• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Літоўскі журналіст абурыўся беларусамі ў Вільні, заклікаў «паказаць, што ім не радыя»

    У эфіры Літоўскага радыё журналіст Рымас Бружас выказаўся за тое, каб літоўцы паказалі, што «не радыя» беларусам, якія «нясуць смярдзючую змяю знявагі да нашага ладу жыцця». Тэкставая версія ягоных выказванняў дасяжная на сайце LRT.

    Што напісаў літоўскі журналіст

    Рымас Бружас у артыкуле пад загалоўкам «Варожая весялосць у Вільні» наракае, што ў літоўскай сталіцы «часта адчуваеш сябе нібы дзесьці ў Менску», бо вакол машынаў з беларускімі нумарамі ці не столькі ж, колькі з літоўскімі, а ў літоўскіх гандлёвых цэнтрах «ледзь чуваць літоўскую мову».

    «Перад намі прадстаўнік краіны, якая дапамагае забіваць украінцаў, і ён нічым не пакрыўджаны. Гэтая ж краіна, паўтару, пагражае напасці на Літву», – піша ён пра беларусаў.

    Ён задаецца пытаннямі: ці часта беларусаў пыталі, чый Крым, ці часта ім давалі зразумець, як літоўцы ставяцца да беларускага дыктатара і ці бачылі слухачы, як літоўцы ладзяць «антыбеларускія флэшмобы» каля гандлёвага цэнтру «Akropo­lis», і ці бачылі плакаты, якія паказваюць Аляксандра Лукашэнку і Уладзіміра Пуціна «ў непрыстойных позах», ці часта бачылі «хаця б улёткі за дворнікамі».

    На думку журналіста, літоўцы паказваюць слабасць грамадзянам краіны-агрэсара, якія прыязджаюць на закупы ў Вільню, і гэта робіцца пацверджаннем прапаганды аб «слабасці Захаду».

    «Цікава, ці расказалі б яны, перажыўшы адназначную рэакцыю на сваю краіну-агрэсара, як добра правялі час у Вільні?» – пытае Бружас.

    Ён не ўдакладняе, да якіх канкрэтна дзеянняў заклікае, але піша, што было б правільна, калі б кожная машына з беларускімі нумарамі «выпрабавала на сабе, што мы думаем аб урадзе краіны, адкуль яны прыехалі», і калі б кожнаму «суседу з Усходу» ў літоўскіх гандлёвых цэнтрах было «выразна паказанае стаўленне да дзяржавы, якая адкрыта пагражае нас паглынуць», бо трэба, каб «кожны ведаў, што Літва – гэта не гандлёвы цэнтр».

    «Той, хто нясе смярдзючую змяю пагарды да нашага ладу жыцця, каштоўнасцяў і свабоды, павінен ведаць, што яму тут не радыя», – піша Бружас, не ўдакладніўшы, як вызначыць сярод беларусаў тых, хто гэта нясе.

    У Літве не бачаць у гэтым распальвання варожасці?

    Некаторыя беларусы ў сацсетках абурыліся гэтай публікацыяй. Публічнай рэакцыі з літоўскага боку на момант публікацыі не было, а артыкул Бружаса, апублікаваны вечарам 30 студзеня, дагэтуль дасяжны на сайце LRT – грамадскай тэлерадыёкампаніі Літвы, фінансаванай з падаткаў грамадзянаў.

    Кантралёрка па этыцы LRT на момант публікацыі не адказала на запыт «Белсату» аб каментары.

    Старшыня Літоўскага аб’яднання журналістаў Дайнюс Радзявічус у каментары «Белсату» сказаў, што ў артыкуле пабачыў асуджэнне не толькі дыктатараў і іхных рэжымаў, але і пасіўных і актыўных прыхільнікаў гэтых рэжымаў.

    «Гэтым каментаром Рымас Бружас, мне здаецца, хацеў справакаваць літоўцаў, каб яны не былі абыякавымі да дыктатараў і іх прыхільнікаў, – мяркуе Радзявічус. – Таму, прызнаюся, я не бачу ў тым тэксце ніякай нянавісці менавіта да беларусаў як да нацыі. Я бачу больш жаданне справакаваць літоўцаў на размову і стасункі з беларускімі грамадзянамі, якія прыязджаюць у Вільню ў якасці турыстаў на выходныя».

    Ён падкрэсліў, што гэта ягонае асабістае меркаванне, але не пазіцыя Літоўскага аб’яднання журналістаў.

    Што рабіць незадаволеным?

    Радзявічус параіў тым, хто бачыць мову варожасці (якой ён у тэксце не бачыць) звярнуцца ў паліцыю ці пракуратуру, напісаць амбудсмену LRT і прасіць ацаніць каментар Бружаса ў Інспекцыі па журналісцкай этыцы.

    Інспектарка па журналісцкай этыцы Гражына Раманаўскайце пацвердзіла «Белсату», што абураныя публікацыяй выказванняў Бружаса могуць звяртацца ў названыя службы. Пры разглядзе скаргаў інспекцыя па журналісткай этыцы запытае тлумачэнні ў вытворцы ці распаўсюдніка інфармацыі, ацэніць выказванні і іхны кантэкст.

    Калі ў тэксце выявяць адпаведныя парушэнні, то інфармацыя будзе падлягаць выдаленню згодна з пунктам 3 часткі 1 артыкулу 19 закону «Аб публічнай інфармацыі».

    Акрамя таго, артыкул 170 Крымінальнага кодэксу Літвы прадугледжвае для фізічных і юрыдычных асобаў адказнасць за распальванне варожасці супраць любой нацыянальнай, расавай, этнічнай, рэлігійнай ці іншай групы. Пакаранні – ад штрафу да 4 гадоў пазбаўлення волі.

    «Літва – дэмакратычная дзяржава, у якой абароненыя прынцыпы свабоды выяўлення і слова, меркаванні людзей, але распальванне нянавісці – па-за межамі свабоды выяўлення», – адзначае Раманаўскайце.

    На пытанне аб тым, ці не ўзнікае цяжкасцяў з вызначэннем мовы нянавісці ў час захопніцкай вайны ва Украіне, Раманаўскайце адказала: у кантэксце цяперашняй геапалітычнай сітуацыі меркаванні могуць выражаць мацней, крытыка становіцца вастрэйшай. Але пры разглядзе скаргаў Інспекцыя па журналісцкай этыцы ўлічвае канструкцыі сцверджанняў, улічвае кантэкст публікацыі і ацэньвае, ці выражаецца меркаванне, ці паведамляецца навіна.

    Чытайце яшчэ:

    Любоў Лунёва: Недапушчальна, калі дасведчаныя журналісты вымушаныя заціскаць у сабе прафесіяналізм і выконваць працу капірайтара

    «Фінансаванне беларускіх медыяў пагаршаецца. Усё больш адчуваецца канкурэнцыя з боку расійскіх СМІ». Што рабіць?

    «Падчас страляніны падлеткі называлі сына «бандэраўцам» і абяцалі перавыхаваць». Расійская журналістка пра выпадак у Вільні

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці