• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Крызіс даверу ці крызіс аўдыторыі? Гарачая спрэчка наконт «паразы ў інфармацыйнай вайне»

    «Параза ў інфармацыйнай вайне» — гэтае агучанае некаторымі меркаванне, што тычыцца дэмакратычнага руху агулам і незалежных медыяў у прыватнасці, выклікае непагадненне сярод журналістаў, ды і сацыёлагі падкрэсліваюць — праблема ў іншым. Але як супрацьстаяць рэжыму, які пастаянна карыстаецца забароненымі прыёмамі? Адзінага выйсця, здаецца, няма, аднак агульная тактыка зразумелая.

    БАЖ распавядае пра дыскусію, што адбылася падчас адной з канферэнцый. Мерапрыемства праводзілася па правілах Chatham House, то-бок мы цытуем выступоўцаў, але не называем іх імёны, а таксама не прыводзім назву і месца імпрэзы.

    «Сыходныя лініі рэйтынгаў медыяў — гэта агульнасусветная тэндэнцыя»

    Каментар аднаго са спікераў прагучаў для медыяпрафесіяналаў даволі сумнеўна: нібыта дэмакратычны рух прайграў інфармацыйную вайну, у незалежных СМІ — нізкая база, даводзіцца адштурхоўвацца ад нізоў. А агульная тэндэнцыя — маргіналізацыя, атамізацыя і звужванне інтарэсу мэтавай аўдыторыі.

    Улады хочуць адабраць стары дамен. Мы змянілі пошту і сайт!

    — Спажыванне незалежных медыяў, якія названыя экстрэмісцкімі, крыміналізаванае, Telegram дэ-факта — таксама, — працягваў выступоўца. — Наяўнасць адпаведнай аплікацыі на тэлефоне дазваляе лічыць, што яго ўласнік камусьці нешта [з «экстрэмістаў»] напісаў. Фармат тэкставага распаўсюду інфармацыі фактычна немагчымы.

    Аднак наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці? Ці рэлевантна параўноўваць сённяшнія паказчыкі і рэйтынгі за 2020 год, калі незалежныя медыі фіксавалі рэкорды праглядаў? Гэтыя пытанні адрасавалі адзін аднаму журналісты падчас дыскусіі.

    Агульнае меркаванне было такім: сапраўды, цяпер назіраецца негатыўная тэндэнцыя, колькасць падпісчыкаў у Telegram і наведванняў сайтаў зніжаецца. Прычын — некалькі. Адна з асноўных — грамадства запалоханае і перажывае дэпалітызацыю. Цяпер людзі адмаўляюцца ад спажывання кантэнту, які можа быць для іх небяспечным.

    — Але нават у такіх умовах казаць пра страту ўплыву не да месца, — заўважыла медыяэкспертка. — З аднаго боку, як сведчаць дадзеныя сацыёлагаў, для пяцёркі найбуйнейшых медыяў («Зеркало», «Наша Ніва», «Белсат», «Радыё Свабода», «Еўрарадыё») лічбы зніжаюцца. З іншага, няўжо гэта страта ўплыву? Прабачце, але расійскім незалежным медыям у выгнанні такое і не снілася.

    Нагадаем, што, па апошніх звестках Беларускай аналітычнай майстэрні, 68% грамадства давярае дзяржСМІ, расійскім — 60%, незалежным медыям — 57%. Але як правільна разумець гэтыя лічбы?

    — Прапагандысцкія намаганні як беларускіх дзяржаўных, так і расійскіх СМІ маюць абмежаваны эфект, — пракаментавалі дадзеныя сацыёлагі. — Мяркуючы з усяго, афіцыйныя СМІ па-ранейшаму істотна менш эфектыўныя, чым гэтага б хацелася дзейнай уладзе. Прычына такога правалу ляжыць, прынамсі збольшага, у якасці кантэнту і ўзроўні прафесіяналізму: у надзвычай спрыяльных умовах дзяржаўныя СМІ відавочна не спраўляюцца з заваяваннем даверу грамадства.

    Пры гэтым людзі застаюцца адкрытыя да альтэрнатыўных крыніц. Тытанічныя намаганні рэжыму па насаджэнні інфармацыйнай гігіены вельмі складана назваць паспяховымі. Пакуль больш слушна казаць, хутчэй, пра правал гэтай тактыкі, чым пра поспех. У той жа час для незалежных СМІ існуюць шырокія магчымасці для данясення альтэрнатыўнага пункту гледжання тым, хто знаходзіцца ў Беларусі.

    Такім чынам у працэсе абмеркавання супрацоўнікі медыяў прыйшлі да высновы, што тэза пра крызіс даверу некарэктная, хутчэй, трэба казаць пра крызіс аўдыторыі. Цяпер неабходна ўлічваць агульную сітуацыю ў грамадстве, для якога больш бяспечна ў актуальных умовах адмовіцца ад спажывання «экстрэмісцкага» кантэнту і заняць абыякавую пазіцыю адносна палітыкі.

    — Не толькі ў Беларусі, а паўсюль бачныя сыходныя лініі рэйтынгаў медыяў, то-бок гэта агульнасусветная тэндэнцыя, — пацвердзілі сацыёлагі. — Асноўная праблема для нашай сітуацыі — у іншым: несупадзенне наратываў, палітычных дамінантаў. У незалежных СМІ галоўнае — тэма правоў чалавека, у прапагандысцкіх выданнях — рызыка вайны.

    Цік-так, TikTok

    Каналы распаўсюду кантэнту — другая балючая тэма. Як вядома, сайты незалежных медыяў у Беларусі заблакаваныя, Telegram- і YouTube-каналы прызнаныя экстрэмісцкімі. Дзе ў такіх умовах шукаць новую аўдыторыю?

    Спікер, меркаванне якога адносна інфармацыйнай паразы выклікала абурэнне, падзяліўся яшчэ адной думкай: найбольш віральны (распаўсюджваюцца з вялікай хуткасцю ў інфармацыйнай прасторы) відэантэнт — цяпер у Tik­Tok. Па-першае, яго можна глядзець без падпіскі, а па-другое, няма персанальнага акаўнта з гісторыяй.

    Нагадаем, што раней важнасць працы з гэтай відэаплатформай адзначаў рэдактар «Нашай Нівы». Гэта адбылося падчас семінара, які праводзіўся па ініцыятыве пасольстваў Ірландыі, Фінляндыі і Нарвегіі ў Вільні.

    — На сёння мы маем бітву за Tik­Tok, — падкрэсліў тады кіраўнік беларускамоўнага выдання. — Там мы можам размаўляць як з прыхільнікамі Лукашэнкі, так і з т. зв. нейтраламі. У адрозненне ад Face­book і Insta­gram, дзе карыстальнік знаходзіцца ў бурбалцы свайго кола. У Tik­Tok запатрабаваны і забаўляльны, і інфармацыйны кантэнт. Гэта важна, і трэба выкарыстоўваць.

    Акаўнты некаторых незалежных медыяў у Tik­Tok збіраюць мільёны праглядаў. Так, тэмы не заўсёды грамадскія ці палітычныя. Аднак так фармуецца аўдыторыя, якая давярае незалежным крыніцам і якая ў востры момант будзе звяртацца за інфармацыяй менавіта да апанентаў рэжыму.

    Гэтая пляцоўка зусім нядаўна набыла папулярнасць як сярод прадэмакратычных, так і ў прарэжымных сіл, адзначае Цэнтр новых ідэй, які правёў спецыяльнае даследаванне. Яго аўтары высветлілі, што дэмакратычныя спікеры выкарыстоўваюць пляцоўку, у прыватнасці, для развянчання міфа аб здольнасці рэжыму забяспечыць эканамічную стабільнасць. Іх кантэнт прысвечаны правальнай палітыцы ў сацыяльнай, эканамічнай сферы. Для праўладных крыніц цэнтральная тэма дыскрэдытуючых матэрыялаў — канфлікты ўнутры апазіцыйных структур. Напрыклад, раскол у BYPOL.

    — Праблема Tik­Tok у тым, што праз год акаўнт трапляе ў шэдаў (цень) прастору, — заўважыў адзін з медыяменеджараў. — Ранейшыя алгарытмы перастаюць працаваць, і колькасць праглядаў істотна зніжаецца.

    — Да таго ж да кітайскай відэаплатформы падазрона ставяцца ў Еўрасаюзе — нельга выключаць яе поўнага блакавання, — дадаў калега.

    Кажуць, больш істотная праблема ў эфектыўнасці мільённай статыстыкі. Што з таго, калі хтосьці звайпнуў ролік? Ці пераканала 15-секунднае відэа, калі карыстальнік усё ж такі праглядзеў яго?

    Падчас абмеркавання журналісты прыйшлі да высновы, што цяпер трэба выкарыстоўваць любыя магчымасці на розных платформах, каб захаваць базавую аўдыторыю. Пры гэтым цвяроза ацэньваць перспектывы: напэўна адток працягнецца.

    Тры гады — і штучны інтэлект выбухне

    Да чаго рыхтавацца медыям у бліжэйшыя тры гады? Аб гэтым сцісла распавёў спецыяліст з IT-сферы. Толькі два словы: штучны інтэлект. Ён яшчэ не вырас з кароткіх портак, але хутка вялікія моўныя мадэлі выйдуць на аўтсорс, і сферу чакаюць вялікія перамены.

    — Пакуль прапаганда раздражняе лінейнымі наратывамі, але праз некаторы час яе кантэнт напэўна стане больш якасным, а ў нейтральную стужку будуць натуральным чынам, незаўважна для карыстальніка інтэгравацца палітычныя навіны, — папярэдзіў спецыяліст. — А дзякуючы штучнаму інтэлекту яны будуць укараняцца персаналізавана. Напрыклад, чытачу, які цікавіцца сабачкамі, нейрасетка выдасць навіну, што выканкам дапамог бяздомным жывёлам. На ўзроўні падсвядомасці чалавек паступова будзе думаць, што не ўсё так відавочна.

    Паводле спікера, дыктатуры вельмі хутка асвойваюць такія тэхналогіі, і каб не прайграць, трэба ўжо прадумваць стратэгію. Якім будзе адказ дэмакратычных сіл і незалежных медыяў? Здаецца, пакуль разумення няма зусім. У тым ліку таму, што штучны інтэлект выглядае як нейкі інтэрфейс паміж аморфным асяроддзем, якога пачаставалі вялікім аб’ёмам інфармацыі, і чалавекам.

    Чытайце яшчэ:

    «За кожным зняволеным журналістам стаіць пракурор, суддзя, турэмшчык. Дзе расследаванні?» Няпростая дыскусія пра медыі ў выгнанні

    Пагрозы, харасмент, судовыя цяжбы. Журналісты краін Балтыі — пра выклікі для медыя

    «Незалежныя медыя перажываюць крах бізнэс-мадэлі, а грамадства падвяргае сябе самацэнзуры». Асноўнае са справаздачы Freedom House

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці