• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Стан журналіста залежыць ад стану яго рэдакцыі». Барыс Гарэцкі — пра праблемы медыяў у эміграцыі

    Пра стан сучаснай беларускай журналістыкі і праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія журналісты ў эміграцыі, разважае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі ў гутарцы з Юліяй Сівец на хвалях Беларускага Радыё Рацыя.

    РР: Многія журналісты вымушаныя былі эміграваць з Беларусі. У гэтым звязку пытанне, ці ёсць ужо кейсы, што журналісты вырашаюць сысці з прафесіі і перайсці ў іншыя сферы?

    — На жаль, такія кейсы ёсць. Такія з’явы выгарання, сыходу з журналістыкі былі і да масавага вымушанага выезду журналістаў з Беларусі. Што тычыцца цяперашняй сітуацыі, то летась «Рэпарцёры без межаў» праводзілі нават такі глабальны аналіз таго, як працуюць нашы калегі ў розных краінах. І яны прыйшлі да высновы, што 30% беларускіх журналістаў, якія вымушана выехалі з Беларусі, сышлі з журналістыкі, або сышлі з тых месцаў працы, дзе яны былі на момант пераезду.

    Я не магу сказаць, ці гэта лічба дакладная, але мне падаецца, што яна даволі рэлевантная. Гэта дзясяткі адсоткаў людзей. Звязана гэта, безумоўна, з памяншэннем колькасці працоўных месцаў у незалежных медыя.

    Калі ўзгадаць дакрызісны год, 2019–2020, то беларускія медыі па аб’ёме чалавечых рэсурсаў былі значна большыя. Ёсць тэлеканал «Белсат», які меў у Беларусі вялікую сетку карэспандэнтаў і аператараў. У сувязі з пераездам, у Варшаве такой колькасці карэспандэнтаў і аператараў не патрэбна. Гэта можна праецыраваць і на іншыя медыі. Таксама ёсць скарачэнне фінансавых магчымасцяў. 

    Другі чыннік, які на гэта ўплывае, гэта выгаранне людзей.

    У 2020 – 2021 гадах людзі працавалі на знос, а потым былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі і працягваць працаваць з негатыўнай, драматычнай  тэматыкай, кожны дзень пішучы матэрыялы пра рэпрэсіі, пра пераслед. І вельмі многім журналістам спатрэбілася псіхалагічная дапамога пасля гэтага напружанага этапу 2020 – 2021 гадоў.

    Мы бачым, што сітуацыя не памянялася, тэмы не змяніліся, а ўжо таго запалу ў многіх людзей няма. І таму аб’ектыўна частка людзей сышла з прафесіі.

    Але ёсць і адваротныя працэсы. З пераездам беларускіх медыя ў эміграцыю ёсць і прыток свежых кадраў у рэдакцыі. Нарпыклад, у тыя медыі, якія працуюць у Вільні, запрашаюць на працу і выпускнікоў ЕГУ. Сэнс у тым, што нашы медыі сталі абсалютна мульціплатформеннымі, і журналістыка — гэта зараз не толькі напісанне тэкстаў, але і дыстрыбуцыя сваіх матэрыялаў, пераўпакоўка, запісы кароткіх відэаролікаў. Гэта вельмі простая рэч для маладога пакалення, і таму ў журналістыку прыходзіць свежая кроў.

    РР: З якімі асноўнымі праблемамі сутыкаюцца журналісты ў эміграцыі?

    — Я бы падзяліў праблемы на две сферы — гэта прафесійныя і асабістыя. Што тычыцца прафесійных праблем — гэта, безумоўна, адсутнасць доступу да інфармацыі. Улады робяць усё магчымае, каб адрэзаць незалежных журналістаў ад чыноўнікаў, статыстыкі і г.д. Пры гэтым крыміналізуюць кантакты аудыторыі з медыямі для таго, каб людзі не пісалі ў саму рэдакцыю. Гэта істотна ўскладняе напісанне матэрыялаў нават для нас — арганізацыі, якая асвятляе падзеі ў медыях. Бо і ўнутры Беларусі ты мала з кім можаш паразмаўляць, і ў эміграцыі многія людзі не хочуць камунікаваць з незалежнымі медыямі.

    Нават маючы дэмакратычныя перакананні, яны стараюцца не засвечвацца на сайце, бо баяцца за сябе ці за сваіх родных у Беларусі. 

    Што тычыцца асабістых праблем, то тут пласт значна большы. Калі прафесійныя рэчы яшчэ неяк вырашаюцца, то асабістыя пытанні — гэта тое, у чым кожны з нас зараз жыве. Пашпарты, даверанасці, нараджэнне дзяцей, віды на жыхарства — гэта тое, што мы ніколі не рабілі ў Беларусі. Цяпер дадаткова да звычайных рэчаў далучаецца гэта легалізацыйная праблема — увесь час сачыць за сваімі дакументамі. Ёсць праблемы з пошукам месцаў навучання для дзяцей, з пошукам месца жыхарства, таму што ў Беларусі ў цябе была кватэра, а ў эміграцыі ты прывязаны да арэнднага жытла. 

    Думаю, што самая складаная праблема, якая цісне на журналістаў — гэта немагчымасць быць дома. Вярнуцца да родных, сустрэцца са сваімі блізкімі, сябрамі — гэта тое, што ніяк немагчыма вырашыць у эміграцыі. Можна патэлефанаваць, можна справабаць нейкім чынам сустракацца…

    Але ўсё гэта маленькія крокі, якія не вырашаюць галоўную праблему — тое, што сёння беларуская журналістыка вымушана робіцца з‑за мяжы.

    РР: Твой прагноз, напрыклад, на бліжэйшыя пяць год: калі нічога не змяняецца і сітуацыя застаецца такая, як цяпер у Беларусі, то ці варта чакаць яшчэ павелічэння сыходу з прафесіі многіх людзей і ці верыць, што будзе жыць найдалей беларуская журналістыка?

    — На пяць гадоў нам пакуль складана даваць прагнозы, але галоўнае, што будзе вызначаць нашу працу — медыйшчыкаў, грамадскіх арганізацый, дэмакратычных структур — гэта, па-першае, неадарванасць ад беларускай рэальнасці. Калі нам удасца па-ранейшаму быць на сувязі з Беларуссю, камунікаваць, атрымліваць інфармацыю, не стаць такім эмігранцкім пластом, як ранейшыя хвалі эміграцыі, — тады да, медыі працягнуць эфектыўную працу і людзі будуць захоўвацца. І другое — гэта выбудава стабільных крыніц фінансавання медыяў, бо стан журналіста залежыць ад стану яго рэдакцыі. 

    РР: Цяпер усе абмяркоўваюць магчымую забарону Фэйсбука і Інстаграма у сувязі з аб’яднаннем экстрэмісцкіх баз Расіі і Беларусі. Наколькі гэта таксама паўплывае негатыўным чынам на СМІ, якія працуюць за мяжой?

    Сацыяльныя сеткі з’яўляюцца сёння, напэўна, галоўнымі крыніцамі інфармацыі. Меншая частка аудыторыі гатовая ставіць впн і заходзіць на сайты, а большая частка чытае кантэнт незалежных медыяў непасрэдна ў месэнджэрах, у сацыяльных сетках. Калі год таму ў забарону Інстаграма ці Фэйбука ў Беларусі цяжка было паверыць, то сёння мне такая пагроза не падаецца супернерэальнай. Бо сёлета ў Расіі адбываюцца так званыя прэзідэнцкія выбары, і расійскія медыйшчыкі нават абмяркоўваюць пагрозу блакавання ютуба для расійскай аудыторыі. Там, у Расіі, і Інстаграм, і Фэйсбук ужо даўно прызнаныя экстрэмісцкімі…

    На мой поглад, такая верагоднасць у Беларусі павялічылася, бо беларускі рэжым за апошнія год-паўтара яшчэ больш адасобіўся ад цывілізаванага свету, ён яшчэ больш імплементаваўся ў расійскую сістэму каардынат.

    Калі казаць пра блакаванне Ютубу ў Беларусі, я бы сказаў, што гэта малаверагодна. Бо большасць прапагандысцкіх каналаў актыўна робяць свае прадукты для Ютуба. І калі ў Беларусі будзе заблакаваны Ютуб, то ясна, што самім прапагандыстам гэта не на руку. Я думаю, што яны будуць лабіраваць захаванне доступу да Ютуба. Паколькі яны малапаспяховыя на пляцоўках Фэйсбука і Інстаграма, то гіпатэтычна такая магчымасць ёсць.

    РР: Пытанне наконт конкурса «​Вольнае слова», які традыцыйна праводзіць Беларуская асацыяцыя журналістаў. У цяперашніх умовах якая будзе пазіцыя, каб забяспечыць бяспеку ўдзельнікаў?

    Ужо другі год запар конкурс «Вольнае слова» праводзіць не БАЖ, а Еўрапейская федэрацыя журналістаў. Мы аддалі конкурс у рукі большага за наша аб’яднання еўрапейскіх структур, якое не мае экстрэмісцкага статуса. І ўсе этапы конкурсу праходзяць менавіта пад эгідай ЕФЖ — і збор дадзеных, і фарміраванне журы, і нават узнагароджанне…

    Я разумею, што для людзей у Беларусі ёсць пэўны страх падавацца на конкурс нават у такой структуры. З другога боку, мы робім усё магчымае, каб фармальна ўдзел у конкурсе «Вольнае слова» не нёс ніякіх пагрозаў для чалавека нават унутры Беларусі.

    Чалавек можа падаваць публікацыю на конкурс і пад сваім прозвішчам, і ананімна. Летась былі такія выпадкі, калі перамагалі матэрыялы, але чалавек не хацеў называць свое сапраўднае прозвішча, і дыплом выдаваўся псеўданіму альбо проста рэдакцыі, у якой выйшаў матэрыял. На дадзены момант ёсць усе магчымасці захаваць ананімнасць.

    З мінулага года абсалютна ніякага патрабавання сяброўства ў БАЖ для ўдзелу ў конкурсе няма. На конкурс могуць падавацца ўсе журналісты і журналісткі любых недзяржаўных медыяў. Матэрыял можа быць надрукаваны на любой мове. І нават калі нашы калегі працуюць у замежжы і пішуць для англамоўных, немецкамоўных, французскамоўных, польскамоўных выданняў, яны таксама могуць падаваць матэрыялы на конкурс.

    Што тычыцца журналістыкі ў выгнанні, то больш за 200 працаў былі дасланыя летась на конкурс, то бок не было ніякага спаду ў параўнанні з мінулымі гадамі. Мне падаецца, што гэта паказвае вельмі добрае захаванне стану беларускай журналістыкі. Нягледзячы на вымушаную эміграцыю, у нас працягвае захоўвацца вельмі высокі ўзровень і выдатныя матэрыялы працягваюць выходзіць у беларускіх медыях.

    Чытайце яшчэ:

    «Мы хотим не бояться за будущее “Белсата”, а развивать его!» Работники «Белсата» написали письмо в польский МИД

    «Як журналісты сталі галоўнымі ворагамі Лукашэнкі». Выйшаў новы фільм пра беларускіх рэпарцёраў, пратэсты і рэпрэсіі

    Сярод абвінавачаных за «здраду дзяржаве» — шасцёра журналістаў і блогераў. Хто яны?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці