• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ірландскія нататкі (ПРАЦЯГ)

    Асноўныя праблемы, якія закраналіся ў рэзалюцыях, тычыліся неабходнасці правядзення сусветнай кампаніі па калектыўных дамовах і, наогул, актывізацыі прафсаюзнага складніка ў дзейнасці арганізацыяў-сябраў МФЖ.

    Расійскі саюз журналістаў прапанаваў кампанію “Дыялог дзеля даверу”, скіраваную на прасоўванне СМІ ў якасці сродку дыялогу паміж рознымі сацыяльнымі групамі.

    Тэрміновая рэзалюцыя была прысвечана гарачым падзеям у Турцыі, падчас якіх журналісты зазнавалі ўціск з боку праваахоўных органаў.

    Беспрэцэдэнтная падзея для Дубліна адбылася ўвечары 5 чэрвеня. Некалькі сотняў удзельнікаў Сусветнага кангрэсу МФЖ узялі ўдзел у Маршы Свабоды ў знак памяці пра загінулых журналістаў (відэа – ТУТ) і выйшлі шчыльнымі радамі на цэнтральную вуліцу ірландскай сталіцы Дэйм стрыт.

    Падчас Сусветнага Кангрэсу МФЖ у Дубліне быў абраны новы Адміністрацыйны камітэт МФЖ і яго дарадцы (спіс – ТУТ).

    На жаль, не абышлося на дублінскім Кангрэсе МФЖ без скандалу.

    Пасля правядзення выбараў Прэзідэнта МФЖ высветлілася, што ў скрынках знайшлі на 5 бюлетэняў больш, чым было раздадзена дэлегатам Кангрэсу.

    Адкрытым галасаваннем было вырашана не праводзіць перавыбары і зацвердзіць вынікі галасавання “як ёсць”. (З перавагай у некалькі дзясяткаў галасоў бельгійскага спаборніка Філіпа Лерута перамагаў дзеючы Прэзідэнт МФЖ Джым Бумэла.)

    З парушэннем дэмакратычнай працэдуры не пагадзілася багата дэлегатаў, пераважна з краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі. На знак пратэсту сябры дэлегацыяў з Нямеччыны і Канады пакінулі Кангрэс, сябра Прэзідыюму Кангрэсу з Бельгіі публічна сышла са сваёй пасады.

    На жаль, Прэзідэнт МФЖ Джым Бумэла не адгукнуўся на просьбу кіраўніка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў і прадстаўніка Дацкага саюза журналістаў Могенса Бліхера Б’еррэгорда вярнуцца ў прававое поле і “разруліць” канфліктную сітуацыю.

    Пытанне павісла ў паветры.

    У выніку нямецкая журналісцкая асацыяцыя Ver.di распаўсюдзіла Дэкларацыю, у якой аспрэчвала дэмакратычнасць выбарчых працэдураў падчас 28 Кангрэсу МФЖ. Акрамя нямецкіх дэлегатаў, дакумент падпісалі прадстаўнікі журналісцкіх асацыяцый з 14 краінаў свету, у тым ліку і Беларусі.

    Што сказаць… Конь на чатырох, і той спатыкаецца, як кажуць у народзе… Хочацца спадзявацца, што гэта менавіта той выпадак…

    Арганізатары 28 Сусветнага Кангрэсу МФЖ зладзілі апытанне дэлегатаў форуму. Вынікі засведчылі пільную патрэбу ў арганізацыі больш шырокага прафесійнага навучання журналістаў, паказалі глабальны трэнд сыходу журналістаў у анлайн-СМІ і кардынальны рост колькасці журналістаў фрылансераў (40.5% ад усіх журналістаў у Еўропе і 26.5% ад усіх журналістаў у свеце).

    …Мы так і не знайшлі памежнага пункту пропуску падчас пасадкі на самалёт у аэрапорце Дубліна. Гасціннасць і давер да госця ў Ірландыі – навідавоку.

    За гасціну і дабрачыннасць, за ўвагу да чарнобыльскіх праблемаў Беларусі – вялікі дзякуй нашым сябрам са “Шмарагдовай выспы”!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці