• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Згубіліся ў беларускім ютубе? Вось ажно 17 каналаў — знойдзеце свой

    За апошнія гады ў ютубе з'явілася шмат беларускіх праектаў, якія выводзяць гледачоў з расійскай інфармацыйнай прасторы і спрабуюць зацікавіць беларускім парадкам дня. Свае ток-шоу, свае кулінарныя батлы, свае вечаровыя перадачы. «Наша Ніва» расказвае пра тое цікавае, што можна паглядзець. 

    ЧинЧинЧенэл

    Былыя купалаўцы зладзілі сатырычны праект, што дапаможа паглядзець на беларускую рэчаіснасць з іншага боку. У цэнтры — два выдуманыя беларускія чыноўнікі, Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч, а таксама іх прыгоды ў варожай Еўропе і ў роднай стабільнай Беларусі. Зорачка праекта Алена Жалудок выпускае гумарныя песні (вы дакладна ведаеце «Шчучыншчыну»), а «на дыван» да чынчынаў прыходзяць вядомыя беларусы — апошнім, напрыклад, быў Маляваныч.

    Будзьма Беларусамі!

    Гэты праект на 43,6 тысячы падпісантаў прапануе беларускамоўны адукацыйны кантэнт. У «Будзьмы» ёсць гістарычнае шоу з Кацярынай Ваданосавай, перадача «Сармат» пра шляхецкую культуру, арыгінальныя беларускамоўныя рэцэпты, праект «Хрусь і папалам» пра стэрэатыпы вакол нашай нацыі і шмат дзіцячага кантэнту. На канале багата архіўных ролікаў.

    Купалаўцы

    Былыя акцёры Купалаўскага тэатра ўжо даўно маюць свой ютуб-канал, праз які працягваюць рабіць нашу культуру крышачку лепшай. Галоўнае тут — спектаклі, але таксама на канале ёсць аўдыёкніга па знакамітым «Радзіва «Прудок», анімацыя «Тэатр К. у горадзе М.», «1984» у агучцы ад купалаўцаў, асабістыя «Дзённікі эміграцыі» і шмат чаго яшчэ.

    ЭТОТ ПРУС

    Малады журналіст Іван Прус і яго калега Глеб Сямёнаў робяць сваё шоу «о(б)суждаем» — і гэта кантэнт, якога нам дакладна не хапала. Абаяльныя хлопцы знаходзяць пазітыў у беларускай медыясферы, жартуюць з селебрыці лукашэнкаўскай разліўкі і вышукваюць неверагодныя крынджовыя гісторыі, за якімі хаваецца сумная беларуская рэчаіснасць.

    РУДАБЕЛЬСКАЯ ПАКАЗУХА

    Незвычайны канал, які часам падкідае цікавыя перлінкі. Блогеры Андрэй і Вольга Павук звоняць беларускім чыноўнікам і іншым прыхільнікам рэжыму — да прыкладу, у іх былі гутаркі з Аляксандрам Саладухам і сёстрамі Груздзевымі. А таксама тут выходзяць песні сатырычнага дуэта «Красная зелень», які складаецца з Маргарыты Ляўчук і Андрэя Павука.

    Годна

    Перш за ўсё, тут выходзіць моўнае шоу «Трушанка» — у ім блогерка Ліза Ветрава вучыць гаварыць па-беларуску нават на арыгінальныя тэмы. Таксама на «Годна» выходзіць перадача з Мікітам Бялевічам пра беларускую музыку. А ў 2023‑м Ліза і Мікіта падарожнічалі па звязаных з Беларуссю мясцінах у Еўропе — знайшлося месца ролікам пра Вільню і Шаўляй, Варшаву, Падляшша, Гданьск і не толькі.

    БЕЛСАТ HISTORY

    Тэлеканал «Белсат» робіць багата цікавага відэакантэнту. Але адзначым менавіта яго гістарычную частку. Цяпер на канале гісторык Цімох Акудовіч вядзе перадачу «Вусы Скарыны» — тут і пра масонаў, і пра першага прэзідэнта Гаваеў з Магілёва, і пра Барбару Радзівіл. Больш амбіцыйная перадача на канале — Inter­mar­i­um, дзе гісторыкі ў студыі абмяркоўваюць «башкірызацыю» Беларусі, Армію Краёву і тое, ці паўтарае Беларусь лёс Венгрыі.

    Міністэрства сепультуры

    Журналіст і пісьменнік Аляксандр Чарнуха мае свой канал пра беларускую музыку, і гэты праект дакладна пашырыць вашы гарызонты. Ён знаходзіць сілы скласці дыскаграфію сясцёр Груздзевых, расказвае пра загадкі гурта «Дразды», але пры гэтым радуе беларускай Б’ёрк і знаёміць з багамі беларускага метала. І ўсё гэта — з тонкім гумарам, які сам па сабе задавальненне.

    Овощевоз

    Велізарны канал на 228 тысяч падпісантаў прысвечаны музыцы і віктарынам па ёй. У госці да праекта прыходзяць і вядомыя беларусы — напрыклад, там бывалі салісткі гуртоў NAVIBAND і VAL. 

    Ночь с Чалым

    Апошнія месяцы аналітык Сяргей Чалы спрабуе сябе ў жанры late-night show, якога ў беларускім ютубе, здаецца, дагэтуль не было. Ён расказвае пра апошнія навіны, сустракаецца ў студыі з вядомымі беларусамі і, як заўсёды, прэзентуе багата развагаў. Феномен дакладна варты абмеркавання.

    ЧАСИКИ ТИКАЮТ

    Невялікі (3,5 тысячы падпісантаў) праект часам радуе вялікімі гутаркамі: тут пра тое, ці беларусы — гамафобы, хто працягне даўжэй — Пуцін або Лукашэнка і як варта ставіцца да выбараў-2024 у Беларусі. Усю гэтую актуальшчыну абмяркоўваюць журналістка Яўгенія Сугак і аналітыкі Рыгор Астапеня і Арцём Шрайбман.

    Мне тоже не нравится

    Яшчэ адзін праект ад Яўгеніі Сугак. Спіс удзельнікаў неабмежаваны: у госці да шоу прыходзілі экс-актрыса Купалаўскага Крысціна Дробыш, журналіст «Радыё Свабода» Віталь Цыганкоў, паэт Павел Горбач, экс-дыпламат Павел Слюнькін і багата іншых суразмоўцаў. А гутараць тут, напрыклад, пра тое, калі нарэшце падзе рэжым ці ў чым прычына канфліктаў у беларускай апазіцыі.

    panstandup

    Ахова камедыі Бацькаўшчыны! Гэты канал стварылі маладыя беларускія комікі, і на ім яны выкладаюць уласны стэндап на роднай мове. Пакуль праект на паўзе, але там ужо ёсць 43 відэа — хопіць не на адзін вечар у лампавай атмасферы. Да таго ж, ёсць надзея, што хлопцы адновяць канал.

    Женщины тяжелого поведения

    Кацярына Раецкая, Настасся Карасёва і Марына Ментусава зладзілі шоу, дзе спрабуюць гутарыць пра важнае для жанчын. Некаторыя з апошніх тэмаў — жыццё каралеваў прыгажосці, фінансавая пісьменнасць і хатні гвалт. У госці прыходзілі, напрыклад, актывісткі Стася Глінік і Надзея Сядун, расійская феміністка Заліна Маршанкулава і юрыстка Ганна Рывіна.

    ХАДАНОВІЧ | CHADANOVIČ

    Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч знаёміць са светам беларускай літаратуры.

    «Распавядаю пра літаратуру, якая стала актуальнай у нашы часы, пра літаратуру, у якой мы з вамі цяпер жывём», — тлумачыць ён у апісанні канала.

    Тут ёсць і пра Барадуліна з Міцкевіча, і пра беларускае фэнтэзі, і пра твор «Белы шпіц».

    Обычное утро

    Магчыма, самая эмацыйная беларуская перадача ў інфармацыйным жанры. Кожны будны ранак у 10 легендарныя вядучыя Канстанцін Каверын і Людміла Міласлаўская выходзяць у эфір, каб пагутарыць з гасцямі, абмеркаваць надзённыя праблемы і дазволіць сабе трошкі выпусціць пару — жаданне, якое зразумее кожны з беларусаў.

    «Около Культуры» с Никитой Моничем

    Беларускі канал пра тое, як атрымліваць задавальненне ад культурных прадуктаў і разумець культуру. Вядомы гід Мікіта Моніч, які раней працаваў у Нацыянальным мастацкім музеі, а цяпер жыве ў Мадрыдзе, лёгка і даступна тлумачыць, у чым геніяльнасць Суціна, як вайна ў мінулым стагоддзі змяніла мастацтва, і расказвае пра беларускія музеі, ад якіх захопіць дух.

    Чытайце яшчэ:

    Хто ў беларускім ютубе робіць крутыя відэагутаркі? Шэсць рэкамендацый для прагляду

    З’явіўся спіс самых папулярных беларускіх ютуб-каналаў. Пра некаторыя вы дакладна не чулі

    Што цяпер нельга паглядзець на «Беларусь 5»? Як існуе дзяржаўнае тэлебачанне без міжнароднага спорту

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці