• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Калі ў хату ніхто не пагрукаў, на сёння і гэта вялікі пазітыў!» Калегі ў Беларусі пра адыходзячы год, мары, надзеі і пачуцці

    Напярэдадні Новага года мы запыталіся ў калег, якія застаюцца ў Беларусі, пра перажытае за год, пра цяжкасці і перажыванні, пра тое, што дае сілы жыць і марыць.

    Зміцер, намеснік рэдактара «экстрэмісцкага» выдання

    — Год, што мінае, па сваёй подласці мала чым адрозніваецца ад папярэдніх. Жыць даводзіцца, па вялікім рахунку, сённяшнім днём, без асаблівых планаў на будучыню і без «экскурсаў» у мінулае, каб эканоміць жыццёвую энергію.

    У нейкай ступені дазваляюць абстрагавацца ад існуючай рэальнасці хобі і заняткі творчасцю (не журналістыкай). Не дапамагаюць, але ўсё ж адцягваюць у нейкай меры ўвагу ад жыццёвых праблем і нават, як ні парадаксальна, ад хвароб (хоць, вядома, лепш без іх).

    Непрыемна бачыць розныя расколы і «разборкі» ў асяродку тых, хто з’ехаў і знаходзіцца ў адноснай бяспецы. У сферы СМІ гэтага менш, а вось у палітыкаў, на жаль, хапае…

    Так ці інакш, але атрымліваць новы жыццёвы досвед даводзіцца, як і новыя выпрабаванні. І ўсё ж такі пратрымаліся яшчэ год, у сацсетках захаваліся многія чытачы.

    А новы год няхай стане часам перамен, якія ўсе мы чакаем!

    Юрый, пазаштатны карэспандэнт «экстрэмісцкага» выдання

    —  Акрамя таго, што маю любімую газету знішчылі, дык і з асноўнай працы звольнілі. А я там інжынерам амаль 25 гадоў адпрацаваў. Вось так!

    На дзяржпрацу больш не пайшоў, не бачу сэнсу працаваць за такія грошы, ладзіць суботнікі і слухаць усялякую лухту. Уладкаваўся грузчыкам у Мінску ў прыватную фірму. Даводзіцца ездзіць з райцэнтра, але што зробіш, дачка яшчэ школьніца, трэба гадаваць.

    Працягваю сваю працу ў сацсетках — пішу пра беларускую культуру і гісторыю, то бок раблю тое, чым займаўся і раней. Рэзкіх каментароў і пастоў не дапускаю.

    Шмат вандрую па Беларусі, збіраю інфармацыю для сваіх экскурсаў. І ведаеце, што я разумею, калі размаўляю з жыхарамі ў розных мястэчках?

    Людзі не забыліся, што адбылося ў 2020‑м! Трохі стаміліся — ад ціску, дрэнных навін і нейкай беспрасветнасці. Гэта ёсць, адчуваецца, але не забыліся.

    Таксама прыемна, што пачалі больш размаўляць па-беларуску, асабліва, калі размова ідзе пра спадчыну, культуру і гісторыю.

    Не гледзячы ні на што, думкі ў мяне добрыя, бо кантактую зараз толькі с добрымі людзьмі, аднадумцамі. Паліць сябе нянавісцю не трэба, бо наш розум, цвярозы погляд і праўдзівае слова яшчэ патрэбныя беларусам!

    Уладзімір, журналіст рэгіянальнага «экстрэмісцкага» выдання

    — Я ўжо на пенсіі, але працаваў, каб людзі больш ведалі, разумелі. Калі закрылі нашу рэдакцыю, і для мяне нібыта зачынілася акно ў свет.

    Дзеці, унукі на працягу некалькі гадоў з’ехалі праз рэпрэсіі. У дачкі ператрусы былі адзін за другім, нават на лецішчы. Затрымаць не паспелі — з’ехалі з мужам. Унук таксама нацярпеўся: два разы па 15 сутак адсядзеў за нішто. З’ехаў з сям’ёй.

    Дай Бог ім там вольнага паветра, свабоды і ажыццяўлення мараў.

    Да мяне самога два разы прыходзілі — прафілактыку праводзілі, пытанні розныя задавалі, маўляў, апытанкі рабіў, людзей супраць улады настаўляў, больш не рабі таго, дзед… Але што з мяне ўзяць — пагаварылі і пайшлі. Напалохаўся тады, вядома, моцна: калі мяне возьмуць, хворая жонка і дня без мяне не пражыве! Таму зараз сяджу цішэй вады, ніжэй травы, нават з суседзямі амаль не размаўляю.

    Нешта ўспомніць пазітыўнае ў адыходзячым годзе нават не магу. Цяжка асэнсоўваць, што жыццё пражыў, а ўпэўненасці, што дзеці і ўнукі будуць жыць лепей за нас, так і не з’явілася. Нават наадварот…

    З радасцяў зараз — калі родныя патэлефануюць і скажуць, што ў іх усё добра, калі жонка крыху лепш сябе адчувае, калі ў хату ніхто не пагрукаў… На сёння і гэта ўжо вялікі пазітыў!

    Януш, пазаштатны супрацоўнік

    — 2023-ці быў сумным годам, прымусіў перагледзець каштоўнасці, ажно да прафесіі. На жаль, журналісты, хто застаўся ў Беларусі, сутыкаюцца з «культурай адмены».

    З аднаго боку, зразумелае жаданне «экстрэмісцкіх выданняў» — не падстаўляць сваіх інфарматараў, з другога — адчуваеш непатрэбнасць «галасоў з месцаў».

    Усё больш маіх знаёмых сыходзяць з журналістыкі, шукаюць сябе ў сумежных ці не вельмі прафесіях. Іх можна зразумець, ніхто не сілкуецца пранай з новага энергаблока АЭС у Астраўцы.

    Мяне палохаюць тэндэнцыі сярод беларусаў, якія цяжка назваць адэкватнымі, калі на поўным сур’ёзе чую: «Я адклікаю свой голас на карысць Ціханаўскай», «Дзе тэрытарыяльна яны будуць будаваць Новую Беларусь?» і «Нас усіх на*балі, толькі шкада тых, хто ў турмах». Я разумею, што ў людзях гавораць страх і вялізны смутак. І гэта нармальна. Ненармальна, што такія думкі ўзмацняюцца, а рукі апускаюцца.

    Усё менш бачу тых, хто марыць пра змены. Цяпер задача — проста выжыць, захаваць рэшткі здаровага сэнсу і веру з надзеяй. Мары прыдумаюцца новыя. Яны не такія важныя, як Вера.

    Станіслаў, дырэктар выдавецтва, рэдактар некалькіх выданняў

    — Год для нас быў някепскі. Праца ішла без перашкод. Мы застаемся ў агульнагарадской і нават у агульнаабласной абойме. Мы, як ні дзіўна, — частка гэтай сістэмы. Якая частка — іншая справа.

    На жаль, у нас не ўсё светла і радасна. Летам памёр былы сябра ТБМ і краязнаўца Міхась Бурачэўскі, а тыдзень з нечым таму памёр ад інфаркту кіраўнік літаб’яднання «Суквецце», карэспандэнт дзяржаўнай «Лідскай газеты» і адначасова сталы аўтар газет «Наша слова» і «Наша слова.pdf» Алесь Мацулевіч. Алесю было 42 гады.

    Якія мары? Спадзяемся выйсці на адраджэнне Таварыства беларускай мовы, мабыць, пакуль рэгіянальнага, заходнебеларускага масштабу.

    Анатоль, стваральнік відэакантэнту «экстрэмісцкага» выдання

    — Настрой ніякі! Столькі месяцаў прайшло з закрыцця рэдакцыі, а да гэтага часу ўсё баліць і мучае… Вельмі шкада! Колькі было задумак, ідэй, колькі можна было б людзям цікавага распавесці, карыснага, забаўляльнага і тлумачальнага! Але вось так…

    Па мне, нібыта жыццё спынілася. Пакрыху перабіваюся. Добра, што хата свая ёсць, у кватэры з’ехаў бы з глузду. Яшчэ каханая побач — мая падтрымка.

    Усім калегам, што ў Беларусі, што за мяжой, зычу здароўя, кахання, радасці ў душы!

    У навагоднюю ноч загадаю, каб хутка змог кожнаму паціснуць руку і абняць на радзіме.

    Алена, журналістка «экстрэмісцкага» выдання

    — Гэты год быў такім цяжкім, што не выказаць. Няма любімай рэдакцыі, працы, калег, пасядзелак з імі за кубачкам гарбаты, а часам і чаго мацнейшага.

    Частка калег з’ехала. Па-добраму зайздрошчу, бо ўсе яны засталіся ў прафесіі. Я не змагла з’ехаць. Вельмі шмат праблем са здароўем стала — і фізічных, і ментальных. Як кажуць, жыву на таблетках. Яшчэ маці з татам хвароб назапасілі, а я ў іх адзіная…

    Доўга шукала новую працу. Знайшла. Канешне, параўнаць працу ў рэдакцыі і маю працу зараз — гэта як шукаць агульныя рысы ў насарога і матылька.

    Людзі забітыя, безэмацыйныя, у галаве толькі плёткі і тупыя размовы. Ніколі не мела справы з даносамі, а вось на маёй працы — гэта як абавязак калектыўнай дамовы. Часам думаю, і вось для гэтых людзей я працавала, марнавала здароўе і нервы, рызыкавала свабодай? Але ганю такія думкі. Сама зараз больш маўчу, чым гавару. Наўпрост выжываю…

    Што пазітыўнага? Не паверыце, а вось ёсць! На дзіва! Выйшла замуж месяц таму!

    Калі хлопец не пабаяўся быць побач са мной увесь гэты год — і калі на допыты мяне цягалі, і калі з бальніцы не вылазіла, і калі баялася кожнага званка і гуку — то, мабыць, сапраўды кахае!

    А яшчэ вельмі шкадуе мяне і клапоціцца, кажа, што ахоўвае мяне для будучыні. Вельмі паважае маю прафесію і маё раскіданнае выданне. Шчыра, каб не ён, то і не ведаю, як далей склалася б маё жыццё. Так што, пакуль мой нос крыху ўверх.

    Загадаю ў навагоднюю ноч, каб новы год прынёс калегам і ўсім беларусам больш станоўчых момантаў, надзей і здзяйснення мараў. А марым мы — хто за мяжой, хто ў Беларусі — пра адно і тое ж! Хай усё пойдзе на лад: зломіцца, загоіцца і заквітнее!

    Чытайце яшчэ:

    БАЖ падводзіць вынікі працы за год. Падтрымка журналістаў і медыяў, кампаніі салідарнасці, еўрапейскія ўзнагароды і ТікТок

    «Свет працягвае жыць далей, пакуль я замер паміж мінулым і будучыняй». Яўген Атцецкі пра сваю другую зіму ў Львове

    Прэм’ерны паказ дакументальнага серыялу Netflix пра беларускія пратэсты запланавалі на пачатак 2024 года

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці