• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Мы — не бульбашы, мы — беларусы». Этычныя заўвагі на вечныя тэмы

    Як ставіцца да клікбэйту? Ці трэба візаваць тэксты перад публікацыяй? А што наконт выкарыстання табуяванай лексікі? Пытанні журналісцкай этыкі — з шэрагу вечных. Нават у часы, калі дзейнасць незалежных медыяў крыміналізавана, а самі яны выціснутыя з краіны, такія праблемы мусяць уздымацца. Адзін з найбольш аўтарытэтных беларускіх журналістаў Аляксандр Класкоўскі звяртае ўвагу на шурпатасці ў публікацыях і відэастрымах.

    «Экстрэмісцкі» статус

    Цяпер рэжым прызнае «экстрэмісцкімі» нават асабістыя старонкі журналістаў у сацсетках, не кажучы пра незалежныя СМІ. Пытанне, якое ўздымалася неаднойчы, у тым ліку ў нашых артыкулах: ці трэба папярэджваць суразмоўцаў кожны раз?

    Улады могуць адабраць стары дамен. БАЖ пераязджае на новы — Baj.media

    — Прагаворваць варта, — упэўнены Аляксандр Класкоўскі. — Некаторыя спікеры застаюцца ў Беларусі. Іх нешмат, але яны ёсць, і могуць не разумець рызыку. Але нават у выпадку, калі чалавек выехаў за мяжу, ён можа быць супраць таго, каб згадвалі яго лакацыю, сувязь са сваякамі і г. д.

    Сведчанні, якія немагчыма верыфікаваць

    — У некаторых выпадках трэба больш шчыльна верыфікаваць спрэчныя моманты, — заклікае суразмоўца. — А калі гэта немагчыма, то адмовіцца ад рэтрансляцыі галаслоўных абвінавачанняў. Напрыклад, палітвязень, які выйшаў на свабоду, можа выказаць негатыў пра некага, таму што ў іх там, за кратамі, не склаліся асабістыя стасункі. Справа журналістаў у такіх выпадках — быць асцярожнымі. Калі некаторыя сведчанні немагчыма верыфікаваць, лепей іх абысці.

    Клікбэйт

    — Пагоня за хайпам — яшчэ адна праблема, — лічыць Аляксандр Класкоўскі. — З аднаго боку, добры журналіст палюе на смажаныя тэмы. Але з іншага — падчас адбываецца раздзіманне праблем, нейкія канфлікты раскручваюцца на пустым месцы.

    Аналітыка часта запрашаюць паўдзельнічаць у стрымах, каб пракаментаваць пытанні палітыкі. Па яго словах, падчас такіх трансляцый, здараецца, гучаць некарэктныя фармулёўкі, асноўная мэта якіх — зачапіць цікавасць аўдыторыі. 

    — Мяне аднойчы спыталіся: а што вы думаеце наконт палітычнай заявы Анжалікі Агурбаш? Ну дзе гэтая спявачка, а дзе палітыка? — прыводзіць ён прыклад. — Асабліва часта раздзіманне з мухі слана сустракаецца ў YouTube. Даеш інтэрв’ю, а потым глядзіш, як падаецца кантэнт. І здзіўляешся, бо ў шапцы — «Класкоўскі размазаў Лукашэнку» ці «Пракаментаваў істэрыку дыктатара». Хаця і сэнс, і акцэнты былі зусім іншымі.

    Неэтычныя пытанні да эксперта

    Аналагічная праблема. У эфір запрашаюць спікера і задаюць пытанні, якія заганяюць таго ў пэўныя рамкі і прымушаюць прамовіць нейкі прапагандысцкі ці антыпрапагандысцкі тэзіс. Выглядае як спекулятыўнае выкарыстанне эксперта.

    — Напрыклад, пытанне можа гучаць прыблізна так: што думаеце пра новы жахлівы крок адпетага дыктатара? — іранізуе Аляксандр Класкоўскі. — І як тут быць? Рабіць заўвагу, што на такія пытанні з апрыёры экспрэсіўнымі ярлыкамі не адказваю? Ну дык гэта скандал у жывым эфіры. А калі пачынаеш адказваць, то атрымліваецца, што нібыта гуляеш па гэтых правілах. Выклікае пачуццё, што цябе не паважаюць і сапраўднае тваё меркаванне нікога не цікавіць.

    Табуяваная лексіка

    Ужо стала агульным месцам выкарыстанне так званай абмежаванай лексікі, якую раней пазбягалі ў журналісцкіх тэкстах. А мо, часы змяняюцца, і не варта саромецца, быць бліжэй да чытача ці гледача?

    Аднак эксперт лічыць, што гэтая этычная норма перагляду не падлягае:

    — Вы ж, напэўна, ведаеце, як называюць спрэчкі беларусаў у сацсетках? Мяне курчыць, бо гэта, па-першае, вульгарная лексіка, а па-другое — мы самі сябе прыніжаем як нацыю. Мы — не бульбашы, мы — беларусы. Ну навошта прыніжаць сябе?

    Таксама ён прыгадаў распаўсюджанае меркаванне: нібыта супраць дыктатуры можна ўжываць табуяваную лекіску, у такім выпадку правілаў няма.

    — Але гэта не так, — кажа Аляксандр Класкоўскі. — Іншы раз выпадаеш у асадак ад грубасці вядучых. Хоць не так ужо складана падабраць эўфемізм.

    Візаванне

    Яшчэ адно з вечных пытанняў — узгадненне тэксту са спікерам. Здаецца, нармальная справа, паважлівы падыход да суразмоўцы. Але ёсць адваротны бок, калі эксперт раптам вырашае перапісаць тэкст поўнасцю ці зацягвае час, не даючы ніякага адказу.

    — Аднак і ў гэтым пытанні я застаюся старамодным, — прызнаецца журналіст. — У большасці выпадкаў гэта рабіць неабходна. Я сам часам, калі атрымліваю на візу тэкст з уласным каментаром, выдыхаю: добра, што ён не выйшаў у такім выглядзе. Інакш бы выглядаў дурнем, які пераблытаў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку з Паўднёва-Афрыканскай.

    Без прапаганды

    Напрыканцы ветэран журналістыкі заклікаў незалежныя медыі не звальвацца ў прапаганду ці контрпрапаганду, што шырока сустракаецца ў многіх YouTube- і Telegram-каналах:

    — Так, мы сутыкнуліся з цяжкімі, жорсткімі ўмовамі, але гэта не нагода забывацца пра якасць і прафесіяналізм. Нават у такой няпростай сітуацыі варта прытрымлівацца стандартаў. Бачу, што так робіць большасць медыяў.

    Чытайце яшчэ:

    У Парыжы стварылі хартыю аб выкарыстанні штучнага інтэлекту. Дзесяць запаведзяў для журналістаў

    Апублікаваны індэкс свабоды прэсы-2023: Беларусь апусцілася на чатыры пазіцыі

    Аляксандр Класкоўскі: Дайце эксперту надзець штаны!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці