўдасца імплянтаваць і мэханізм самацэнзуры ў інтэрнэце. 

    Ну, слава Богу! Цяпер усё зразумела, а то — «клопат», «разьвіцьцё», «удасканаленьне»…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці