«Голас беларуса»: аб чым пісала газета, якая пабачыла свет 100 гадоў таму?
Выданне, якое існавала ў Вільні, жыва рэагавала на падзеі беларускага жыцця. 1924 год на старонках, але калі чытаць сёння — нібы і не было цэлага стагоддзя. Паміж намі і імі — сто гадоў, але актуальнасць ні на каліва не знікла. Пра што паспелі напісаць у 21 нумары беларускага медыя?
Рэдактар і выдавец у адной асобе, Мікалай Шыла жыў і працаваў у Заходняй Беларусі, а менавіта ў Вільні. Вядома, што ён быў сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і ўваходзіў у кіраўніцтва Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў.
Пасьля спробы выданьня ў той жа Вільні газэты «Змаганьне», спадар Шыла вырашыў другі раз паспытаць шчасьця з беларускім мэдыяпрадуктам. На колькі пасьпяхова атрымалася, сказаць складана, бо выйшаў усяго 21 нумар газэты, пасьля чаго яна была зачыненая ўладамі Польшчы, да юрысдыкцыі якой і падначальвалася частка Беларусі, якая не трапіла пад камуністычны прыгнёт на Ўсходзе.
Давайце пагартаем газэту!
Першы нумар, які пабачыў сьвет у Дзень сьвятога Валянціна, 14 лютага 1924 года, пачынаецца з абвесткі, якая пераклікаецца з рамантычным днём:
«Дырэкцыя Беларускае Драматычнае Майстроўні зьвяртаецца з просьбай паведаміць, дзе можна знайсьці п’есу «Эрос і Псыха» Жулаўскага – беларускі пераклад Янкі Купалы».
Беларусаў, якія апынуліся паводле ганебных для Беларусі мірных дамоваў не ў сваёй дзяржаве, а ў акупацыйных частках Польшчы і чырвонай Расеі, чакаў наступны першы артыкул, які быў прысьвечаны «нязвычайна цяжкім часінам Польскай Рэспублікі».
Прыхільнік левых поглядаў рэдактар Мікалай Шыла адзначае:
«Фінансавы крызіс прымусіў польскую дзяржаўную ўладу, якая так шчыра, так горача бароніць прынцып прыватнае ўласнасьці, парушыць гэты прынцып і правесьці частковую нацыяналізацыю маёмасьці ўсіх грамадзян Польшчы.
І пад той час, як “крэсовыя” палякі-абшарнікі ўсяляк стараюцца ўхіліцца ад цяжару, што на іх узложаны ў постаці “падатку на маёмасьці”, — нашае сялянства пакорна плоціць тое, што ад яго вымагаюць. Вось жа ў гэты мамэнт, калі Польскай Рэспубліцы прыпатрэбіліся і грошы беларускага працоўнага народу, больш чым калі павінны мы падняць свой голас.
Выпускаючы ў сьвет гэты першы нумар нашае часопісі пасьля таго, як цэлы рад беларускіх газэт аказаўся зачыненым ўладай, мы, як сьлед, здаем сабе справу з таго, якую вагу мае грамадзкі голас пры сучасным палітычным палажэньні».
Далей рэдакцыя з радасьцю кажа аб прызнаньні камуністычнага Саюзнага (Радавага) ураду Англіяй.
«Дзень 1 лютага 1924 року застанецца ў гісторыі, як дзень вялікай перамогі рэвалюцыйных работнікаў і сялян Радавых (Савецкіх) рэспублік, бо ў гэты дзень ангельскі ўрад фармальна прызнаў СССР, а ўрад гэтых рэспублік, як урад de jure (праўны, законны) тых тэрыторый быўшай Расейскай імпэрыі, якія прызнаюць гэты ўрад сваёй “законнай уладай”. У мамэнт, калі па сьмерці Леніна і шырокай дыскусіі ўнутры камуністычнай партыі над галоўнымі заданьнямі партыйнага і дзяржаўнага жыцьця, зноў абудзіліся надзеі чорнай рэакцыі, і розныя пісакі пачалі варажыць хуткі канец радавай улады, прызнаньне гэтай улады праз Англію ўзмацоўвае яе на арэне міжнародных адносінаў. Гэта зрабіў нават фашыстаўскі ўрад Мусаліні ў Італіі. Жыцьцё прымусіць зрабіць гэтае ж і паваеннага дыктатара Эўропы Пуанкарэ».
Горкія, незразумелыя спадзевы левака Шылы на камуністаў з Усходу. Знаходзячыся ў Польшчы, яго ход думкі прасочваецца ў наступных радках:
«Прызнаючы Савецкія Рэспублікі, Англія прызнае і Беларускую Радавую Рэспубліку; прызнаецца самай магутнай дзяржавай Заходняй Эўропы права беларускага народу да самастойнага незалежнага дзяржаўнага жыцьця. Гэта факт першараднага значэньня, асабліва, калі прыняць пад увагу, што яшчэ нядаўна, дый цяпер шмат яшчэ ёсьць такіх асобаў, асабліва тут у Польшчы, якія сіляцца ў бязьсільнай злосьці скрыць перад сьветам самы факт існаваньня беларускага народу».
Як жа ты памыляўся, спадар (таварыш?) Шыла.
Што ў сьвеце?
Зь Нямеччыны 14 лютага 1924 года паведамлялі пра чалавека, які стане на чале гэтай дзяржавы праз 7 гадоў:
«Сэнсацыйны працэс генэрала Людэндорфа і правадыра баварскіх фашыстаў Гітлера адкладзены на 26 лютага.
У Францыі паважна захварэў найвялікшы з сучасных пісьменьнікаў Францыі Анатоль Франс. А ангельскі ўрад загадаў неадкладна звольніць з вастрога правадыра індыйскіх незалежнікаў і рэлігійнага рэфарматара Гандзі. У Амэрыцы памёр Вудра Вільсан, які быў прэзыдэнтам Амэрыканскай Рэспублікі ў часе вялікай вайны і йграў такую агромную ролю ў часе мірнай канфэрэнцыі».
Сканчваецца першы нумар беларускага выданьня абвесткай аб серыі папулярных лекцыяў, якія адбудзяцца ў залі Майстроўні на Вострабрамскай, 9.
Першая лекцыя: «Аб Беларускай драме» Антона Луцкевіча. Пасьля лекцыі: Канцэртны аддзел і скокі.
Паскокаць з удзелам аднаго з бацькоў-заснавальнікаў БНР было б варта, безумоўна.
У наступных нумарах рэдакцыя працягнула асьвятляць самыя надзённыя пытаньні.
Так, у нумары 2, паведамляецца пра суд над беларусамі ў Заходняй Беларусі.
«14 і 15 лютага ў Віленскім Акружным Судзе разглядалася пры зачыненых дзьвярахсправа беларускіх сялян з аколіцы Аляхновічы, Вялейскага павету Зьмітра Гулецкага, Грыгора Буцыня, Пятра Ўсіка і яшчэ некаторых, якія вінаваціліся за ўчасьце ў змове, маючай на мэце адарваньне Беларусі ад Польшчы і далучэньне яе да Радавай Беларусі. Суд прызнаў усіх вінаватымі і засудзіў на катаргу ад 4 да 8 гадоў».
Весткі зь вёскі
Рэдакцыя атрымала ліст з Гарадзеі Нясьвіскага павету:
«Зьдзекі і надужыцьця жаўнераў і паліцыі ў нас ня спыняюцца. Нічога не памаглі і скаргі да Сойму праз нашых паслоў. Сьпешнасьць прапазыцыі Беларускага Пасольскага Клюбу аб зьдзеках і надужыцьцях у Гарадзеі Польскі Сойм адкінуў, і нашыя мясцовыя “кацыкі”, чуючы поўную бязкарнасьць іх паступкаў, гуляюць пастарому. Каб апісаць усе тыя гвалты, што робяцца ў нас, ня хопіць усяе нашае газэты, для гэтага патрэбны цэлыя тамы. Прывяду толькі некалькі прыкладаў.
У лістападзе зь вёскі Ябланаўшчыны прыехаў адзін селянін на кірмаш. Чалавек прыехаў залатвіць свае справы, але паліцыянтам патрэбны былі падводы вязьці сена на адлегласьць 15 вёрст, і дзеля гэтага пачалі зганяць, хто толькі падвярнуўся пад руку і ў тым ліку нашага дзядзьку. Конік у яго быў слабы, дык ён пачаў прасіць, каб яго звольнілі, але просьба не памагла, тады ён сам адмовіўся ехаць. За гэта яго, як добрага пад рукі завялі ў пастарунак і там яго адлупцавалі, прылажыўшы дошку да грудзёў, і бьючы па ёй гірамі, што ён ужо ня толькі не павёз сена, але яго самога павязьлі.
Цяпер другі прыклад. У кастрычніку паліцыянты праз увесь месяц рабілі ў нашай вёсцы вобыскі, у часе якіх канфіскавалі гэткія рэчы: у гр. Піліпа Швака 5 пар падковаў, у гр. Рака – сьценны гадзіньнік, у Антося Касмовіча – дзьве пары бялізны і ручнік, які паліцыянты прызналі за панскі. Але ж гэты ручнік быў уласнага вырабу, бо нашыя кабеты ўмеюць вельмі добра і прыгожа ткаць.
Штрафуюць нашых сялян па 400.000 у дзень за тое, што не пасылаюць дзяцей у польскую школу. А як іх пасылаць, калі яны нічона там ня могуць зразумець?».
Для шматлікіх людзей такія навіны з Заходняй Беларусі будуць шакавальнымі, але жыцьцё беларусаў было незайздросным пад Польшчай. Не было яно райскім і пад камуністычным прыгнётам на Усходзе, чаго, аднак не было там блізка вядома дзеячам у Вільні.
Вось што паведамляюць пра Радавую (Савецкую) Беларусь у 1924 годзе:
«У Менску выдавецтва “Савецкая Беларусь” здало ў друк Камуністычны Маніфэст у перакладзе і з прадмовай Язэпа Лёсіка.
Справа фізычнай культуры ў Слуцку пачала з посьпехам пашырацца зусім нядаўна. Але за гэты кароткі час зроблена ў напрамку фіз. культуры досыць многа, ня гледзячы на розныя перашкоды. Існуе шмат спартыўных гурткоў пры розных прафэсыйных установах, наладжаны спартыўны пляц, за 1923 год зроблена 12 паказных выступленьняў з мэтай папулярызацыі спорту. Наагул зроблена шмат. Існуе рада фізычнай культуры пры Выканкаме, кая працуе досыць інтэнсыўна.
Пры Камуністычным Саюзе Моладзі будзе наладжана інструктарская група дзеля парыхтоўкі актыўных працаўнікоў».
Згадзіцеся, нібы вечаровы выпуск навінаў па БТ праслухалі.
У апошнім нумары, які пабачыў сьвет 19 красавіка 1924 года, на першай паласе рэдакцыя зьвяртаецца да чытачоў з пытаньнем, адказ на які мы ўжо не даведаемся:
«З прычыны таго, што ўсё сьвядомае беларускае сялянства і асабліва моладзь будзе сьвяткаваць дзень салідарнасьці працоўных – першае мая, зьвяртаемся да ўсіх нашых падпішчыкаў і чытачоў з просьбаю прыслаць карэспандэнцыі, у якіх павінна быць зазначана:
1. Колькі сялян і моладзі прымала ўдзел у сьвяткаваньні.
2. Ці былі маніфэстацыі і сходы.
3. Ці гаварыліся прамовы і што гаварылася.
4. Ці былі чырвоныя сьцягі і што было напісана на іх.
5. Ці былі сьцягі бяз надпісаў.
6. Калі паліцыя разагнала, або недапусьціла да маніфэстацыі – то ці рабіліся сходкі (масоўкі) тайна. У апошнім выпадку месца сходкі ня пісаць.
7. Калі паліцыя каго арыштавала ў дзень першага мая, паведаміць аб гэтым у карэспандэнцыі, абавязкова зазначыць імя і прозьвішча арыштаваных.
8. Апрача ўсяго вышэй названага ў карэспандэнцыі трэба адзначыць усё цікавае і характэрнае, што было па гарадох, мястэчках і вёсках у дзень першага мая».
У апошнім нумары левакі зрабілі прадказаньне, якое не спраўдзілася і за 100 гадоў:
«У швэдзкім парлямэнце камуніст Споргбэрг унёс прапазыцыю аб зьнясеньні манархіі і ўвядзеньні рэспублікі. Прапазыцыя пакуль што адкінута толькі 30 галасамі. Прыйдзе час і на Швэцыю».
Не прыйшоў, як і не прыйшлі рай і дабрабыт на Заходнюю Беларусь з тымі камуністамі з Усходу, якія акупавалі гэтую частку 17 верасьня 1939 года. Рэдакцыі вельмі жадалася ў гэта верыць.
Добра там, дзе нас няма?
Чытайце яшчэ:
Журналіст праекта Dekoder: «Доўгі час немцам пра падзеі ў Беларусі і Украіне распавядалі карэспандэнты з Масквы»
Флэшмоб «21»: што рабілі і як выглядалі беларускія медыйшчыкі ў свае 21 год
Хто падарыў пазыўныя Беларускаму радыё? Нататкі з жыцця кампазітара