«Борисовские новости» зноў у судзе
30 сакавіка 2015 г. адбылося чарговае судовае паседжанне па пазове ўчастковай медсястры да газеты “Борисовские новости” і аўтаркі ліста ў рэдакцыю.
Зыскоўца пацвердзіла сваю пазіцыю, пашырыла патрабаванні і заявіла дадатковыя хадайніцтвы – далучыць да матэрыялаў справы публікацыі ў прэсе пра аналагічныя выпадкі, а таксама сваю характарыстыку з месца працы. Заключыць міравое пагадненне яна адмовілася.
Адказчык (прадстаўнік газеты “БН”) пацвердзіў, што не прызнае ранейшых патрабаванняў, і хадайнічаў пра адхіленне дадатковых.
Суд апытаў першага сведку па справе – загадчыцу тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі. Працяг разгляду справы прызначаны на 10.00 16 красавіка.
Нагадаем: з пазовам да газеты “Борисовские новости” аб абароне дзелавой рэпутацыі і кампенсацыі маральнай шкоды ў суд звярнулася ўчастковая медсястра гарадской паліклінікі.
Падставай для звароту ў суд стаў артыкул “Кто виноват в смерти пациента 2‑ой поликлиники?”, надрукаваны 24 снежня 2014 г. На думку пазоўніцы, ён утрымлівае не адпаведныя рэчаіснасці і ганебныя для яе дзелавой рэпутацыі звесткі.
У згаданым артыкуле быў апублікаваны ліст чытачкі “БН”, якая распавядала пра нядбайнае абыходжанне медработніцы з яе мужам пры аказанні яму дапамогі дома. Смерць мужа, якая наступіла пасля візіту медсястры, чытачка палічыла наступствам несумленнага выканання абавязкаў працаўніцай паліклінікі. У гэтым жа артыкуле была апублікаваная вытрымка з пісьмовага адказу галоўнага ўрача Барысаўскага цэнтральнага раённага шпіталю на зварот пацярпелай (жонкі памерлага). Кіраўнік медыцынскай установы паведамляў, што службовая праверка не знайшла пацвярджэння выкладзеных жанчынай фактаў.
Нягледзячы на прысутнасць меркаванняў абодвух бакоў канфлікту, супрацоўніца паліклінікі палічыла факт публікацыі артыкула распаўсюдам ілжывых і ганебных для сябе звестак.
Пазоўніца патрабуе прызнаць некаторыя звесткі з артыкула несапраўднымі і зневажальнымі для яе дзелавой рэпутацыі, абавязаць газету надрукаваць абвяржэнне і спагнаць салідарна з адказчыкаў грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 50 млн рублёў, а таксама судовыя выдаткі.
Першае пасяджэнне па справе адбылося ў судзе Барысаўскага раёна 20 лютага.