• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Класкоўскі: На мыліцах убогага “пазітыву”, або Апяваць стагнацыю — пусты занятак

    Пануе ідэалагічны трэш

    Дзеля цікавасці, каб ацаніць жыццё ва ўсёй яго разнастайнасці, я зазірнуў на партал “СМІ Беларусі”. Дарэчы, у самой назве ўжо фальш, бо там прэзентуюцца толькі дзяржаўныя медыі. І дзе ж тут гарантаваныя канстытуцыяй роўныя ўмовы для развіцця ўсіх формаў уласнасці? А, зразумела — як сказаў аднойчы самы вялікі начальнік, ідэалогія не прыватызуецца. Ці як у Оруэла: усе жывёлы роўныя, але некаторыя — раўнейшыя.

    У свой час, адчуўшы небяспеку вольнага сеціва, чыноўнікі насіліся з ідэяй нейкага супермегапартала дзяржаўных СМІ, за якім “нячэсныя” вэб-рэсурсы будуць, маўляў, толькі пыл глытаць. І што ж мы бачым?

    Калі я зайшоў на партал, топ абнаўленняў быў такі: “Лекция по экономике на примере овощей”, “Пример для каждого” (пра адкрыццё Рэспубліканскай дошкі гонару) ды “Профсоюзы в гуще событий: от политики до соцзащиты” (пра сустрэчу прэзідэнта з кіраўніком ФПБ).

    Фантастычна багатая і яркая панарама жыцця! Самы востры матэрыял — пра тое, што ў крамах пераважна імпартная садавіна ды гародніна. Але і ў тым тэксце гучыць зусім не рынкавая думка, што варта неяк змусіць гандляроў прадаваць даражэйшы айчынны прадукт.

    На казённым партале не прачытаеш пра тое, як фантастычна адрозніваюцца выбары ва Украіне і Беларусі, што стаіць за скандалам з адкліканнем расійскага пасла Міхаіла Бабіча, як Зянон Пазьняк адкрыў праўду пра Курапаты…

    Прасцей карміць удзельнікаў выстаўкі салдацкай кашай і дэманстраваць памяць пра вайну з немцамі, але і там варыянт памяці — казённы, гламурны, адфільтраваны ад нязручнай праўды.

    Інтэрнэт асабліва наглядна паказвае бездапаможнасць дзяржаўных СМІ з іх убогім, густа прыпудраным “пазітывам”. На сайт прымусова не падпішаш. А па сваёй волі народ не кінецца масава глытаць навіну пра рэліктавую дошку гонару. І таму ідэя магутнага супермегапартала дзяржаўных СМІ ператварылася ў пустую дэкарацыю.

    Тое ж збольшага можна сказаць і пра саму выстаўку “СМІ ў Беларусі”, якая аглушыла дэцыбеламі і дала багата ўзораў афіцыёзнага трэшу. Калега Андрэй Дынько ў фэйсбуку назваў імпрэзу “абсурдам развітога лукашызму”.

     

    Гэта ўсё ўжо было за Саветамі

    Дык вось, па-першае, у дзяржаўных медыях няма таго самага сумленнага паказу жыцця ва ўсёй разнастайнасці, пра што згадваў пан міністр. Бо тады трэба пісаць і пра пратэсты супраць акумулятарнага завода ў Брэсце, і пра абурэнне грамадскасці зносам крыжоў у Курапатах, і пра тое, што пабудова АЭС — гэта як мінімум крэдытная пятля на шыю Беларусі, і пра многае іншае, што не ўкладваецца ў ідэалагічна правільную карцінку рэчаіснасці з гледзішча кіроўных вярхоў.

    Па-другое, сам пазітыў у разуменні ўлад — гэта апяванне сённяшняй нібыта стабільнасці, а насамрэч — стагнацыі ці нават у многіх выпадках дэградацыі. Савецкая прэса таксама апявала камуністычны лад. І калі я ў 1988–1991 гадах рэдагаваў перабудовачную газету “Знамя юности”, то раз за разам атрымліваў прачуханца ад камсамольскіх ды партыйных босаў за тое, што мы дэструктыўныя і ўсё ачарняем.

    Але ў выніку селі ў галёш тыя, хто старанна адбельваў старую, нежыццяздольную сістэму. Яна ўсё адно прайграла канкурэнцыю заходняму свету, рынкавай эканоміцы, дэмакратычнаму ладу — і ў рэшце рэшт развалілася.

    Дарэчы, калі вялізны карабель СССР стаў тануць, тыя самыя камсамольскія босы, што вучылі мяне свядомасці, спрытна шуснулі з савецкай палубы ў клапатліва створаныя пад сябе камерцыйныя структуры. Ніводзін не выйшаў на плошчу змагацца за Савецкі Саюз, калі было падпісана Белавежскае пагадненне.

    І калі сёння недзяржаўныя медыі пішуць, што краіне патрэбны рэформы, што трэба мацаваць абарону ад экспансіі “русского мира”, і ў прыватнасці не душыць свядомую частку грамадства, а ладзіць з ёй дыялог, — гэта і ёсць сапраўды пазітыўны парадак дня. Бо з сённяшняй дэбільна-рэпрэсіўнай “стабільнасцю” мы спаўзаем у яму, пад ударам незалежнасць.

     

    Дазаваць праўду — ужо фальш

    Я сам з задавальненнем чытаю пра добрае, светлае, прыгожае. Дарэчы, менавіта ў недзяржаўнай прэсе такія матэрыялы болей цікавыя. Бо няма фальшу, кшталту таго, як даярка раніцай з узнёслым настроем бяжыць на ферму, таму што марыць быць занесенай на дошку гонару.

    Бяда ў тым, што пазітыў у разуменні ўлад — гэта аналаг застою. Каб нічога не мянялася, бо гэта стварае пагрозы ўтульнаму побыту вялікіх шышак у іх крэслах ды “царскіх сёлах”. Дэкаратыўнага, бутафорскага пазітыву ў дзяржаўных СМІ аж праз край, толькі чытаюць іх усё меней. І дапамагае той эрзац-пазітыў грамадству як хваробе кашаль.

    Не люблю высокіх слоў пра місію прэсы, але ж калі на тое, дык акурат болей дбаюць пра будучыню Беларусі тыя “нячэсныя”, што агаляюць балючыя праблемы.

    Журналіст мусіць кранаць нерв жыцця, не думаючы пра спушчаныя зверху прапорцыі “негатыву” і “пазітыву”. Дазаванне праўды — гэта ўжо фальш.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці