Гомельскія БАЖаўцы падвялі вынікі года
Гомельская філія ГА “БАЖ” 12 снежня падвяла на сходзе вынікі сёлетняй працы і вызначыла некаторыя накірункі дзейнасці ў 2016 годзе.
Цікавасць у журналістаў выклікалі прэс-туры, арганізаваныя філіяй у Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік і на народнае свята “Русалле” ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна – у іх узялі ўдзел не толькі гомельскія журналісты, але і сябры БАЖ з Мінскай, Брэсцкай ды Магілёўскай абласцей.
Ладзіліся майстар-класы па фотажурналістыцы, падрыхтоўцы інтэрв’ю з цяжкімі суразмоўцамі.
У верасні падвялі вынікі конкурса “За адданасць прафесіі”, у якім узялі ўдзел і сябры ГА “БАЖ” з Брэста і Мінска. Конкурс набыў статус міжрэгіянальнага.
Да 20-годдзя БАЖу ў Гомелі ладзілі вечарыну з запрашэннем мясцовых бардаў – Вальжыны Цярэшчанкі і Змітра Вінаградава.
Філія падтрымлівала сваіх чальцоў у судах, якія адбываліся паводле адміністрацыйных пратаколаў, складзеных супрацоўнікамі міліцыі нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Скаргі Міколы Бянько і Ларысы Шчыраковай накіравалі ў Камітэт ААН па правах чалавека, паколькі яны вычарпалі сродкі прававой абароны ўнутры Беларусі.
У планах філіі на наступны год – цікавыя прэс-туры, варштаты дзеля павышэння прафесійнага майстэрства журналістаў.
Пасля сходу адбылася сустрэча з юрыстам Аляксандрам Жуком, які распавёў пра прававыя і гаспадарчыя аспекты фрыланс-журналістыкі.