• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вадзім Мажэйка: Як Пальчыс распаўсюджвае фэйк, або мы любім блогераў за тое, што стварае небяспеку

    Адзін з апошніх пастоў Эдуарда Пальчыса (раней вядомага пад мянушкай Джон Сільвер) прысвечаны брытанскай амбасадзе ў Мінску і МУС. Калі казаць каротка, то, паводле меркавання блогера, гэтыя інстытуцыі — абое рабое. Маўляў, публічна яны лаюцца з нагоды вясёлкавага сцяга, а насамрэч закулісна разам муцяць праекты, прысвечаныя экалогіі ды барацьбе з хатнім гвалтам, “пракручваючы вялікія грошы еўрапейскіх падаткаплацельшчыкаў на сучасных калялевацкіх тэмах”.

    Выглядае, што апошняя заўвага — важны момант, які ўплывае на цікаўнасць аўтара да акалічнасцяў справы. Пальчыс дадаткова ўзгадвае ў сваёй публікацыі “еўрапейскі левалібералізм”, і ў кантэксце не сацыяльнай палітыкі, а выключна ЛГБТ-тэматыкі. Блогер малюе жудасную сітуацыю: у “прагрэсіўнай Брытаніі за апошнія гады было ўжо некалькі выпадкаў пераследу іншадумцаў”, і гэтыя інцыдэнты “ўжо маюць прыкметы сістэмнасці”. Што ж адбываецца? Як сцвярджае Пальчыс, у Брытаніі “то звальняюць за адмаўленне 79 гендэраў, то бяруць пад арышт незадаволеных дзеяннямі ісламскіх радыкалаў. Часам навіны вельмі нагадваюць пуцінскую Расію”.

    Жоўтая газета больш сціплая

    Аднак што і нагадвае тут пуцінскую Расію, дык гэта стыль падачы навінаў — у ангажаваным пераказе, без канкрэтыкі і гіперспасылак на крыніцы. Калі ж паспрабаваць капнуць глыбей, то высветліцца, што інфармацыя, мяккая кажучы, пададзена некарэктна.

    Каго ж “звальняюць за адмаўленне 79 гендэраў”? Без спасылкі цяжка меркаваць, пра які выпадак вядзецца гаворка. Але інтэрнэт-пошук падказвае верагодны варыянт: са спасылкай на брытанскі таблоід Dai­ly Mail расійскае выданне “РИА Новости” паведамляе, што брытанскага настаўніка “пагражаюць звольніць за памылковы зварот да трансгендэра”. Калі пачытаць пераказ і арыгінал навіны, то можна даведацца, што нікога пакуль не звольнілі: настаўнік толькі адхілены ад выкладання вучням на час дысцыплінарнага расследавання пасля скаргі бацькоў (бадай што тыповая мера ў такой сітуацыі), ён ходзіць у школу на працу і займаецца дакументамі ў настаўніцкай. Ні пра якое “адмаўленне 79 гендэраў” гаворка таксама не вядзецца.

    Што ж тычацца “незадаволеных дзеяннямі ісламскіх радыкалаў”, то тут тыповая маніпуляцыя — напісана, якіх людзей бяруць пад арышт, але не напісана, за што (можа, яны абрабавалі краму мусульманіна альбо збілі цемнаскурых мінакоў). Зрэшты, якія іх імёны? Дзе і калі іх узялі пад арышт? Што здарылася потым? Усё гэта пакрыта туманам Альбіёна.

    Джанк ньюс: накармі мазгі сурагатам

    Калі адкінуць у бок усе фэйкі, то нататка Пальчыса падымае сур’ёзныя пытанні. Як грамадству ставіцца да таго, што замежная дапамога Беларусі ўсё часцей трапляе не да недзяржаўных арганізацый, але да чыноўнікаў (і пры гэтым незаўважна змяняюцца і фокус, і тэматыка)? Гэта кепска ці добра, калі МУС бярэ на ўзбраенне рыторыку “гендэрна-феміністыяных” НДА і ператварае яе ў законапраект (які можа не падабацца кансерватарам ды хрысціянскім дэмакратам)?

    Аднак на складаныя пытанні бываюць не меней складаныя адказы, і далёка не ўсім цікава чухаць у патыліцы ды напружваць мазгі. Зручней спажыць тое, што блогер ужо ўклаў у простыя фармулёўкі — як зазначае адзін з каментатараў допіса Пальчыса, “прамʼ чоценька і лаканічна сфармуляваў тое, што мне ажно муліць у галаве”.

    Гэта завецца “джанк ньюс”, па аналогіі з англамоўным тэрмінам junk food. Так называюць высокакаларыйную ежу нізкай біялагічнай каштоўнасці — гамбургеры, колу ды розныя снэкі. Тое самае і з тэкстамі такога кшталту: спажыць лёгка, падаецца смачным прадуктам, але сапраўднай карысці няма і шкодна для здароў’я.

    Досвед “Населенай выспы”

    Не варта рабіць выснову, што Пальчыс дрэнны ці нечым правініўся — зрэшты, гэта яго прыватны Face­book, дзе ён можа пісаць, што хоча і не абавязаны займацца фактчэкінгам. Праблема ў іншым. Аўдыторыяй, якая падсела на джанк ньюс, то бок прызвычаілася спажываць кантэнт з простымі адказамі на складаныя пытанні, лёгка маніпуляваць.

    Гэтым даўно займаюцца дзяржаўныя прапагандысты і іх апаненты — контрпрапагандысты з “Хартыі”. Сёння на гэтым полі пачынаюць гуляць псеўдарэгіянальныя праекты, за якімі тырчаць вушы Крамля. Хто прыйдзе заўтра — невядома.

    Заўсёды існуе спакуса выкарыстаць інструменты ворага ў сваіх мэтах, самых лепшых. Напрыклад, простымі словамі давесці беларусам праўду пра крывавы рэжым, левалібералаў ці каго заўгодна яшчэ (патрэбнае ўпісаць).

    Нечым падобным займаюцца падпольшчыкі ў фантастычным рамане братоў Стругацкіх “Населеная выспа”: змагаючыся з сістэмай вежаў, што кантралююць свядомасць людзей, яны хочуць не знішчыць яе, а выкарыстаць для сваіх, “лепшых” мэтаў. Аднак у фінале рамана галоўны герой, зямлянін Максім, разумна зазначае, што для яго галоўнае — не дапусціць працы сістэмы, якая замбуе людзей, хай сабе і з самых лепшых памкненняў.

    Гэтак і медыясуполнасці варта разумець, што стварэнне і распаўсюд джанк ньюс ні да чаго добрага не прывядуць, а іх спажыўцы застануцца лёгкай мішэнню для любой наступнай маніпуляцыі.

    Фота: planetjh.com

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці