• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Бесцырымоннасць. Альбо прэса – не міліцыя…

       https://baj.media/sites/default/files/event/text-images/snimok_7.jpg

    Па спасылцы размешчаны ў «Нашай Ніве» фотарэпартаж Сяргея Зініна «Дзень задаўся: фотарэпартаж Сяргея Зініна з беларускай глыбінкі». Адрас «глыбінкі» не ўдакладняецца, а фотарэпартаж складаецца з дзесяці фотаздымкаў, на якіх неназваны (і, мяркуецца, надта п’яны) чалавек з роварам спрабуе перамяшчацца па вуліцы.

    Ягоны твар, адзенне – усё ясна бачна. Вопратка неблагая, досыць прыстойная. Мяркуючы па здымках, і твар (з пэўнай доляй дапушчэння) не тое каб прапіты. Чалавек падае, потым падымаецца на ногі, але ногі яго не трымаюць, і ён ізноў жа падае на зямлю… Ровар паступова разлятаецца на кавалкі… Падзенням і ўставанням прысвечаныя ўсе дзесяць кадраў і каментар аўтара рэпартажу Сяргея Зініна: «Спачатку ногі пасля нядзельнага святкавання адмаўляліся ісці, давялося сярод дарогі валяцца і адпачываць на ўзбочыне, а потым і ўвогуле ровар на тры часткі разляцеўся. Мясцовыя забулдоны паглядвалі з‑за плоту, жартачкі адпускалі, але ніхто не дапамог. Давялося самому неяк эвакуявацца з цэнтра вёскі».

    https://baj.media/sites/default/files/event/text-images/vodka04-55s5v.jpg

    На якой падставе аўтар зрабіў выснову, што ўсё адбываецца “пасля нядзельнага святкавання” – не зразумела. Якія ёсць сведчанні таго, што герой рэпартажу п’яны, а не хворы – таксама. Якія такія “мясцовыя забулдоны” на гэтай пустыннай ( мяркуючы па фота) вуліцы “паглядвалі з‑за плоту, жартачкі адпускалі, але ніхто не дапамог” – таксама застаецца здагадвацца. І чаму, урэшце, аўтар рэпартажу (як і забулдоны, дарэчы) нават не спрабуе дапамагчы чалавеку (бо герой рэпартажу, безумоўна, чалавек) “эвакуявацца” – таксама незразумела.

    Пад рэпартажам немалая колькасць каментароў. Як і бывае ў такіх выпадках, шмат з’едліва-іранічных, кшталту: “Але ж моцны, упарты, можна сказаць, няб’юшчыйся. Як толькі не мягаўся аб зямлю і нічога. Падняўся, сабраў часткі ровара, пайшоў. Малаток!” за нікам Люцыян. І гэтак далей…

    То бок, народ, як бачым, нармальна радуецца чужым праблемам. Прыемна бачыць, як у суседа хата гарыць…

    Ёсць каментары больш жорсткія, у манеры «Комсомольской правды» ранніх савецкіх часоў: “Рэд. У публічным месцы, на вуліцы журналіст мае права здымаць чалавека. І не толькі права, але і маральны абавязак фіксаваць свінства”. Пра маральны абавязак размова асобная. Адзначым толькі, што ў рэдакцыі без высвятлення абставінаў вызначылі, што свінства…

    https://baj.media/sites/default/files/event/text-images/vodka01-nlgz8.jpg

    Але ж ёсць і іншыя каментары:

    “Дапамог бы чалавеку да дому дабрацца, Сярожа Зінкін, а не фоткаць і ржаць” (Уладзімір)

    “Уладзімір, а в суд на «фотографа» подать можно, как Вы считаете?”

    “Не знаю как на счёт суда, но… Выставить на всеобщее обозрение и осмеяние человека — это уж точно не по-людски” (смит)

    “Павесялілі фоты — аднак адно «але». Дарагі Сяргей, вы — журналіст, і тым, што выклалі фотаздымкі гэтага чалавека, парушылі закон аб СМІ, у тым ліку і маральна-этычны кодэкс журналіста. Чулі пра такі? Якім бы ні быў гэты чалавек — п’янтосам апошнім, забулдыгам ціхім, закончаным алкаголікам і г. д. — спіс можна працягнуць, ён, у першую чаргу, — чалавек. І ніхто вам ніякага маральнага права не даў рабіць тое, што вы зрабілі. Сорамна за братоў па пяры, у дадзеным выпадку — фотакамеры. (Парасон)

    І іншыя, іх таксама шмат.

    https://baj.media/sites/default/files/event/text-images/vodka05-lhzc0.jpg

    Прэса не міліцыя

    …Атрымаўшы заяву, Камісіі трэба было паведаміць заяўніку, як гэта практыкуецца ў нас, што ліст атрыманы. І, між іншым, запытацца, меў ён на ўвазе паўнавартасны разгляд заявы на пасяджэнні, ці толькі кансультацыю: так, з’яўляецца парушэннем; не, не з’яўляецца парушэннем. Але звароты па электроннай пошце засталіся без адказу. Тым не менш, сам рэпартаж быў варты таго, каб яго абмеркаваць. І ён быў накіраваны сябрам Камісіі.

    У хуткім часе калегі адрэагавалі.

    Валер Карбалевіч: “Ня бачу праблемы. Сцэнка з жыцьця. Тут няма не фальсыфікацыі, не зьнявагі. Суровая праўда жыцьця”.

    Марына Загорская: “Вось пункты Кодэкса, якія закранае гэты фотарэпартаж: “Журналіст павінен адрозніваць інфармацыю, якая мае грамадскую значнасць, ад інфармацыі, што патурае грамадскай цікаўнасці… Не павінны публікавацца здымкі ці выявы людзей у іх паўсядзённым жыцці, калі гэта можа зняважыць ці прынізіць іх”.

    Сцэнка з жыцця мае права быць апублікаванай, тым больш, што гэта распаўсюджаная з’ява ў беларускай глыбінцы. Аднак пажадана было б, каб на здымках не было відаць твару — здымаць са спіны альбо закрыць твар. Інакш, парушэнне права на прыватнасць”.

    Так, у раздзеле Кодэкса журналісцкай этыкі ГА “БАЖ” “Прытрымліванне правоў і законных інтарэсаў трэціх асобаў” такі пункт ёсць, яго ніхто не адмяняў. Такім чынам, “маральны абавязак”, як яго трактуе Кодэкс, прыняты (нагадваю!) усімі сябрамі прафесійнай супольнасці, выглядае зусім інакш, чым у трактоўцы “Нашай Нівы”.

    Таццяна Рэвяка: “Я звярнулася па гэтым рэпартажы да эксперта ў міжнародных стандартах па праве на прыватнасць Уладзіміра Яворскага, і па ягоным меркаванні, тут адназначнае парушэнне правоў асобы.

    Дадаю некаторыя цытаты, важныя для разумення справы:

    “Ва ўсім свеце яму б закрылі твар, ён жа не здзяйсняў злачынства. А так яго зняважылі на ўсю краіну, таму што некаму смешна. Калі б гэта быў вядомы чалавек, тады іншым важна ведаць, хто ён. А так, у прынцыпе, грамадству не трэба ведаць, хто гэты чалавек, калі гэта проста з мэтай пасмяяцца…

    Прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасці за знаходжанне ў такім выглядзе ў публічным месцы яго маглі. Але прэса не міліцыя – які грамадскі інтарэс для таго, каб зганьбіць чалавека? Такой мэты міжнароднае права не прызнае”.

    Зміцер Падбярэзкі і Андрэй Пачобут таксама лічаць, што прафесійная этыка парушаная, бо парушанае права на прыватнасць.

    Яшчэ была магчымасць звярнуцца да вядомага спецыяліста ў галіне прафесійнай этыкі, доктара навук, прафесара Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Валерыя Іванова. Вось яго думка, выкладзеная ў лісце да аўтара: “Калі не атрыманая згода “героя” на публікацыю, то гэта парушэнне яго права на прыватнасць. Ён не парушыў закона, не зразумела, ён п’яны ці хворы, а каментар адназначна стварае скрайне негатыўны кантэкст. На мой погляд, парушэнне стандартаў, на жаль, ёсць. Найперш, права чалавека на сваю выяву. Недапушчальна друкаваць крупным планам здымак, які дазваляе ідэнтыфікаваць непублічных асоб. Тым больш, калі выявы іх кампраметуюць”.

    https://baj.media/sites/default/files/event/text-images/p5_160314-nxicb.jpg

    Здольнасць да суперажывання

    Віцэ-презідэнт і выканаўчы рэдактар группы газет “Уэстчестер Роклэнд ньюспeйперз” Лоурэнс Бапрэ лічыць:

    “Стаўцеся прыдзірліва да наступстваў публікацыі вашага матэрыялу, асабліва да ўздзеяння, якое ён можа аказаць на прыватнае жыццё звычайнага чалавека.

    Трымайцеся цвёрдага правіла: у вырашэнні гэтай супярэчнасці павінны мець перавагу правільная ацэнка, здаровы сэнс і суперажыванне…”

    Дарэчы, ідэя суперажывання з героямі публікацый закладзеная ў шэрагу этычных Кодэксаў. Напрыклад, ў Кодэксе этычных нормаў грамадства прафесійных журналістаў ЗША ўнесены такі прынцып:

    “Разумець, што збор і публікацыя інфармацыі могуць нанесці шкоду і прычыніць боль; пошук навін – не падстава для ўседазволенасці”.

    Этычны Кодэкс журналістаў і выдаўцоў Літвы адзначае, што “журналіст мусіць адрозніваць грамадска-значную інфармацыю і інфармацыю, адзінай мэтай якой з’яўляецца задавольванне цікаўнасці людзей”. І яшчэ: “Журналісты і выдаўцы не павінны парушаць правы чалавека і прыніжаць яго годнасць”.

    І гэтак далей. Нешта падобнае ўтрымліваецца, бадай што, у большасці вядомых аўтару этычных Кодэксах. Бадай што, гэта і ёсць адказ на пытанне, пастаўленае аўтарам заявы ў Камісію па этыцы грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

    Анатоль Гуляеў, старшыня Камісіі па этыцы ГА “БАЖ”.

    P.S. Рэдакцыя сайта ГА “БАЖ” адмыслова ілюструе матэрыял фотаздымкамі Сяргея Зініна, па якіх немагчыма ідэнтыфікаваць героя.

    Абмяркоўвайце ў каментах!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці